БЭ́ТСАН, Бейтсан (Bateson) Уільям (8.8.1861, г. Уітбі, Вялікабрытанія — 8.2.1926), англійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1892), з 1908 праф. у ім. З 1910 дырэктар Ін-та садовых культур у Мертане. Навук. працы па вывучэнні генетычных высноў спадчыннасці. Тлумачыў узнікненне новых прыкмет у арганізмаў выпадзеннем тармозячых фактараў (тэорыя «прысутнасці — адсутнасці»; 1905). Аўтар многіх генетычных тэрмінаў, у т. л. і тэрміна «генетыка» (1906). Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1894).
т. 3, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЛАЎ ((Barlow) Петэр) (13.10.1776, Норвіч, графства Норфалк, Вялікабрытанія — 5.3.1862),
англійскі матэматык і фізік. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1823), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Адукацыю атрымаў самастойна. З 1801 выкладаў у Каралеўскай ваен. акадэміі ў Вулвічы. Навук. работы па матэматыцы, эл.-магнетызме і оптыцы. Распрацаваў ахраматычныя лінзы, сканструяваў першую мадэль эл. рухавіка, склаў «Барлаў табліцы» (1814), якія рэгулярна перавыдаваліся да 1947.
Тв.:
Таблицы квадратов, кубов, квадратных корней, кубических корней и обратных величин всех целых чисел до 15 000. М., 1975.
т. 2, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОКЛЬ ((Buckle) Генры Томас) (24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),
англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.
Тв.:
Рус. пер. — Этюды. СПб., 1867;
Влияние женщин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.
т. 3, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТАМ ((Bentham) Джордж) (22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),
англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.П.Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.
т. 3, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРТАН, Бартан (Burton; сапр. Джэнкінс; Jenkins) Рычард (10.11.1925, г. Суонсі, Вялікабрытанія — 5.8.1984), англійскі акцёр. Вучыўся ў Оксфардзе. На сцэне з 1941. Вядомы як выканаўца роляў у п’есах У.Шэкспіра ў Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры і т-ры «Олд-Вік». З 1949 у кіно. У 1966 разам з жонкай Э.Тэйлар заснаваў кінакампанію «Тэйбёр». Праславіўся ў ролі Джымі Портэра — маладога бунтара супраць маральных і сац. асноў грамадства ў фільме «Азірніся ў гневе». Сярод інш. фільмаў: «Клеапатра», «Хто баіцца Вірджыніі Вульф?», «Утаймаванне свавольніцы», «1984».
т. 3, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРУ́РЫ-ЛЕЙН»
(Drury Lane),
англійскі драматычны тэатр. Створаны ў 17 ст. У 18—19 ст. меў манаполію на пастаноўку сур’ёзнай драмы. Гэта абумовіла высокі маст. ўзровень рэпертуару («Д.-Л.» называюць «Домам англ. драмы») і прывабіла шмат таленавітых англ. акцёраў. Тут выступалі: Д.Гарык, С.Сіданс, Дж.Кембл, Э.Кін, У.Макрэдзі. У рэпертуары разам з лепшымі творамі нац. драматургіі ставіліся таксама пантамімы і меладрамы.
Будынак узведзены ў 1663. Пацярпеў ад пажараў (1672, 1809) і ад бамбёжкі (1940). Адноўлены. Цяпер пастаяннай трупы не мае, выкарыстоўваецца для гастрольных спектакляў.
т. 6, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Джон) (каля 1550, Сандрыдж, каля г. Дартмут, Вялікабрытанія — 29.12.1605),
англійскі мараплавец. Здзейсніў 3 плаванні (1585—87) з мэтай адшукання паўн.-зах. праходу з Атлантычнага ак. ў Ціхі, але знайсці гэты шлях ён не змог. Д. адкрыў праліў на З ад Грэнландыі, названы яго імем (Дэйвіса праліў), даследаваў зах. бераг Грэнландыі (да 73° паўн. ш.) і ўсх. бераг п-ва Лабрадор. У 1591—92 камандаваў караблём у экспедыцыі англ. карсара Т.Кавендыша, у час якой зрабіў пачатак адкрыццю Фалклендскіх а-воў.
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТ, Гілберт (Gilbert) Уільям (24.5.1544, г. Колчэстэр, Вялікабрытанія — 30.11.1603), англійскі фізік; адзін з заснавальнікаў навукі аб электрамагнетызме. Вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе. Быў прыдворным урачом каралевы Лізаветы I. У 1600 выдаў кн. «Аб магніце, магнітных целах і вялікім магніце — Зямлі...» (рус. пер. 1956), дзе прапанаваў тэорыю магн. і эл. з’яў; даказаў, што Зямля мае магн. поле, падобнае на поле намагнічанага жал. шара, і выказаў меркаванне, што яе магн. полюсы супадаюць з геаграфічнымі. Выступаў з крытыкай вучэння Арыстоцеля, падтрымліваў геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ВЕНДЫШ ((Cavendish) Генры) (10.10.1731, г. Ніцца, Францыя — 24.2.1810),
англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1760). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1753). Навук. працы па хіміі і эксперым. фізіцы. Атрымаў у чыстым выглядзе вадарод (1766), вызначыў колькасць кіслароду ў паветры (1781) і хім. састаў вады (1784). Пры вывучэнні ўзаемадзеяння эл. зарадаў практычна прадугадаў Кулона закон (1771). Вызначыў гравітацыйную пастаянную, масу і сярэднюю шчыльнасць Зямлі (1798). У гонар К. названа Кавендышская лабараторыя.
Літ.:
Льоции М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.
т. 7, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦ ((Katz) Бернард) (н. 26.3.1911, г. Лейпцыг, Германія),
англійскі фізіёлаг.
Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952; віцэ-прэзідэнт з 1965). Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1934). У 1935—39 і 1946—50 ва Універсітэцкім каледжы ў Лондане, з 1952 праф. і заг. кафедры біяфізікі ў ім жа. Навук. працы па нервова-мышачнай фізіялогіі і біяфізіцы, пераважна па вывучэнні механізму генерацыі біяэл. патэнцыялаў, сінаптычнай перадачы ад клеткі да клеткі і фіз.-хім. уласцівасцей клетачных мембран. Нобелеўская прэмія 1970 (разам з Дж.Аксельрадам і У.Эйлерам).
т. 8, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)