БРЭ́МЕН (Bremen),

зямля (адм. адзінка) на Пн ФРГ. Складаецца з гарадоў Брэмен (адм. ц., пл. 326,7 км²) і Брэмергафен (пл. 77,5 км²), агульная пл. 404 км², нас. 683,1 тыс. чал. (1994). Абкружаны тэрыторыяй зямлі Ніжняя Саксонія, з якой адміністрацыйна вылучаны ў 1949. Рэльеф раўнінны. Клімат марскі. Разнастайная прам-сць цесна звязана з партовай гаспадаркай абодвух гарадоў.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

устаўныя граматы вял. князёў ВКЛ Віцебскай зямлі, якія фіксавалі нормы віцебскага права. Першы прывілей Віцебску дадзены ў 1390-я г. Вітаўтам. Прывілей 1503 Аляксандра, які захаваўся, быў пацвярджэннем папярэдняга прывілея 1444 Казіміра IV. Прывілей 1503 пацвярджалі граматамі вял. князі ВКЛ у 1509, 1541, 1547, 1561. За Віцебскае паўстанне 1623 Віцебск да 1641 быў пазбаўлены магдэбургскага права.

т. 4, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕДАМЕ́ТР (ад альбеда + ...метр),

метэаралагічная прылада для вымярэння альбеда. Працуе на прынцыпе інтэгральнага шаравога фатометра. Альбеда зямной паверхні вымяраюць паходным альбеда — спалучэнне двух піранометраў; прыёмная паверхня аднаго з іх павернута да Зямлі і ўспрымае рассеянае святло, другога — да неба і рэгіструе падаючае выпрамяненне. Карыстаюцца і адным піранометрам, прыёмная паверхня якога паварочваецца то ўніз, то ўгару.

Альбедаметр.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДМІРАЛЦІ (Admiralty),

горны хрыбет у паўн.-зах. ч. Зямлі Вікторыі (Усх. Антарктыда). Даўж. больш за 100 км. Зах. адгор’і хрыбта дасягаюць мора Роса. Выш. да 4163 м. Складзены пераважна з дакембрыйскіх пясчанікаў, гліністых сланцаў і вапнякоў, месцамі перарваных інтрузіямі гранітаў. Парэзаны далінамі, запоўненымі ледавікамі. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.​Роса, названы ім у гонар Брыт. адміралцейства.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙКУМЕ́НА, экумена (грэч. oikumenē ад oikeō насяляю), сукупнасць заселеных людзьмі тэрыторый зямнога шара. У Стараж. Грэцыі вядомая грэкам заселеная частка зямлі з Эладай у цэнтры. Уключала Паўд., Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропу да Каспійскага м., Малую і Пярэднюю (Зах.) Азію, Аравію, Індыю і Паўн. Афрыку. Паняцце «айкумена» ўвёў стараж.-грэч. гісторык і географ Гекатэй Мілецкі ў творы «Землеапісанне».

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАТА́РА [санскр. літар. сыходжанне, сашэсце (Бога)],

у індуізме ўвасабленне бога Вішну ў вобразах інш. багоў, людзей або жывёл. Звязана з верай у перасяленне душы, пашырана з 4—6 ст. н.э. У міфах найб. вядомы 10 аватараў Вішну (у т. л. ў выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка), якія здзяйсняюць подзвігі на зямлі. У будызме аватара — наогул увасабленне бажаства.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯЛІ́НІЯ,

авіятраса, паветраная лінія, зацверджаны маршрут рэгулярных палётаў пасаж. і грузавых самалётаў, верталётаў паміж вызначанымі пунктамі з адпаведнай яму прасторай над паверхняй зямлі (паветр. калідорам), у межах якой ажыццяўляецца палёт. Адрозніваюць авіялініі міжнародныя і ўнутраныя, у т. л. магістральныя і мясцовыя. Авіялініі забяспечваюцца аэрадромамі, наземнымі радыёнавігацыйнымі пунктамі, сродкамі кантролю і кіравання паветр. рухам. Гл. таксама Паветраны транспарт.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЗМ,

сукупнасць працэсаў і з’яў, звязаных з перамяшчэннем магмы ў верхняй мантыі, зямной кары і на паверхні Зямлі. Тыповае праяўленне паверхневага вулканізму — вулканы, глыбіннага — інтрузіі і змяненні горных парод пры сутыкненні з магмай (гл. Магматызм). Вулканізм звязаны з сейсмічна актыўнымі зонамі зямной кары і гораўтваральнымі рухамі. На тэр. Беларусі шырока праяўляўся ў вендзе і познім дэвоне.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ, якое знаходзілася ў распараджэнні пэўнай асобы — дзяржаўцы — на вызначаных умовах трымання. У 15—16 ст. мелі розную велічыню, некат. з іх ператварыліся ў староствы. У 17—18 ст. Дз. складаліся з адной ці некалькіх вёсак або нават іх частак, часам пад Дз. лічылася пэўная колькасць зямлі, на якой не было аселых сялян.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСІСТЭ́МА, геаграфічная сістэма,

цэласнае мноства ўзаемазвязаных, узаемадзейных і ўзаемазалежных кампанентаў геаграфічнай абалонкі. Тэрмін увёў сав. вучоны В.​Б.​Сачава ў 1960-я г. Паняцце «геасістэма» выкарыстоўваецца для вызначэння складаных геагр. утварэнняў, якія ўключаюць прыродныя, гасп., дэмаграфічныя, сац.-эканам. і тэхнагенныя элементы, а таксама ўсіх аб’ектаў галін ведаў і навук, якія займаюцца вывучэннем Зямлі.

В.​С.​Аношка.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)