ВАРАНЧУ́К (Андрэй Якаўлевіч) (н. 15.6.1915, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэчыцкі педтэхнікум (1932), артыл. школу ў Куйбышаве (1939), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947), Кіеўскі ун-т (1965). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941: камандзір батарэі, дывізіёна, нач. артылерыі стралк. палка. Вызначыўся 15—17.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Лоева Гомельскай вобл.: батарэя пад камандаваннем лейт. Варанчука фарсіравала раку, захапіла плацдарм, знішчыла 5 агнявых кропак, 2 танкі ворага, адбіла некалькі контратак праціўніка, што спрыяла паспяховаму наступленню сав. войск. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1985 на выкладчыцкай рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Іван Антонавіч) (1894, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР. У 1917—18 старшыня валвыканкома, нам. камісара, камісар па харчаванні Віленскай губ. З 1919 нам. наркома харчавання Літ.-Бел. ССР, кіраўнік харч. забеспячэння Паўд.-Зах. фронту, губхарчкамісар у Екацярынаславе, чл.РВС Харкаўскай ваен. акругі, кіраўнік падатковага ўпраўлення Наркамфіна СССР. У 1925 нарком унутр. гандлю, у 1926 нарком фінансаў БССР. У 1927—30 2-і сакратар, чл. Бюро ЦККП(б)Б. З 1930 у органах Наркамзема СССР. Чл.ЦВКСССР у 1925—30. З 1932 кіраўнік зямельнага ўпраўлення Далёкаўсх. краю, старшыня Амурскага аблвыканкома, заг. сельгасаддзела Далёкаўсх. крайкома ВКП(б). У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр. Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваяводствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).
2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах. Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в.Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.Л.Бочак, А.Л.Валагжанін, В.П.Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в.Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́РНЫ»,
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая вызначылася ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1897—98. З 1919 у складзе Дняпроўскай, з 1940 — Пінскай ваен. флатыліі. Мела 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж 51 чал. 11.8.1941 на Дняпры каля с. Тарасаўка Чаркаскай вобл. (Украіна) прыкрыла пашкоджаную кананерскую лодку «Перадавы», пры прарыве да Чаркасаў знішчыла 15 ням. танкаў і некалькі артыл. батарэй. 17—19.8.1941 прарвалася ў Кіеў, 25.8.1941 адбіла налёт 9 ням. бамбардзіроўшчыкаў, але ў час наступнага бою з 18 самалётамі ворага ўзарвана і патанула на Дняпры; экіпаж загінуў.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958. С. 50—52, 67—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ АКАДЭ́МІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1995 на базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага (з 1953) і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага (з 1980) вучылішчаў. Рыхтуе: камандзіраў падраздзяленняў мотастралковых, танкавых, паветрана-дэсантных, інжынерных, аўтамабільных, унутраных, пагранічных войск; камандзіраў падраздзяленняў тылавога забеспячэння, артылерыі, афіцэраў-псіхолагаў, лётчыкаў, ваен. інжынераў ракетных войск і артылерыі, войск сувязі, супрацьпаветранай абароны, ваенна-паветраных сіл. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: камандна-штабны, агульнавайсковы, ракетных войск і артылерыі, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, інжынерных і аўтамаб. войск, авіяцыйны, падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых, унутр. войск Мін-ваўнутр. спраў, пагранічных войск. Ад’юнктура з 1956, дактарантура з 1993. Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1967, доктарскіх — з 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛАЎ (Уладзімір Восіпавіч) (н. 3.7.1926, в. Кірылаўка Маскоўскай вобл.),
рускі пісьменнік. Удзельнік Вял.Айч. вайны. Першая аповесць «Іван» (1958; фільм «Іванава дзяцінства», 1962). Аўтар кароткіх апавяданняў-прытчаў «Першае каханне», «Сэрца майго боль», «Могілкі пад Беластокам» і інш., аповесці «Зося» (1965, аднайм. фільм 1967). У рамане «У жніўні сорак чацвёртага...» (другая назва — «Момант ісціны», 1974) паказаў работу сав.ваен. контрразведчыкаў, будзённы прафесіяналізм якіх узняты да ўзроўню гераічнага подзвігу. Простая і лаканічная мова Багамолава ўзмацняе псіхал. напружанасць і амаль дакумент. дакладнасць падзей, што апісваюцца. На бел. мову яго творы перакладалі А.Жук, У.Паўлаў.
Тв.:
Роман;
Повести;
Рассказы. М., 1986;
Бел.пер. — Зося // Далягляды. Мн., 1981;
Момант ісціны (У жніўні сорак чацвёртага...). Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЦІ́Н (Іван Мікітавіч) (12.1.1735, Арзамаскі пав. Ніжагародскай губ. — 17.10.1792),
расійскі гісторык, археограф. Атрымаў хатнюю адукацыю. Служыў у Коннагвардзейскім палку (1751—68), працаваў дырэктарам мытні ў г. Васількоў Кіеўскай губ. (1769—79). З 1779 у Пецярбургу: пракурор (з 1781), чл.Ваен. калегіі (з 1788), ген.-м. (1786). Аўтар прац «Заўвагі на гісторыю старажытную і цяперашнюю Расіі пана Леклерка» (т. 1—2, 1788), «Крытычныя заўвагі ... на першы і другі тамы гісторыі князя Шчарбатава» (т. 1—2, 1793—94). Падрыхтаваў да друку выданне падрабязнай рэдакцыі «Рускай праўды» і інш.гіст. помнікаў. Сфармуляваў задачы адбору, супастаўлення, крытычнага аналізу гіст. крыніц і інш.
Літ.:
Шанский Д.Н. Из истории русской исторической мысли: И.Н.Болтин. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БУ́РСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1902,
захопніцкая вайна Англіі супраць бурскіх рэспублік Паўд. Афрыкі Трансвааль і Аранжавая. Англія імкнулася захапіць землі, багатыя золатам і алмазамі, забяспечыць брыт. панаванне на вялізнай тэр. ад Каіра да Кейптаўна. Падставай да вайны з’явілася адмова прэзідэнта Трансвааля даць выбарчыя правы англ. каланістам. 11.10.1899 пачаліся ваен. дзеянні, на пачатку якіх буры атрымалі некалькі перамог. Аднак вял. перавага ў жывой сіле і тэхніцы дазволіла англічанам у 1900 акупіраваць рэспублікі. Буры разгарнулі партыз. барацьбу, але, не атрымаўшы чаканай дыпламат. дапамогі з боку Германіі, Францыі і Расіі, спынілі супраціўленне. Паводле мірнага дагавора 31.5.1902 Аранжавая і Трансвааль далучаны да Брыт. імперыі і сталі англ. калоніямі. У 1910 іх тэр. ўвайшлі ў англ. дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРГАНІЗА́ЦЫЯ ТО́ТА»,
паўваенная спецыялізаваная арг-цыя ў фаш. Германіі ў 1938—45 (назва ад прозвішча яе заснавальніка — нацыста інжынера Ф.Тота). У 2-ю сусв. вайну займалася буд-вам і рамонтам шашэйных дарог, мастоў, аэрадромаў, умацаванняў і іншых ваен. аб’ектаў, у т. л. на акупіраванай Беларусі. Летам 1941 падраздзяленні «Арганізацыі Тота» рухаліся за наступаючымі ням. войскамі, аднаўлялі разбураныя камунікацыі, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва. У 1943—44 арг-цыя ўдзельнічала ў стварэнні герм. стратэгічнага абарончага рубяжа — «Усходняга вала» па лініі р. Нарва—Пскоў—Віцебск—Орша—сярэдняе цячэнне р. Дняпро — рэкі Сож і Малочная. Падраздзяленні «Арганізацыі Тота» існавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Слуцку і ў інш.нас. пунктах.