навясное абсталяванне да гусенічнага трактара для карчавання пнёў, хмызняку і камянёў або прычапная машына для суцэльнага карчавання пнёў і схаванай драўніны, пагрузкі іх у трансп. сродкі ці ўкладкі ў валок. Можа выкарыстоўвацца і для рыхлення шчыльных грунтоў (гл.Карчавальныя машыны). Таксама ёсць К. сцёблаў бавоўніку — машына для выдалення сцёблаў пасля ўборкі бавоўны-сырцу. Адрозніваюць К.-валкаўкладчыкі (збіраюць сцёблы ў суцэльны валок або ў невял. копы) і К.-здрабняльнікі (здрабняюць сцёблы і раскідваюць іх па полі або загружаюць у трансп. сродкі).
Схема работы карчавальніка: 1 — пры суцэльным карчаванні хмызняку і драбналесся; 2 — пры ўборцы камянёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ТКА (Orcinus orca),
адзіны від роду марскіх млекакормячых сям. дэльфінаў. Пашырана ўсюды, часцей трапляецца ва ўмераных і палярных шыротах.
Даўж. да 10 м, маса да 8 т. Цела чорна-белае, кантрастнае, буйнаплямістае. Грудныя плаўнікі тупыя і шырокія, спінны плаўнік высокі (да 1,7 м у самцоў і да 1 м у самак). Зубы масіўныя, па 10—13 пар уверсе і ўнізе. Нараджае 1 дзіця раз у 3 гады. Драпежнік, корміцца рыбай, галаваногімі малюскамі, нападае на марскіх млекакормячых (дэльфіны, цюлені і інш.). Можа развіваць скорасць да 55 км/гадз. У няволі лёгка прыручаецца і абучаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛО́Г (ад грэч. katalogos пералік, спіс),
сістэматызаваны пералік прадметаў (кніг, рукапісаў, экспанатаў, тавараў і інш.), падабраных па пэўнай прыкмеце і размешчаных у канкрэтна-вызначаным парадку, што аблягчае іх пошук. Даведачнае выданне аналагічнага характару (напр., К. выставак маст. твораў, К. марак і інш.). Можа быць у выглядзе картак, кніг, альбомаў (часам ілюстраваных), камп’ютэрных звестак. К. бібліятэчны — пералік твораў друку, што ёсць у бібліятэцы. Паводле сваёй структуры падзяляецца на алфавітны, сістэматычны, прадметны, нумарацыйны і інш., паводле прыналежнасці — чытальніцкі і службовы, па ахове фонду — ген., спец., зводны. Існуюць таксама К. краязнаўчыя, мясц. друку, зорныя каталогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́КШЫ (Hylidae),
сям. бясхвостых земнаводных. 35 родаў, каля 580 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках Амерыкі і Аўстраліі. Жывуць у асн. на дрэвах. Актыўныя ўначы. Большасць відаў мае на канцах пальцаў расшыраныя дыскі-прысоскі, якія садзейнічаюць перамяшчэнню па верт. паверхнях. Найб.вял. род — сапраўдныя К. (род Hyla), 450 відаў. На Беларусі 1 від — К. звычайная (H. arborea).
Даўж. цела 2—13,5 см (К. звычайнай — да 5 см). Афарбоўка можа мяняцца ў залежнасці ад навакольнага фону. Кормяцца ў асн. дробнымі насякомымі і іх лічынкамі. Здабычу захопліваюць доўгім языком. Самкі адкладваюць да 1000 ікрынак. Жывуць у няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́РЫНГ (англ. clearing),
сістэма безнаяўных разлікаў за тавары, паслугі, каштоўныя паперы, заснаваная на заліку ўзаемных патрабаванняў і абавязацельстваў. Адрозніваюць К. банкаўскі і валютны. Банкаўскі К. — сістэма міжбанкаўскіх безнаяўных разлікаў, заснаваных на ўзаемным заліку роўных плацяжоў; ажыццяўляецца праз спец. разліковыя палаты (клірынгавыя дамы). Валютны К. заснаваны на міжурадавым пагадненні і прадугледжвае цэнтралізаваны залік узаемных патрабаванняў і абавязацельстваў па экспарце і імпарце тавараў, аперацыях негандлёвага характару і інш. плацяжах, што ўзнікаюць у выніку развіцця эканам. сувязей паміж асобнымі краінамі. Можа быць аднабаковым і шматбаковым. Выкарыстоўваецца звычайна краінамі, якія не маюць свабоднай абарачальнасці нац. валюты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІЯЛІЗА́ЦЫЯ (позналац. labialis губны ад лац. labium губа),
агубленне, артыкуляцыя гукаў мовы (галосных і зычных), якая суправаджаецца акругленнем выцягнутых уперад губ. Л. можа быць адрознівальнай прыкметай фанем (напр., у ням., франц., швед. мовах лабіялізаваныя галосныя фанематычна проціпастаўлены нелабіялізаваным). Існуюць лабіялізаваныя галосныя пярэдняга, сярэдняга і задняга (часцей) рада. Лабіялізаваныя зычныя як асобныя фанемы маюць паўн.-каўк. мовы. Л. з’яўляецца дадатковай артыкуляцыяй, якая прыводзіць да ўзнікнення камбінаторных варыянтаў (алафонаў) фанем, калі яна абумоўлена толькі фанет. становішчам гуку (напр., Л. зычных перад губнымі галоснымі, параўн.: бел. «сад» — «суд»). Для розных моў характэрна розная ступень Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБРО́ЗА ((Lombroso) Чэзарэ) (6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),
італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.
Тв.:
Рус.пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГА́НДЫ (ад лац. ligo звязваю),
малекулы ці іоны, непасрэдна злучаныя з цэнтр. атамам у комплексных злучэннях.
Звычайна Л. з’яўляюцца аніёны (напр., гідраксіл ОН−, астачы азотнай NO3−, салянай Cl, сінільнай CN− кіслот) ці нейтральныя малекулы, якія маюць атамы кіслароду, азоту, фосфару, крэмнію, мыш’яку або кратныя сувязі (напр., неарган. малекулы — аксід вугляроду CO у карбанілах металаў, аміяк NH3; арган. злучэнні — аміны, спірты, алефіны). У каардынацыйнай сферы комплексаўтваральніка Л. можа займаць адно (т.зв. монадэнтатныя Л.) ці некалькі месцаў (полідэнтатныя Л., якія злучаны з цэнтр. атамам праз некалькі атамаў Л.). Комплексы з полідэнтатнымі Л. наз. хелатнымі (гл.Хелатныя злучэнні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАТУ́Н (Віктар Несцеравіч) (н. 10.6. 1941, в. Шунеўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фізікахімік. Д-рхім.н. (1987). Скончыў БДУ (1964). З 1965 у Бел.тэхнал. ін-це. З 1974 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па хіміі цвёрдага цела, хіміі неарган. гідратаў, гетэрагенным каталізе, прыкладной спектраскапіі кандэнсаваных фаз. Выявіў групы гідратаў, у якіх можа адбывацца дысацыяцыя каардынаваных малекул вады ў цвёрдым стане. Распрацаваў канцэпцыю ролі дынамікі пратоннай падрашоткі цвёрдых кіслот у іх каталітычнай актыўнасці, актыўныя асяроддзі для электра- і магнітарэалагічных суспензій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),
сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.