шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сям. паслёнавых. Больш як 170 дзікарослых і культ. відаў. Радзіма — Паўд. Амерыка. Вырошчваюць бульбу андыйскую (Solanum andigenum; у Паўд. Амерыцы) і бульбу еўрапейскую, ці чылійскую (S. tuberosum; як аднагадовая расліна ў краінах з умераным кліматам). У Еўропу завезены ў сярэдзіне 16 ст.; у палявой культуры (у т. л. на Беларусі) з 18 ст. Палавіна пасяўной плошчы бульбы ў Еўропе, чвэрць — у Азіі. На Беларусі бульба лічыцца нац. культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс.га (1993). З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў страў, яна ідзе на корм жывёле.
Шматсцябловая расліна выш. 50—100 см, сцёблы прамыя, зялёныя або афарбаваныя антацыянам. На падземных сцябловых парастках (сталонах) фарміруюцца патаўшчэнні — клубні круглай, падоўжанай, рэпападобнай формы, белага, жоўтага, чырвона-фіялетавага, сіняга колеру. На паверхні клубня — вочкі з 3—4 пупышкамі. Лісце няпарнаперыстарассечанае, гладкае ці маршчакаватае. Кветкі двухполыя, белыя, чырвона-фіялетавыя, сіне-фіялетавыя. Суквецце складаецца з 2—3 і больш завіткоў. Плод — шматнасенная ягада. Цвіце ў чэрв.—жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у селекцыі — насеннем). Добра расце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінер. глебах, на сярэднякіслых тарфяна-балотных. Сарты, раянаваныя на Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Бел. ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская, Беларуская 3, Тэмп, Арбіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.
Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).
Я.В.Малашэвіч.
Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЕГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і гасп. выкарыстаннем аленяў. Адрозніваюць аленегадоўлю паўночную і пантавую.
Паўночная аленегадоўля — важнейшая галіна гаспадаркі Крайняй Поўначы, засяроджаная на развядзенні паўн. аленя (у паўн. шыротах Азіі, Еўропы — Расія, Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія; у Паўн. Амерыцы — ЗША, Канада). У народаў тундравай зоны Сібіры пераважае мяса-скурная аленегадоўля, у больш паўд. раёнах — транспартная. Асн. прадукцыя паўн. аленегадоўлі — мяса 4—5-месячных цялят і дарослых аленяў і скуры, з якіх вырабляюць замшу, хром, цёплае адзенне, палаткі, лёгкія футры (пыжык, выпаратак і інш.). Ад самак за лактацыйны перыяд атрымліваюць 40—50 кг малака тлустасцю 17—19%. Пантавая аленегадоўля займаецца развядзеннем плямістага аленя, марала і ізюбра для атрымання пантаў, мяса і скур. Да сярэдзіны 19 ст. панты здабывалі паляваннем на дзікіх аленяў. Пасля прыручэння маралаў і плямістых аленяў пантавая аленегадоўля пашырылася ў Прыморскім, Алтайскім і Краснаярскім краях Расіі, дзе арганізаваны спец. гаспадаркі. Пантавых аленяў гадуюць таксама ў Кітаі, КНДР, Манголіі.
На Беларусі пантавая аленегадоўля з’явілася ў канцы 1980-х г. Гадуюць плямістых аленяў і маралаў (у асобных гаспадарках Кобрынскага, Іўеўскага, Маладзечанскага і Пухавіцкага р-наў). Ад плямістых аленяў ва ўзросце 12—13 гадоў і маралаў 14—16 гадоў атрымліваюць лабавыя панты. Аленяў трымаюць на агароджаных участках; у стойлавы перыяд падкормліваюць сенам і канцэнтратамі. У пач. 1990-х г. у рэспубліцы налічвалася каля 1 тыс. галоў маралаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БАВЫЯ ЛЯСЫ́, грабнякі (Carpineta),
група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усх.Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтр. і Зах.) і Паўн. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (C. caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (C. orientalis), у Прымор’і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (C. cordata), у Паўн. Амерыцы — каралінскім (C. caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (C. betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам. На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2% пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўд., цэнтр. і зах. раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтр.ч. ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на Пд дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавых лясоў: кіслічныя (64,4% пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл. (Бёрдаўскае лесанасаджэнне), што знаходзіцца на паўн.-ўсх. мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГ, Ганга,
рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл.бас. 1120 тыс.км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс.км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс.м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс.м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн.т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл.Ганга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Радзім Гаўрылавіч) (н. 7.12.1928, Мінск),
бел. геолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік бел. школы тэктаністаў. Акад.АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р геолага-мінералагічных н. (1969), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Замежны чл. Расійскай АН (1994). Чл.Амер.геафіз. саюза (1993). Сын Г.І.Гарэцкага. Скончыў Маскоўскую акадэмію нафты і газу (1952). Працаваў у геал. ін-це АНСССР (Масква). З 1971 у Ін-це геал. навук АН Беларусі: заг. лабараторыі, у 1972—93 дырэктар, з 1995 ганаровы дырэктар. У 1992—97 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1995 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па тэктоніцы маладых і стараж. платформаў Еўразіі, геадынаміцы, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геафізіцы, геалогіі нафтагазаносных басейнаў і інш.тэр. Казахстана, Сярэдняй Азіі, Беларусі, Прыбалтыкі, Зах. Еўропы. Адкрыў Базайскае радовішча газу ў Зах. Казахстане. Адзін са стваральнікаў тэктанічных картаў Еўразіі (1966), Беларусі (1976), міжнар.Паўд.-Зах. краю Усх.-Еўрап. платформы (1986). Прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Старшыня Бел.геал.т-ва. Гал. рэдактар часопіса «Літасфера». Дзярж. прэмія СССР 1969. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Яго імем названы некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.
Тв.:
Тектоника Туранской плиты. М., 1966 (у сааўт);
Тектоника Евразии. М., 1966 (у сааўт.);
Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972 (у сааўт.);
Тектоника Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);
Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),
дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.В.Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.А.Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх.Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.А.Гашкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІ́К (Dianthis),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 9 відаў, з іх 7 мясцовых — гваздзік армерыяпадобны (D. armeria), Борбаша (D. borbasii), вузкачашачкавы (D. stenocalyx), дэльтападобны, або травянка (D. deltoides), картузіянскі (D. carthusianorium), пышны (D. Superbus), пясчаны (D. arenarius); 2 занесеныя — гваздзік раўнінны (D. campestris), і Фішэра (D. ficheri). Растуць у сухіх барах і шыракалістых лясах, на пясчаных мясцінах, лугах і ў поймах рэк. Гваздзік армерыяпадобны і картузіянскі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь; Борбаша, вузкачашачны і пышны патрабуюць прафілактычнай аховы. У культуры вырошчваюць каля 20 відаў. Найб. вядомыя: Гваздзік Андржаеўскага (D. andrzejowskianus), барадаты, або турэцкі гваздзік (D. barbatus), кітайскі (D. chinensis), перысты (D. plumaris), садовы, або галандскі (D. caryophyllus), з буйнымі адзіночнымі махрыстымі кветкамі і шаравата-блакітны (D. gratianopolitanus). Многія з іх маюць садовыя формы; гваздзік барадаты лёгка дзічэе.
Шмат-, рэдка аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным, прыўзнятым, простым або галінастым вузлаватым сцяблом Лісце суцэльнае, супраціўнае, сядзячае, звычайна ланцэтнае, падоўжана-ланцэтнае, лінейнае, шылападобнае, ніжняе часта ў разетцы. Чашачка зрослалістая, пры аснове з лускападобнымі, прыціснутымі прыкветнікамі (характэрная прыкмета роду). Кветкі звычайна буйныя, духмяныя, белыя, зеленаватыя, ружовыя, пурпуровыя і інш., 5-членныя, адзіночныя, сабраныя ў верхавінкавыя раскідзістыя або шчыльныя суквецці. Плод — каробачка. Лек., меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,
першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б.СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш.Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач.Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.