ЮНО́НА,

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі багіня шлюбу і мацярынства, заступніца і апякунка жанчын. Разам з Юпітэрам і Мінервай складала Капіталійскую трыяду гал. божастваў, якой быў прысвечаны храм у Рыме на ўзгорку Капітолій. У гонар Ю., якую рымляне атаясамлівалі з грэч. багіняй Герай, праводзіліся жаночыя святы — матраналіі.

т. 18, кн. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-ПРЭЗІДЭ́НТ,

1) у некаторых дзяржавах (ЗША, краіны Лацінскай Амерыкі і інш.) намеснік кіраўніка дзяржавы. Выбіраецца звычайна разам з прэзідэнтам, у выпадку смерці, адстаўкі, імпічменту дзеючага прэзідэнта выконвае яго функцыі да новых выбараў.

2) Нам. прэзідэнта ў розных нац. і міжнар. арг-цыях.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗУС БЕ́ЛІ (лац. casus belli),

непасрэдная фармальная падстава для ўзнікнення вайны паміж дзяржавамі. У мінулым К.б. лічыўся законнай падставай для пачатку ваен. дзеянняў і апраўдання вайны, служыў мэтам замаскіравання яе сапраўдных прычын. Разам з ліквідацыяй права на вайну зніклі і падставы для К.б.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ВО́ДЫ,

воды сушы, якія пастаянна ці часова знаходзяцца на зямной паверхні ў вадкім (рэкі, ручаі, каналы, часовыя вадацёкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты) або цвёрдым (ледавікі і снегавое покрыва) стане. Разам з падземнымі водамі і вільгаццю ў атмасферы складаюць водныя рэсурсы тэрыторыі.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЎН,

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі бог лясоў і палёў, апякун пастухоў і іх статкаў. Лічылася, што ён меў дар прароцтва. Яго сынам лічылі цара Лаціна, легендарнага пачынальніка племя лацінаў, якія разам з сабінамі заснавалі Рым. У грэч. міфалогіі Ф. адпавядаў Пан.

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯРНЯ́ЎКА,

сухі аднанасенны плод з тонкім каляплоднікам, шчыльна прыціснутым да семя і зрослым з ім каля асновы. Характэрна для злакаў. У жыта і пшаніцы З. ападаюць голыя, у аўса, проса, ячменю і дзікарослых відаў — разам з кветкавымі лускамі. Такія З. зрэдку маюць прыдаткі (валасяныя чубкі, перыстыя асцюкі і інш.), якія садзейнічаюць распаўсюджванню пладоў. З. збожжавых злакаў называюць зернем.

т. 7, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К [ад бі... + лац. col- (con-) з, разам + lateralis бакавы],

правадны пучок сасудаў вышэйшых раслін, у якім да драўніны (ксілемы) з вонкавага і ўнутр. бакоў прылягаюць 2 цяжы лубу (флаэмы). Складаецца з аднаго поўнага калатэральнага пучка і шчыльна прылеглага да яго няпоўнага пучка. Бікалатэральны пучок характэрны для сцёблаў гарбузовых і паслёнавых.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУТ Луцый Юній (Lucius Junius Brutus; 6—5 ст. да н.э.),

паводле стараж.-рым. падання, патрыцый, заснавальнік Рымскай рэспублікі. Узначаліў паўстанне рымлян супраць этрускага цара Тарквінія Гордага, пасля выгнання якога ў 509 да н.э. адзін з першых (разам з Тарквініем Калацінам) консулаў у Рыме. Забіты ў паядынку з Арунсам, сынам выгнанага цара.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНРЫО́ (Hanriot) Франсуа (1761—28.7.1794),

дзеяч франц. рэвалюцыі 18 ст., якабінец. Актыўны ўдзельнік паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. З мая 1793 начальнік Парыжскай нац. гвардыі, адзін з кіраўнікоў паўстання 31.5—2.6.1793, што прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. У час тэрмідарыянскага перавароту (27.7.1794) быў нерашучы ў арганізацыі супраціўлення. Пакараны смерцю тэрмідарыянцамі разам з М.Рабесп’ерам.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮКАМЕ́Н (Ducommun) Элі (19.2.1833, г. Жэнева, Швейцарыя — 7.12.1906),

швейцарскі паліт. дзеяч, публіцыст. Адзін з арганізатараў Міжнар. лігі міру і свабоды (1867). Ганаровы ген. сакратар Міжнар. бюро міру (з 1891). Аўтар шэрагу прац у абарону міру, у т. л. «Гістарычнага нарыса руху ў абарону міру» (1899). Нобелеўская прэмія міру 1902 (разам з А.Габа).

Э.Дзюкамен.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)