КАМПА́НІЯ (ад франц. compagnie таварыства, супольнасць),
1) гандлёвае, прамысл., трансп. і інш. аб’яднанні прадпрымальнікаў. У сферы эканам. адносін адрозніваюць К.: афіліяваную, якая валодае пакетам акцый менш за 50%; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную К., што займаецца навук. даследаваннямі, інж. распрацоўкамі і іх крэдытаваннем; інжынерынгавую, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг, звязаных з падрыхтоўкай вытв. працэсу; афшорную — замежную К., зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку; траставую, што арганізавана на адносінах уласнасці, сутнасць якіх вынікае ў перадачы маёмасці або маёмасных правоў уладальніка (даверніка) на даверніцкае кіраванне інш. асобе на карысць прызначаных давернікам асоб.
2) Група асоб, якія разам бавяць вольны час. 3) Сукупнасць ваен. аперацый, аб’яднаных агульнай стратэг. мэтай на пэўным этапе вайны.
4) Мерапрыемствы для ажыццяўлення чарговай важнай грамадска-паліт. або гасп. задачы (выбарчая К., пасяўная К.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЗЕР (Якаў Рыгоравіч) (4.11.1905, г. Варонеж, Расія —29.11.1969),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1941), ген. арміі (1962). Скончыў паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр., 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх, Ленінградскім франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага, камандуючы арміямі. У ліп. 1941 у абарончых баях за Барысаў і Оршу 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія на чале з К. затрымала на 2 сутак наступленне праціўніка на р. Бярэзіна, на некалькі сутак — у напрамку р. Дняпро. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, узначальваў курсы «Выстрап». Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1962—66.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЙБЫШАЎ (Валяр’ян Уладзіміравіч) (6.6.1888, г. Омск, Расія — 25.1.1935),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1904 у рэв. руху бальшавікоў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 выключаны з Ваенмед. акадэміі ў Пецярбургу (1906). Неаднаразова быў арыштаваны і ў ссылцы. Адзін з кіраўнікоў Кастр. рэвалюцыі 1917 у г. Самара, удзельнік грамадз. вайны (пераважна як паліт. камісар). З 1921 чл. Прэзідыума, з 1926 старшыня Вышэйшага савета народнай гаспадаркі; кіраваў ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. Чл.ЦК (з 1922) і Палітбюро (з 1927) ЦКВКП(б), Прэзідыума ЦКК (1923—26). У 1930—34 старшыня Дзярж. планавай камісіі. Паводле афіц. версіі, атручаны; у яго смерці абвінавачваліся падсудныя на т.зв. працэсе 21-го (працэс праватрацкісцкага блока). У 1935—91 яго імем наз.г. Самара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРАНІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
афганская дзяржава ў 1747—1818. Створана ў выніку ваен. паходаў Ахмад-шаха Дурані (1747—73), які да 1761 аб’яднаў афг. (пуштунскія) землі (тэр. ядро дзяржавы — Кандагар, Газні, Кабул, Пешавар, Герат), заваяваў Паўн.-Зах. Індыю (у т. л. Кашмір), Усх. Іран, Паўд. Туркестан. Сталіца — г. Кандагар, з 1773 Кабул (перанесена пры сыне і пераемніку Ахмад-шаха Цімур-шаху, які правіў у 1773—93). Эканам. аснову дзяржавы складала феад.-дзярж. ўласнасць на зямлю (зямельныя падаткі з падуладных тэрыторый). Найб. прывілеяванае становішча ў ёй мела афг. племя абдалі (дурані; да яго належаў і вярх. правіцель — шах), якое было вызвалена ад падаткаў. Распалася ў выніку сепаратызму ханаў афг. плямён і нац.-вызв. паўстанняў падуладных неафг. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТАНЦЫ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ кіраванне на адлегласці апаратамі, машынамі, тэхн. сістэмамі (напр., рухавікамі, тармазамі, выключальнікамі і інш.).
Бывае мех., пнеўматычнае, эл., радыётэхн. і інш.; мае схемы кіравання, блакіроўкі (забяспечваюць паслядоўнасць аперацый кіравання) і сігналізацыі (паказваюць становішча асобных элементаў абсталявання і кантралююць пашкоджанні ў ланцугах), каналы сувязі і тэхн. прылады (маніпулятары, робаты, радыёэлектронныя, эл.-магн. і інш. прыстасаванні). Выкарыстоўваецца пры цэнтралізацыі кіравання вытв. працэсамі ў хім. прам-сці, нафтавых і газавых промыслах, электраэнергетыцы, на транспарце (у т. л.чыг. і трубаправодным) і інш., для кіравання палётамі ракет і касм. апаратаў, у ваен. справе, а таксама ва ўмовах, небяспечных для чалавека (напр., з-за высокай т-ры, забруджанага асяроддзя, небяспечных выпрамяненняў і інш.). Гл. таксама Тэлемеханіка, Тэлекіраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКЛЕТЫЯ́Н (Гай Аўрэлій Валерый) (Gaius Aurelius Valerius Diocletianus; каля 240, Дыяклея, каля сучаснага г. Шкодэр, Албанія — 3.12.316),
старажытнарымскі імператар [284—305]. Прафес. ваенны. Абвешчаны імператарам пасля смерці правіцеля Нумерыяна. Ліквідаваў паўстанне багаудаў у Галіі (285—286), маўрытанскіх плямён у Афрыцы (290—295) і інш. З мэтай паляпшэння кіруемасці Рым. імперыяй падзяліў яе на 4 часткі (тэтрархіі; складаліся з 12 дыяцэзаў), прызначыў 3 суправіцеляў (293), аддзяліў ваен. ўладу ад цывільнай, павялічыў армію, устанавіў фіксаваныя цэны і памер заработнай платы, увёў новую сістэму падаткаабкладання. У 303—304 праследаваў хрысціян. У 305 добраахвотна адмовіўся ад улады, жыў у сваім маёнтку ў Салоне (сучасны г. Спліт, Харватыя), дзе і памёр. Гл. таксама Дамінат.
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 243—248.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Ганс) (11.11.1848, г. Берген, в-аў Руген, Германія — 14.7.1929),
нямецкі ваен. гісторык і паліт. дзеяч. Праф. Берлінскага ун-та (1896—1921). Паслядоўнік Г. фон Трайчке. Вучыўся ў Гайдэльбергскім і Бонскім ун-тах. Чл. прускай палаты дэпутатаў (1882—85) і дэп. рэйхстага ад партыі свабодных кансерватараў (1884—90). У 1883—1919 рэдагаваў (да 1889 разам з Трайчке) орган кансерватараў Прусіі час. «Preußische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»), У 1-ю сусв. вайну выступаў за скасаванне сістэмы трохкласавага выбарчага права ў Прусіі на карысць дэмакр. канстытуцыйнай манархіі і інш.Гал. творы — «Гісторыя ваеннага майстэрства ў рамках палітычнай гісторыі» (т. 1—4, 1900—20; прадоўжана Э.Даніэльсам і О.Гайнцам, т. 5—7, 1926—36), «Сусветная гісторыя» (т. 1—5, 1923—28).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАЛЕЗНЯКО́Ў»,
пласкадонны рачны манітор, экіпаж якога вызначыўся ў Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Уваходзіў у склад Дняпроўскай (ліст. 1936 — жн. 1940), Дунайскай (жн. 1940—ліст. 1941, крас. 1944—45) і Азоўскай (ліст. 1941—кастр. 1942, люты 1943—крас. 1944) ваен. флатылій, Чарнаморскага флоту (кастр. 1942 — люты 1943). Меў 6—7 гармат (у гады вайны і некалькі зенітных гармат), 3—4 кулямёты, экіпаж 70—72 чал. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Нікалаева, Ачакава, Херсона, Севастопаля (1941), Бярдзянска, Цемрука (1942) і інш., у Будапешцкай аперацыі 1944—45; прайшоў 40 тыс.км, знішчыў 13 артыл. батарэй, 4 батальёны ням.-фаш. пяхоты і інш., адбіў 127 паветр. атак. У 1967 устаноўлены як карабель-помнік на набярэжнай у Кіеве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬВІЦ ((Kollwitz) Кетэ) (8.7.1867, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 22.4.1945),
нямецкі графік і скульптар. Вучылася ў маст. школах у Берліне (1885—86) і Мюнхене (1888—89). У 1919—33 праф.АМ у Берліне. У ранні перыяд творчасці зазнала ўплыў М.Клінгера. У малюнках, афортах, літаграфіях адлюстроўвала трагізм сваёй эпохі, выказвала сац. пратэст, увасабляла гуманіст. ідэалы. Графічная манера вызначалася дынамікай кампазіцыі, кантрастамі тонаў і штрыха: цыклы «Паўстанне ткачоў» (1897—98), «Растаптаныя» (1900), «Вайна» (1920—24), «Голад» (1924)», «Маці» (1922—23), «Марыя і Лізавета» (1928), «Покліч смерці» (1934—35) і інш. Экспрэсіўная пластычнасць уласціва скульпт. творам К.: кампазіцыя «Маці і Бацька» (1932) на ваен. могілках каля г. Дыксмёйдэ (Бельгія), «Мацярынская вежа» (1937—38), рэльеф «Жальба» (1938), станковая скульптура «П’ета» і інш.