ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Спартак» Р.Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.Бічэр-Стоу, раманы Ж.Верна, «Авадзень» Э.Л.Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.Перо, братоў Я. і В.Грым, Х.К.Андэрсена, А.Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.Ф.Купера, творы К.Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.Коласа і інш.
Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.Яршова, многія творы М.Лермантава, М.Някрасава, М.Гогаля, У.Караленкі, А.Чэхава. Л.Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж.Радары, польск. педагога Я.Корчака і інш.
Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.Скарыны, С.Буднага, Л. і С.Зізаніяў, Л. і К.Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909), п’еса-казка К.Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час.«Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.Багдановіча, З.Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.Дубоўка, С.Шушкевіч, А.Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.Трус, А.Гурло, Я.Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.Чарняўская. Заснавальнік бел.навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Насцечка» К.Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.Танка, А.Куляшова, П.Броўкі, П.Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.Бялевіча, Э.Агняцвет і інш., у аповесцях П.Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.Пальчэўскага, Х.Жычкі, Я.Курто, Л.Прокшы, Д.Слаўковіча, І.Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.Вольскага, У.Караткевіча, Я.Пархуты, А.Клышкі, У.Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.Бандарына, С.Александровіч, Л.Арабей, В.Хомчанка, А.Лойка), прыгодніцкая (У.Краўчанка, М.Ваданосаў, А.Шашкоў, А.Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.Гамолкі, Р.Баравіковай, У.Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.Грамовіча, Кавалёва, П.Рунца, Хомчанкі, У.Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.Кобец-Філімонавай, К.Каліны, Місько, У.Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.Гілевіча «Загадкі»; Е.Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.Барадуліна, Д.Бічэль-Загнетавай, Н.Галіноўскай, У.Карызны, Т.Кляшторнай, М.Маляўкі, П.Сушко, М.Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.Дзеружынскага, І.Муравейкі, С.Грахоўскага, П.Пранузы, В.Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.Зуёнка, «Гуканне вясны» В.Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.Макаль, працуюць А.Вольскі, А.Вярцінскі, А.Махнач, Ягоўдзік і інш.
Літ.:
Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗКА,
жанр фальклору, апавядальны твор, які грунтуецца на займальным вымысле (дзейнічаюць незвычайныя героі, адбываюцца незвычайныя падзеі), а ідэйна-мастацкі змест звязаны з грамадскім, сямейным і вытв. побытам. У казачным вымысле адлюстроўваюцца маральныя і сац. погляды нар. мас, іх ідэалы, што процістаяць несправядліваму грамадскаму ладу, мары, што пераўзыходзяць дасягнутае ў падпарадкаванні сіл прыроды і ў стваральнай працы. Таленавітыя казачнікі перадаюць К. з вуснаў у вусны (нярэдка на працягу стагоддзяў). К. вызначаюцца багаццем жанравых разнавіднасцей і маст. сродкаў. У іх арганічна спалучаюцца традыцыйнае і новае, устойлівае і імправізацыйнае, нацыянальнае і міжнароднае, майстэрства слова і выканання.
Вытокі казачнага эпасу — у рэчаіснасці дакласавага грамадства. Асобныя казачныя сюжэты фарміраваліся ў розныя эпохі, таму ўтрымліваюць своеасаблівыя гіст. напластаванні. К. мае большы, чым іншыя жанры фальклору, арэал пашырэння і глыбокія разгалінаваныя ў этнічных адносінах гіст. карані. Яна творча ўзаемадзейнічае з многімі інш.фалькл. жанрамі — міфамі, легендамі, паданнямі, эпічнымі песнямі, баладамі, анекдотамі, замовамі, прыказкамі і прымаўкамі. Падабенства казачнай творчасці многіх народаў свету абумоўлена агульнымі сац. заканамернасцямі іх жыцця і мае тыпалагічны характар. З развіццём міжнар.культ. сувязей ідзе ўзаемаабмен вуснымі і літаратурна апрацаванымі К. на розных мовах, і гэты працэс на працягу тысячагоддзяў назіраецца ў сусв. дыяпазоне. Творчае асваенне нар. казачнікамі іншанацыянальнага фальклору залежыць ад сучаснай ім нац. рэчаіснасці і традыцый.
Гісторыя і геагр. становішча Беларусі вызначылі яе ролю пасрэдніка паміж рус., укр., польск. і прыбалт. культ. традыцыямі. Гэта выявілася і ў багацці бел. казачнага рэпертуару, у разнастайнасці варыянтаў сюжэтаў. Ва ўмовах патрыярхальнага побыту бел. сялянства К. заняла адно з гал. месцаў сярод фалькл. жанраў і дасягнула высокага маст. ўзроўню. Выдатныя нар. казачнікі (Рэдкі, П.Гаспадароў, Х.Азёмша) выступалі як папулярныя майстры слова, філосафы, публіцысты. Бытаванне К. у бел. вёсцы было звязана з наладжваннем попрадак, са звычаем расказваць фалькл. творы ў піліпаўскі пост і ў калядныя вечары. У наш час вусная казачная традыцыя паступова затухае пад уплывам усеагульнай адукаванасці, пашырэння маст. л-ры, сродкаў масавай камунікацыі. Хоць адзначаюцца і факты казкатворчасці, запісы новых тэкстаў К. Вусная К. прадаўжае існаваць пераважна ў сямейным асяроддзі. Найб. поўна асаблівасці казачнай творчасці раскрываюцца ў чарадзейных казках. Фантастычнае праламленне ў іх рэальных з’яў, імкненняў і мараў не вымагае веры ў дзівоснае, але яно пастаянна мроіцца ў творчым уяўленні расказчыка і слухачоў. Казкі пра жывёл фантастычныя ў той меры, у якой жывёлы ў нар. вобразных уяўленнях дзейнічаюць у жыццёвай сферы. Паэтыка незвычайнага ў сацыяльна-бытавых казках вызначаецца сюжэтным завастрэннем быт. сітуацый у драматычным (навелістычныя казкі) ці ў анекдатычным (анекдатычныя, сатырычныя К.) плане. Фантастыка легендарных казак найчасцей абумоўлена вобразамі бога, святых, анёлаў, чарцей, а таксама тым, што дзеянне ў іх разгортваецца на зямлі і на «тым свеце». Маральная скіраванасць такіх К. пазбаўлена рэліг. дыдактызму і стасуецца з сац. сатырычнай завостранасцю. Па меры распаду патрыярхальнага побыту і росту класавых супярэчнасцей у бел.нац. рэпертуары большала значэнне сац.-бытавых К., героям якіх уласціва сац. канкрэтнасць, кампазіцыі — свабода і дынамічнасць, стылю — размоўная натуральнасць і прастата. У кожнага народа ёсць К., не зафіксаваныя ў інш. народаў. У бел. чарадзейных К. нямала сюжэтаў, якія не маюць адпаведнікаў у суседзяў. Бел.нар. К. вядомы пераважна па зборніках 19 і 20 ст. У серыі «Беларуская народная творчасць» выйшла 5 кніг К. Бел.нар. К. перакладзены на многія мовы. К., апрацаваныя пісьменнікамі ці створаныя імі паводле матываў, у духу народных, наз. літаратурнымі К. Бел.нар. К. апрацоўвалі ў 1-й пал. 19 ст. Я.Баршчэўскі, А.Глінскі, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — Ф.Багушэвіч, К.Каганец, Ядвігін Ш. Сярод літ. К. бел. пісьменнікаў вылучаюцца творы Я.Коласа, З.Бядулі, У.Дубоўкі, А.Якімовіча, М.Танка, М.Лужаніна, У.Караткевіча, У.Ягоўдзіка і інш.Літ. К. робяць зваротны ўплыў на фалькл. творчасць, і сувязь нар. К. з літаратурай становіцца ўсё больш цеснай.
Публ.:
Романов Е.Р. Белорусский сборник. Т. 1, вып. 3—4, 6. Витебск;
Могилев, 1887—91, 1901;
Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;
Сержпутовский АК. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;
Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Казкі і легенды роднага краю. Мн., 1960; Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963; Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971; Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78; Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976; Беларускі казачны эпас. Мн., 1976; Беларускія народныя казкі. 2 выд.Мн., 1986; Казкі ў сучасных запісах. Мн., 1989; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Belorussische Volksmárchen. Aufl. 10. Berlin, 1980.
Літ.:
Савченко С.В. Русская народная сказка: (История собирания и изучения). Киев, 1914;
Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;
Я г о ж Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;
Ягож. Русская сказка. Л., 1984;
Мелетинский Е.М. Герой волшебной сказки. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,
палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.
Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.Марксам і Ф.Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.
Першая бел. П.п. — Бел.рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Каганец), В.Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр.с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял.Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л.Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.
Літ.:
Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;
Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;
Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.
першая ў гісторыі Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова. Існаваў у 1922—28, ператвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Засн. 30.1.1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. У распрацоўцы першага статута ІБК ўдзельнічалі У.І.Пічэта, Я.Ф.Карскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Л.Дыла. Старшыні ІБК: С.М.Некрашэвіч (1922—24), У.М.Ігнатоўскі (1924—26, з 1927 прэзідэнт). Першыя супрацоўнікі: У.В.Чаржынскі (сакратар ІБК, гл.Дзяржынскі У., М.В.Азбукін, М.Я.Байкоў, Л.Більдзюкевіч, М.А.Грамыка, М.М.Гуткоўскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), Ч.І.Родзевіч і інш. Напачатку меў 2 секцыі: гуманітарную (з слоўнікавай, тэрміналагічнай і літ.-даследчай камісіямі) і прыроды (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем бел. мовазнаўства, вывучэнне бел. л-ры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—24 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і мед. секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сак. 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі, медыка-ветэрынарная, сац.-эканамічная. У ліп. 1924 ЦВК і СНКБССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзярж.навук. установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукц. сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўр. і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самаст.навук. ўстанову пры СНКБССР. На 1.7.1926 у ін-це працавала 77 правадз. членаў, 69 чл.-супрацоўнікаў і 60 чл.-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ. У чэрв. 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура ін-та была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.А.Смоліч). Створана аспірантура. У ліст. 1927 СНКБССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: Ігнатоўскі (прэзідэнт), М.І.Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В.Ю.Ластоўскі (сакратар), Некрашэвіч, С.Л.Гельтман (заг. польск. сектара), В.М.Аршанскі (заг.яўр. сектара) і 14 правадз. членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А.М.Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С.Ю.Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), Некрашэвіч (кафедра жывой бел. мовы), Я.Ю.Лёсік (кафедра бел.навук. мовы), І.І.Замоцін (кафедра бел. л-ры), Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны (Жылуновіч, кафедра маст. л-ры), М.Ф.Бліадуха (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я.М.Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі бел. мовы (з камісіяй па складанні гіст. слоўніка бел. мовы), жывой бел. мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой бел. мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні бел. дыялектаў, у складзе кафедры Ін-тнавук. мовы), гісторыі бел. л-ры (з камісіяй па выданні твораў бел. пісьменнікаў), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі бел. права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі нар. гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі (з бат. камісіяй і Бат. садам каля Віцебска), заалогіі (з заал. музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геагр. слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтр.хім. лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нерв. дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперым. біялогіі), Ін-тбел. мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі бел. мастацтва, бел. тэатра, бел. песні і музыкі, музеем бел. мастацтва), геал.ін-т (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Зах. Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прам-сці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навук.т-ва па вывучэнні Беларусі (пры Бел.с.-г. акадэміі), б-ка, друкарня.
Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты. У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебел. глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фауна. У 1923—28 ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В.П.Аўрамчык, Н.А.Збітнеўскі, В.А.Міхайлоўская, В.С.Палянская і інш.). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Пад рэд. Н.П.Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найб. важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А.У.Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фауну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фауны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы). З 1927 кафедра геаграфіі вывучала эканам. раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геагр. апісанне Беларусі. Метэаралаг. бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 пад кіраўніцтвам А.І.Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Бел.с.-г. акадэміі. Мед. секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. С.-г. секцыя вывучала с.-г. гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай. Да канца 1929 у Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10,5 тыс. членаў. Краязнаўцы сабралі велізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў час.«Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю.
ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АНСССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навук. ўстановамі. 13.10.1928 пастановай ЦВК і СНКБССР рэарганізаваны ў АН Беларусі.
ІБК выдаў працы: «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925), «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927), «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кн. 1—5, 1926—28), «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кн. 1—3, 1926—27), «Беларускі архіў» (т. 1—2, 1927—28), «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (т. 1—2, 1927—28), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.М.Піятуховіча (ч. 1, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.М.Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.А.Бузука (ч. 1, вып. 1, 1928), «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А.У.Фядзюшына (1929), «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (т. 1—2, 1928—29), «Творы» М.Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), «Матчын дар: Думы і песні, 1907—1914» А.Гаруна (1929) і інш. Выдаваў «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—30), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16—17 крас. 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.» (кн. 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927).
Літ.:
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Палуян В.А. Інстытут беларускай культуры і станаўленне беларускай савецкай навукі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук, 1972. № 6;
Гарэцкі Г.І. Каля вытокаў беларускай савецкай навукі// Тамсама. 1979. № 1;
Міхнюк У.М. Інстытут беларускай культуры// Тамсама;
Токараў М.У. Ад Інстыгуга беларускай культуры да Акадэміі навук рэспублікі (Да 60-годдзя Інбелкульта) // Тамсама. 1982. № 1;
Петрыкаў П.Ц. Інстытуту беларускай культуры — 70 гадоў // Тамсама. 1992. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стары́, ‑ая, ‑ое.
1. Які пражыў шмат год, дасягнуў старасці; проціл. малады. Стары мужчына. □ То ж стары чалавек, яму [дзеду Нупрэю] год дзевяноста, ён дапаможа, параіць.Лынькоў.Праўда, Вера Мікалаеўна ніяк не магла пагадзіцца, што ў свае сорак сем гадоў яна ўжо старая.Арабей.Старога вераб’я на мякіне не падманеш.З нар./узнач.наз.стары́, ‑ога, м.; стара́я, ‑ой, ж.— Цяпер маладыя не сядзяць дома. — Стары памаўчаў. — А мне от і не да[с]падобы горад.Парахневіч.//Разм. Які дасягнуў такога ўзросту, у якім позна што‑н. рабіць; які не падыходзіць па ўзросту да чаго‑н. Актрыса старая для гэтай ролі.// Які налічвае шмат гадоў (пра дрэвы). Шумяць над гасцінцам Старыя бярозы.Зарыцкі.Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша.Лынькоў.// Уласцівы пажылому, у гадах чалавеку. Жанчына старым, няроўным голасам зашушукала.Чорны.Стары твар маці зморшчаны.Бядуля.
2. Які даўно ўзнік, з’явіўся, існуе доўгі час. Стары горад. Кварталы старога Мінска. Старая прывычка. □ Як калісьці, на змярканні, зноў прыйду я на спатканне У парк стары, зачараваны, Дзе назваў мяне каханай.Валасевіч.— А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне.Адамчык.Стары друг лепей за новых двух.Прыказка.// Які даўно займаецца якой‑н. дзейнасцю; вопытны, бывалы. Стары камуніст. □ Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны і след гэтага старога грыбніка прастыў.Шамякін.// Які адбыўся даўно. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую.Чарнышэвіч.// Даўно вядомы. Старая прыказка. □ Тады Сяргей рашыў выкарыстаць свой стары спосаб, як хутчэй заснуць: думаць пра што-небудзь прыемнае.Шыцік.
3. Якім доўга карысталіся; паношаны. Старая мэбля. Старыя туфлі. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна.Анісаў.// Які стаў нясвежым ад доўгага захоўвання, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання). Старое сала. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам.Ваданосаў.// Непрыгодны, які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання. Стары трамвайны білет. Стары пропуск.
4. Які даўно прайшоў, які даўно мінуў; мінулы (пра час). Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам».Чорны.За старым, даўнейшым часам елі людзі рэдзьку з квасам.Дубоўка.Толькі б навек адышоў у нябыт Веку старога гнілы рэквізіт.Кірэенка.// Характэрны для гэтага часу, уласцівы яму. Казік — тыповы беларускі інтэлігент старой закваскі.Машара.// Несучасны, устарэлы. Старая мода.
5. Такі, які быў раней, папярэднічаў каму‑, чаму‑н.; былы. Старое рэчышча ракі. Стары адрас. □ Аднак праз некалькі дзён [Чарнавус] адчуў, што яго стары аўтарытэт яшчэ можа мець сякі-такі поспех.Кулакоўскі./ Пра перыядычныя выданні, пісьмы і пад. ранейшых гадоў. Старая газета./ Пра мінулы, прайшоўшы год. Стары год.// Які мае адносіны да ўраджаю або прыпасаў мінулага года. Старая бульба.
6. Які мае адносіны да ранейшага ладу, рэжыму, уласцівы яму. Старая армія. Старыя вытворчыя адносіны. □ Маці .. сказала сыну: — Добра, што я за брыгадзіра згадзілася быць. Гэта ж застацца адной, як .. у старыя часы, — загінуць можна. А так я з людзьмі заўсёды.Дуброўскі.Таму, што бабка чалавек старога веку і верыць у забабоны, дык і хрысціцца.Якімовіч.//узнач.наз.старо́е, ‑ста, н. Тое, што было раней, у мінулыя часы. Яны [сяляне] прыраслі к старому, усё мераюць старым аршынам!Мележ.Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае.Арабей.[Гарошка:] — Ну, што вы скажаце, якія людзі! Колькі яшчэ перажыткаў старога ў іх на гарбу вісіць.Краўчанка.
7. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да гэтага, нашага часу; даўнейшы. Старая бронза.// Які знаходзіўся ва ўжытку раней. [Падбярэцкі:] — Я ў месяц на старыя па пяць тысяч, а то яшчэ з гакам, выганяў. Прагрэсіўка, прэмія — надбаўка...Пташнікаў.
•••
Стары заветгл. завет.
Стары светгл. свет.
Стары стыльгл. стыль 2.
Стары халасцякгл. халасцяк.
Голы як стары венікгл. голы.
І стары і малы — усе без выключэння, усе да аднаго, усе без разбору.
Мераць на стары аршынгл. мераць.
Па старой памяцігл. памяць.
Старая песнягл. песня.
Старое карытагл. карыта.
Стары верабейгл. верабей.
Стары як свет — вельмі даўні, спрадвечны.
Як старой бабе сесцігл. сесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Створаны ў 1920 у Мінску як Бел.дзярж.т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел.дзярж.т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, У.Крыловіч, К.Міронава, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, У.Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, К.Буйло, Л.Родзевіча, Ц.Гартнага, В.Гарбацэвіча, М.Грамыкі, М.Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.Крапіўніцкі, М.Старыцкі, І.Катлярэўскі), рус. (М.Горкі, Чэхаў, У.Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.Ждановіч, арт. А.Крыніца, драматургі Грамыка, Р.Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-ррэж. Л.Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.Бядулем, М.Клімковічам, Э.Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял.Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.Карнейчука, «Рускія людзі» К.Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.Крапівы, К.Губарэвіча, А.Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял.Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.Зорына, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.
У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.Дзялендзіка, П.Васілеўскага, С.Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г.т-р на чале з рэж. В.Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.Дударава і інш.Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял.Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.Быкава, «Эшалон» М.Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма, «Характары» паводле В.Шукшына, «Гульня з кошкай» І.Эркеня, «Святая святых» І.Друцэ, «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр.нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв.т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г.найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.Кавалёва, «Восеньская саната» І.Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел.нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.
У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.Макарава, П.Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, М.Яроменка, нар. артысты Беларусі С.Бірыла, М.Бялінская, Г.Грыгоніс, П.Дубашынскі, І.Ждановіч, П.Кармунін, Р.Кашэльнікава, Пола, В.Філатаў, І.Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.Бараноўскі, А.Дзянісаў, П.Іваноў, В.Краўцоў, Б.Кудраўцаў, П.Пекур, Б.Уладамірскі, М.Федароўскі, Р.Філіпаў (нар.арт. Расіі), С.Хацкевіч, Э.Шапко, Л.Шынко, Б.Янпольскі, арт. Ю.Авяр’янаў, Б.Дакальская, Т. і У.Кін-Камінскія, А.Уладамірскі і інш., рэжысёры В.Галаўчынер, Л.Мазалеўская, М.Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.Агамірзян, А.Андросік, М.Зораў, Б.Луцэнка, М.Міцкевіч, І.Папоў, І.Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.Саннікаў (1948—52), І.Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.Простаў (1958—60), В.Броўкін (1960—62), Г.Шчарбакоў (1962—64), Б.Эрын (1964—68), Ц.Кандрашоў (1969—72); мастакі А.Марыкс (1922—29, 1934—39), І.Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.Галубовіч (1958—62), А.Грыгар’янц (1962—76), Б.Герлаван (з 1976).
У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.Аўсяннікаў, С.Станюта, В.Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.Бальчэўская, З.Белахвосцік (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.Варанецкі, Г.Давыдзька, М.Зінкевіч, З.Зубкова, Я.Кавалёва, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, У.Кудрэвіч, Г.Маляўскі, В.Манаеў, Т.Нікалаева, А.Падабед, У.Рагаўцоў, А.Рынковіч, артысты А.Гарцуеў, М.Громава, І.Дзянісаў, А.Долгая, А.Ельяшэвіч (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), А.Іваннікава, С.Краўчанка, Я.Кульбачная, А.Лабуш, А.Луцэвіч, С.Некіпелава, В.Няфёдава, В.Паўлюць, Н.Піскарова, Т.Пузіноўская, В.Рэдзька (засл. арт.Аўт. рэспублікі Крым), А.Сідарава, І.Усовіч, Г.Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар.арт. Беларусі В.Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.Савіцкі.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл.Мінскі гарадскі тэатр).
Літ.:
Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;
Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;
Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг.Мн., 1957;
Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг.Мн., 1989;
Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.
Т.Я.Гаробчанка.
Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.Макаёнка.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.Дударава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,
галіна бел.літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.Купалы.
Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.Купалы ў той час выказвалі С.Палуян, Л.Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.Купалы даў М.Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.Купалы М.Горкім, А.Пагодзіным, І.Свянціцкім, Д.Дарашэнкам, Л.Гірам, В.Вегняровічам, С.Руднянскім, Е.Янкоўскім, А.Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.Купалам фальклору. Я.Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.Купалы зрабіў А.Бабарэка ў арт. «З далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.Купалы — арт. М.Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.Купалы разглядаў І.Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.Купалы звяртаў увагу М.Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.Купалу з Т.Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв.нац. рамантызмам. Ц.Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.Бэндэ, А.Кучар. М.Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.Купалы звярнуўся Я.Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.Багушэвіча (Я.Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.Перкін, Шарахоўскі, І.Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.Коласа, К.Чорнага, С.Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.
Спадчына Я.Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.Купалы (М.Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.Коласа, М.Лынькова, В.Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.Александровіч, Івашын, М.Ларчанка, К.Корсакас, М.Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.Юрэвіч, В.Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.Палітыка, М.Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.Лойка, В.Каваленка, У.Калеснік, У.Казбярук, У.Конан, М.Арочка), структуры верша (Грынчык, І.Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.С.Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.Кісялёў). В.Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).
Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.-маст. кніга А.Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.Купалы (А.Сабалеўскі, Я.Саламевіч, Б.Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.Метэрлінка, К.Гамсуна, Г.Гаўптмана, Ж.П.Сартра, А.Камю, Ф.Кафкі, Дж.Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).
К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.Пяткевіча і Ч.Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.Грыб, Ф.Грышкевіч, А.Чэрны), Польшчы (А.Баршчэўскі), Германіі (А.Адамовіч, Я.Запруднік, Х.Ільяшэвіч, Я.Карскі, М.Куліковіч, М.Маскалік, С.Станкевіч), ЗША (Ю.Віцьбіч, М.Кавыль, М.Панькоў, В.Тумаш), Канадзе (К.Акула, В.Жук-Грышкевіч, У.Сядура, С.Хмара), Італіі (П.Татарыновіч, В.Сянкевіч), Англіі (А.Макмілін, А.Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.Купалу выступілі Ю.Віцьбіч, Я.Кіпель, Куліковіч, І.Плашчынскі, І.Рытар, А.Савёнак, З.Станкевіч, М.Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.Калубовіч) і кн. С.Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».
Літ.:
Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
Сіненка Г.Д.Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Ньо-Ёрк, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,
навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.
Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст.н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.Віка, Ш.Мантэск’ё, І.Гердэр, І.Кант, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).
Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, братоў Л. і С.Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.Храптовіч, І.Страйноўскі, К.Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.Галянскі, Э.Славацкі, Л.Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел.нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Цёткі (А.Пашкевіч), Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, дзеячаў Бел.сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публіцыстаў Л.Гмырака (М.Бабровіча), С.Ясяновіча (С.Палуяна), гісторыка М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.Іваноўскага, С.Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кіарт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.Падокшын, В.Пузікаў, Я.Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.Дуброўскі, К.Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.Бірала, Э.Дарашэвіч, У.Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа (А.Майхровіч), гісторыі бел.эстэт. думкі і маст. культуры (У.Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел.філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДА (Canada),
дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае паўн.ч. мацерыка і прылеглыя астравы (Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер і інш.). На Пд і ПнЗ мяжуе з ЗША, на 3, Пн і У абмываецца Ціхім, Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі і іх морамі. Падзяляецца на 10 правінцый і 2 тэрыторыі. Пл. 9976 тыс.км² (2-е месца ў свеце пасля Расіі). Нас. 29,1 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Атава. Афіц. мовы — англійская і французская. Нац. свята — Дзень Канады (1 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная парламенцкая дзяржава; канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у склад Садружнасці. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982, палажэнні Акта аб Брыт.Паўн. Амерыцы (1867), а таксама нормы звычаёвага права. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр К. Губернатар падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра К. ( у т. л. ўсе б. міністры, старшыня Вярх. суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад К. Губернатар ад імя брыт. манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 чл., якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае губернатар. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканад. і выканаўчыя органы.
Прырода. Рэльеф пераважна ўзгорысты і раўнінны. Каля 74 тэр. К. — раўніны і плато; на З мацерыковай часткі краіны і на ПнУ Канадскага Арктычнага архіпелага — горы. Больш за палавіну мацерыковай часткі К. займае невысокае ўзгорыстае з мноствам азёр і балот Лаўрэнційскае ўзвышша выш. 300—500 м. На Пд і ПдЗ да ўзвышша ; прылягаюць Цэнтр. раўніны выш. да 300 м, на З — Вял. раўніны. на ПнЗ — нізіна р. Макензі. На З уздоўж узбярэжжа Ціхага ак. цягнуцца маладыя складкаватыя горы Кардыльеры, якія на тэр. К. падзяляюцца на ўсх. (Скалістыя горы) і зах. (Берагавы хр.выш. больш за 4000 м, масіў Св. Ільі з г. Логан — 6050 м) сістэмы горных хрыбтоў і зоны ўнутр. плато. На крайнім ПдУ — узгорыста-нізкагорная вобласць Апалачаў (выш. 500—700 м). К. займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды, каляровых і каштоўных металаў (Лаўрэнційскае ўзв., Апалачы, Кардыльеры), багатая вуглем, нафтай, прыродным газам, калійнымі солямі (Унутр. раўніны). Клімат у асноўным умераны і субарктычны, унутр. раёнаў рэзка кантынентальны, на зах. і ўсх. узбярэжжах марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пн -35 °C, на Пдцэнтр. часткі -20 °C, на У каля -5 °C, на З да 4 °C, у ліп. ад 5 °C на Пн да 22 °C на Пд. Гадавая колькасць ападкаў на У 1000—1400 мм, у цэнтр. частцы 200—500 мм, на З 2500 мм. Зімой усюды ўстойлівае снегавое покрыва. На Пн шматгадовая мерзлата. У К. 20% аб’ёму прэснай вады на планеце. Густая і паўнаводная рачная сетка. Найб. рэкі: Макензі, Нельсан, Св. Лаўрэнція, Юкан, Фрэйзер, Калумбія. Каля 4 млн. азёр, у т. л.Вял. азёры, Вініпег, Атабаска, Вял. Нявольніцкае, Вял. Мядзведжае. Шмат буйных вадасховішчаў. На раўнінах яскрава выражана занальнасць глебава-расліннага покрыва і жывёльнага свету. З Пн на Пд змяняюцца зоны: арктычных пустынь, тундры з тарфяна-глеевымі глебамі, лясоў (хваёвых і мяшаных) на падзолістых глебах, лесастэпаў і стэпаў з цёмна-каштанавымі і чарназёмнымі глебамі. У гарах прасочваецца вышынная пояснасць. Каля 450 млн.га укрыта лясамі. Запас таварнай драўніны 20 млрд.м³. Шмат пушных звяроў — канадская рысь, куніца, ліс, выдра, бабёр, норка і інш. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі: Вуд-Бафала, Джаспер, Банф, Глейшэр і інш.; шматлікія правінцыяльныя паркі і рэзерваты.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — нашчадкі еўрап. перасяленцаў, пераважна англа-канадцы (каля 44%, у 9 правінцыях) і франка-канадцы (каля 28%, пераважна ў правінцыі Квебек), а таксама немцы і ўкраінцы (асабліва ў стэпавых правінцыях), італьянцы (у гарадах), скандынавы, галандцы, венгры. палякі, літоўцы, латышы, беларусы, кітайцы, японцы, філіпінцы, арабы і інш. Карэннае насельніцтва — індзейцы (каля 500 тыс.чал.) жывуць пераважна ў зоне хваёвых лясоў на Пн, эскімосы (каля 30 тыс.чал.) — на крайняй Пн. З вернікаў найб. католікаў (каля 42%), пратэстантаў, англікан, прыхільнікаў канадскай аб’яднанай царквы. Сярэдняя шчыльн. каля 3 чал. на 1 км".
Больш за 90% насельніцтва жыве на Пд уздоўж граніцы з ЗША, у т. л. 2/3 у прыазёрнай частцы з цэнтрам у г. Таронта і ў даліне р.Св. Лаўрэнція з цэнтрам у г. Манрэаль. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1993). Буйнейшыя гарады (млн.чал., 1992): Таронта — 3,89, Манрэаль—3,13, Ванкувер — 1,6, Атава — 0,92, Эдмантан — 0,84, Калгары — 0,75, Вініпег —0,65, Квебек — 0,64, Гамільтан — 0,60. У прам-сці заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. К. насялялі індзейцы (прыбылі з Азіі каля 20 тыс. гадоў назад) і эскімосы (засялілі паўн. ўзбярэжжа К. каля 5 тыс. гадоў назад). Яны захоўвалі родаплемянныя адносіны, займаліся паляваннем, рыбалоўствам, земляробствам. У 1497 на в-ве Ньюфаўндленд упершыню высадзіліся еўрапейцы (экспедыцыя Дж.Кабата). У 1534 і 1535 землі каля заліва Св. Лаўрэнція і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція даследавалі экспедыцыі франц. навігатара Ж.Карцье. У 1605 французы заснавалі паселішчы Пор-Руаяль (цяпер Новая Шатландыя), у 1608 — Квебек (стаў цэнтрам калоніі Новая Францыя). Павольнае засяленне і асваенне зямель каланістамі (у 1663 іх жыло каля 2,5 тыс.) суправаджалася вынішчэннем індзейскіх плямён. Еўрап. гандляры захапілі манаполію на пушны промысел, рабавалі карэнных жыхароў. З 1663 К. — дзярж. калонія Францыі (устаноўлена каралеўскае праўленне на чале з губернатарам, пры якім дзейнічаў савет з духавенства і знаці). У час франц. панавання тут склаўся клас буйных землеўладальнікаў (сеньёраў), значнымі землямі валодала каталіцкая царква. З 2-й пал. 17 ст. ў Новай Францыі пачалося фарміраванне капіталіст. адносін і станаўленне франка-кан. нацыі. Каланізацыя К. суправаджалася барацьбой за панаванне паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (першае англ. паселішча ў К. засн. ў 1623). У выніку калан. войнаў 1689—97, 1702—13, 1744—48 англічане завалодалі землямі вакол Гудзонава зал. (паводле Утрэхцкага дагавора 1713), ч. Ньюфаўндленда і Новай Шатландыяй, у 1758 — Ціхаакіянскім узбярэжжам (э 1858 Брыт. Калумбія), а ў выніку Сямігадовай вайны 1756—63 — усёй Новай Францыяй (63 тыс. жыхароў). Пасля вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 у К. эмігрыравала каля 40 тыс.англ. лаялістаў (праціўнікаў незалежнасці ЗША, у 1784 яны ўтварылі калонію Нью-Брансуік). Новыя тэрыторыі ўлады Вялікабрытаніі назвалі Квебек. Паводле канстытуцыйнага акта 1791 канчаткова аформлены межы і грамадскі лад брыт.калан. уладанняў у Паўн. Амерыцы; Квебек падзелены на 2 правінцыі: Ніжнюю К. (большасць франкамоўнага насельніцтва) і Верхнюю К. (большасць англамоўных жыхароў), створаны іх двухпалатныя парламенты; калан. ўлада належала губернатару, якога прызначаў брыг. манарх. Захоўванне ў К. феад. ін-таў і буйнога сеньярыяльнага землеўладання стрымлівала развіццё капіталіст. адносін (пасяленцы хацелі мець права свабоднага валодання зямлёй), а палітыка асіміляцыі франкамоўнага насельніцтва абвастрыла і нац. супярэчнасці. Пасля англа-амерыканскай вайны 1812—14 партыі прыхільнікаў рэформ («патрыёты») на чале з У.Л.Макензі (у Верхняй К.), Л.Ж.Папіно (у Ніжняй К.), Дж.Хау (Нью-Брансуік і Новая Шатландыя) актывізавалі рух за дэмакр. рэформы і самакіраванне. Да 1834 яны кантралявалі дзейнасць парламентаў Квебека. Эканам. крызіс 1836—37 і ўціск з боку калан. улад выклікалі паўстанні ў Ніжняй (6ліст.) і Верхняй К. (4 снеж.). У выніку паражэння паўстання Папіно і Макензі з групай прыхільнікаў эмігрыравалі ў ЗША; узбр. барацьба на амер.-кан. мяжы працягвалася каля 2 гадоў. У 1838 каралева Вікторыя паслала ў К. лорда Дэргема з даручэннем прааналізаваць прычыны паўстання. У 1840 англ. парламент па рэкамендацыі Дэргема прыняў Акт пра аб’яднанне правінцый. У 1848 у правінцыях Квебек і Новая Шатландыя (пазней і ў інш.паўн.-амер. калоніях) сфарміраваны новыя ўрады, адказныя перад мясц. парламентамі. Паводле закону 1854 у К. адменены сеньярыяльная сістэма, выкуп зямлі сялянамі, абмежаванні ў гандлі, што паспрыяла ўздыму кан. эканомікі і пачатку прамысл. перавароту (пабудавана транскантынент. чыгунка, развівалася параходства, узніклі машынабудаванне, металургічная вытв-сць і інш.). Інтэнсіўнае засяленне зах. рэгіёнаў і асваенне цалінных зямель садзейнічалі росту вытв-сці збожжа, ч. якога экспартавалася. У 1850-я г. ўзмацніўся рух за аб’яднанне брыт. калоній у Паўн. Амерыцы, узніклі 2 кан.паліт. партыі — Кансерватыўная і Ліберальная. У 1867 англ. парламент прыняў Акт аб Брыт.Паўн. Амерыцы, паводле якога К. стала федэрацыяй са статусам дамініёна (увайшлі Квебек, Антарыо, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік); створаны парламент федэрацыі. На англ. ўзор ён складаўся з ніжняй (выбірала насельніцтва) і верхняй (прызначаў ген.-губернатар) палат. Пытанні абароны, узбраення, падаткаў сталі вырашаць улады дамініёна, знешняя палітыка ўзгаднялася з метраполіяй. Не вырашаным заставалася нац. пытанне (адмова франкаканадцам у праве на самавызначэнне пры абвяшчэнні афіцыйнымі англ. і франц. моў і свабоды веравызнання). Рашэннем метраполіі да дамініёна былі далучаны правінцыі Манітоба (1870) і Брыт Калумбія (1871), тэр. а-воў Прынс-Эдуард (1873). Стварэнне цэнтралізаванай дзяржавы спрыяла фарміраванню нац. рынку. Прынятыя ў 1870-я г. акты садзейнічалі прыцягненню новых імігрантаў з краін Еўропы і ЗША, каланізацыі зах. зямель К. Экспрапрыяцыя зямель індзейцаў, стварэнне для іх рэзервацый выклікалі ў 1869—70 і 1885 паўстанні індзейцаў пад кіраўніцтвам Л.Рыля. Пад націскам рабочага руху ў чэрв. 1872 прыняты закон аб трэд-юніёнах (прафсаюзах; першы прафсаюз у К. ўзнік у 1827), у 1873 створаны агульнанац. Кан. рабочы саюз, у 1886 — Кан. кангрэс прафсаюзаў. Кан’юнктура сусв. рынку, прыток прац. сілы (больш за 2 млн.чал., пераважна з Еўропы) і замежнага капіталу, дзярж. палітыка інвестыцый і пратэкцыянізму, якую ліберальны ўрад на чале з У.Лар’е (1896—1911) дапоўніў сістэмай прэферэнцый (спрыяльных пошлін) для Вялікабрытаніі, садзейнічалі эканам. росту К. Узніклі буйныя манаполіі ў сталеліцейнай, тэкст., цэм. прам-сці і на чыг. транспарце. Кансерватыўны ўрад Р.Бордэна (1911—17) спачатку прыняў антырабочыя законы і ўвёў сістэму прымусовага арбітражу, аднак пад націскам працоўных прыняў закон аб кампенсацыі за траўмы на вытв-сці, стварыў Мін-ва працы і органы па абследаванні ўмоў працы ў прам-сці.
1-я сусв. вайна, у якой К. ўдзельнічала на баку Вялікабрытаніі, часткова стымулявала развіццё яе эканомікі, але абвастрыла сац. і нац. супярэчнасці. У адказ на ўвядзенне ў ліп. 1917 вайск. павіннасці антыўрадавы і забастовачны рух прывёў да стварэння кааліцыйнага (юніянісцкага) урада (1917—20). Аслабленне англ. ўплыву кіруючыя колы К. выкарысталі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, калі самастойна падпісалі мірныя дагаворы, і разам з інш.брыт. дамініёнамі К. стала членам Лігі Нацый. У 1923 К. ўпершыню падпісала самастойны дагавор з ЗША адносна рыбалоўства ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага ак.Вестмінстэрскі статут 1931 афіцыйна аформіў ураўнаванне брыт. дамініёнаў з метраполіяй ва ўсіх правах. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 узровень прамысл. вытв-сці ў К. зменшыўся больш як у 2 разы, падзенне цэн на с.-г. тавары стала прычынай масавага разарэння фермераў. У гады дзейнасці ліберальнага ўрада У.Л.М.Кінга (1935—48) К. падтрымлівала палітыку Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША 10.9.1939 яна ўступіла ў 2-ю сусв. вайну на баку Вялікабрытаніі, 8.12.1941 аб’явіла вайну Японіі і распачала баявыя дзеянні супраць яе ў Ганконгу. Ва ўзбр. сілах у час вайны служыла больш за 1 млн. канадцаў, больш як 90 тыс. з іх было забіта і паранена. К. забяспечвала сыравінай. харчаваннем і ўзбраеннем краіны антыгітлераўскай кааліцыі. За час вайны ў К. ўзнікла буйная ваен.прам-сць; за 1939—45 прамысл.вытв-сць павялічылася ў 2,5 раза. Урад ажыццявіў і некалькі важных сац. праграм, у т. л. па страхаванні беспрацоўных (1940), аказанні фін. дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей (1944), дапамогі ветэранам у вяртанні да мірнага жыцця. 11.2.1944 заключана кан.-сав. пагадненне аб ваен. пастаўках. Развіццю новых вытв-сцей у пасляваен. К. спрыялі замежныя інвестыцыі (пераважна з ЗША), а таксама прыток імігрантаў (у 1945—56 іх прыехала больш за 1 млн з Германіі і Італіі, у т. л. каля 50 тыс.чал.бел. паходжання). Да канца 1950-х г. К. канчаткова ператварылася ў індустр. краіну. Адначасова ўзмацніўся ўплыў ЗША на палітыку і эканоміку краіны: у лют. 1947 вырашана прадоўжыць кан.-амер. ваен. супрацоўніцтва, у 1949 К. стала адным з ініцыятараў стварэння НАТО і яго членам; у 1958 арганізавана Аб’яднанае кіраўніцтва проціпаветр. абароны Паўн. Амерыкі (цяпер Аб’яднанае кіраўніцтва аэракасм. абароны Паўн. Амерыкі); на тэр. К. размясціліся ваен. базы ЗША. Ва ўмовах пасляваен. пагаршэння эканам. становішча працоўных актывізавалася дзейнасць Канадскага рабочага кангрэса (засн. ў 1956), барацьба ў абарону эканам. і нац. правоў франка-кан. насельніцтва, пачаўся сепаратысцкі рух за выхад Квебека з федэрацыі. Для вырашэння гэтых праблем ліберальныя ўрады Л.Пірсана і П.Э.Трудо распрацавалі сістэму двухмоўя, у 1969 парламент надаў англ. і франц. мовам статус афіцыйных моў. На рэферэндуме 1980 60% квебекскіх выбаршчыкаў выказаліся за захаванне правінцыі ў складзе К. У крас. 1982 у К. прыняты закон аб канстытуцыі, які надаў парламенту права самастойна ўносіць усе канстытуцыйныя змены (раней яны фармальна падлягалі зацвярджэнню англ. парламентам) і дапоўніў яе Хартыяй правоў і свабод, але Квебек адмовіўся далучыцца да гэтага закону. У сак. 1987 прэм’ер-міністр Б.Малруні і кіраўнікі ўрадаў 10 правінцый (акрамя Манітобы і Нью-Брансуіка) падпісалі ў г. Міч-Лейк пагадненне пра наданне Квебеку статуса «асобага грамадства». Зрыў ратыфікацыі гэтага пагаднення ў чэрв. 1990 выклікаў канстытуцыйны крызіс. У вер 1991 Малруні прапанаваў новыя папраўкі ў канстытуцыю, вынесеныя на рэферэндум 26.10.1992, вынікі якога аказаліся адмоўнымі. У 1993 кіраўніком ўрада стаў ліберал Ж.Крэцьен. Прыход да ўлады ў Квебеку ў 1994 сепаратысцкай Квебекскай партыі абумовіў правядзенне 30.10.1995 новага рэферэндуму аб суверэнітэце Квебека. Мінімальная перамога на ім федэралісцкіх сіл (супраць суверэнітэту прагаласавала 50,6% выбаршчыкаў) прадухіліла пагрозу расколу краіны, але не вырашыла канстытуцыйную праблему. К. — чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая партыя К. — Ліберальная (засн. ў 1873). Існуюць Прагрэсіўна-кансерватыўная партыя (з 1854), партыя рэформ (з 1987), Квебекскі блок (з 1991), Новая дэмакр. партыя (з 1961). Найб.прафс. аб’яднанне — Кан. рабочы кангрэс.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна, адна з вядучых краін свету. Займае 8—9-е месца па аб’ёме прамысл. вытв-сці і валавым унутр. прадукце (ВУП), які ў 1995 склаў 694 млрд.дол. ЗША, 24,4 тыс.дол. на чалавека. Доля ў ВУП прам-сці і буд-ва каля 30%, сельскай гаспадаркі каля 3%. Адметныя рысы эканомікі: моцная залежнасць ад замежнага капіталу (больш за 50% прам-сці), асабліва амерыканскага, адносна высокія тэмпы росту, вял. доля дзярж. уласнасці (90% зямельнай і 70% лясной плошчы краіны, 72 магутнасцей электрастанцый, 73 даўжыні чыгунак, шэраг буйных заводаў ваеннай і хім. прам-сці і інш.). Гал. роля ў прамысловасці належыць галінам здабыўной і першаснай апрацоўкі сыравіны, якія маюць экспартную накіраванасць. К. — адна з самых буйных у свеце вытворцаў (тыс.т, 1992): уранавага канцэнтрату — 10, нікелю — 189,1, азбесту — 601, калійных солей — 7300, цынку — 1200, серабра — 1,1, свінцу — 318,5, малібдэну — 9,6, медзі — 745. У краіне (1994) значная здабыча нафты — 110,5 млн.т, прыроднага газу — 138,9 млрд.м³, вугалю — 72,7 млн.т, жал. руды — каля 35 млн.т. Асн. раёны здабычы энергет. сыравіны — правінцыі Альберта, Брыт. Калумбія і Саскачэван (забяспечваюць 90% аб’ёмаў гэтай прадукцыі), асн. раёны здабычы неэнергет. сыравіны — правінцыі Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія (каля 60% аб’ёмаў). Важнейшыя горназдабыўныя цэнтры: Садберы (нікель, медзь), Эліят-Лейк (уран) у прав. Антарыо; Наранда (медзь), Шэфервіл (жал. руда) у прав. Квебек; Томпсан (нікель) у прав. Манітоба; Эстэрхейзі (калійная соль) у прав. Саскачэван і інш.Вытв-сць электраэнергіі 532,6 млрд.кВт∙гадз (1995; 6-е месца ў свеце). Краіна займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі на душу насельніцтва. ГЭС даюць 61% электраэнергіі. Амаль 70% іх магутнасцей у правінцыях Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія. ЦЭС даюць каля 22%, АЭС — каля 17% (працуе 21 атамны рэактар). Вядучая галіна апрацоўчай прам-сці — машынабудаванне. Найб. развіты вытв-сцьтрансп. сродкаў (самалётаў, верталётаў, аўтамашын, суднабудаванне), с.-г. машын, абсталявання для горназдабыўной і лясной прам-сці, электроніка і электратэхніка. Гал. цэнтры — Таронта, Манрэаль, Уінсар, Гамільтан. Развіты энергаёмістыя галіны — каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, цынку, свінцу, нікелю, медзі), чорная металургія, нафтаперапрацоўка (Ванкувер, Сарнія, Эдмантан), хім.прам-сць (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук, пластмасы), разнастайная дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. К. займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці цэлюлозы (13 млн.т, 1993), 3-е — паперы (14,3 млн.т, у т. л. газетнай — 10 млн.т, 1-е месца ў свеце), піламатэрыялаў — 56 млн.т, драўнінна-стружкавых пліт — 3,5 млн.м³. Прадпрыемствы харчасмакавай (мукамольная, мясная, рыбакансервавая, спіртагарэлачная), тэкст. і швейнай прам-сці размешчаны ў партах і паблізу вытв-сці сыравіны. Асн.прамысл. раёны краіны: Канадскае Прыазер’е (гал. цэнтры Таронта і Гамільтан), даліна р.Св. Лаўрэнція (Манрэаль, Квебек, Атава), ПдЗБрыт. Калумбіі (Ванкувер). Сельская гаспадарка характарызуецца высокай механізаванасцю, таварнасцю, глыбокай спецыялізацыяй, мае экспартную накіраванасць. Плошча с.-г. угоддзяў каля 70 млн.га, у т. л. пад ворывам і садамі каля 43 млн.га. Каля 75% с.-г. зямель належыць буйным фермам. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Штогадовы валавы збор збожжа каля 50 млн.т. К. займае 4-е месца ў свеце па зборы (25,4 млн.т, 1995) і 2-е — па экспарце (пасля ЗША) пшаніцы. Збор (млн.т, 1992): ячменю — 10,9, кукурузы —5,6, соі — 1,4, рапсу —3,7, бульбы — 2,8. Пашыраны пасевы лёну і тытуню. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля дае каля 60% кошту с.г. прадукцыі, пераважае малочны і мяса-воўнавы кірунак. Птушкагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1993): малочных кароў — 1,2, інш. буйн. раг. жывёлы — 13,5, авечак — 0,9, свіней — 10,7. Асн.с.-г. раёны: стэпавыя правінцыі Манітоба, Саскачэван, Альберта (палавіна с.-г. прадукцыі краіны — збожжа, мяса-воўнавая жывёлагадоўля), Канадскае Прыазер’е і даліна р.Св. Лаўрэнція (жывёлагадоўля і разнастайнае паляводства), правінцыі Новая Шатландыя і Брыт. Калумбія (садоўніцтва). Па аб’ёмах вывазу драўніны (каля 170 млн. шчыльных m3 штогод) К. займае 1-е месца ў свеце на душу насельніцтва. Доля К. ў сусв. лясным экспарце складае 23%. Гал. раёны лясной гаспадаркі Брыт. Калумбія (40% усіх лесаматэрыялаў), Квебек і Антарыо. У лясной гаспадарцы занята 7% працуючых, яна дае каля 4% ВУП краіны і каля 17% экспарту. Прамысл. рыбалоўства і марскія промыслы ў прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў (траска, селядзец, ласасёвыя, палтус, крабы, амары, вустрыцы). Па ўлове (больш за 1 млн.т штогод) вылучаюцца правінцыі Ньюфаўндленд і Новая Шатландыя. Пушны промысел і зверагадоўля. Транспарт. Працягласць чыгунак больш за 90 тыс.км (2-е месца ў свеце пасля ЗША), аўтадарог каля 400 тыс.км (1993). У краіне каля 10 млн. аўтамашын. Суднаходства па р.Св. Лаўрэнція і Вял. азёрах (даступны для марскіх суднаў), некат. інш. рэках і азёрах. Гал. марскія парты Ванкувер, Сет-Іль, Порт-Карцье, Тандэр-Бей, Галіфакс. Працягласць нафта- і газаправодаў 50 тыс.км (3-е месца ў свеце). У К. развіты замежны турызм і адпачынак (каля 90% наведвальнікаў складаюць жыхары ЗША). У 1994 замежны турызм даў даход у 6,3 млрд.дол. ЗША. Экспарт склаў 185 млрд.дол. ЗША (каля 4% сусв. экспарту), імпарт — 166,7 млрд.дол. ЗША (1995). Гал. тавары экспарту — цэлюлоза, газетная папера, піламатэрыялы, пшаніца і інш. збожжавыя, уран, нікель, медзь, цынк, тытан, малібдэн, серабро, плаціна, азбест, калійныя солі. імпарту — гатовыя прамысл. вырабы, прадукты трапічнага і субтрапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: ЗША (каля 80% знешнегандл. абароту), Японія, Вялікабрытанія, Нідэрланды. Гандл. абарот з Беларуссю складае каля 12 млн.дол. ЗША штогод. Беларусь экспартуе ў К. невял. партыі машын і хім. тавараў, набывае ў К. пераважна збожжа. Грашовая адзінка — канадскі долар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл больш за 60 тыс.чал., рэзерву больш за 28 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў каля 11 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. У сухап. войсках каля 22 тыс.чал., на ўзбраенні 114 танкаў, 370 баявых развед. машын, 1858 бронетранспарцёраў, 272 артыл. гарматы, 167 мінамётаў і інш. У ВПС больш за 14 тыс.чал., 140 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС больш за 9 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 4 эсмінцы, 16 фрэгатаў, 2 тральшчыкі, 16 патрульных катэраў, 8 дапаможных суднаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,9, жанчын 82,9 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 171 чал., урачамі — 1 на 464 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 1,5 да 6 гадоў (большасць з іх прыватныя); агульнаадук. школу, прафес., прафес.тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У К. існуюць дзярж. (грамадскія), прыватныя, канфесіянальныя школы. Ва ўсіх правінцыях К. прыняты законы аб абавязковым 8—10-гадовым навучанні дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў. Дзярж.навуч. ўстановы фінансуюцца за кошт правінцыяльных, муніцыпальных і мясц. бюджэтаў. Федэральны ўрад вылучае сродкі на прафес.-тэхн. і вышэйшую адукацыю, займаецца пытаннямі адукацыі карэнных жыхароў (індзейцаў, эскімосаў). Агульны тэрмін поўнай сярэдняй адукацыі — 11—13 гадоў пры 6—8-гадовай пач. адукацыі. У старэйшых класах вучні могуць выбіраць праграму з арыентацыяй на акад. або прафес. падрыхтоўку. У К. існуюць 2 незалежныя школьныя сістэмы — франц. і англійская. Франц. сістэм а (у прав. Квебек); 6-гадовая пач., 5-гадовая агульнаадук. сярэдняя школа (2 цыклы — 2 і 3 гады навучання; на 2-м цыкле падзел на агульнаадук. і прафес. кірункі). На базе сярэдняй школы працуюць калежы агульнай і прафес. адукацыі, дзе вучні атрымліваюць або акадэм. адукацыю (2 гады навучання, з правам паступлення ва ун-т), або прафес. падрыхтоўку (3 гады). Англ. сістэма: 6-гадовая пач., 3-гадовая малодшая сярэдняя і 3-гадовая старшая сярэдняя школа або 8-гадовая пач. і 4-гадовая сярэдняя школа. Праграма пач. навучання ва ўсіх школах уключае родную мову (англ. або франц.), арыфметыку, прырода- і грамадазнаўства, прадметы маст. цыкла, дамаводства, фіз. культуру, рэлігію і інш. У сярэдняй школе вывучаюць абавязковыя прадметы (франц. або англ. мова, грамадазнаўства, матэматыка, спорт, прафес. арыентацыя) і на выбар (прыродазнаўчыя навукі, замежныя мовы, пэўныя раздзелы матэматыкі). Прафес.-тэхн. падрыхтоўку даюць прафес. аддзяленні сярэдніх школ, спец. сярэднія прафес. школы з рознымі ўхіламі, дзярж. і прыватныя прафес. вучылішчы, тэхн. ін-ты і малодшыя каледжы (тэрмін навучання 1—4 гады). Вышэйшую адукацыю (платная) даюць ун-ты і каледжы ( ш-ты універсітэцкага тыпу); найб. прэстыжныя — з правам прысваення вучоных ступеней. Старэйшая ВНУ — Ун-тправ. Нью-Брансуік у г. Фрэдэрыктан (з 1785). Буйнейшыя ун-ты: у Таронта (з 1827), Аб’яднаны (з 1968; ВНУ гарадоў Квебек, Манрэаль і інш.), Манрэальскі (з 1876), Канкордыя (з 1974) у Манрэалі, Йоркскі (з 1959) у Норт-Йорку, Лаваля (з 1852) у Квебеку, Ун-тправ.Брыт. Калумбія (з 1908) у Ванкуверы. Буйнейшыя б-кі: Нац.навук. ў Атаве, б-ка Таронцкага ун-та, ун-та Лаваля ў Квебеку, масавыя б-кі ў Манрэалі і Таронта. У К. каля 1500 музеяў і маст. галерэй (1994), буйнейшыя з іх: Нац. музей К. (з 1842), Нац. галерэя К. (з 1880), Канадскі музей цывілізацыі, Нац. музей натуральнай навукі і Нац. музей навукі і тэхналогіі (усе ў Атаве), Каралеўскі музей Антарыо (з 1912) і Маст. галерэя (з 1900) у Таронта, Музей прыгожых мастацтваў (з 1860) у Манрэалі. З 1916 дзейнічае Нац.н.-д. савет, з 1966 — навук. Савет К. пры ўрадзе. У 1942 у Манрэальскім ун-це створана ядзерная лабараторыя, у 1944 — н.-д. цэнтр па атамнай энергіі ў Чок-Рыверы, з 1960-х г. — у Уайшэле. Буйнейшы выліч. цэнтр ва ун-це ў Таронта. Н.-д. цэнтр сувязі вядзе даследаванні ў галіне космасу. Навук. дзейнасць вядуць н.-д. ўстановы галіновых Мін-ваў, навук. ін-ты, у іх ліку ін-ты аэранаўтыкі і космасу, горнай прам-сці і металургіі, хім., біял. даследаванняў клеткі, даследаванняў жывёлы, раслін, лясны ін-т, даследчыя ўстановы пры ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 100 штодзённых газет і больш за 1 тыс. часопісаў. Каля 300 перыяд. выданняў выходзіць на мовах этнічных груп (ням., італьян., кіт. і інш.). Газетны трэст «Томпсан ньюспейперс лімітэд» валодае каля 60 перыяд. выданнямі К. (каля 28% усіх выданняў). Штодзённая прэса мае пераважна рэгіянальны характар. Найб. тыраж маюць штодзённыя газеты «Toronto star» («Зорка Таронта», з 1892, на англ. мове), «Le journal de Montreal» («Манрэальская газета», з 1964, на франц. мове), «The globe and mail» («Пошта з усяго свету», з 1844) і «Vancouver sun» («Сонца Ванкувера», з 1886; абедзве на англ. мове) і інш.Найб. уплывовы і пашыраны штотыднёвы грамадска-паліт.час. «Maclean’s magazine» («Часопіс Маклінза», з 1905, на англ. мове). Інфарм. агенцтвы — Канейдыян Прэс (КП, з 1917), Бродкаст Ньюс і Юнайтэд Прэс Кэнада. Дзейнасць радыё і тэлебачання, у т. л. кабельнага, кантралююць Канейдыян бродкастынг карпарэйшэн (КБК; перадачы на англ. і франц. мовах па 2 каналах тэлебачання і 4 радыёпраграмах) і Канейдыян Рэйдыё-тэлевіжэн энд Тэлекам’юнікейшэнс. Працуюць больш за 570 радыёстанцый. Радыёперадачы для замежжа вядуцца на 11 мовах (Міжнар. радыё Канада). Тэлевізійная сетка аб’ядноўвае каля 115 станцый краіны.
Літаратура. Фальклор карэннага насельніцтва К. — індзейцаў і эскімосаў — часткова сабраны і апублікаваны англа-кан. пісьменнікамі на англ. мове (зб-кі «Пшанічная багіня і іншыя казкі індзейскай Канады», «Карэнныя плямёны Канады»); паэтэса П.Джонсан зрабіла літ. апрацоўку іх легенд (зб. «Ванкуверскія легенды», 1911). Пра трагічны лёс эскімосаў пісаў Ф.Моўэт у кн. «Людзі Аленевага краю» (1952) і «Народ у адчаі» (1959). Сучасная л-ра К. развіваецца на франц. і англ. мовах. Літаратура на французскай мове ўзнікла з дакумент.-маст. прозы 16 — пач. 17 ст. (падарожныя нататкі Ж.Карцье, С.Шамплейна). Больш актыўна яна пачала развівацца пасля 1760-х г. Уплыў асветніцкага класіцызму адчуваўся ў паэзіі М.Бібо (1-я пал. 19 ст.). Першы франка-кан. раман стварыў Ф. дэ Гаспэ-сын («Шукальнік скарбаў», 1837). У сярэдзіне 19 ст. зарадзіліся патрыят. школа паэтаў-рамантыкаў (А.Ж.Крэмазі, Ф.К.Гарно, Л.А.Фрэшэт), гісторыка-рамант. проза (А.Жэрэн-Лажуа). Рэаліст. тэндэнцыі праявіліся ў раманах П.Шаво, Л.Эмона. Пад уплывам франц. школы дэкадансу ў канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася паэзія Э.Нелігана, А.Лазо, П.Марэна. Пасля 2-й сусв. вайны гал. кірункам у л-ры стаў рэалізм. Проза адметная паглыбленым псіхалагізмам і гуманізмам (Г.Руа, Ф.А.Савар, К.Жасмэн, М.К.Бле), паэзія — наватарскай лірыкай (Ж.Г.Пілон. С.Д.Гарно, А.Гранбуа, А.Эбер, Р.Ланье), у драматургіі найб. вядомы М.Дзюбэ, Ф.Ларанжэ, М.Трамбле. Літаратура на англійскай мове ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Каля яе вытокаў — дакументальна-маст. проза, створаная падарожнікамі па К. (С.Хёрн, А.Макензі і інш.). У традыцыях англ. сентыменталізму напісаны першы кан. раман «Гісторыя Эмілі Монтэгю» (1769) Ф.Брук. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя творы кан. рамантыкаў, што знаходзіліся пад уплывам гіст.англ. (В.Скот) і амер. (Ф.Купер) раманаў (раман Дж.Рычардсана «Вакуста» прысвечаны «індзейскай тэме»). Рысы рамантызму выявіліся і ў паэзіі (О.Голдсміт). Пачатак рэаліст. кірунку ў л-ры паклаў Т.Халібёртан (раман «Гадзіннікавы майстар»). Новы этап ў развіцці англа-кан. л-ры пачаўся ў 1860—70-я г. (рамант. паэзія Ч.Робертса, І.Кроўфард, А.Лампмена, Д.Скота і інш., раманы і аповесці Дж.Дэ Міла, Д Паркера; пранікнёную лірыку ствараў У.Б.Кармен). У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. з’явілася новае пакаленне паэтаў рамант. школы (Р.Сервіс, У.Драманд, Э.Дж.Прэт, А.Сміт, Т.Мак-Інес і інш.), якія апявалі магутнасць прыроды і сілу чалавека. Сярод празаікаў вылучылася М. дэ ла Рош. Развіццё рэаліст. рамана звязана з творчасцю Д.Уокера, Ф.Гроўва, М.Кэлехена, Х.Мак-Ленана і інш. У жанры навелы працавалі М.Гэлант, Э.Манро, сатырык і гумарыст С.Лікак. У раманах пісьменніц Л.М.Мантгомеры, М.Лоўрэнс, М.Этвуд распрацоўвалася «жаночая» тэматыка. Адметная плынь у л-ры К. — т.зв. анімалісцкая проза, дзе ў якасці гал. герояў выступалі жывёлы (раманы і аповесці Робертса, Э.Сетан-Томпсана, У.А.Фрэйзера). Сусв. вядомасць набылі кнігі аб прыродзе Шэрай Савы (сапр. Дж.Белані) пра трагічную гісторыю індзейскага народа. Першыя значныя драм. творы стварылі Р.Дэйвіс, Л.Сінклер, Л.Пітэрсан, творы літ. крытыкі — Р.П.Бейкер, Дж.Д.Логан. У 2-й пал. 20 ст. не страцілі сваёй папулярнасці рэаліст. раман (Р.Г.Уайб, Б.Мур) і гіст.-біягр. проза (Д.Крэйтан, А.Р.М.Лоўэр). У творчасці Ф.Скота, А.Клейна, Прэта, Э.Бёрні, І.Клейтана і інш. выявілася імкненне да новай паэтыкі. Пачынальнікам англа-кан. постмадэрнізму лічыцца пісьменнік і вучоны-грамадазнавец М.Мак-Луэн.
На бел. мову перакладзены асобныя творы Робертса («Звярыныя малечы», «Паляўнічы «Чырвонай скалы», абедзве 1928) і Сетан-Томпсана («Гісторыя аднаго мядзведзя», 1927; «Лепш смерць, чым няволя», 1928; «Рванае вушка», 1939); вершы сучасных франкамоўных паэтаў К. перакладае Л.Яўменаў.
Архітэктура. Карэнныя жыхары К. — індзейцы жылі ў зямлянках (паляўнічыя Скалістых гор), буданах-вігвамах (лясныя паляўнічыя), накрытых шкурамі палатках-ціпі (жыхары прэрый), вял. каркасных дамах, накрытых карой (лясныя земляробы) ці ашаляваных дрэвам (рыбаловы зах. ўзбярэжжа); эскімосы — у купалападобных пабудовах са снегу (іглу), паўпадземных збудаваннях з дрэва, каменю, касцей. У 17 — пач. 19 ст. выхадцы з Францыі прынеслі ва Усх. К. традыцыі еўрап. архітэктуры: тып дома з масіўнымі сценамі і стромкім дахам, зальныя цэрквы з 1—2 вежачкамі над фасадам, грамадскія будынкі на франц. ўзор (арх. Т.Баяржэ, Т.Фулер, Ф.Стэнт, Ж.Дэмер). У каланізаванай англічанамі ч. К. ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склалася мясц. традыцыя рацыянальнага драўлянага каркаснага і каменнага дойлідства ў духу класіцызму з функцыян. абумоўленасцю кампазіцыі і адсутнасцю ордэрных форм (арх. Дж.Мерык) 3 сярэдзіны 19 ст. выпрацоўвалася стандартная структура новых гарадоў з 2-павярховай забудовай, рэгулярнай планіроўкай, прамавугольнай сеткай вуліц. У духу эклектызму будавалі цэрквы, адм. будынкі, асабнякі ў Атаве, Калгары, Манрэалі, Таронта (арх. Э.Ленокс, Дж.Лайл). З канца 19 ст. ўзмацніўся ўплыў архітэктуры ЗША: вышынныя канторскія будынкі, атэлі (арх. Ф.Дарлінг, Дж.Пірсан). З 1950-х г. інтэнсіўна перабудоўваюцца і разрастаюцца старыя гарады, будуюць новыя гарады-гіганты, пашыраецца жыллёвае буд-ва, у т. л. з дрэва. Паводле адзіных планаў забудоўваліся гарады пры прамысл. прадпрыемствах: Кітымат у Брыт. Калумбіі (1951—54, планіроўка амер.арх. Маер, Уітлсі, Глас), Эліят-Лейк у Антарыо (1956, арх. Дж.Б.Паркін), у т. л. запалярныя (Інувік, 1955—60). Найб. значныя збудаванні: камбінат Анесіс-Айленд у Брыт. Калумбіі (1954—56), комплекс Асацыяцыі архітэктараў Антарыо (1955, арх. Паркін), Шэкспіраўскі т-р у Стратфардзе (1956—57, арх. Р.Фейрфілд), будынак упраўлення «Электрычнай кампаніі Брыт. Калумбіі» ў Ванкуверы (1957, арх. фірма «Шарп, Томпсан, Берык, Прат»), новая ратуша ў Таронта (1958—65, фін.арх. В.Рэвель, у сааўт.), пл. Віль-Мары, комплекс Сусв выстаўкі 1967, Алімп. комплекс у Манрэалі (1976, франц.арх. Р.Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі), Нац. галерэя ў Агаве (1980), вежа і стадыён «Алімпійскі» ў Калгары і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да каланізацыі развівалася мастацтва абарыгенаў: у індзейцаў — паліхромная разьба па дрэве, разьба і гравіроўка па камені, косці і рогу, вы шыўка іголкамі дзікабраза, воласам аленя і лася, выраб упрыгожанняў з пер’яў і ракавін, узорыстае ткацтва з геам. арнаментам, размалёўка адзення, начыння і жытла, кераміка; у эскімосаў — разьба і гравіроўка па косці і дрэве, апрацоўка самародных металаў. З 1-й нал. 17 ст. пад уплывам еўрап.маст. стыляў развіваецца прафес. мастацтва.
У 18—19 ст. дасягнуў росквіту партрэтны жывапіс (Ф.Баяржэ, Ф.Бакур, А.Пламандон, Ж.Легарэ, Т.Амель у Квебеку, Т.Бертан, Дж.Херыят, Кокбёрн, Грант — у англ. К.). Пачынальнікі пейзажнага жанру — Т.Дэйвіс, Херыят. Мастацтва мела пераважна эклектычны характар: традыцыі Барбізонскай школы развівалі П.Кейн, Ф.Вернэ, амер. «школы ракі Гудзон» — Х.Уотсан, Х.Уокер, еўрап. мадэрнісцкіх кірункаў «ар нуво» і фавізму — Э.Кар, М.А.Фартэн, К.Ганьён, групы «Набі» — Дж.У.Морыс, А.Ледзюк. У пач. 19 ст. склалася Квебекская школа жывапісу. Развівалася разьба па дрэве (Баяржэ), мастацтва вырабаў з серабра ў духу барока і класіцызму (Ф.Ранвуазе). У 1879 засн. Каралеўская АМ. У 1-й пал. 20 ст. ўзнікла кан. школа мастацтва, адметная дакладнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, адлюстраваннем велічы кан. прыроды: творчасць «Групы сямі» (А.Джэксан, А.Лізмер, Л.Харыс і інш.), скульпт. Ф.Лорынга, Э.Вуд, «Кан. групы жывапісцаў». У сярэдзіне 20 ст. дамінавалі еўрап.маст. традыцыі (Дж.Лейман, А.Пелан і інш.). Група «Сучасная маст. грамада» адмаўляла і еўрап., і кан. рэалізм. Мастацтва 2-й пал. 20 ст. развіваецца пераважна ў мадэрнісцкіх кірунках: «аўтаматысты» (П.Э.Бардзюа, Ф.Брандэр) сцвярджаюць нонфігуратывізм, «Група адзінаццаці» (Дж.Макдоналд, У.Роналд, Л.Бельфлер, М.Скот, Х.Таўн і інш.) — абстрактны экспрэсіянізм. Развіваюцца сюррэалізм (Ф.Ледзюк, Ж.-П.Далэр, А.Колвід), мастацтва рухомых аптычных эфектаў (К.Тузіньян, Ж.Юрцюбіз), рэаліст. кірунак (Ф.Тэйлар, А.Біле, М.Лэмб-Бабак, К.Пішэ, Г.Робертс), дызайн і дэкар.-прыкладное мастацтва (апрацоўка металу, выраб дываноў, кераміка). У нар. мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і вышыўка ўкраінцаў, каменная скульптура эскімосаў.
Музыка. Муз. культура карэннага насельніцтва К. (індзейцы, эскімосы) з 17 ст. развіваецца ва ўзаемаўзбагачэнні з фальклорам і быт. музыкай англ. і франц. перасяленцаў. У 17—19 ст. значнае месца займала царк. музыка; пры цэрквах створаны першыя муз.навуч. ўстановы. У 18—19 ст. узніклі свецкія муз. т-вы, у т. л. філарманічныя ў Квебеку (1820) і Манрэалі (1877), развівалася хар. мастацтва. З 1860 праводзяцца муз. фестывалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі ўзнікаць духавыя аркестры, паўпрафес. оперныя трупы, адкрыты кансерваторыі ў Манрэалі (1876), Таронта (1886), Галіфаксе (1887), муз. каледж у Таронта і Муз.ін-т у Гамільтане (1888). Творчасць першых кампазітараў К. цесна звязана з еўрап.муз. традыцыямі. Заснавальнік муз.-сцэн. жанру — паэт, драматург і музыкант Ж.Кенель (опера «Кола і Калінета», 1790). У 2-й пал. 19 ст. вылучыліся кампазітары К.Лавале (дырыжор, аўтар нац. гімна «О, Канада»), С.Лавігёр (стваральнік першых кан. аперэт), А.Дэсан, А.Лавінь, Г.Куцюр і інш.Нац. стыль у кампазітарскай творчасці фарміруецца ў 1920—40-я г. (Э.Макмілан, Х.Уілан, К.Шампань. Э.Гратон). Некат. кампазітары працуюць на аснове франц. (Ж.Ж.Ганье, Ж.Папіно-Куцюр) і англ. (У.Макнат, Р.Флемінг і інш.) традыцый. Тэндэнцыі авангардызму адбіліся на творчасці Дж.Вайнцвайга, Х.Сомерса, А.Брота. Сярод выканаўцаў 19—20 ст.: спявачкі М.Форэстэр, Л.Маршал, Т.Стратас, спевакі П.Алары, Э.Джонсан; піяністы Г.Гулд, А.Куэрці, Р.Турыні; скрыпачы К.Парло, Э.Клінч, І.Гендэль, Б.Дж.Хігін; арганіст Л.Фарнем. У К. працуюць 3 оперныя трупы (Таронта, Манрэаль, Вініпег); Нац. балет (Антарыо), класічны балет (Атава), каралеўскі балет (Вініпег); каля 30 сімф. аркестраў; Кан. асацыяцыя кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў (з 1951), Канадскі муз. савет (1944), Канадскі муз. цэнтр (1958) і інш. З 1965 у Манрэалі штогод праводзяцца Міжнар.муз. фестываль і конкурс музыкантаў-выканаўцаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы ў абрадах кан. індзейцаў, якія выкарыстоўвалі маскі і лялькі, што надавалі відовішчнасць рэліг. рытуалам. Развіццё прафес.т-ра пачалося ў 17 ст. ў франц. правінцыях Квебек і Акадыя пастаноўкай п’есы М.Лескарбо «Марская маска» ў Порт-Раялі (1606). Ставіліся п’есы П.Карнеля, Ж.Расіна, Мальера. У 1688 А.Рагено напісаў адну з першых уласна кан. п’ес (без назвы). У 18 ст. спектаклі ставіліся ў Галіфаксе (у 1774 першая вядомая п’еса на англ. мове «Акадыус, або Каханне ў цішы»; у 1789 пабудаваны спец.тэатр. будынак «Новы вялікі тэатр»), Манрэалі, Квебеку. У сярэдзіне 18 ст. ў Квебеку створаны лялечны т-р. Выступалі прафес. трупы, пераважна з Англіі. Развіваўся аматарскі т-р. Сярод драматургаў: Ж.Кенель, Ч.Хевісідж, Ч.Мейр. У 1825 у Манрэалі адкрыты першы пастаянны «Тэатр Руаяль», пазней — у Таронта, Вікторыі, Гамільтане. Ставіліся п’есы франка- і англамоўных драматургаў. У пастаноўках удзельнічалі франц., англ., амер. і мясц. акцёры. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна вандроўныя т-ры «роўд» («дарога»), Сярод рэжысёраў: М.Дэнісан, Р.Мітчэл, Б.Фарсайт, У.Сінклер, К.Эйкенс і інш. У 1920—30-я г.асн. формай тэатр. мастацтва былі аматарскія т-ры («Літл тыэтр») пры ун-тах, школах, цэрквах, клубах. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся прафес. т-ры ў буйных гарадах («Рыдо вер» і «Канадская камедыя» ў Манрэалі, «Крэст тыэтр» у Таронта, «Канейдыян рэпертары тыэтр» у Атаве і інш.). Ставяцца п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Кальдэрона, П.Кладэля, Б.Шоу, кан. драматургаў Р.Дэйвіса, Г.Фэрыса, А.Ланжэвэна, Дж.Коўлтэра, Ш.Фоўка, М.Калагана і інш. У франкамоўных т-рах ідзе працэс стварэння нац.тэатр. культуры, англамоўныя знаходзяцца пад вял. уплывам т-ра ЗША. Сярод тэатр. дзеячаў: Г.Гофман, Ж.Луіс Руо, Дж.Колікас, І.Брынд’Амур, Ф.Хайленд, Д.Пелецье, У.Хат, К.Пламер, Ж.Гаскон. З 1933 праводзяцца фестывалі драм. мастацтва (Шарлатаўн, Ванкувер, Манрэаль, Атава і інш.), з 1953 — Шэкспіраўскі фестываль (Стратфард). Нац.тэатр. школа з выкладаннем на франц. і англ. мовах (зімой у Манрэалі, летам у Стратфардзе).
Кіно. У 1898 на кінафірме «Мэсі-Харыс» зняты першы рэкламны фільм. У 1906 створаны кінаінстытут у Манрэалі. Першы ігравы фільм — «Эванжэліна» (1914, рэж. І.П.Салівен, У.Х.Кавано). У 1918 арганізавана Выставачна-рэкламнае бюро, пераўтворанае ў 1923 у Кан. ўрадавае кінабюро (выпускала рэкламныя стужкі). У 1931 паказаны першы гукавы фільм «Вікінг» (рэж. В.Фрысел. Дж.Мелфард). На станаўленне нац. кіно паўплывала дзейнасць амер.рэж. Р.Флаэрці і англ.рэж. Дж.Грырсана, якія здымалі ў К. (па ініцыятыве Грырсана ў 1939 прыняты Акт пра нац. кіно і створаны Нац. савет па пытаннях кіно). У 1943 студыю анімацыйнага кіно ўзначаліў Н.Мак-Ларэн — вядомы рэж.-эксперыментатар анімацыйнага кіно. У 1952 зняты першы каляровы маст. фільм «Эцьен Бруле, нягоднік». У 1950-я г. з’явіліся праблемныя фільмы, узніклі новыя творчыя прынцыпы («прамое кіно», «сінема-верытэ» і інш.) У 1967 створана дзярж. карпарацыя па развіцці кан. кіно. Сярод фільмаў: «Уніз па дарозе» (1970, рэж. Д.Шэбіб), «Камураска» (1973, рэж. К.Жутра), «Позні ўсход» (1976, рэж. А.Брасар), «Паляўнічы» (1978, рэж. З.Р.Дэлен), «Шчаслівае збавенне» (1980, рэж. Ф.Манкевіч). «Стары ліс» (1982, Ф.Борсас). У 1975 засн. Квебекскі ін-т кіно, які займаецца развіццём франкамоўнага кінематографа. Сярод рэжысёраў — Ж.Карль, Ж.П.Лефебр, Ж.Бадэн, Ж.Гру, М.Ланкту, Д.Петры, Т.Кочэф, А.Эгаян і інш., акцёраў — Ж.Бюжо, Ж.Лапуэнт, Р.Жырар, Р.Лафантэн, М.Чэмберс, Ф.Колінз. Асн. фільмы 1990-х г.: «Хлопчык з Сан-Вінсена» (рэж. І.Сміт), «Каляндар» (рэж. Эгаян), «Жыццё з Білі» (рэж. П.Данаван), «Дзве актрысы» (рэж. Ланкту). Гал. цэнтры кінавытворчасці — Таронта, Манрэаль, Ванкувер, Антарыо. Існуюць Асацыяцыя кан. кінапракатчыкаў, Гільдыя кан. рэжысёраў, Т-ва кінематаграфістаў. Пры большасці ун-таў К. дзейнічаюць кафедры кінематаграфіі. Кан. кінаінстытут аб’ядноўвае Кан. кінаархіў, Цэнтр па вывучэнні кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Йорктаўне (дакумент. фільмаў), Ванкуверы, Манрэалі, Таронта, Атаве (анімацыйных фільмаў). З 1979 Кан. акадэмія кінамастацтва штогод прысуджае прыз «Джын».
Беларусы ў Канадзе. Сяляне з Беларусі пачалі перасяляцца ў К. ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1907 яны сяліліся ў правінцыях Ньюфаўндленд, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Квебек, Антарыо, Манітоба, Саскачэван, Альберта, Брыт. Калумбія і працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, золатаздабычы, на лесанарыхтоўках і інш. Паводле Гомстэд-акта тыя з іх, хто жадаў, атрымлівалі да 65 га зямлі і праз 3 гады станавіліся яе ўласнікамі. Кан. статыстыка не вылучала беларусаў асобна, а фармальна (часцей па канфесійнай прыналежнасці) далучала да рускіх ці палякаў; і яны далучаліся да рус., польск. і ўкр.нац. арг-цый. У 1911 беларусы складалі значную частку рус. т-ваў, з іх дапамогай у 1913 у Таронта засн. парафія Рус.правасл. царквы, Рус.прагрэс. клуб. У польск. асяродках яны таксама хутка асіміляваліся. У 1918—39 у К. перасяляліся пераважна выхадцы з Зах. Беларусі (напр., каля 30 тыс. у 1926—30). Пасля 1931 паток бел. эмігрантаў зменшыўся з-за сусв.эканам. крызісу. Культ.-мас. гурткі бел. вясковых інтэлігентаў у Таронта і Вініпегу былі часовымі і нетрывалымі. У 1930 выхадцы з Зах. Беларусі заснавалі Федэрацыю рус. канадцаў, уваходзілі ў Рус. рабочы клуб імя М.Горкага ў Таронта і інш. Для беларусаў выходзілі на рус. мове «Вестник» і газ. «Канадский гудок», у якой быў «Беларускі куток» (выйшлі 4 нумары). Пасля 2-й сусв. вайны ў К. апынуліся беларусы — ветэраны Другога корпуса Андэрса арміі. Яны падпісвалі 2-гадовыя кантракты на працу ў сельскай гаспадарцы. Пасляваен. бел. эміграцыя вылучалася нац. свядомасцю, актыўнасцю. У 1946—71 у К. прыехала каля 48 тыс. беларусаў, якія найб. кампактна пасяліліся ў Таронта, Садбуры, Манрэалі, Вініпегу. Грамадскую, навук. і культ.-асв. работу вялі Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК), Беларускае нацыянальнае аб ’яднанне (БНА), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебек (да 1952 наз. Згуртаванне беларусаў у Манрэалі), Бел.нац.к-т у Вініпегу (1950—80), сектар рады Бел.Нар. Рэспублікі (з пач. 1950-х г.), Бел. вызвольны фронт (1957—70-я г.), Бел. каса самапомачы (1953 — сярэдзіна 1970-х г.), Бел. самапомач у Ошаве (з 1961), Згуртаванне беларускіх жанчын Канады, Высакашкольная стыпендыяльная фундацыя (1967—70-я г.), Згуртаванне бел. моладзі К. (1967—70), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Таронта, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), Саюз бел. моладзі К. (1970—78), Кан.т-ва «Беларусь» (з 1988), Кан. фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля (гл. ў арт.Беларускія камітэты дапамогі ахвярам радыяцыі за мяжой), Бел.рэліг.-грамадскі цэнтр у Таронта ( з 1959), цэнтр адпачынку «Слуцак» (з 1969). Беларусы К. адзначаюць нац. святы — Дзень незалежнасці Беларусі (з 1970 улады Таронта афіц. абвяшчаюць 25 сак.бел. днём), Дзень герояў Беларусі, гіст. падзеі, юбілеі дзеячаў бел. л-ры і мастацтва. Яны ўдзельнічаюць у міжнац. мерапрыемствах, традыц. фестывалях, карнавалах, канцэртах, у т. л. штогадовых святкаваннях Дня Канады (Ошава), Ошаўскім нар. фестывалі (з 1961), фестывалях «Бацькаўшчына» (Атава, 1970—80-я г.) і ў Бэры (з 1990). Саюз бел. моладзі К., ККБК, Згуртаванне бел. жанчын удзельнічалі ў арг-цыі бел. павільёна «Менск» (Таронта). На выставах у К. свае творы прадстаўлялі бел. мастакі Г.Русак, І.Сурвіла, П.Мірановіч, В.Жаўняровіч, А.Кляшчук. У час Тыдня студый у Атаўскім ун-це (1975), на святкаванні 1000-годдзя дзяржаўнасці Беларусі (1988) прайшлі выставы бел.нар. мастацтва. Бел.самадз. мастацтва на розных культ. імпрэзах прадстаўлялі гурток бел.нар. песні і танца ў Вінілегу (1951), злучаны бел.-ўкр. мужчынскі хор «Думка» (1953), хары «Жалейка» (1956), «Прамень» (1955), ансамбль нар. песні і танца (1954). Пры ЗБК працавалі танц. гурткі моладзі і дзяцей, курсы беларусаведы (1951—53, Таронта). З дапамогай беларусаў створаны бел.літ. фонды публічных б-к у Таронта і Вініпегу, бел. аддзелы ў Канадскім музеі цывілізацыі і Нац.этн. музеі. З 1952 беларусы К. ўдзельнічаюць у сустрэчах беларусаў Паўн. Амерыкі (прайшлі 23, з іх 8 у Таронта). У 1958, 1962, 1965 адбыліся сустрэчы беларусаў Лондана (Канада) і Дэтройта (ЗША). У 1996 каля г. Мідленд адкрыты Бел. мемарыяльны комплекс, да якога штогод ажыццяўляюць паломніцтва беларусы з розных краін. Творы бел. пісьменнікаў і падручнікі выдаюць Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», выдавецкі к-т пры ККБК, Фонд бел. падручнікаў, выдавецкі фонд успамінаў з бел. жыцця. Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Беларускі эмігрант», «Беларускі голас», старонкай «Весткі з Канады» ў газ. «Беларус» (ЗША), часопісамі «Баявая ўскалось» (1949—50 у Германіі, 1954—81 у Таронта), «Зважай», «Палессе» (1955—58), «Прамень» (з 1992), «Інфа ЗБК» (з 1995), «Дзяцел» (1952—53), «Народным шляхам» (1951—54), бюлетэнем «Бээнэравец» (1952). Бел. радыёперадачы пачыналіся з невял. выступленняў на радыё ў Лондане, Садбуры, Таронта і інш. Радыё СіБіСі з 1955 на нац. святы перадае канцэрты бел. песень і танцаў. У 1959 — пач. 1970-х г. працавала бел. радыёстанцыя ў Оўквілі.
Літ.:
Тишков В.А., Кошелев Л.В. История Канады. М., 1982, Тишков В.А. Страна кленового листа: начало истории. М., 1977;
Канада, 1918—1945: Ист. очерк. М., 1976;
Поздеева Л.В. Канада в годы второй мировой войны. М., 1986;
Коленеко В.А. Квебекская проблема в послевоенной Канаде. М., 1981;
Данилов С.Ю., Шило В.Е. Политико-государственный механизм современной Канады: сравнительно-ист. исслед. М., 1991;
Данилов С.Ю., Черкасов А.И. 12 лиц Канады. М., 1987;
Кузнецов Ю.Г. Сладок ли кленовый сок: Современная Канада и ее люди. М., 1988;
Макленнан Х. Семь рек Канады: Пер. с англ.М., 1990;
The Canadian Encyclopedia. Vol. 1—4. 2 ed. Edmonton, 1988;
Ванникова Н.И. Канадская литература на французском языке (1945—1965). М., 1969;
Голышева А.И. Англоязычная литература Канады. М., 1979;
The World Book Encyclopedia. T. 3. London etc., 1994;
Sadouski J. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville. 1981.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.С.Ляднёва (гісторыя, беларусы ў Канадзе), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), В.Я.Буйвал, Л.Ф.Салавей (архітэктура), Л.Ф.Салавей (выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно).
Герб і сцяг Канады.Да арт.Канада. Тыповы краявід у прэрыях.Да арт.Канада. Чыгуначны мост у правінцыі Антарыо.Да арт.Канада. Вежа і стадыён «Алімпійскі» ў г. Калгары.Да арт.Канада. Індзейцы ў традыцыйных строях.Да арт.Канада. Самалётабудаўнічы завод у правінцыі Квебек.Да арт.Канада. Музей цывілізацыі ў г. Квебек.Да арт.Канада. Нацыянальны парк Банф.