зірк 1, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў зірнуць і зіркнуць пры выражэнні нечаканасці, раптоўнасці выяўлення або наступлення чаго‑н. — Мама! — устрывожыліся дзеці. — Нашай грушы няма! Дзядзька грушу забраў!.. Маці зірк у акно: праўда, дзічкі як бы ўжо няма. Ракітны. «Вось каб і грошы так жа знайсці!» — прамовіў парабак. Аж зірк — а пад нагамі скураны кашалёк. С. Александровіч.

зірк 2, ‑у, м.

Абл. Погляд, позірк. Першы Нахлябічаў зірк быў на Галену. Чорны. Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы, энергічны, смелы. Рыгорка — хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — .. падумала .. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

2. Жвавы, скоры. А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч.

3. Ажыўлены, поўны руху, дзейнасці. Бойкі шлях. Бойкі гандаль. □ Самы бойкі клёў плоткі назіраецца, як правіла, на досвітку і позна ўвечары, калі яе касякі выходзяць на кармленне пад берагі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ліслівіць, дагаджае, падлізваецца. Добранькім лічыўся той, хто быў пакорлівы і ліслівы, умеў трымаць рукі па швах, здалёку здымаць шапку. С. Александровіч. // Прасякнуты ліслівасцю, угодлівасцю; няшчыры. Ліслівы позірк. □ На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас. Жмырка вызначаўся сярод усіх нейкай ліслівай чуласцю і насцярожанасцю. Скрыпка.

2. Разм. Ласкавы, пяшчотны. [Бабейка] на дзіва быў рухавы, гаваркі — то прыветлівы і ліслівы, то заклапочаны і гнеўны, заўсёды ў дзеянні. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́гава, а, н.

1. Паглыбленне ў зямлі, якое служыць жыллём зверу. У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // перан. Разм. Жыллё, пасцель чалавека (звычайна непрыгляднае, неахайнае). Сям’я спала на зямлі ў саламяным логаве, ратуючыся ад холаду. Якімовіч. Сам Іванюк ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас.

2. перан. Разм. Месца размяшчэння варожых сіл. Майстрэнка з дзвюма баявымі групамі .. нечакана наляцеў на фашысцкае паліцэйскае логава. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да сабраць.

2. Займацца збіральніцтвам. Збіраць калекцыю. Збіраць гербарый. Утыль збірае нарыхтоўшчык. □ З рання да змяркання Пчолка залатая Лётае па кветках Ды мядок збірае. Журба. Дзядзька Марцін ведаў лес добра, у лесе гадаваўся, жывёлу пасвіў, грыбы збіраў. Колас.

•••

Збіраць вяршкі — забіраць самае лепшае.

Збіраць кускі (кавалкі) — прасіць міласціну.

Хоць іголкі збірайа) відно, светла. На вуліцы хоць іголкі збірай. Скрыган; б) відны, светлы. Ноч была светлая, месячная. Пра такія ночы кажуць: хоць іголкі збірай. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; зак., каго-што.

Разм.

1. Цягнучы, зняць з чаго‑н., адкуль‑н. Звалачы мяшок з воза.

2. Цягнучы, перамясціць куды‑н. [Пятрусь] звалок драбіны з дарогі і, апусціўшы галаву, пайшоў дадому. Колас.

3. Сабраць, сцягнуць у адно месца. Звалачы галлё ў кучу.

4. Угаварыць, прымусіць пайсці куды‑н. — На рыбу .. [бацьку] Яўхім звалок. Кажа, у дождж ловіцца добра. Савіцкі.

5. Украсці, сцягнуць. Андрэю нельга было адыходзіць далёка, сабакі маглі пранюхаць і звалачы мяса, а ліхі чалавек — украсці аглоблі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касава́ць, касую, касуеш, касуе; незак., што.

1. Выкрэсліваць, закрэсліваць. [Сымон] борздзенька перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.

2. Адмяняць, ліквідаваць, спыняць дзеянне чаго‑н. Касаваць пастанову. Касаваць дагавор. Касаваць шлюб. □ — І каб дзядзю Мішу далі права, што дазваляць, а што касаваць, — умяшаўся ў размову Смаляк, — ён зруйнаваў бы ўсе стадыёны і спорт-пляцоўкі. Паслядовіч.

3. Пераглядаць, апратэстоўваць рашэнне суда ў касацыйным парадку.

4. Абл. Рабіць непрыкметным, адсоўваць на задні план. Дзеці — два шустрыя, чарнявыя хлапчукі — напалавіну касавалі бяду. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́та, ‑ы, ДМ ‑нуце, ж.

1. Адзінка часу, роўная шасцідзесятай частцы гадзіны, якая складаецца з 60 секунд. Гадзіннік паказваў без дзесяці мінут дзевяць. Васілёнак. Стрэлка гадзінніка адлічыла сорак мінут. Алешка. // Які‑н. кароткі прамежак часу. Мінута радасці. □ Мужчыны зараз па сняданні Пайшлі ў гумно на спачыванне — Аддаць мінуту для дрымоты. Колас.

2. Спец. Адзінка вымярэння вугла і дугі, роўная 1/60 градуса, якая абазначаецца на пісьме значком ′. Кожны градус дзеляць на шэсцьдзесят мінут (60′), а кожную мінуту на шэсцьдзесят секунд (60″).

[Ад лац. minutus — паменшаны, малы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намяка́ць 1, ‑ае.

Незак. да намя́кнуць.

намяка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму на каго-што і без дап.

Рабіць намёкі, гаварыць намёкамі, не выказваць адкрыта сваёй думкі. Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Колас. Дзед намякаў маёй маці, што яна была камсамолка і ўпрошвала яго не ўпарціцца, а ўступаць у калгас. Сачанка. Адносіны Васіліны да Іллюка не змяніліся ў гэтыя гады, яна стала нават шмат ласкавейшай, але пэўнага адказу, калі ён намякаў на жаніцьбу, не давала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

1. Адсутнасць дару мовы.

2. перан. Нямая цішыня. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. Шыба раптам .. неяк трывожна закалацілася і.. як быццам парушыла немату вячэрняга спакою. Васілевіч. Мне ясным сонцам лёс наканаваны — Не ведаць змрочных лёхаў нематы. Барадулін.

3. перан. Бяспраўе, прыгнечанасць. З векавой нематы і адсталасці, Узнімаючы ленінскі сцяг, Мы прыйшлі да заможнае сталасці, Да вялікага сэнсу жыцця. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)