сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка верціцца і вось вярчэння якога можа мяняць свой напрамак у прасторы. Уласцівасці гіраскопа маюць нябесныя целы, артыл. снарады, ротары турбін, вінты самалётаў, колы веласіпедаў і матацыклаў і інш. целы, якія верцяцца. Найпрасцейшы гіраскоп — дзіцячая цацка ваўчок.
Свабодны паварот восі гіраскопа ў прасторы забяспечваецца замацаваннем яго ў кольцах т.зв. карданавага падвесу, у якім восі ўнутр. і знешняга кольцаў і вось гіраскопа перасякаюцца ў адным пункце (у цэнтры падвесу). Такі гіраскоп мае 3 ступені свабоды. Калі цэнтр цяжару гіраскопа супадае з цэнтрам падвесу, гіраскоп наз. ўраўнаважаным ці свабодным, калі не — цяжкім. Вось ураўнаважанага гіраскопа ўстойліва трымае нязменны напрамак у прасторы. Пад уздзеяннем прыкладзенай да гіраскопа пары сіл яго вось прэцэсіруе (гл.Прэцэсія) і адначасова робіць нутацыйныя ваганні (гл.Нутацыя). Гіраскоп з 3 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца пры канструяванні гіраскапічных прылад для аўтам. кіравання рухам самалётаў (гл.Аўтапілот), ракет, марскіх суднаў, тарпед і інш. Гіраскоп з 2 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца як паказальнікі павароту, розныя віды стабілізатараў (напр., гіраскапічны заспакойвальнік — гірарама). Камбінацыя 3 гірарам з узаемна перпендыкулярнымі восямі можа служыць для прасторавай стабілізацыі рухомага аб’екта, напр., штучнага спадарожніка Зямлі. Гл. таксама Квантавы гіраскоп.
Літ.:
Булгаков Б.В. Прикладная теория гироскопов. 3 изд. М., 1976;
Новиков Л.З., Шаталов М.Ю. Механика динамически настраиваемых гироскопов. М., 1985;
Гироскопические системы. Т. 1—3. 2 изд. М., 1986—88.
А.І.Болсун.
Гіраскоп у карданавым падвесе: AA′, BB′, CC′ — восі вярчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),
змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.
У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БЫсапраўдныя
(Ranidae),
сямейства бясхвостых земнаводных. 8 падсям., 46 родаў, 555 відаў. Пашыраны ўсюды, за выключэннем Антарктыды, Паўд. Амерыкі, Паўд. Аўстраліі, Новай Зеландыі. Наземныя і водныя жывёлы. Найб. вядомыя Ж.: жаба-бык, жаба-галіяф (Rana goliaph), азёрная (R. ridibunda), вастрамордая (R. arvalis-terrestris), сажалкавая (R. lessonae=esculenta), травяная (R. temporaria) і інш. Ж. леапардавая (R. pipiens) з Паўн. Амерыкі ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 віды: азёрная і сажалкавая — водныя формы, жывуць у вадзе ці каля яе; вастрамордая і травяная — наземныя формы, жывуць на балотах, заліўных лугах, палянах, у садах, парках, каля жылля.
Даўж. 1,3—33 см (зрэдку да 40 см, маса да 5 кг (жаба-галіяф). Водныя Ж. пераважна зялёныя, наземныя — карычневыя або бурыя. Характэрныя асаблівасці: скура пераважна гладкая, на верхняй сківіцы зубы; самкі большыя за самцоў. Цела звычайна зграбнае, з доўгімі (скакальнымі) заднімі канечнасцямі. Размнажаюцца пераважна ў вадаёмах. У перыяд размнажэння многім Ж. уласціва разнастайная гукавая сігналізацыя (т. зв. «канцэрты»). Лічынкі Ж. — апалонікі. Кормяцца ў асноўным насякомымі, вусенямі, мурашкамі, павукамі і інш. беспазваночнымі. маляўкамі рыб. буйныя — птушанятамі дробных птушак, палёўкамі, землярыйкамі і інш. Ж. і іх лічынкамі кормяцца некат. рыбы, птушкі, млекакормячыя. Некат. Ж. зімуюць у вадаёмах, іншыя — на сушы. Класічныя аб’екты лабараторных даследаванняў (як пакутніцам навукі пастаўлены помнікі ў Парыжы і Токіо). Далікатнае мяса задніх лапак многіх Ж. выкарыстоўваюць у дыетычным харчаванні народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Еўропы; самыя смачныя — азёрная, сажалкавая, травяная (штучна разводзяць). Скура буйных Ж. ідзе на выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў, яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (юрыд.),
устройствы і прадметы, канструктыўна прызначаныя для паражэння жывой ці інш. цэлі, а таксама для падачы сігналаў. У адпаведнасці з нац. заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у залежнасці ад мэты выкарыстання адрозніваюць З. грамадзянскую, службовую і баявую. Да грамадзянскай З. належыць: З. самаабароны [агнястрэльная гладкаствольная і бясствольная, святлогукавога дзеяння, газавая З. (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. ўстройствы), электрашокавыя ўстройствы і іскравыя разраднікі]; спартыўная З. (агнястрэльная з наразным ствалом і гладкаствольная, халодная клінковая, кідальная, пнеўматычная); паляўнічная З. (агнястрэльная розных тыпаў, халодная клінковая і інш.); сігнальная З. (трасіруючыя кулі і снарады, дымавыя снарады і інш.); халодная З., прызначаная для нашэння з нац. касцюмам, казацкай і інш. формай. Службовая З. ўключае агнястрэльную гладкаствольную, наразную караткаствольную і інш. У паняцце баявая З. ўваходзяць усе яе віды, прызначаныя для вырашэння баявых і аператыўна-службовых задач, прынятыя на ўзбраенне рознымі органамі дзяржавы і іх супрацоўнікамі ў адпаведнасці з заканадаўствам. У шэрагу краін права легальна набываць, трымаць і выкарыстоўваць З. маюць усе або асобныя грамадзяне (у ЗША больш за 200 млн., у Расіі каля 4 млн., у Рэспубліцы Беларусь каля 200 тыс. адзінак такой З.). У Рэспубліцы Беларусь З. можа знаходзіцца ў насельніцтва толькі пры наяўнасці спец. дазволу праваахоўных органаў. Ваеннаслужачыя, звольненыя ў запас або ў адстаўку, маюць права трымаць корцік ці інш. халодную З. Крымін. заканадаўства Беларусі ўстанаўлівае адказнасць за незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё, выраб, збыт і крадзеж З., боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́І (Ophidia, або Serpentes),
падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.
Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар. мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх. збудаванняў і помнікаў манум. мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.
Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.
На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).
Літ.:
Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;
Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СТА (Brassica),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.
К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 мвыш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 смдаўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯШЧЫ́ (Acarina),
зборная група (атрад) членістаногіх кл. павукападобных. З асобныя атрады (падатрады); К.-сенакосцы (Opilioacarina), акарыформныя кляшчы і паразітыформныя кляшчы. 300 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некат. ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя (трамбідыформныя і саркаптыформныя) і паразітыформныя К.
Даўж. 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць. Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення К. — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека. К.-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напр., у жывёл — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя К. (свірнавыя, або збожжавыя) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя К. выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш.Гл. таксама Акаралогія, Гамазавыя кляшчы, Кароставыя кляшчы, Мучны клешч, Панцырныя кляшчы, Пер’евыя кляшчы.
Літ.:
Бэкер Э., Уартон Г. Введение в акарологию: Пер. с англ.М., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн.віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічнаяМ., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т. л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЕС (Mánes),
сям’я чэшскіх жывапісцаў. Нарадзіліся ў Празе.
Антанін (3.11.1784—23.12.1843), пейзажыст, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. У пач. 1800-х г. вучыўся ў Пражскай АМ, з 1836 выкладаў у ёй. Зазнаў уплывы класіцызму і рамантызму. Ствараў абагульненыя інтымна-паэт. краявіды («Пейзаж з Бельведэрам», 1816; «Вялікая ліла», 1829; «Пейзаж з руінамі», «Пейзаж у буру», абодва 1834), відычэш. гарадоў («Від на Градчаны», 1821; «Від на Бубенеч», каля 1825; «Град Окарж», 1827, і інш.). Іосеф (12.5.1820—9.12.1871), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай (1835—45) і Мюнхенскай (1843—48) АМ. У ранні перыяд зазнаў уплыў назарэйцаў, пазней рамантызму. У час вандровак па Чэхіі, Славакіі, Германіі і Польшчы рабіў малюнкі нар. тыпаў і касцюмаў. У манум. жывапісных кампазіцыях ствараў абагульнена-гераізаваны вобраз чэш. сялянства (размалёўка цыферблата гадзінніка Старамесцкай ратушы ў Празе, 1864—66, і інш.). Аўтар партрэтаў (К.Манеса, 1847; Вендулакавай, 1854), пейзажаў («Касцёл у Гмюндэне», 1842; «Лабскі край», 1863; «Ржыпскі край», 1865—66), ілюстрацый (да «краледворскага рукапісу», 1857—59, і інш.). Квіда (17.7.1828—5.8.1880), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай АМ (1838—51) і ў Дзюсельдорфе ў Б.Вацье (1870—71). Зазнаў уплыў дзюсельдорфскай школы жывапісу. У шырокай манеры пісаў гіст. кампазіцыі («Гераічная абарона пражскіх студэнтаў супраць шведаў», 1854), жанравыя кампазіцыі («Вясковы дворнік», 1855; «Першы раз у школу», 1873). Аўтар літаграфій («Народнае гулянне ў дзень св. Яна», 1853), ілюстрацый да «Дон-Кіхота» М.Сервантэса (1865) і інш.
Літ.:
Гривнина А.С. Манес. Л.;
М., 1960;
Й.Манес и традиция чешского искусства: Кат. выставки. Прага, 1973.