ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),

умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Сімяон),

наўгародскі, полацкі і смаленскі князь у 1-й пал. 13 ст. Сын Мсціслава Раманавіча. У 1218—19 княжыў у Ноўгарадзе. З 1222 (ці з 1223) полацкі князь. У 1232 «взя Святослав Мьстиславичь, внук Романов Смоленск на щит с полочаны на память святых мучеников Бориса и Глеба, исече смолян много, а сам седе на столе». Верагодна, знаходзіўся на смаленскім прастоле да 1239, калі яго змяніў брат Усевалад. Звесткі пра яго далейшы лёс адсутнічаюць.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (? — 1172),

князь уладзіміра-валынскі і берасцейскі. Сын вял. кн. Мсціслава Ізяславіча. Упершыню ўпамянёны ў Іпацьеўскім летапісе пад 1173 (сапраўдная дата падзеі 1170), калі сын Яраслава Асмамысла Уладзімір звярнуўся да яго з просьбай дазволіць уладарыць у г.Чэрвень. Мяркуецца, што ў гэты час С.М. княжыў ва Уладзіміры-Валынскім, а яго старэйшы брат Раман — у Ноўгарадзе. У гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава пад 1172 ёсць запіс пра смерць С.М. ў Бярэсці. Верагодна, туды С.М. перайшоў княжыць у 1170.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНССЕКСУАЛІ́ЗМ (ад транс... + лац. sexualis палавы),

устойлівая неадпаведнасць палавой самасвядомасці чалавека яго сапраўднаму генет. і ганаднаму полу. У аснове Т. цяжкія парушэнні ўнутрывантробнага развіцця мазгавых структур, якія адказваюць за палавыя паводзіны, што вядзе да скажэння палавой самасвядомасці. Палавое выхаванне не ўплывае на станаўленне палавой самасвядомасці пры выражаных формах Т., але станоўча ўплывае пры карэкцыі яго лёгкіх форм. У час палавога выспявання стойкія праявы Т. ўзмацняюцца (непрыманне свайго цела. палавых органаў). Пры выражаных формах Т. часам робяць аперацыі па змене полу.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭСКАБА́ЛЬДЗІ (Frescobaldi) Джыралама (хрышчаны, верагодна, 12.9.1583, г. Ферара, Італія — 1.3.1643),

італьянскі кампазітар, арганіст. З 1604 спявак і арганіст кангрэгацыі «Санта-Чэчылія», з 1608 (з перапынкам) арганіст сабора св. Пятра ў Рыме. Творы Ф. — пераход ад строгай хар. поліфаніі 15—16 ст. да новых інстр. поліфанічных форм. Заснавальнік італьян. арганнай школы (пазней яго наз. «італьян. Бахам»); значная яго роля ў фарміраванні фугі. Аўтар твораў для аргана (рычэркары, канцоны, такаты. фантазіі, капрычыо), клавесіна (такаты, партыты); 2 мес, магніфіката і інш. духоўных твораў, мадрыгалаў і інш.

т. 16, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕР (Weber) Макс (21.4.1864, г. Эрфурт, Германія — 14.7.1920),

нямецкі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Брат А.Вебера. Выкладаў у Фрэйбургскім, Гейдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. Напачатку даследаваў праблемы ідэнтыфікацыі эканам. з’яў мінулага, асэнсаванне якіх вёў на аснове сучаснага яму капіталіст. грамадства. Быў блізкі да неакантыянства, пазітывізму. Асноўнае ў яго сац. філасофіі — ідэя рацыянальнасці, якая знайшла сваё «спецыфічна заходняе» выяўленне ў сучасным бурж. грамадстве з яго рацыянальнай рэлігіяй (пратэстантызм), рацыянальнымі правам, кіраваннем (бюракратыя), грашовым абарачэннем і г.д., паслядоўна накіраванымі на дасягненне найб. эканам. эфектыўнасці. Канцэпцыя яго рацыянальнасці паўплывала на ўсю зах. немарксісцкую сац.-філас. думку 20 ст. Распрацаваў тэорыю паліт. арганізацыі грамадства. Гал. канфлікт паліт. жыцця грамадства бачыў у барацьбе паміж паліт. партыямі і бюракратычным апаратам, чыноўніцтвам.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1990.

Г.​П.​Давідзюк.

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНСА́ЛВІС ДЫ́ЯС (Goncąlves Dias) Антоніу (10.8.1823, г. Кашыяс, Бразілія — 9.11.1864),

бразільскі паэт, драматург. Прадстаўнік рамантычнай паэзіі, адзін з першых індыяністаў. У яго творчасці класічныя формы спалучаны з нац. тэматыкай. Звяртаўся да гісторыі, быту і фальклору індзейцаў: зб-кі «Першыя песні» (1846), «Другія песні» (1848), «Апошнія песні» (1851), паэма «І Жука—Пірама» (1851) і інш. Пафас яго паэзіі — захапленне прыгажосцю роднай краіны, высакародствам яе спрадвечных жыхароў (індзейцаў), суровай чысцінёй іх звычаяў. Яго патрыятычная, прыродаапісальная і інтымная лірыка часам прасякнута трагічным светаадчуваннем (вершы «Песня выгнання», «Калі паміраюць ад кахання...» і інш.). У зб. «Сексціны брата Антона» (1848), п’есах «Паткуль», «Беатрычэ Чэнчы» (абедзве 1843), «Донна Леанор ды Мендоса» (1847) адлюстраваў побыт сярэдневяковай Еўропы. Вядомы як гісторык, этнограф і мовазнавец.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»

(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),

бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.​Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.​Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.​Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.

М.​А.​Лазарук.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКАЕ КНЯ́СТВА феадальнае княства ў бас. рэк Мухавец і Кобрынка. Цэнтр — г. Кобрын. Узнікла каля 1404 пасля падзелу ўладанняў кн. Фёдара Ратненскага (сына вял. кн. ВКЛ Альгерда) паміж яго сынамі Сангушкам (родапачынальнік кн. роду Сангушкаў) і Раманам (родапачынальнік кн. роду Кобрынскіх). На працягу 15 ст. самастойная адм.-тэр. і судовая акруга ў складзе ВКЛ. Падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці. У пач. 16 ст. ў сувязі са згасаннем роду Кобрынскіх княства скасавана, а яго тэрыторыю Жыгімонт I Стары ў 1519 у якасці староства перадаў у пажыццёвае валоданне маршалку ВКЛ В.​Косцевічу (мужу Г.​С.​Кобрынскай). Пасля яго смерці ў 1532 староства ў якасці павета далучана да Падляшскага ваяв., у 1566 увайшло ў Берасцейскі павет.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАРО́ДСКІ Аляксандр Паўлавіч (1850—24.10.1910),

гісторык, педагог, грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскі гіст.-філал. ін-т (1876). З 1876 выкладчык Мінскай мужчынскай гімназіі, адначасова з 1887 сакратар Мінскага губ. стат. к-та. На працягу 10 гадоў адказны за выданне «Памятных кніжак Мінскай губерні», дзе змяшчаў свае артыкулы. Яго працы мелі кампілятыўны характар, напісаны ў вялікадзярж. духу. С. адмаўляў самастойнасць бел. народа і яго мовы. Да 9-га Усерас. археал. з’езда ў Вільні (1893) падрыхтаваў бібліягр. паказальнік публікацый па археал. даследаваннях у Мінскай губ., па выніках працы з’езда выдаў брашуру «Дзевяты археалагічны з’езд у Вільні і яго значэнне для Мінскай губерні» (1893). Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў газ. «Белорусский вестник», ініцыятараў стварэння Мінскага царк.-археал. к-та (1908).

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 15, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)