ЛА́ДАЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Ладага,

Няво. Найбуйнейшае прэснаводнае возера ў Еўропе; на ПнЗ еўрап. часткі Рас. Федэрацыі, у Карэліі і Ленінградскай вобл. Пл. 17,7 тыс. км² (з астравамі 18,1 тыс. км²). Даўж. 219 км, сярэдняя шыр. 83 км, сярэдняя глыб. 51 м, найб. 230 м. Аб’ём вады 908 км³. Катлавіна тэктанічна-ледавіковага паходжання. Дно складанай будовы, у паўн. і цэнтр. частках выслана ілам. Паўн. і паўн.-зах. берагі высокія, скалістыя, глыбока парэзаны фіёрдападобнымі залівамі. Шматлікія лясістыя астравы ўтвараюць шхеры. Паўд. берагі пераважна невысокія, спадзістыя, слабапарэзаныя, з берагавымі валамі і дзюнамі. У многіх месцах прыбярэжжа нагрувашчанне валуноў. На возеры каля 660 астравоў, з іх каля 500 у паўн.-зах. яго частцы. каля 65 — у цэнтральнай, у т. л. Валаамскія астравы і Зах. архіпелаг. Вадазборны басейн (пл. 276 тыс. км²) уключае каля 50 тыс. азёр (найб. Анежскае, Ільмень, Сайма) і 3,5 тыс. рэк даўж. больш за 10 км; упадаюць 35 рэк, найб. з іх Свір, Волхаў, Вуокса; выцякае р. Нява, якая звязвае возера з Фінскім зал. З бас. Волгі — звязана Волга-Балтыйскім водным шляхам, Вышневалоцкай і Ціхвінскай сістэмамі, з Белым морам — праз р. Свір, Анежскае воз. і Беламорска-Балтыйскі канал. Клімат умерана халодны. Сярэдняя т-ра паветра ў лют. ад -8 да -10 °C, у ліп. 16—17 °C; т-ра вады — на паверхні ў жн. каля 16 °C (найб. 25 °C), у глыбінных пластах летам 4—4,5, зімой 2—2,5 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Возера халаднаводнае, з запаволенымі біял. працэсамі. Характэрны згонна-нагонныя з’явы, сейшы, штормы. Прыбярэжная частка замярзае ў ліст.—снеж., цэнтр. частка — у снеж.—сак., крыгалом у цэнтр. частцы ў 2-й пал. сак., у паўн. частцы ў 1-й пал. мая. Празрыстасць вады ў цэнтр. частцы 4,5 м, каля берагоў 1—2,5 м, на З ад вострава Валаам да 8—10 м. Вада прэсная, гідракарбанатна-кальцыевая, з мінералізацыяй 56 мг/л. Каля 58 відаў рыб, у т. л. прамысловыя: асетр, вугор, ласось, стронга, судак, лешч, акунь, корушка, плотка, шчупак. Трапляецца цюлень. Рыбалоўства. Суднаходства. Рэкрэацыя. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. У 9—12 ст. праз Л.в. праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі». З ліст. 1941 да студз. 1944 па Л.в. праходзіла «Дарога жыцця» ў блакіраваны ням. фашыстамі Ленінград. У сувязі з індустрыялізацыяй рэгіёна Л.в. падпала пад значнае антрапагеннае ўздзеянне (забруджванне, эўтрафаванне). На берагах Л.в. гарады Прыазёрск, Петракрэпасць, Сортавала, Новая Ладага, Шлісельбург і інш.

Ладажскае возера.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ РАЁН.

На Пд Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 25,6 тыс. чал. (1998, без г. Лепель). Сярэдняя шчыльн. 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Лепель. Уключае 232 сельскія нас. пункты, 12 сельсаветаў: Баброўскі, Бароўскі, Валосавіцкі, Горскі, Домжарыцкі, Заазерскі, Каменскі, Лепельскі, Пышнянскі, Слабадскі, Стайскі, Сушанскі.

Паўд.-зах. ч. раёна размешчана ў межах Верхнебярэзінскай нізіны, паўн.зах. — Пышнагорскага ўзвышша, паўд.-ўсх. — Лукомскага ўзвышша. Паверхня пласкахвалістая. Пераважаюць выш. 150—170 м, найвыш. пункт 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровыя сумесі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -7,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 638 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. На тэр. раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Найб. рэкі: Эса з прытокамі Байна, Свядзіца і Бярэшча; Ула, Зеха; на мяжы з Докшыцкім р-нам цячэ Бярэзіна з прытокам Сергуч. У Л.р. 137 азёр з назвамі і 70 без назваў, найбольшыя: Лепельскае, Окана, Бярэшча, Ворань, Домжарыцкае, Бобрыца, Тэкліц, Астроўна. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23%), тарфяна-балотныя (13,2%) і інш. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З і ПдЗ у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Балоты займаюць 10% тэрыторыі, найб. Домжарыцкае балота. Заказнікі гідралагічныя мясц. значэння: Жабінка, Плінтаўка, Пунькі, Слабадское, Вольны Бор П, Какісіна, Кляцішча. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Цар-дуб (400 гадоў) у в. Тадуліна, мясц. значэння парк «Фатынь» каля в. Радунь.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 62,3 тыс. га, з іх асушаных 15,9 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, Віцебская сортавыпрабавальная станцыя, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочнамясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэгла), першаснай апрацоўцы лёну і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Орша—Лепель, аўтадарогі Мінск—Віцебск, Мінск—Полацк, Орша—Лепель, Лепель—Ула, Лепель—Докшыцы і інш. У раёне 21 сярэдняя, 3 базавыя, 7 пач., 6 муз., 3 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, школа алімп. рэзерву па веславанні, Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, ПТВ, 34 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры і клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, ваенны шпіталь, 2 паліклінікі, 7 амбулаторый, 19 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі (ваенны і дзіцячы), будуецца дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр. Помнік гідратэхн. буд-ва Бярэзінская водная сістэма. Выдаецца газ. «Лепельскі край».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Opolskie),

на Пд Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км², нас. 1023 тыс. чал., гарадскога каля 52% (1987). Адм. ц. — г. Аполе. Найб. гарады: Кендзежын-Козля, Аполе, Бжэг, Ныса, Крапкавіцы і інш. Размешчана ў Ніжнім Шлёнску, на Апольскай раўніне, Глубчыцкім плато, на Пд заходзяць Судэты (выш. Да 889 м), на У — частка Шлёнскага узв. (выш. да 400 м). Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,6 °C, ападкаў 650 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі. Прам-сць: горназдабыўная, электратэхн., хім., лёгкая, харчовая. Вырошчваюць ячмень, кармавыя культуры, цукр. буракі, бульбу, рапс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Турызм.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́НЬКІ,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад Касцюковічаў, 185 ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Бялынкавічы. 523 ж., 204 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

У 19 ст. вёска ў Клімавіцкім пав. Працавала царкоўнапрыходская школа, з 1909 — нар. вучылішча. З крас. 1919 Баронькі ў Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 у Бялынкавіцкім раёне, з 20.8.1924 цэнтр сельсавета. З 4.8.1927 у Касцюковіцкім раёне. У жн. 1941—вер. 1943 вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 было 627 ж., 180 двароў.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ШЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Лагойска, 28 км ад Мінска. 689 ж., 218 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца ў 1449 як маёнтак пад назвай Острожчычы. Належаў Судзімонтавічам, Кежгайлам, Шамётам, з 1590 Крыштофу Радзівілу, потым Тышкевічам (да пач. 20 ст.). У 1747 тут пабудавана уніяцкая царква. У 1870 вёска Астрашыцка-Гарадоцкай вол. На пач. 20 ст. паселішча Астрошыцы складалася з панскага двара (55 ж.) і вёскі (150 ж., 21 двор). З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗАВІ́К,

балота ў Беларусі, на З Вілейскага р-на Мінскай вобл. і на У Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Спягліца, часткова ў вадазборы Вішнеўскага воз. Нізіннага (62%), вярховага (30%), пераходнага (2%), мяшанага (6%) тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,3 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м, сярэдняя 1,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 18,1 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 2,5 м. Сярод балота воз. Калодкі. Цэнтральная ч. балота занята драбналессем з хвоі і бярозы, кусцікавы ярус з багуну і буякоў, ёсць журавіны. Уздоўж Спягліцы і на ўскрайках балота вярба, разнатраўе, асокі.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́КСІНІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Запаветы Ільіча». За 22 км на У ад г. Сянно, 46 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Багушэўская. 448 ж., 183 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1512. Належала да маёнтка Палонна ў Віцебскай зямлі. У розны час Алексінічамі валодалі Пацы, Астрожскія, Слуцкія, Хадкевічы, Сапегі, Друцкія-Любецкія, Стаброўскія і інш. У пач. 20 ст. вёска (сяло) у Пустынскай вол. Сенненскага пав.; 836 ж., 137 дамоў, правасл. царква. З 1924 цэнтр сельсавета.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛЬСК,

вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса «Пагранічны». За 24 км на Пд ад Гродна, 9 км ад шашы Гродна—Ваўкавыск. 837 ж., 283 двары (1994).

Вядома як мястэчка з 15 ст. З 1690 вёска ў Трокскім ваяв., належала Гродзенскай эканоміі. З 1808 заштатны горад Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ. Жыхары займаліся вырабам тканін, сельскай гаспадаркай, гандлем. У 1897 у Адэльску 1462 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска. З 1939 у БССР, з 1940 у Гродзенскім р-не.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Касцёл Ушэсця — помнік нар. дойлідства (1-я пал. 18 ст.).

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,

прыродны вышынны пояс у гарах пераважна ўмераных і субтрапічных шырот. Размешчаны вышэй за субальпійскі пояс, пры значнай вышыні гор змяняецца нівальным поясам. Вышыннае знаходжанне альпійскага пояса вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах А.п. знаходзіцца на выш. 2200—3000 м, на Цянь-Шані — 1000—1800 м, у Гімалаях — 3600—5000 м). Клімат суровы высакагорны. Сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 14 °C, ападкаў 1000 мм і больш за год. Снегапады, моцныя вятры, снегавыя лавіны. Снегавое покрыва 6—10 месяцаў. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. Характэрны бязлессе, альпійская расліннасць на горна-лугавых глебах.

А.​М.​Матузка.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧЫ, Алёхнавічы,

вёска ў Беларусі, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 28 км на ПдУ ад Маладзечна, 55 км ад Мінска, чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. 3244 ж., 1181 двор (1995). Птушкафабрыка, сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

У 19 ст. вёска і фальварак у Краснасельскай вол. Вілейскага пав. У 1872 пракладзена чыгунка, у 1885 пабудаваны вакзал. З 1921 у складзе Польшчы. У Аляхновічах дзейнічалі гурткі Бел. сял.-работніцкай грамады. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1942 у Аляхновічах размяшчаўся лагер смерці для ваеннапалонных. У 1948 арганізаваны калгас «Новае жыццё», у 1955 саўгас «Аляхновіцкі».

т. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)