ПІЛЬШТЫ́Н (Пільштынова, дзявочае Русецкая) Саламея Рэгіна Іаахімаўна (1718, Навагрудчына, Гродзенская вобл. — пасля 1760), бел. мемуарыстка, падарожніца, лекарка. У 14 гадоў разам з мужам трапіла з Беларусі ў г. Стамбул. У 1739 вярнулася на радзіму, вяла мед. практыку ў Нясвіжы. Ездзіла ў Пецярбург, Вену, двойчы ў Турцыю. У 1760 са Стамбула накіравалася паломніцай у Святую Зямлю. Далейшы лёс невядомы. У 1760 напісала на польск. мове мемуары «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (выд. 1957, Кракаў), якія нагадваюць прыгодніцкі раман. У іх каларытна паказаны побыт і розныя бакі жыцця Беларусі, Турцыі, пецярб. двара Ганны Іванаўны. У мове шмат беларусізмаў, бел. прыказак і прымавак. На бел. мову яе мемуары пераклаў М.​Хаўстовіч.

Тв.:

Бел. пер. — Авантуры майго жыцця: Раман. Мн., 1993.

Літ.:

Грыцкевіч В.П. Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая. Мн., 1989.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Эмілія Францаўна

(13.11.1806, г. Вільня — 23.12.1831),

бел. фалькларыстка, удзельніца паўстання 1830—31. З 9 гадоў жыла ў маёнтку Ліксна Віцебскай губ. Збірала і апрацоўвала бел. нар. песні, пісала вершы, стылізаваныя пад нар. плачы-галашэнні. 29.3.1831 узначаліла паўстанне ў мяст. Дусяты (Дусетас, Літва), арганізавала партыз. атрад, які ў чэрв. пасля шматлікіх баёў уліўся ў рэгулярнае польск. войска; П. уключана ў яго штаб, прызначана ганаровым камандзірам роты і атрымала званне капітана. У кастр. 1831 захварэла і памерла. Вобраз П. паслужыў асновай для напісання вершаў паэтамі розных краін Еўропы. Імя П. насіў асобны жаночы батальён 1-й пях. дывізіі імя Т.​Касцюшкі Войска Польскага, сфарміраванай у 1943 у СССР.

Літ.:

Кісялёў Г.В. Падзорная труба Эміліі Плятэр // Кісялёў Г.В. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;

Zakrzewski B. Emilia Plater // Życiorysy historyczne, literackie i legendarne. Warszawa, 1980.

В.​В.​Швед.

т. 12, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛА ((Polo) Марка) (каля 1254, г. Венецыя, Італія — 8.1.1324),

італьянскі падарожнік. У 1271 разам з бацькам і дзядзькам (венецыянскія гандляры) адправіўся ў Кітай праз М.​Азію, Іранскае нагор’е, Памір, пустыні Такла-Макан і Гобі. У Кітаі пражыў каля 17 гадоў, быў на службе ў манг. хана Хубілая. Па яго даручэннях пабываў амаль ва ўсіх абласцях краіны. У 1292 пакінуў Кітай морам цераз Малаку, Яву, Суматру, Цэйлон, Персію і вярнуўся ў Венецыю ў 1295. Прымаў удзел у вайне Венецыі з Генуяй. Каля 1297 трапіў у палон да генуэзцаў. Яго расказы аб падарожжах запісаны пізанцам Рустычана і змешчаны ў «Кнізе» Марка Пола (1298) — адной з першых еўрап. крыніц па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі краін Усходу.

Тв.:

Рус. пер. — «Книга» Марко Поло. М., 1956.

Літ.:

Харт Г. Венецианец Марко Поло: Пер. с англ. М., 1999.

М.Пола.

т. 12, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),

сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10​−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.

Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)​t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СА (Panicum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.

П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.

Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Сяргей Уладзіміравіч) (18.6.1937, пас. Ратамка Мінскага р-на — 9.12.1999),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). У 1954—62 і з 1965 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Здымаў маст., навук.-папулярныя, дакумент. фільмы, лірычныя замалёўкі аб прыродзе, кінастужкі пра дзеячаў мастацтва. Сярод работ; ігравыя фільмы — «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Белая зямля» (усе 1970), «Заўтра будзе позна» (1973, з В.​Свобадай); дакумент. — «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (1974), «Мы з Беларусі», «Ларыса Александроўская» (абодва 1975), «Добрая зямля», «Гарызонты дарог» (абодва 1977, у сааўт.), «Зямля мая — лёс мой» (1978, з А.​Алаем), «Бацькоўскае поле» (1979), «Пяць гадоў і ўсё жыццё» (1980, у сааўт.), «Дзядзька Якуб» (1981), серыял «У вайны не жаночы твар» (1981—85, з Ю.​Ялховым), «Вяртанне ў першы снег», «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (абодва 1985, апошні з Ялховым).

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГІ́НСКІ ((Roginski) Раман) (29.2.1840—15.2.1915),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Варшаўскую рэальную гімназію (1861). З-за пагрозы арышту за ўдзел у патрыят. маніфестацыях у Варшаве эмігрыраваў у Парыж. Вучыўся ў вайсковай школе ў Генуі. У 1862 вярнуўся ў Варшаву, прызначаны камісарам ад Цэнтр. нац. к-та ў Варшаве па Падляшскім ваяв. 23.1.1863 зрабіў няўдалую спробу авалодаць г. Бяла-Падляска. 7.2.1863 удзельнічаў у бітве пад Сямяцічамі, пасля рушыў у глыб Беларусі. 13.2.1863 заняў Пружаны, 25—26 лют. разбіты каля в. Баркі, З сак. ўзяты ў палон у Тураве. Смяротны прыгавор ад 23.8.1863 заменены на 20 гадоў катаргі, якую адбываў ва Усолі (Пермская губ.). У 1868 пераведзены на пасяленне, жыў у Верхняўдзінску (Забайкальская вобл.), Віціме, Іркуцку. У 1892 вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў аб падзеях 1863—64.

Дз.​М.​Чаркасаў.

С.З.Рагінскі.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пыр1 (пырь) ’вецер’ (Шпіл., у прыпісцы): чы пыр, чы негода, чы будзеш заўтра пагода? (Нік. Посл), параўн. рус. урал. пырять, пырну́ть ’дунуць, падуць (пра вецер)’. Няясна. Магчыма, да пыр2, гукаперайманне, імітуючае пырханне, лёгкі подых, параўн. таксама стараж.-рус. пьрѣ ’ветразі’ (“Аповесць мінулых гадоў” пад 907 г.), тады звязанае таксама з⇉*per‑ (“o locie”, Брукнер, 438), якія выступаюць у прапар, перапёлка (гл.). Інакш адноснастараж.-рус. слова Фасмер, 3, 392 (запазычанне з фінскай); адзінкавыя фіксацыі і адсутнасць тлумачэння семантыкі слова ў дзіцячай помаўцы (’спёка, гарачыня’?) не выключаюць сувязі з *ругь ’агонь’, параўн. рус. урал. пырья ’напор, струмень паветра (з мяхоў у кузні)’: огонь горит под пырьей (СРНГ). Зрэшты, гэта можа сведчыць пра вельмі даўняе змяшэнне асноў са значэннем ’раздуваць’, параўн. пырыць (гл.), і ’гарэць’ (гл. пырнік2).

Пыр2 — гукаперайманне, імітацыя ўзлёту, палёту: пыр-пыр ’пырх’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’пра ўзмахванні крылцамі птушкі” (Шат.), пыркаць ’падлятаць, скакаць’ (пух., З нар. сл.; ашм. Стан.), ’парушыць’ (смарг., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнага паходжання, параўн. пырх (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йка ’сяброўка, таварышка’ (Бяльк., ПСл, Мат. Гом.), ’сяброўка (у звароце)’ (брагін., З нар. сл.; Нар. словатв.), ’сяброўка, якой давяраюць патаемныя думкі’ (Нар. Гом.), ’сардэчная сяброўка’ (слуц., маг., Стан.), ’зварот да жанчыны, пераважна да дзяўчыны’ (Ян., Растарг.), ’даверлівы зварот да дзяўчыны, жанчыны аднаго ўзросту’ (ТС), памяншальныя та́енька, та́ечка ’тс’ (Кос., ТС), та́ічка ’сяброўка’ (Мат. Маг.), ’таварышка, кума’ (Бяльк.), та́ечка ’даражэнькая, мілая, сяброўка, дзяўчынка’ (Растарг.), ’сяброўка, прыяцелька, паверніца тайн’ (Ласт.), сюды ж тэ́йка ’сяброўка, таварышка’ (калінк., Мат. Гом.). Параўн. укр. палес. та́я ’абазнаная ў шмат якіх тайнах жанчына; сяброўка-суседка’. Няясна; у народнай свядомасці звязваецца з таіць, тайна (гл.), параўн. не мажэ таіцца да й кажэ (Сержп.), та́йнік, тайка ’той, перад кім няма сакрэту, нічога тайнага’ (Ласт.). Аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад серб.-харв. tȃjka, tájko, tȃjko ’татка’, балг. тайко, те́йко ’татулька’, н.-луж. tejka ’бабуля’ і асабліва балг. дыял. а́йкъ ’сяброўка з маладых гадоў’: с нейъ бе́хме а́йки (БД, 5, 107), што належаць да т. зв. дзіцячых слоў гукапераймальнага паходжання, параўн. Шустар-Шэўц, 1502.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

старэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. стары.

2. Той, якому больш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы дарослы сярод каго‑н. Старэйшая сястра. □ Андрэй, старэйшы Пракопаў сын, быў у Чырвонай Арміі. Колас. Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем год, і ён пайшоў у школу. Арабей. / у знач. наз. старэ́йшы, ‑ага, м.; старэ́йшая, ‑ай, ж. За ўсё сваё жыццё, якое пачало адкладвацца ў памяці пасля смерці маткі, .. [Данік] прывучыўся слухаць старэйшых. Грамовіч. // Ужываецца пры прозвішчы для таго, каб падкрэсліць розніцу ў пакаленнях, у гадах. Заехалі да старэйшага Крушынскага, які піша вершы пад псеўданімам Антон Цярэшка. Бядуля.

3. Які даўно існуе, узнік, утварыўся. Старэйшы тэатр краіны. □ Стамбул лічыцца адным са старэйшых еўрапейскіх гарадоў: ён быў заснаваны візантыйцамі дзве тысячы семсот гадоў назад. «Полымя». Добрушскі цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» — старэйшае прадпрыемства Беларусі. «ЛіМ». // Які даўно займаецца чым‑н.; вопытны, спрактыкаваны. П’ер Паола Пазаліні — старэйшы майстар італьянскага кіно. «Маладосць». // Найстарэйшы. [Жэня:] — А ты [Васіль] пагавары з самымі старэйшымі бабулямі і дзядулямі. Якімовіч.

4. у знач. наз. старэ́йшыя, ‑ых. Дарослыя; проціл. дзеці. Пад Сталінград на выручку старэйшым Мы не спазніліся ні на хвіліну. Аўрамчык. Маруся кажа, што над старэйшымі нельга насміхацца. Мыслівец.

5. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Веставы стараўся не дыхаць, шукаў вачыма старэйшага па званню. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)