адсе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць; зак.
1. што. Доўга або ў нязручнай паставе седзячы, давесці да здранцвення якую‑н. частку цела. Адседзець нагу.
2. Прабыць, праседзець нейкі час дзесьці. [Эма] скардзілася, што ёй цяжка, што.. [Іван] не памагае ў хатняй рабоце. А яму хіба лёгка было? Яна ж адседзіць, адбалбоча .. восем гадзін, і ўсё, які там цяжар. Марціновіч.
3. Адбываючы пакаранне, прабыць які‑н. тэрмін у турме. Я. Колас за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйныя творы адседзеў тры гады ў ліпскім астрозе. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. орды, ‑аў; ж.
1. Назва дзяржаўных утварэнняў, якія вылучыліся пасля драблення мангольскай дзяржавы Чынгісхана, а таксама стаўка, месцазнаходжанне яе правіцеляў. Залатая арда. Крымская арда. Астраханская арда. // Назва саюзаў вандроўных плямёнаў.
2. Мангола-татарскае войска, якое ўварвалася ў межы старажытнай Русі. // Пра полчышчы азвярэлых варожых войск. Фашысцкія орды. □ Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды, Супроць пачвары тупарылай, Што нішчыць сёлы, гарады! Колас.
3. перан. Шумны і неарганізаваны натоўп, зборышча. Наляцелі скурадзёры — Паны чорнаю ардой. Танк.
[Ад цюрк. ordu — палатка хана.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
астудзі́ць, астуджу, астудзіш, астудзіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць халодным або халаднейшым. Астудзіць ваду. □ А на дварэ было парна. Навальніца і ноч не астудзілі дзённай гарачыні. Асіпенка. Паліць гарачае сонца, І вецер яго не астудзіць. Танк.
2. перан. Разм. Стрымаць, суцішыць сілу, палкасць якога‑н. пачуцця, жадання і пад. От што значыць час: ён можа астудзіць, патушыць самы вялікі пажар пачуццяў. Сабаленка. Наведванне пісара Васількевіча яшчэ болей астудзіла ў настаўніку жаданне да далейшых візітаў. Колас. Васіль ураз астудзіў гэтага вяртлявага чалавека. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апа́л 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апальваць — апаліць.
2. Тое, чым што‑н. апальваецца (дровы, драўнінныя адыходы, торф і пад.); паліва. Але яшчэ пытае люты. Зіму прывёўшы на прычал, Ці добра, людзі, вы абуты? Як вы багаты на апал? Колас.
3. Апрацоўка гліняных вырабаў высокай тэмпературай.
апа́л 2, ‑у, м.
Празрысты шклопадобны камень (звычайна малочнага колеру з блакітнаватым ці жаўтаватым адлівам), некаторыя гатункі яго лічацца каштоўнымі. А там Урал Хавае скарбы руд, Тапаз, апал, Цудоўны ізумруд. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
казыра́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Хадзіць з казырнай карты.
2. перан.; чым. Выстаўляць што‑н. як сваю перавагу; выхваляцца чым‑н. [Лабановіч] прыгадаў аднаго слуцкага рамізніка, які меў княжацкі тытул і ў крытычных выпадках казыраў ім. Колас. — А ты, хлопча, не дужа казырай сваімі ведамі, бо ведаеш усё гэта з газет. Скрыпка.
казыра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Вітаць па-вайсковаму, прыкладваючы руку да казырка. Дзяўчына-яфрэйтар.. паказвала дарогу кожнай машыне і, спрытна перахапіўшы сцяжкі ў левую руку, казырала. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.
1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.
2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заключэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. заключаць — заключыць (у 1 знач.).
2. Вывад, суджэнне, меркаванне, зробленыя на падставе чаго‑н. Зрабіць заключэнне. Прыйсці да заключэння. Заключэнне ўрача. □ А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.
3. Апошняя, заключная частка твора, прамовы і пад. Дысертацыя складаецца з уступу, трох глаў і заключэння. □ У заключэнні перадачы выступае калгасная мастацкая самадзейнасць. «Звязда».
•••
У заключэнне — пад канец, заканчваючы што‑н. У заключэнне хор выконваў песню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́ла, ‑ы, ж. і зал, ‑а, м.
1. Вялікае памяшканне для мнагалюдных сходаў, якіх‑н. заняткаў і пад. Чытальная зала. Канцэртная зала. Спартыўны зал. // Аб людзях, якія знаходзяцца ў гэтым памяшканні. [Генадзій:] Таленавітае выкананне выклікала бурную рэакцыю ўсяе залы. Крапіва. Зал не мог выгаварыцца і сціхнуць. Яго зачапілі за жывое. Пташнікаў.
2. Прасторны пакой у кватэры, прызначаны для прыёму гасцей, адпачынку. Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька, акуратна на мяшчанскі лад. Колас.
•••
Актавая зала — зала для ўрачыстых пасяджэнняў у навучальных і іншых установах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., што.
1. Пакрыць слоем фарбы, мазі. Замазаць надпіс чарнілам. □ — Хоць бы замазаў чым-небудзь, а то зусім яшчэ свежая метка. Брыль.
2. Заляпіць чым‑н. вязкім, ліпкім. Дзіркі ў сценах жанчыны замазалі глінай і вапнай. Маўр. Лапко паправіў печ, акуратна замазаў яе зверху. Колас.
3. перан. Разм. Знарок прыкрыць, схаваць, затушаваць. Замазаць недахопы. □ — [Валодзя] заяву на мяне падаў, думае гэтым свае грахі замазаць, — сказаў каваль. Чорны.
4. Забрудзіць, запэцкаць. Замазаць рукі ў фарбу.
•••
Замазаць рот каму — прымусіць маўчаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм.
1. Вымушаная затрымка ў рабоце, дзейнасці каго‑, чаго‑н. Ад цямна да цямна не пакідаў поля і Уладзімір Аляксеевіч. Абы-якая замінка ці маленькая няўпраўка, ён ужо там. Пальчэўскі. Нельга дапускаць ніводнай, нават самай маленькай замінкі ў руху паяздоў. Васілевіч.
2. Тое, што замінае, абцяжарвае; перашкода. Кожная грудка лёду, кожны парог-гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць.. [ручайкам] замінкі.. ў іх імклівым руху. Колас. [Маргун:] А гэту замінку мне пакінь. (Паказвае на вінтоўку). Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)