КУЛЬТУ́РА (ад лац. cultura апрацоўка, выхаванне, адукацыя, шанаванне),
духоўны змест чалавечай жыццядзейнасці, сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нац. самабытных тыпах эканомікі, правасвядомасці, рэлігіі, мастацтва, тэарэт. і практычных ведаў, асвячоных традыцыяй, культам і маральнымі імператывамі. Паводле эмпірычнага вызначэння, К. — сукупнасць рэальных і патэнцыяльных каштоўнасцей, якія ствараюцца людзьмі ў працэсе эканам., грамадска-паліт. і творча-духоўнай дзейнасці. Суадносіцца з цывілізацыяй як сваім этапам на адносна высокім узроўні развіцця пэўнага тыпу К. (стараж.-егіпецкая, антычная і інш. цывілізацыі). Як цэласную сістэму К. даследуе культуралогія, а яе падсістэмы і элементы — паасобныя гуманіт. навукі. Комплекснае даследаванне гісторыі рэгіёнаў і народаў уключае адпаведныя раздзелы па гісторыі К. Існуе мноства метадаў тыпалогіі і класіфікацыі К. Паводле характару суадносін нац. (рэгіянальнага) і агульначалавечага (універсальнага) К. бывае «адкрытая», здольная да пазітыўнага ўзаемадзеяння з іншанац. культурамі, і «закрытая», схільная да самаізаляцыі. У еўрап. культуралогіі вылучаюць гіст. тыпы К.: першабытная, старажытная, сярэдневяковая, рэнесансавая, новая і сучасная. Паводле структуры і зместу яе падзяляюць на этнічную, класічную і посткласічную, традыцыйную і мадэрнісцкую. У шырокім сэнсе паняцце К. ўключае не толькі спецыфічна духоўныя сферы творчасці (мова, міфалогія, рэлігія, мараль, правасвядомасць, мастацтва, навука, філасофія), але і сферы вытв-сці, абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай К. ўмоўна падзяляецца на духоўную і матэрыяльную. У асобную комплексную галіну вылучаецца К. мастацкая — здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць усе віды і жанры маст. творчасці. Сукупнасць рэгіянальных і універсальных архетыпаў, увасобленых у мове, міфалогіі, звычаях, абрадах, фальклоры, у класічнай л-ры і інш. відах мастацтва, складаюць культурную традыцыю, якая вызначае нац. самабытнасць К. асобных народаў і макрарэгіёнаў.
Бел. К. належыць да тыпу адкрытых. Яна прайшла асн. этапы, характэрныя для агульнаеўрап. культурнага развіцця (стараж. дахрысціянскі перыяд, сярэдневяковы, рэнесансавы і інш.), развівалася ва ўзаемадзеянні са славянскімі, балцкімі і інш. культурамі, чэрпала свае рэсурсы з багатых крыніц нар. творчасці. У стараж. перыяд высокай канструктыўнай і маст. дасканаласці дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Пачынаючы з сярэдневякоўя адбывалася дыферэнцыяцыя старадаўняй К., яе падзел паводле утылітарных, рэліг., эстэтычных і інш. функцый. Сінтэз нар. К. і хрысц. духоўнасці садзейнічаў росквіту фальклору, інш. відаў этн. К., сабраных і апісаных у 19—20 ст. Заканамернасцю развіцця бел.нац. К. ў працэсе дээтнізацыісац. эліты і страты дзярж. статуса роднай мовы народа з’яўляецца паэтапнае культурна-нац. Адраджэнне — вяртанне яе да актыўнага грамадскага функцыянавання і падключэнне да кантэксту еўрап. і сусв.культ. творчасці (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Новы этап развіцця бел. К. пачаўся пасля абвяшчэння суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Ягож. Беларуская культура: Гіст. нарыс (X ст. — 1917 г.) // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 10;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997;
Крукоўскі М. Чалавек не можа не тварыць // Мастацтва. 1998. № 1—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ16 ст.
Адбывалася ў 1566—1609 на тэр.гіст.Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст.капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц.гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасць Паўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;
Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 46,2 тыс.чал. (2000), гарадскога 41,1%. Сярэдняя шчыльн. 51 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Нясвіж. Уключае г.п.Гарадзея, 117 сельскіх нас. пунктаў, 13 сельсаветаў: Астроўскі, Гарадзейскі, Грыцкавіцкі, Казлоўскі, Карцэвіцкі, Ланскі, Ліпскі, Лявонавіцкі, Навасёлкаўскі, Нясвіжскі, Сейлавіцкі, Сноўскі, Юшавіцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана на Стаўбцоўскай раўніне, паўд. — у межах Капыльскай грады. Паверхня хвалістая, на Пд дробнаўзгорыстая, 63% яе на выш. 180—200 м, 30% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 230 м (на Пд ад г. Нясвіж). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 195 сут. Найб. рэкі Уша са Сноўкай, Тур’я, Лань з Цапрой. На р. Уша маляўнічыя сажалкі. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (61,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,2%). Пад лесам 12% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя, альховыя. Пад балотамі 596 та (0,6%) тэрыторыі. У раёне гідралагічны заказнік мясц. значэння Малеўскі; помнікі прыроды рэсп. значэння: хвоя крымская, звычайная і горная (насаджэнне) ў Вінклераўскім лясніцтве, дуб пірамідальны ў в. Заазер’е, дуб у в. Казлы, лесапарк «Альба», 8 дубоў-волатаў, дуб і хвоя звычайная («Брат і сястра») у нясвіжскім лясніцтве, парк «Нясвіж»; помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Новая вёска» і «Сноў».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 58,6 тыс.га (65%), з іх асушаных 14,1 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 3 фермерскія гаспадаркі, сортавыпрабавальная станцыя, дзяржплемпрадпрыемства, Бел. занальная доследная станцыя па цукр. бураках, рыбгас «Альба». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя і тэхн. культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, макарона, цэльнамалочныя і хлебапрадукты; Гарадзейскі цукровы камбінат), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно, кастрапліта, валакно катанізаванае), паліўнай (торфабрыкет), швейнай, хіміка-фармацэўтычнай (лекавыя сродкі) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць электрыфікаваная чыгунка Мінск—Брэст, аўтамагістраль Брэст—Мінск. Цэнтр раёна аўтадарогамі звязаны з Баранавічамі, Капылём, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, Асіповічамі і інш. У раёне 19 сярэдніх (у т. л. гімназія, 2 сярэднія школы — дзіцячыя сады і 1 школа — вытворчы камбінат), 7 базавых (у т. л. базавая школа—дзіцячы сад), 3 пачатковыя, 2 маст., 2 муз. і спарт. школы, цэнтр пазашкольнай працы, вячэрняя школа, 22 дашкольныя ўстановы, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр культуры і адпачынку, 34 дамы культуры і клубы, 41 б-ка, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты, санаторый «Нясвіж». Гісторыка-краязн. музей, музей-кватэра бел. мастака М.К.Сеўрука. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1844) у в. Астроўкі, сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква са званіцай (канец 18 ст.) у в. Вялікая Ліпа, Свята-Крыжаўзвіжанская царква (18 ст.) у в. Вялікая Лысіца, сядзібна-паркавы комплекс «Завушша» (2-я пал. 18 ст. — пач. 20 ст.) у в. Завушша, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Кунаса, Свята-Пакроўская царква з брамай-званіцай (1842) у в. Лань, Мікалаеўская царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Мацылёўшчына, Козьмадзям’янаўская царква (1836) і сядзібны дом (сярэдзіна 19 — пач. 20 ст.) у в.Новы Сноў, касцёл са званіцай (19 ст.) у в. Салтанаўшчына, касцёл (канец 18 ст.) і палацава-паркавы ансамбль (1827) у в. Сноў. Выдаецца газ. «Чырвоны сцяг».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́ДЫЯ (ад грэч. parōdia літар. спевы навыварат),
жанр сатырычнай літаратуры (гл.Сатыра). Заснавана на камічным перайманні стылю асобнага пісьменніка, пэўнага жанру ці літ. кірунку, што знарок скажае, акарыкатурвае тыя ці інш. рысы арыгінала з мэтай высмеяць іх. П. — своеасаблівая з дапамогай імітацыі крытыка літ., навук. ці публіцыст. прац з пункту погляду ідэйнага ці стылістычнага напаўнення твора, маст. канцэпцыі аўтара, яго паліт. ці грамадз. пазіцый. Пераймаючы жанравую форму арыгінала (вершаванага ці празаічнага твора), П., як правіла, захоўвае яго фармальныя прыкметы (стыль, кампазіцыю і інш.). Супярэчнасць, што ўзнікае паміж зместам П. і формай арыгінала, спрыяе зусім інш. сэнсаваму напаўненню, адваротнаму тлумачэнню асн. думкі арыгінала. Чым выразней пазнаецца ў П. арыгінал, тым мацнейшая яна па сваёй маст. вартасці. Вылучаюць П.: гумарыстычную, якая завастрае слабыя бакі арыгінала, але не адмаўляе іх («Паэтычныя залёты» П.Сушко); сатырычную якая скіравана супраць арыгінала («Бойся Бога» П.Марціновіча). Паводле зместу П. падзяляюць на сацыяльна-бытавыя («З Уладзіміра Скарынкіна» Г.Юрчанкі), палітычныя («Малебен» Я.Коласа), літаратурныя («Літаратурная пародыя» Ц.Дзеразы). Існуюць П. і ў форме перафразавання вядомага выказвання. П. выкарыстоўваюць у цырку, лялечным тэатры, на эстрадзе.
П. — адзін з найстаражытнейшых жанраў. Вядомы парадыйныя раман («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле), памфлет (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Вальтэр і інш.), ода (А.Сумарокаў), трагедыя («Падшчыпа» І.Крылова). У рус. л-ры пач. 19 ст. часцей сустракалася гумарыст. П. (А.Пушкін, І.Дзмітрыеў, А.Шахаўской). З сярэдзіны 19 ст. пачалося сатыр. напаўненне П. («Гісторыя аднаго горада» М.Салтыкова-Шчадрына, «Лісты да вучонага суседа» А.Чэхава). Сатыр. П. пісалі У.Маякоўскі, Дз.Бедны і інш.
У бел. л-ры элементы парадыйнага жанру сустракаюцца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 ст. Як найб. завершаны жанр П. склалася да сярэдзіны 19 ст. (ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»). Блізкія да сац.-быт. і паліт. П. «Калыханка» Ф.Багушэвіча, «Янка і свабода», «Ісцінна чорнае трыо» Я.Купалы, «Пратэст» Ядвігіна Ш. Вызначаюцца актуальнасцю пародыі К.Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску», «Нібы сатыра на Нібы паэму М.Грамыкі «Гвалт над формай»). У 1920—30-я г. П. пісалі Я.Купала, Я.Колас, А.Александровіч, П.Трус, М.Хведаровіч. П. сустракаецца ў Р.Барадуліна, В.Віткі, А.Вольскага, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, С.Дзяргая, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, П.Макаля, М.Мятліцкага, М.Скрыпкі, Я.Таўшчэзнага і інш. У пач. 1970-х г. з’явілася ананімная паэма Ведзьмака Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», якая стала П. на многія перыпетыі жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснага літ. працэсу. Элементы парадыйнага жанру знаходзяцца ў празаічных творах М.Адамчыка, П.Васючэнкі, А.Вырвіча, А.Глобуса, у п’есах А.Ждана, С.Кавалёва, А.Петрашкевіча і інш. Існуе П. на прамову, рэпартаж, некат. дэтэктыўныя, паэт., празаічныя і драм. творы, крытычныя працы і інш.
Публ.: Барадулін Р. Дойны конь. Мн., 1965; Юрчанка Г. Немеладычныя мелодыі. Мн., 1974; Яго ж. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979; Скрыпка М. І з перцам і з сэрцам. Мн., 1977; Вітка В. Для дома, для альбома і трохі для эпохі. Мн., 1983; Адамчык М. Забойства на Каляды: Аповесць. Апавяданні. Мн., 1994; Глобус А. Новы дамавікамерон. Мн., 1998; Васючэнка П., Вырвіч А. Прыгоды аднаго губашлёпа. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІНА́РЫЯ (ад семінар),
агульнаадукацыйная навуч. ўстанова, што рыхтавала духавенства або настаўнікаў для пач. школ. Узнікненне духоўных С. звязана з Трыенцкім саборам (1545—63), на якім было вырашана арганізаваць шэраг спец.навуч. устаноў для падрыхтоўкі добраадукаваных асоб. Каталіцкія духоўныя С. звычайна адкрывалі мясц. біскупы. Выкладчыкамі ў іх былі прадстаўнікі якога-н. манаскага ордэна. На Беларусі першыя духоўныя С. засн. ў Вільні (1582) і Краславе (1755), належалі ордэну місіянераў, які да 1-й трэці 19 ст. кантраляваў С. ў Беластоку, Вільні, Заслаўі, Магілёве. Дамініканцам належала С. ў Мінску. Духоўныя С. існавалі таксама ў Брэсце і Нясвіжы. Пры Віленскім ун-це ў 1808—32 дзейнічала гал. духоўная С., якая рыхтавала біскупаў, прэлатаў і канонікаў каталіцкага і уніяцкага веравызнання. Яна мела праграму духоўнай акадэміі і была разлічана на 50 клірыкаў. Пасля задушэння паўстання 1830—31 большасць духоўных С. скасавана. У сярэдзіне 19 ст. каталіцкія духоўныя С. захаваліся ў Вільні, Мінску, Магілёве. Яны былі разлічаны на 20—50 клірыкаў; у іх выкладаліся: багаслоўе, царк. абрады, маральная, дагматычная, палемічная тэалогіі, кананічнае права, рыторыка, логіка, духоўнае красамоўства, свяшчэнная і айч. гісторыя, лац., франц., польск. і рус. мовы, нар. права, патрыстыка, фізіка, матэматыка, спевы, паліт. эканомія. З 1822 выкладчыкамі маглі быць толькі асобы, якія мелі дыпломы доктара ці магістра багаслоўя. Для паступлення ў С. патрэбен быў дазвол губернатара. У пач. 20 ст. каталіцкая духоўная С. захавалася толькі ў Вільні. Першая уніяцкая духоўная С. адкрыта ў 1746 у мяст. Свержань. На пач. 19 ст. яны дзейнічалі ў Лаўрышаве, Супраслі, Полацку, Жыровічах. Навуч. праграма была такая ж, як і ў каталіцкіх С. У 1820—30-я г. яны скасаваны ці ператвораны ў праваслаўныя. Права слаўныя духоўныя С. пачалі стварацца на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. (у 1752 у Магілёве, у 1785 у Слуцку) і па сваёй праграме нагадвалі езуіцкія калегіумы. У адпаведнасці са статутам 1808 мелі 6 класаў і падпарадкоўваліся духоўным акадэміям. Іх праграма адпавядала 4 старэйшым класам гімназіі; выкладаліся: рус., грэч. і лац. мовы, эстэтыка, рыторыка, гісторыя, геаграфія, алгебра, геаметрыя, механіка, медыцына, логіка, метафізіка, мараль, багаслоўе, герменеўтыка, царк. абрады, сельская гаспадарка. Пасля заканчэння С. лепшыя выпускнікі працягвалі адукацыю ў акадэміях, астатнія выкладалі ў пав. і прыходскіх духоўных вучылішчах ці ішлі ў манастыры. Паводле рэформы 1867—69 С. сталі незалежнымі ад духоўных акадэмій, з навуч. праграмы выключаны сельская гаспадарка і медыцына, уведзена педагогіка; пры С. адкрыты нядзельныя школы. У 1884 прыняты новы статут духоўных С., паводле якога ў іх павінен быў выкладацца поўны курс класічнай гімназіі, а таксама псіхалогія, гісторыя філасофіі, сельская гаспадарка і медыцына. На пач. 20 ст. такія С. дзейнічалі ў Віцебску, Вільні, Мінску, Магілёве. У наш час у Жыровічах існуе праваслаўная духоўная С. (гл.Мінская вышэйшая духоўная семінарыя). У 19 ст., з пашырэннем ідэі І.Г.Песталоці аб сістэматычнай падрыхтоўцы настаўнікаў, пачалі масава адкрывацца настаўніцкія семінарыі (першапачаткова яны з’явіліся ў Францыі і Германіі ў канцы 17 ст.).
Літ.:
Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. СПб., 1890;
Жукович П.Н. Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.). СПб., 1887;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. 7381 тыс.ж., з прыгарадамі ў штаце Нью-Йорк больш за 8,5 млн.ж. (1998, 4-ы па колькасці, насельніцтва ў свеце). Нас.Вял. Н.-Й. 19938 тыс.ж. (1996), уключае злітыя ў адну урбанізаваную зону (агульная пл. каля 10 тыс.км²) гарады ў суседніх раёнах штатаў Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут. Уласна Н.-Й. складаецца з 5 акруг (адм. раёнаў): Манхатан (гіст. ядро і дзелавы цэнтр горада з гал. вуліцай Брадвей), Бруклін, Куінс, Бронкс, Рычманд. Найважнейшы трансп. вузел ЗША. Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Гудзон, па якой ідзе каналізаваны водны шлях да Вялікіх азёр. Цэнтр аптовага гандлю бавоўнай, рудамі, металамі, каўчуком, збожжам, цукрам, кавай, прамысл. вырабамі. 3 гал. аэрапорты, у т. л.міжнар. Дж.Кенэдзі. Вузел некалькіх дзесяткаў чыгунак і аўтадарог. Буйнейшы эканам., паліт., навук. і культ. цэнтр ЗША. Адзін з гал.гандл.-фін. цэнтраў свету; праўленні большасці вядучых банкаў, кампаній, страхавых т-ваў краіны. Нью-Йоркская фондавая біржа на вуліцы Уол-Стрыт — найбуйнейшая ў свеце па памерах аперацый з каштоўнымі паперамі. Н.-Й. — гал. арганізацыйна-кіраўніцкі цэнтр амер. прам-сці, на яго прыпадае каля 10% прадукцыі апрацоўчай прам-сці ЗША. Асн. галіны прам-сці: паліграф., тэкст., швейная, харч., аўтамаб., авіяц., авіяракетная, оптыка-мех., вытв-сць парфумерна-касметычных сродкаў, ювелірных вырабаў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры, мед. інструментаў, цацак. У прыгарадах — асн. галіны прам-сці Вял. Н.-Й.: шматгаліновае машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць, суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, прылада- і станкабудаванне, ваенная прам-сць), чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, нафтаперапр., нафтахім., цэлюлозна-папяровая, шкляная, цэм., харч., гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Метрапалітэн (больш за 500 станцый), гар. падвясныя чыгункі; тунэлі, масты і паромы праз р. Гудзон і марскія пралівы ў межах горада. Цэнтр турызму. У Н.-Й. штаб-кватэра і інш. ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Горад вырас з гандл. факторыі, засн. галандцамі ў 1614 на в-ве Манхатан. У 1626 галандская Зах.-інд. кампанія заснавала тут першае еўрап. паселішча пад назвай Новы Амстэрдам. З 1629 партовы горад, праз які вывозілі карабельны лес, футра, тытунь. Першыя негрыцянскія нявольнікі з’явіліся тут у 1652. У час англа-галандскай вайны 1672—74 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), каб абараніць горад ад нападаў індзейцаў і каланістаў з Новай Англіі, ён быў абнесены агароджай (на гэтым месцы цяпер вул. Уол-Стрыт, што значыць Сценная вуліца). У 1664 Новы Амстэрдам захапілі англічане і перайменавалі ў Н.-Й. У 1673 заваяваны галандцамі, з 1674 зноў адышоў да англічан. З пач. 18 ст. буйны порт і культ. цэнтр ЗША. У 1753 засн. Каралеўскі каледж (з 1784 Калумбійскі універсітэт). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 акупіраваны брыт. войскамі (1776—83). У 1784—97 Н.-Й. — сталіца аднайм. штата і ў 1785—90 часовая сталіца ЗША. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 100 тыс. жыхароў горада ваявалі на баку Поўначы. З 1860-х г.гал. фінансавы цэнтр ЗША (у 1870 Н.-Й. кантраляваў 70% імпарту і 60% экспарту ЗША). У 19 ст. Н.-Й. — адзін з цэнтраў рабочага руху.
Гіст. ядро горада Манхатан з пач. 19 ст. мае прамавугольную планіроўку, з Пд на Пн ідуць падоўжныя (авеню), з З на У — папярочныя (стрыты) вуліцы, іх сетка ўтварае дробныя кварталы; па дыяганалі іх перасякае гал. магістраль — Брадвей. На мяжы 19—20 ст. пачалося буд-ва небаскробаў, якія стварылі своеасаблівы сілуэт горада. Вял. тэрыторыі займалі густанаселеныя раёны трушчоб, рабочыя, прамысл. і партовыя кварталы. Да сярэдзіны 20 ст. Н.-Й. стаў гіганцкай агламерацыяй гарадоў і прыгарадаў, жылых, прамысл. і трансп. участкаў. Праведзена некалькі рэканструкцый раёнаў: створаны асобныя добраўпарадкаваныя кварталы жылых дамоў (Стывесент-таўн, 1945—49; Вашынгтон-сквер-вілідж, 1960; Пола Граўндс, 1964—67); установы культуры і багатыя жылыя кварталы размясціліся вакол Цэнтр. парку (закладзены ў 1858, пл. 320 га); на набярэжных Манхатана і інш., пракладзены сучасныя трансп. магістралі з эстакадамі-развязкамі. Захаваліся асобныя дамы 17—18 ст., якія з’яўляюцца ўзорамі класіцыстычнага «федэральнага стылю» (ратуша, 1803—12, арх. Дж.Мангін, Дж.Мак-Комб). класіцызму (Федэрал-хол, 1833—42, арх. У.Рос і інш.), неаготыкі (царква Трыніты-чэрч, 1839—46, арх. Р.Анджон), эклектыкі (б-ка Моргана, 1902—05, арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт). Выдатныя прыклады інж. тэхнікі — масты Н.-Й.: Бруклінскі (1869—83, інж. Дж.Роблінг), Дж.Вашынгтона (1931, інж. О.Аман, арх. К.Гілберт; 2-і ярус — 1961) і інш. Сярод небаскробаў: Трыбюн-білдынг (1874, арх. Р.М.Хант), Эмпайр стэйт білдынг (1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман», 102 паверхі), Рокфелер-цэнтр (1931—40, арх. Б.У.Морыс і інш.), будынкі штаб-кватэры ААН (1947—52, арх. У.К.Харысан, Ле Карбюзье, О.Німеер, С.Маркеліус і інш), Сігрэм-білдынг (1956—58, арх. Л.Міс ван дэр Роэ, Ф.Джонсан), «Чэйз Манхатан банк» (1961, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс, Дж.О.Мерыл), 2 самыя высокія ў горадзе 110-павярховыя вежы Сусв.гандл. цэнтра і Сусв.фін. цэнтра (выш. 412 м; 1971—73, арх. М.Ямасакі, Э.Рот і інш.). Найб. значныя будынкі сучаснай архітэктуры: Музей Саламона Р.Гугенгайма (1956—59, арх. Ф.Л.Райт), аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Дж.Кенэдзі (1962, арх. Э.Саарынен), Музей амер. мастацтва Уітні (1966, арх. М.Броер), Лінкальн-цэнтр, т-р «Вівіян Бомант» (1965, арх. Саарынен), «Метраполітэн-опера». Помнікі: статуя Свабоды (1886, скульпт. Ф.А.Бартальдзі, арх. Хант), арка Вашынгтона (1895, арх. Ч.Ф Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт) і інш.
У Н.-Й. каля 90 ун-таў і каледжаў, у т. л.Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Фордхемскі (з 1841), Нью-Йоркскі гарадскі (з 1847) ун-ты, ун-т Ешыва (з 1886), каледжы Бруклінскі, Нью-Йоркскі гарадскі, Манхатанскі, Рычмандскі і інш. Сярод буйнейшых навук. устаноў Нью-Йоркская АН і Амер. акадэмія мастацтваў і л-ры. Буйнейшыя б-кі: Нью-Йоркская публічная, Калумбійскага ун-та, Б-каААН імя Д.Хамаршэльда і інш. Музеі: Метраполітэн-музей, сучаснага мастацтва, Музей Саламона Р.Гугенгайма, Амер. музей натуральнай гісторыі, Музей амер. мастацтва Уітні, Музей Н.-Й. і інш. Лінкальнаўскі цэнтр выканаўчых мастацтваў, у складзе якога Метраполітэн-опера, Нью-Йоркскі гарадскі балет, Нью-Йоркская філармонія, Джульярдская музычная школа (кансерваторыя), тэатр.б-ка, музей і інш. Тэатральныя трупы працуюць пераважна на Брадвеі. Працуе Нью-Йоркскі філарманічны аркестр. Буйнейшая канцэртная зала «Карнегі-хол».
Літ.:
Ирвинг В. История Нью-Йорка: Пер. с англ.М., 1968;
Иконников А.В. Нью-Йорк. Л., 1980.
Дзелавы цэнтр Нью-Йорка.Нью-Йорк. Цэнтральны парк у раёне Манхатан.Вісячы Бруклінскі мост у Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Плёс1, плёса, плёска, плёсы, плёса, плес, пле́со ’шырокі, ціхі і глыбокі ўчастак ракі паміж перакатамі, заваротамі ці астравамі, затока’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. Сл., Гарэц., Сл. ПЗБ, Др.-Падб.; жытк., саліг., стол., Талст.; Стан.; карэліц., Сцяшк. Сл.), ’яміны з вадою на сенажаці’, ’пойма ракі’, ’самы глыбокі ўчастак возера, дзе ловяць рыбу’, ’заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), ’ціхая завадзь’ (Бяльк.; Гарэц., Байк. і Некр.), ’былое рэчышча’ (смарг., Сцяшк. Сл.), ’яма на лузе, запоўненая вадой’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’чыстае, незарослае сярод возера месца’ (паўн.-усх., КЭС), ’частка ракі. якая зімой не замярзае’ (лях., ЛА, 2), ’шырокае месца на рацэ, а таксама на лузе, у полі’ (ТС), ’сярэдзіна возера, ракі’ (полац., Талст.), ’шырокі фарватар’ (Крывіч, 1), бабр. ’возера, зарослае расліннасцю’, ’балота’, ’нізкі, заліўны луг’, ’забалочаныя берагі азёраў’ (палес., Талст.), ’прырэчная сенажаць, якая заліваецца ў час разводдзя’ (глус., Янк., дыс.), ’занесенае пяском колішняе балота’ (Скарбы). Укр.пле́со ’возера па цячэнню ракі, моцна пашыранае месца ракі, не зарослае, з ціхай плынню’, ’градка чатырохвугольнай формы’; рус.плёс, плёса, плеса́ ’адкрытая, шырокая частка ракі са спакойнай плынню’, ’глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’яма на балоце’, ’заліўны луг, ’новы бераг ракі пасля мены яе рэчышча’, ’нізкае месца, дзе стаіць вада’, ’балота’, ’пелька ў балоце’; польск.дыял.plosek ’невялікая яма, запоўненая вадой’, вял.-польск.pleski (1498 г.), рыбацк. ploso ’глыбіня, глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’поўнае возера’, ’пойма ракі’; ст.-луж.ples(o) ’возера’; чэш.pleso ’возера, ставок, стаячая вада; глыбокае месца ў струмені; лужа для гусей’; ’западзіна ў рацэ’, ’балота’; славац.pleso ’горнае бяссцёкавае возера’, ’сажалка’, ’стаячая вада, лужа’; на паўд.-слав. тэрыторыі захавалася толькі ў тапонімах. Прасл.*pleso. Няяснае слова рэліктавага паходжання (Махэк₂, 458–459; Банькоўскі, 2, 610). Фасмер (3, 280) семантычна збліжае яго з пле́сна, плюсна, выводзячы прасл.*pletso, што, на думку Бязлая, з’яўляецца сумніўным; ён падтрымлівае думку Махэка, спасылаючыся на с.-в.-ням.Flosche ’яма, у якую прасочваецца вада’, лат.plesa, plēsa ’нерухомае глыбокае месца ў рацэ і інш.’ (Этимология–1973, 183–184). Сучасная семантыка, як здаецца, не пацвярджае меркаванне пра супрацьпастаўленне слав.*Pleso — *Bolto, як адкрытай і забалочанай воднай прасторы (Трубачоў, Этногенез, 128), параўн. плёсо ’зарослае балота, твань’ (ганц., ЛА, 5).
Плёс2 ’хвост у вялікай рыбіны’ (Нас., Гарэц., Дабрав.), рус.дыял.плеск і плёск ’задняя частка тулава рыбы, рыбін хвост’. Да плёскаць (гл.), параўн. плёс! — ’удар рыбы хвастом’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саха́ ’саха, земляробчая прылада’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Янк. 2; пруж., КЭС; Мат. Гом.; Янк., Бес.), ’акучнік’ (Сл. ПЗБ), ’слуп з развілінай наверсе, які служыць апорай чаму-небудзь’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Некр., Выг., Шушк., Мат. Гом., Янк., Янк. 2), ’частка калодзежнага жураўля, слуп’ (Сл. ПЗБ, Шат., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Бір., Жд. 1, Тарн.), ’частка ствала дрэва, ад якой адыходзіць некалькі макушак’ (Інстр. 3), ’завостраны кол, прыстасаванне для тармажэння плыта’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл.), старое ’мера зямельнага падаткаабкладання’ (ТСБМ), ’зямельная мера’ (Выг.), ’частка сахі ў выглядзе доўгай жардзіны, да якой збоку прыпрагаўся конь’ (Сл. рэг. лекс.), мн. сахі́ ’рогі лася’ (ТСБМ), сахо́та ’саха’ (Сцяшк. Сл.), со́хі мн. л. ’накрыж укопаныя падпоркі’ (Касп.), ’слупы ў гаспадарскім будынку’ (Сцяшк.), ’даўнейшы ткацкі станок, прасцейшы за кросны’ (бялын., Нар. сл.), со́шкі ’столбікі ткацкага станка’ (Шат.), ’вілаватыя палкі, якія ставяць па баках воза, калі кладуць сена’ (Бяльк.). Рус.соха́ ’земляробчая прылада; падпорка, слуп, частка калодзежнага жураўля’, ’мера зямлі’, укр.соха́ ’падпорка’, стараж.-рус.соха ’кол, дубіна, падпорка, саха’, ’мера плошчы’, польск.socha ’развілак’, в.-луж., н.-луж.socha ’кол з развілкамі’, чэш.socha ’статуя’, дыял. ’кол з развілкай, падпора; частка калодзежнага жураўля і да т. п.’, славац.socha ’калона’, серб.-харв.со̀ха ’палка, кій з развілкай’, серб.-ц.-слав.соха ’тс’, славен.sóha ’слуп з папярочкай’, балг., макед.соха́ ’кій з развілкай’. Прасл.*soxa ’кол, дрэва з развілкай’; з гэтага значэння выцякаюць усе астатнія. Слова лічыцца спрадвечна славянскім, запазычанне выключаецца. Бліжэйшыя адпаведнікі бачаць у літ.šakà ’галузка, сук, развіліна’, лат.saka ’разгалінаванае дрэва’, sakas ’хамут, ярмо’, ст.-інд.çā́khā ’галінка, сук’, перс.šāx ’галінка, сук, рог’, гоц.hôha ’плуг’ і г. д. (Траўтман, 297; Фасмер, 3, 729–730), усе да і.-е.*k̑ak‑ ’галузка’ (Покарны, 523; Шустэр–Шэўц, 1331); ‑x‑ (у слав. чакалася б *soka, як бачым з параўнанняў) тлумачыцца як новы суфікс, як у чэш., польск.brach, bracha < brat(r) (Махэк₂, 565–566); спірантызацыя ‑к‑ (Брукнер, 505–506), або ў Борыся, 566 як суф. ‑sā: *kʼăk‑sā (як страха). Трубачоў, Ремесл. терм., 160–161, падкрэсліваючы, што прасл.*soxa датычыцца толькі адсечанай часткі дрэва, звычайна вызначанай формы, узводзіць прасл. слова да больш старажытнага *soka, дэрывата ад *sěkti (гл. сячы), а ‑x‑ тлумачыць, услед за Брукнерам, як спірантызацыю ‑к‑ па семантычных матывах. Аналагічна Страхаў, Palaeoslavica, 13/2, 6.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
гато́вы, ‑ая, ‑ае; гатоў, гатова.
1. Які падрыхтаваўся да чаго‑н., зрабіў усе неабходныя прыгатаванні. Усе гатовы да выканання заданняў. □ Святлану з нецярплівасцю чакала гатовая ў дарогу сям’я.Шахавец.
2.нашто або зінф. Ахвочы, схільны зрабіць што‑н., згодны на што‑н. За свет новы Мы гатовы І на бой пайсці суровы Супроць чорнай зграі.Колас.//зінф. Які знаходзіцца ў стане, блізкім да чаго‑н. Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца.Чорны.
3. Падрыхтаваны, прыгодны да выкарыстання. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік.Лынькоў.// Канчаткова зроблены, закончаны ў сваёй вытворчасці. Гатовая дэталь. □ Удар за ўдарам, удар за ўдарам, і вось на кавадле ляжыць амаль гатовы лямеш.Курто.// Загадзя абдуманы, падрыхтаваны (пра думку, фразу і пад.). Гатовае паняцце. Гатовая схема./узнач.наз.гато́вае, ‑ага, н.Згодаю двор збудуеш, а нязгодаю — гатовае разгубіш.Прыказка.
4.толькікар. ф., узнач.вык.Разм. Вырашае канчатковы вынік якога‑н. дзеяння або стану і ужываецца ў значэннях: а) памёр, сканаў; б) зусім п’яны. Ужо гатоў, напіўся!//безас. Усё закончана, канец. — Атрымалася проста: вылецеў цецярук, я бац — і гатова!Гамолка.
•••
Будзь гатоў! — вітанне піянераў пры сустрэчы; Заўсёды гатоў! — адказ на такое вітанне; дэвіз.
Гатоў скрозь зямлю праваліцца — выраз, які азначае моцнае жаданне знікнуць, схавацца куды‑н. ад сораму, страху і пад.
На ўсім гатовым — на поўным забеспячэнні, ні аб чым не клапоцячыся (жыць, быць і пад.).
Раз-два і гатовагл. раз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)