РОД І ВІД у логіцы,

паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.​І.​Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл. Від, Сістэматыка).

Літ.:

Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр. М., 1991;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скінуць што‑н. з чаго‑н. у некалькі прыёмаў. Скідаць дровы з воза.

2. Кідаючы, сабраць што‑н. у адно месца. Скідаць каменне ў кучу. □ Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі. Не прыбралі ні верху, ні сукоў — не скідалі ў кучу. А летам тады — пажар... Пташнікаў. [Міхась] узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк. Ваданосаў.

3. Кідаючы ў адно месца (сена, салому), скласці стог. На Доўгім грудзе расце добрая дзяцеліна, дзікі гарошак. Калі лясгас дазволіць, яны, хлопцы, скосяць гэтую траву і скідаюць там стажок. Паслядовіч.

4. Разм. Зрабіць сяк-так якую‑н. будыніну. Папрацаваўшы гэтак усё лета, Ільюк пад зіму скідаў сабе хатку. Лобан. Асталася .. [Грасыльда] адна. Хату ёй скідалі сяк-так талакой. Пташнікаў. [Анішчук:] Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць... Гурскі.

5. Разм. Сшыць што‑н. на скорую руку. Я таксама маю світку. Маці скідала мне яе з бацькавай старой, і выйшла яна, як новая. Баранавых.

скіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да скінуць.

•••

(Аж) з ног скідае (валіць) — пра вецер, буру і пад., што не даюць магчымасці ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Раздзяліць што‑н. напалам, на часткі агнём, едкім рэчывам. Перапаліць вяроўку. Перапаліць дроцік.

2. Сапсаваць празмерным абпальваннем, награваннем. Перапаліць цэглу. Перапаліць каву. // Пашкодзіць перагрузкай або кароткім замыканнем (пра электрычныя прыборы). Перапаліць электрычную лямпачку.

3. Спаліць усё, многае. Перапаліць усе дровы. □ [Палашка:] — Учора, што вы думаеце, надумаўся [дзед Аўсей] аладкі пячы: колькі мукі перапсаваў, сала перапаліў... Лынькоў.

4. і чаго. Расходаваць вельмі многа або больш, чым трэба (паліва, гаручага). Не так гэта лёгка — з дня на дзень сляпіцца над чужым шытвом (о, гэты страх ускраіннай краўчыхі, што дзяўчаты-памочніцы перапаляць газы!). Мехаў.

5. Спец. Перапрацаваць што‑н. з дапамогай агню; падвергнуць тэрмічнай апрацоўцы. Перапаліць руду. Перапаліць вапняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цюхна, ‑ы, м.

1. Разм. Ужываецца звычайна пры звароце з пашанай да каго‑н.

2. Ласкава-фамільярны зварот да каго‑н. Ленін горача запярэчыў Пятроўскаму: — Вы забываецеся, бацюхна, што мы ўжо Савецкая дзяржава. Мяжэвіч.

•••

Бацюхны (мае)! (у знач. выкл.) — выражае здзіўленне, спалох. [Салдат:] — Сынок! Мой сынок! Як жа так?.. Няўжо не пазнаеш? А вырас — бацюхны!.. Сапраўдны мужчына. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

благаславе́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. благаслаўляць — благаславіць (у 1 знач.).

2. Разм. Ухваленне чаго‑н.; згода на што‑н. Так было да часу, пакуль не парадзела ў хлявах, пакуль не дала свайго благаславення маці на аддзел Платона. Ракітны.

3. Падзяка, хвала. Благаславенне табе і ўся душа табе, мясціна, дзе радзіўся і вырас чалавек! Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адму́чыцца, ‑мучуся, ‑мучышся, ‑мучыцца; зак.

Прамучыцца пэўны час. [Дзед:] — Я і так буду ўсё жыццё локці сабе кусаць — гэта ж праз мяне ты амаль цэлы год у канцлагеры адмучыўся, ледзь жывы астаўся. Сачанка. // Скончыць, перастаць мучыцца. // Памерці; смерцю пазбавіцца ад мук. — Гарыць увесь [пра закатаванага фашыстамі да непрытомнасці хлопчыка] ... Дзе толькі сілы бяруцца! Тут і мужык не вытрымае ... Той, што сувязны быў, памёр. Адмучыўся бедалага. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́качацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Разгладзіцца, расправіцца пры качанні.

2. у што. Качаючыся, абляпіцца, запэцкацца. Выкачацца ў снег. // у чым. Пакачацца. Выкачацца ў траве. □ Неўзабаве ён [Этай] вярнуўся ўвесь заснежаны, нібы знарок выкачаўся ў гурбах. Бяганская.

3. Разм. Паправіцца, выжыць. Сяк-так ад хваробы выкачаўся [дзед]. Лынькоў. [Кастусь:] — Зноў я застаўся адзін, але не прапаў, выкачаўся сярод людзей. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каду́к, ‑а, м.

Разм. Чорт, д’ябал. — А чаму ты не будзеш там? Куды цябе кадук схапіць пад той час. Машара.

•••

Кадук з ім (з ёй, з імі, з табой, з вамі) — хай сабе будзе і так, нічога дрэннага тут няма (быць не можа).

Кадук яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — нічога невядома (пра каго‑, што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзек, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здзекавацца. Партызаны судзілі і каралі паноў за здзек і злачынства над народам. Машара.

2. Злая зневажальная насмешка; зневажальны ўчынак або паводзіны ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Пытанне было неразумнае, здзек і насмешка яўныя, але ўсё адно Уладзімір Іванавіч не знайшоў, што адказаць так, каб Пятру стала няёмка. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямля́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Часовае жыллё, зробленае ў зямлі (іншы раз выступае на паверхню). Партызанскія зямлянкі. □ Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. [Каліна з Аннушкай] у кутку школьнага двара пачалі капаць зямлянку і зносіць туды свой набытак. Няхай.

зямля́нка 2,

гл. зямляне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)