ЗЕМЛЕКАРЫСТА́ННЕ,

карыстанне зямлёй ва ўстаноўленым звычаем або законам парадку. Паводле зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб’ектам гэтага права можа быць зямельны ўчастак, дадзены землекарыстальніку па рашэнню кампетэнтнага органа дзярж. кіравання. У гэтым сэнсе З. заўсёды мае вытворны і залежны характар ад права дзярж. уласнасці на зямлю, з’яўляецца мэтавым і платным. Суб’ектамі гэтага права для мэт, якія ўказаны ў заканадаўстве аб зямлі, могуць быць: грамадзяне Беларусі; прамысл., трансп. і інш. нясельскагасп., дзярж., каап., грамадскія прадпрыемствы, установы і арг-цыі; рэліг. арг-цыі; сумесныя прадпрыемствы, міжнар. аб’яднанні з удзелам бел. і замежных юрыд. асоб. Землекарыстальнікі маюць права: выкарыстоўваць зямлю ў адпаведнасці з умовамі яе прадастаўлення; выкарыстоўваць ва ўстаноўленым парадку існуючыя на зямельным участку карысныя выкапні, торф, а таксама інш. карысныя ўласцівасці зямлі; ставіць неабходныя будынкі і збудаванні (па ўзгадненню з Саветам дэпутатаў, які даў зямлю); уласнасці на пасевы с.-г. культур і атрыманую с.-г. прадукцыю; атрымліваць пры спыненні права З. пакрыццё кошту зямельных паляпшэнняў, праведзеных за ўласны кошт; перадаваць у часовае карыстанне зямельны ўчастак або яго частку ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках і парадку. Асн. абавязак землекарыстальнікаў — забяспечыць выкарыстанне зямлі ў адпаведнасці з яе мэтавым прызначэннем і ўмовамі яе прадастаўлення. Акрамя таго, яны абавязаны эфектыўна выкарыстоўваць дадзеную ім зямлю, павышаць яе ўрадлівасць, прымяняць прыродаахоўныя тэхналогіі вытворчасці, не дапускаць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі ў выніку сваёй гасп. дзейнасці, ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове зямель: своечасова ўносіць зямельны падатак або арэндную плату за зямлю; не парушаць правы ўласнікаў і землеўладальнікаў, а таксама інш. землекарыстальнікаў, у т. л. арандатараў. Зямельны ўчастак даецца землекарыстальнікам у пастаяннае або часовае карыстанне. Пастаянным прызнаецца карыстанне зямлёй без загадзе вызначанага тэрміну. Часовае карыстанне можа быць кароткатэрміновым (да 3 гадоў) і доўгатэрміновым (ад З да 10 гадоў). У выпадку вытв. неабходнасці гэтыя тэрміны могуць быць прадоўжаны на перыяд. які не перавышае адпаведных тэрмінаў. Падставы спынення і пераходу права карыстання зямлёй прадугледжаны Кодэксам аб зямлі. Карыстанне зямельным участкам на ўмовах арэнды рэгулюецца зямельным і арэндным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У дакласавым грамадстве ворныя землі былі абшчыннай уласнасцю і перыядычна размяркоўваліся паміж членамі абшчыны так, што кожны земляроб апрацоўваў сваімі сіламі палі, перададзеныя ў яго часовае карыстанне. Пры рабаўладальніцкім ладзе асн. землекарыстальнікамі былі рабаўладальнікі, якія выкарыстоўвалі ў сваіх латыфундыях прымусовую працу рабоў. Побач з гэтым існавала і дробнае З. вольных сялян. Пры феадалізме ў Беларусі З. мела некалькі форм: З. феад. дзяржавы і шляхты апіралася на феад. зямельную ўласнасць і асабіста залежных ад іх феадальна-абавязаных сялян. З развіццём панскай фальварковай гаспадаркі пашыралася З. феадалаў. Напярэдадні скасавання прыгону доля фальварковай ворнай зямлі ў маёнтках буйна- і сярэднепамесных уласнікаў у некат. губернях Беларусі дасягала больш за 60%. З. сялян, якія мелі надзелы панскай або дзярж. зямлі, у пэўных межах стварала ўмовы для развіцця дробнай сял. гаспадаркі. Існавала З. сялян на чыншавым праве пры захаванні асабістай свабоды, але з унясеннем феад. аброку. З. вольных людзей, старавераў, праваслаўных арандатараў, якія былі асабіста свабоднымі, мелі права пераходу з аднаго месца на другое, але павінны былі ўносіць грашовы аброк або адпрацоўваць за карыстанне панскай або дзярж. зямлёй. У познефеад. перыяд на правах прыватнай уласнасці зараджалася З. купцоў, мяшчан, сялян. Пасля сялянскай рэформы 1861 сістэма З. апіралася на права прыватнай зямельнай уласнасці, надзельнае землеўладанне сялян або на дагавор арэнды зямлі, якая пачала займаць усё большую долю ў сельскай гаспадарцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі былі вельмі пашыраны прадпрымальніцкая, капіталіст. і паўфеад. харчовая сял. формы арэнднага З. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сістэма З. грунтавалася на грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. на зямлю, і сацыяліст. сістэму гаспадарання. Пераход да буйной калектыўнай гаспадаркі, калектывізацыя прывялі да стварэння калгасаў і саўгасаў, якім б.ч. зямель с.-г. прызначэння была перададзена дзяржавай на вечнае і бясплатнае З.

В.​М.​Заркоў, В.​П.​Панюціч.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),

метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.

Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.

У замежнай практыцы буд-ва М., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.​Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б. сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.

Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл. Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш. Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.

Літ.:

Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;

Тоннели и метрополитены. М., 1989.

С.​Л.​Сергачоў (архітэктура), В.​А.​Ярмоленка.

Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).
Да арт. Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.​Шчусеў і інш.
Да арт. Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.​Пірагоў, А.​Зензін, маст. В.​Чурыла, С.​Сакалоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ХІКА (México, Méjico),

горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд. ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн. ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн. чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Метрапалітэн.

Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).

Стары горад размешчаны на месцы стараж. г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.​Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.​Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.​Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л. гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.​Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.​Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ва арх. К.​Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.​Сікейрас, Д.​Рывера, Х.​Чавес Марада, Х.​О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.​Пані, С.​Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.​Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.​Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.​Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.​Калумбу (1852—92, М.​Вілар, і 1876—77, Ш.​Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.​Рывас Меркада), С.​Балівару (1946, М.​Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.​Абрэгон Сантасілья) і інш. Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац. ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац. політэхн. ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац. б-ка Нац. АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Мексіка.

Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.
Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ЎКА ў архітэктуры,

размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.

Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (11 ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл. Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).

У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.

Літ.:

Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;

Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;

Яго ж. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990.

А.​А.​Трусаў.

Муроўка: 1 — опус мікстум; 2 — лускаватая; 3 — опус інсертум; 4 — балтыйская; 5 — са «схаваным радам»; 6 — гранд апарайль; 7 — дэкаратыўная мяшаная; 8, 10 — мяшаныя; 9 — дэкаратыўная раўнарадавая; 11 — раўнарадавая; 12 — гатычная; 13 — рэнесансавая; 14 — крыжовая; 15 — старчаковая; 17 — дэкаратыўная гатычная; 18 — разынкавая.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),

1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.

2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч. аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.

У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст. рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец. сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст. н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).

На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус. археал. т-ва У.​В.​Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.​П.​Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял. Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец. навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш.), будынкі філіялаў Літ. музея Я.​Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.​Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.​Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.​Ф.​Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.).

3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.

Літ.:

Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.

В.​В.​Калнін.

т. 14, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НЫ ПРАСПЕ́КТ у Мінску,

гал. дыяметр і асноўная магістраль горада; перасякае яго з ПдЗ на ПнУ. З 1951 наз. Сталінскі, з 1961 Ленінскі праспект, з 1990 сучасная назва. Даўж. больш за 11 км, шыр. 48—70 м. Як гал. кампазіцыйны дыяметр арганізацыйна ўплывае на планіроўку і забудову ўсяго горада. Яго перасякаюць Мінскі водна-зялёны дыяметр р. Свіслач і важныя трансп. магістралі, якія звязваюць праспект з усімі раёнамі горада. Уздоўж праспекта размяшчаюцца асн. гар. плошчы — Перамогі плошча, Кастрычніцкая, Я.​Коласа. Чаргаванне адм. будынкаў, культ.-асв., навучальных, гандл., вытв. і інш. устаноў з жылымі дамамі і комплексамі зрабіла магчымым пазбегнуць аднастайнасці і стварыць яго своеасаблівае арх.-маст. аблічча. Як гал. гар. магістраль пачаў фарміравацца ў 19 ст. Забудоўваўся праспект у 3 чаргі: 1-ы ўчастак (цэнтральны) ад Незалежнасці плошчы да пл. Перамогі (2,9 км, з 1945 пад кіраўніцтвам М.​Баршча і М.​Паруснікава) створаны на месцы вул. Савецкай ( з 1830 вул. Захар’еўская, у 1918—19 — Адама Міцкевіча), Пушкінскай (назва ў 1920—44 участка ад вул. Даўгабродскай да будынка абсерваторыі); 2-і — ад пл. Перамогі да пл. Калініна (2,7 км) і 3-і — ад пл. Калініна да ўезда ў горад з боку Маскоўскай шашы (больш за 6 км, 1950—70-я г.). Пасля Вял. Айч. вайны гал. магістраль створана на шырокай і выпрастанай трасе. На цэнтр. участку створаны ансамблі высокай арх.-маст. вартасці, характар арх. афармлення якіх засн. на творчым асваенні класічнай спадчыны: адм. будынкі паміж вул. Гарадскі Вал і Камсамольскай (КДБ; 1945—47, арх. Г.​Гай, Паруснікаў), Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога універмага, Мінскага галоўнага паштамта, Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага цырка, будынак б. Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, гасцініца «Мінск» (1-я чарга ў 1957, арх. Г.​Баданаў, 2-я — у 1967, арх. Г.​Сысоеў, С.​Мусінскі, Дз.​Кудраўцаў, з 2001 на рэканструкцыі). Ад вул. Я.​Купалы праспект спускаецца да азялененай поймы Свіслачы, узвышаецца над масівамі паркаў імя Янкі Купалы і Цэнтр. дзіцячага парку імя М.​Горкага. З гранітнай набярэжнай (1958, арх. К.​Іваноў) адкрываецца панарама ў бок пл. Парыжскай камуны з манум. будынкам т-ра оперы і балета. За мостам (1951, арх. Паруснікаў, Баданаў) знаходзяцца 5-павярховыя жылыя дамы (1939, дабудаваны ў 1947, арх. Р.​Столер, у 1950—56, арх. Баршч, Л. і Г.​Аранаўскасы). Завяршае цэнтр. ўчастак праспекта пл. Перамогі з Манументам Перамогі. На 2-м участку праспекта побач з даваен. дамамі (1937—41, арх. А.​Брэгман, Г.​Якушка) узведзены новыя жылыя будынкі (1952—58, арх. Баршч, Л.​Арнаўскас, А.​Духан, С.​Баткоўскі, Н.​Макляцова, Н.​Шпігельман). Вял. роля на гэтым участку і ў структуры горада належыць пл. Якуба Коласа з помнікам Я.​Коласу ў цэнтры (1972, скульпт. З.​Азгур, арх. Ю.​Градаў, Г.​Заборскі, Л.​Левін). Другі важны вузел участка ўтвараюць рэканструяваныя і расшыраныя комплексы 1-й клінічнай бальніцы, Нацыянальнай акадэміі навук будынкі, будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі, кінатэатр «Кастрычнік», жылыя дамы з магазінам «1000 дробязей» (1962, арх. Сысоеў, Кудраўцаў), дом гандлю «Першамайскі» (б. «Сінтэтыка»; 1964—65, арх. Мусінскі, Сысоеў); завяршае ўчастак пл. Калініна з помнікам М.​І.​Кілініну (1978, арх. Ю.​Грыгор’еў, А.​Няўзораў, скульпт. В.​Палійчук, І.​Глебаў). 3-і ўчастак адрозніваецца ад папярэдніх аднабаковай забудовай на значнай адлегласці. Тут знаходзяцца будынкі гадзіннікавага з-да «Прамень» (1956—61, арх. Баткоўскі, І.​Боўт, Шпігельман), кварталы жылых дамоў, Бел. агр. тэхн. ун-т (1956, арх. Бакланаў). Да праспекта прылягае парк імя Чэлюскінцаў, тэр. дзіцячай чыгункі (вакзал пабудаваны ў 1956) і зялёны масіў. Далей размешчаны кінастудыя «Беларусьфільм», жылыя дамы канца 1950-х г., Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак, комплекс НДІ сродкаў аўтаматызацыі (1972, арх. Мусінскі, Кудраўцаў). Важная роля ў фарміраванні арх.-маст. аблічча праспекта належыць жылому раёну Усход (забудоўваецца з 1966). Уздоўж праспекта пабудавана 1-я чарга лініі Мінскага метрапалітэна. Архітэктарам Баданаву, Баршчу, Баткоўскаму, А.​П.​Воінаву, У.​Каралю, Мусінскаму, Паруснікаву, Сысоеву, Н.​Трахтэнбергу, Шпігельману прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

А.​А.​Воінаў, В.​М.​Чарнатаў.

Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.
Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.
Панарама Скарыны праспекта.

т. 14, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКАЯ БІ́ТВА 1941,

комплекс абарончых і наступальных дзеянняў сав. войск Заходняга (каманд. Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка), Рэзервовага (ген. арміі Г.​К.​Жукаў), Цэнтральнага (ген.-палк. Ф.​І.​Кузняцоў, са жн. ген.-лейт. М.​Р.​Яфрэмаў) і Бранскага (ген.-лейт. А.​І.​Яроменка) франтоў на зах. напрамку 10 ліп. — 10 вер. ў Вял. Айч. вайну. Мэта С.б. — не дапусціць прарыву ням.-фаш. войск да Масквы. У сувязі з неспрыяльным ходам прыгранічных бітваў 1941 Гал. камандаванне з канца чэрв. пачало разгортваць на рубяжы Зах. Дзвіны і Дняпра ад Краславы да Лоева войскі 2-га стратэг. эшалона (22-я, 19, 20, 16, 21-я арміі), якія ў пач. ліп. ўвайшлі ў склад Зах. фронту. На Смаленскім напрамку група герм. армій «Цэнтр» (2-я і 3-я танк. групы, 9-я і 2-я арміі; камандуючы ген.-фельдмаршал Ф.​Бок) да пач. бітвы пераўзыходзіла войскі Зах. фронту ў людзях, артылерыі і самалётах у 2 разы, у танках у 4 разы. 10.7.1941 яна пачала наступленне ад Себежа на Ідрыцу, ад Дрысы на Невель, з раёна Віцебска на Дзямідаў і Ярцава — у абход Смаленска з Пн, з раёна Магілёва — у абход Смаленска з Пд і на Рослаўль, каб акружыць сав. войскі, авалодаць раёнам Орша—Віцебск—Смаленск і адкрыць шлях на Маскву. Сав. войскі проціпаставілі наступаючым упартую абарону на многіх рубяжах і моцныя контрудары. 13 ліп. войскі 21-й арміі (на гал. напрамку 63-і стралк. корпус камкора Л.​Р.​Пятроўскага) фарсіравалі Дняпро, вызвалілі Жлобін, Рагачоў (гл. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941) і развілі наступленне на Бабруйск. Акружаная ў Магілёве частка сіл 13-й арміі разам з апалчэнцамі змагалася да 26 ліп. (гл. Магілёва абарона 1941). Пад Оршай 14 ліп. ўпершыню выкарыстаны рэактыўныя мінамёты («кацюшы»). 21 ліп. контрударам вораг выбіты з Вялікіх Лук. Калі 16 ліп. гітлераўцы захапілі Смаленск, сав. войскі нанеслі ўдары ад Рослаўля, Белага, Ярцава, 16-я армія пры падтрымцы 20-й арміі да 27 ліп. адкінула іх да Смаленска і авалодала паўн. ускраінай горада. Амаль месяц ішлі цяжкія баі ў раёне Ельні, дзе сав. войскі 24-й арміі нанеслі паражэнне 6 герм. пяхотным і танкавай дывізіям. 21-я армія, што абараняла Гомель (гл. Гомеля абарона 1941), стрымлівала ворага да 21 жн. Упартыя абарончыя баі вяліся на інш. напрамках. У выніку за 2 месяцы група ням. армій «Цэнтр» прасунулася на У ад Дняпра толькі на 170—200 км і вымушана была 30 ліп. прыпыніць наступленне (упершыню за час 2-й сусв. вайны ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны на гал. напрамку). У час С.б. нарадзілася сав. гвардыя, 23 жн. — 2 вер. кав. група ген. Л.​М.​Даватара ў раёне Белага, Дзямідава, Духаўшчыны зрабіла рэйд па тылах ворага і прычыніла яму вялікія страты. Каля 2 млн. працоўных Беларусі будавалі абарончыя рубяжы па Зах. Дзвіне, Лучосе, Дняпры, Сажы. Насельніцтва змагалася ў нар. апалчэнні, знішчальных батальёнах, атрадах самаабароны. На 1 вер. на Беларусі дзейнічала больш за 300 партыз. атрадаў, у якіх было больш за 8 тыс. чал. За гераізм у С.б. званне Героя Сав. Саюза прысвоена Ц.​П.​Бумажкову, ураджэнцам Беларусі А.​І.​Лізюкову і К.​Н.​Осіпаву.

Літ.:

Великая Отечественная война Советского Союза, 1941—1945: Краткая история. 2 изд. М., 1970;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1. Мн., 1983;

Еременко А.И. На западном направлении. М., 1959;

Яго ж. В начале войны. М., 1964;

Пономаренко П.К. Во главе обороны // Солдатами были все. 2 изд. Мн., 1972;

Советский Союз в годы Великой Отечественной войны 1941—1945. М., 1976;

Черемухин К. На Смоленско-Московском стратегическом направлении летом 1941 г. // Воен.-ист. журн. 1966. № 10;

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 4. М., 1975.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 15, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на З еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 27.9.1937. На З і ПдЗ мяжуе з Беларуссю. Пл. 49,8 тыс. км². Hac. 1128 тыс. чал. (2000), гарадскога 70,1%. Цэнтр — г. Смаленск. Найб. гарады: Вязьма, Рослаўль, Ярцава, Сафонава, Дзеснагорск, Гагарын.

Паверхня — хвалістая раўніна, у межах якой вылучаюцца Смаленскае ўзв. (выш. да 319 м), парэзанае далінамі рэк. На ПнЗ марэнныя грады. Карысныя выкапні: буры вугаль (зах. ч. Падмаскоўнага вугальнага басейна), торф. фасфарыты, мергель, мел, вапнякі, гліны, пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C на ПнУ да -8 °C на ПдЗ, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год. Гал. р. Дняпро з прытокамі Сож, Дзясна, Воп, Вязьма і інш.; на ПнЗ — Зах. Дзвіна з прытокам Каспля, на У — Угра і Вазуза (бас. р. Волга). Больш за 150 азёр, пераважна ледавіковага паходжання. Глебы дзярнова-падзолістыя, месцамі забалочаныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам (асіна, бяроза, елка, хвоя) каля 40% тэрыторыі. Нац. парк Смаленскае Паазер’е.

Гал. галіны прам-сці: маш.-буд. і металаапрацоўка (аўтамаб. дызельныя рухавікі і агрэгаты, энергет. і электралямпавае абсталяванне, сродкі вылічальнай тэхнікі, вымяральныя і гідраметэаралагічныя прылады, алмазныя інструменты, быт. халадзільнікі); хім. (мінер. ўгнаенні, сінт. прадукцыя, пластмасы); лёгкая (баваўняныя і льняныя тканіны, бялізнавы трыкатаж, швейныя вырабы. абутак, шпагат); харч. (малочна-кансервавая, масласыраробная, мукамольная, макаронная і інш.); лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая; паліграф.; ювелірная (аграньванне брыльянтаў). Вытв-сць буд. матэрыялаў (керамзіт, цэгла, шкло і інш.). Развіты паліўна-энергет. комплекс. Вытв-сць электраэнергіі 22,4 млрд. кВт∙гадз (1999). Дарагабужская ДРЭС, Смаленскія АЭС і ДРЭС. Здабыча бурага вугалю і торфу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — малочнамясная жывёлагадоўля і свінагадоўля; развіта конегадоўля (рысістыя пароды), птушкагадоўля. Пасяўныя плошчы займаюць 899 тыс. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (ячмень, авёс, жыта, пшаніца) 33,2% плошчы, тэхн. (лён-даўгунец) 0,7%, бульбай і агароднінай 5,8%, кармавымі 60,3%. Даўж. чыгунак 1259 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8819 км (1999). Гал. чыгунка і аўтамагістраль Масква—Мінск, чыг. вузлы Смаленск, Вязьма, Рослаўль. Суднаходства па р. Дняпро. Газаправод Таржок—Смаленск—Івацэвічы і інш.

Беларусы ў Смаленскай вобласці. Тэр. сучаснай С.в. з часоў сярэдневякоўя з’яўляецца натуральнай часткай бел.-рас. этнічнага і культ. памежжа. Тут у 7—11 ст. жылі адны з продкаў беларусаў — смаленскія крывічы, якія ўтварылі Смаленскае княства. Некалькі стагоддзяў за смаленскія землі змагаліся Маск. дзяржава (Расія) і ВКЛ, якое з 1569 разам з Польшчай утварала Рэч Паспалітую (гл. Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404, Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67); у 1404—1514 рэгіён уваходзіў у склад ВКЛ, у 1618—67 — Рэчы Паспалітай. Пасля далучэння да Расіі тут існавала Смаленская губерня, большасць насельніцтва якой складалі беларусы; у зах. Смаленшчыне, верагодна, напісана бел. ананімная паэма «Энеіда навыварат». Але колькасць беларусаў у выніку этн. асіміляцыі паступова скарацілася. Уздым грамадскай і нац.-культ. актыўнасці мясц. беларусаў прыпаў на пач. 20 ст. Прадстаўнікі беларусаў Смаленшчыны ўдзельнічалі ў працы Усебеларускага з’езда 1917. У 1922—23 і 1925—27 дзейнічала Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы, якая супрацоўнічала з Бел. студэнцкім зямляцтвам у Смаленску (існавала ў 1924—29? пры Смаленскім ун-це). Са Смаленшчыны паходзілі гісторык А.​Кіркор, дзеячы бел. культуры А.​Ружанцоў і М.​Шчаглоў-Куліковіч. У 1920—пач. 1930-х г. у зах. раёнах вобласці дзейнічалі бел. школы, чырв. куткі, хаты-чытальні і інш. У канцы 1930-х г. бел. даследчыцкая і культ.-асв. дзейнасць у С.в. згорнута. У вобласці жыве 29 тыс. беларусаў (2000); бел. тэматыку вывучаюць М.​М.​Ількевіч, А.​У.​Корсак, Г.​А.​Ластоўскі і інш.

Літ.:

Живописная Россия: ...Литовское и Белорусское Полесье. 2 изд. Мн., 1994 [рэпр. выд.: СПб., 1882);

Судьбы национальных меньшинств на Смоленщине, 1918—1938 гг. Смоленск. 1994;

Корсак А.У. Беларускія школы на Смаленшчыне // Бел. гіст. часоп. 1998. № 3;

Яго ж. Культурная работа сярод нацыянальных меншасцей Смаленшчыны ў першае дваццацігоддзе савецкай улады // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2000. № 3.

У.​Я.​Калаткоў (беларусы ў Смаленскай вобласці).

т. 15, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАРГО́НСКІ РАЁН Размешчаны на ПнУ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940

(у сучасных межах з 15.5.1978). Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 60,9 тыс. чал. (2001),

гарадскога 60,3%. Сярэдняя шчыльн. 41 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Смаргонь. Уключае 324 сельскія нас. пункты, 12 сельсаветаў: Ардашынскі, Бялкоўшчынскі, Вішнеўскі, Войстамскі, Жодзішкаўскі, Залескі, Каранёўскі, Крэўскі, Кушлянскі, Лылойцінскі, Сінькоўскі, Сольскі.

Большая ч. тэрыторыі ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, паўд. ч. на Ашмянскім узвышшы. Паверхня пераважна плоскараўнінная, на Пд — узгорыста-градавая, 30% яе вышэй за 200 м, 43% на выш. 140—200 м, 27% — ніжэй за 140 м. Найвыш. пункт Мілідаўская гара (320 м). Агульны нахіл з Пд на Пн. Глыбіня расчлянення рэльефу на Пд да 35 м/км². Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 600 мм. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. р. Вілія з прытокамі Ашмянка, Оксна з Гервяткай, Палавойка і інш. Азёры: Рыжае, Тушча. на мяжы з Мядзельскім р-нам Свір, Вішнеўскае. Рачунскае вадасх. на р. Ашмянка. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (53,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22,4%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,7%). Пад лесам 38% тэр., найб. лясны масіў на левабярэжжы р. Вілія на Пн ад г. Смаргонь. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя, альховыя; штучныя насаджэнні — каля 19%, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 2,7% тэр. раёна. У межах раёна заказнік рэсп. значэння біял. Дубатоўскае, заказнікі мясц. значэння: ландшафтны і біял. Блакітныя Азёры (6 азёраў без назваў), біял. Жодзішкаўскі, ландшафтны, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны Трылесіна, ландшафтны і геамарфалагічны Марцішкі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк Залессе, валуны: каля в. Вавукі, Камень Багушэвіча каля в. Кушляны, «Асілак» у Трылесінскім лясніцтве, Камень-горка каля в. Укропенка, Вялікі камень каля вёсак Асаны, Крэва, Полтараўшчына; Ашмянец, Камяніцкі каля в. Камяніца, Кашэчы камень каля в. Кеўлы, Казіны камень каля в. Ядвігава, града Свайгінская каля в. Свайгіні, узгорак Мілідаўская гара каля в. Мілідаўшчына. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у в. Дабраўляны, валуны Марцішкінскі каля в. Бярозы, Чортаў камень каля в. Войневічы, Войстамскі і Юрыздыцкі каля в. Войстам, Вялікі камень каля в. Суцькава і валуны каля вёсак Будзілкі, Вугляны, Кацярынава, Крыўск, Мілідаўшчына, Пільці, Паляны, Сялец, Хведзевічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,3 тыс. га, з іх асушаных 23,1 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 11 калгасаў, 2 саўгасы, аграфірма «Вілія», птушкафабрыка, рыбгас, 30 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, рыбагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: буд. матэрыялаў, металаапр., харч., дрэваапр., камбікормавай, першаснай апрацоўкі лёну, кааператыўнай; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтастрада Мінск—Вільнюс, аўтадарогі на Свір, Ашмяны, Гальшаны, Маладзечна і інш. У раёне 17 сярэдніх (у т. л. гімназія, сац.-пед. комплекс, школа-інтэрнат), 13 базавых, 6 пач., 2 спарт. школы, школа мастацтваў, ПТВ, Дом творчасці дзяцей і моладзі, станцыя дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, станцыя дзіцячай тэхн. творчасці, экалагічны цэнтр, сац.-пед. цэнтр, вучэбна-вытв. камбінат і інш., 24 дашкольныя ўстановы, 31 дом культуры і клуб, 39 б-к, 6 бальніц, 2 паліклінікі (2 філіялы), дзіцячая кансультацыя (2 філіялы), 24 фельч.-ак. пункты, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Музеі: Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба, музей-сядзіба М.​К.​Агінскага ў в. Залессе. Помнікі архітэктуры: капліца (19 ст.) у в. Алянец, касцёл Тадэвуша (1811) у в. Вішнева, касцёл (пач. 20 ст.) у в. Войстам, царква (19 ст.) у в. Выгаліненты, Троіцкі касцёл (1809) у в. Данюшава, Жодзішкаўскі кальвінскі збор, сядзіба (19 ст.), якая ўключае сядзібны дом (былы Жодзішкаўскі езуіцкі калегіум) у в. Жодзішкі, Залескі палацава-паркавы ансамбль, царква Усіх засмучаных (1862) у в. Кеўлы, руіны замка (гл. Крэўскі замак) і царква Аляксандра Неўскага (1854) у в. Крэва, свіран (19 ст.) у в. Кушляны, Пакроўская царква (1866) у в. Міхневічы, касцёл (1905) у в. Нястанішкі, касцёл Маці Боскай (пач. 20 ст.) у в. Солы. Гіст. помнік — цэнтр рамяства (19 ст. — 1-я пал. 20 ст.), адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці на З Беларусі ў в. Крэва. Выдаецца газ. «Светлы шлях».

В.​І.​Мацкевіч, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 15, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ВЯЗЬ у эканоміцы,

галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае перадачу і прыём інфармацыі рознымі тэхн. сродкамі; частка вытв. і сац. інфраструктуры грамадства, прызначана для задавальнення патрэб насельніцтва органаў дзярж. кіравання і суб’ектаў гаспадарання ў паслугах С.

У старажытнасці С. ажыццяўлялася праз пасланцоў (конных і пешых), якія перадавалі паведамленні вусна, а таксама падачай умоўных светлавых сігналаў. З узнікненнем пісьменнасці пачала складвацца паштовая С. (гл. Пошта). З пач. 19 ст. пачала стварацца правадная С. У 1832 П.​Л.​Шылінг вынайшаў эл. тэлеграф, у 1873 С. Морзе — электрамагнітны тэлегр. апарат, у 1876 А.​Г.​Бел — тэлефон, у 1895 А.​С.​Папоў — радыё, што стала пачаткам бяздротавай С. (гл. Сувязь у тэхніцы).

На Беларусі першая тэлегр. лінія Мінск — Бабруйск пачала працаваць у 1859. У 1896 у Мінску пабудавана тэлеф. станцыя на 100 нумароў, у пач. 20 ст. тэлеф. станцыі мелі 16 гарадоў Беларусі, працавала каля 400 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа. У 1925 у Гомелі і Мінску пачалі працаваць радыёстанцыі магутнасцю 1,2 кВт. У 1930-х г. развівалася міжгародняя тэлефонная С., будаваліся аўтам. тэлеф. станцыі. Да 1940 усе 195 гарадоў і раённых цэнтраў БССР былі тэлефанізаваны, 653 населеныя пункты абслугоўваліся міжгародняй тэлеф. С. Сельская тэлеф. С. ахоплівала 80% сельсаветаў, амаль усе МТС, пераважную большасць калгасаў і саўгасаў. Пасля Вял. Айч. вайны сетка прадпрыемстваў С. адноўлена і пачала развівацца на новай тэхн. аснове. З 1945 дзейнічае пастаянная радыётэлегр. С. паміж Мінскам і Масквой, з 1966 у Мінску па фотатэлеграфе прымаюцца матрыцы маскоўскіх газет, з 1967 працуе відэатэлефон. З 1956 у Мінску пачаліся рэгулярныя тэлевізійныя перадачы. Пабудаваны паштамты ў Мінску (1954), Віцебску (1960), Магілёве (1961), Гродне (1970). З 1970 у Мінску дзейнічае аўтам. міжгародняя тэлеф. станцыя, пазней такія станцыі створаны ў Віцебску, Гродне. У 1972 завершана аўтаматызацыя гар. і сельскай тэлеф. С. У 1980-я г. пачалося ўкараненне электронных тэлеф. станцый, з’явіліся першыя міжнар. каналы С. Мінск—Беласток, Мінск—Варшава. У 1990-я г. ўведзены ў эксплуатацыю першая ў СССР лічбавая аўтам. міжгародняя тэлеф. станцыя, комплекс станцый спадарожнікавай С., які забяспечыў тэлеф. С., Інтэрнет, абмен тэлевіз. праграмамі з Індыяй, Канадай, ЗША і інш. краінамі. Насельніцтва, прадпрыемствы і ўстановы Беларусі абслугоўваюць 118 гар. і раённых вузлоў і 3883 аддзяленні С., у т. л. 3100 сельскіх. У структуры С. разам. з традыц. відамі актыўна ўкараняецца радыёсувязь і перадача даных, уведзена міжнар. тэлегр. станцыя «Тэлекс», пашыраецца сетка электроннай пошты. Укаранёны аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі і падрыхтоўкі суправаджальнай дакументацыі па міжнар. пошце і інш. Створана сучасная лічбавая інфраструктура электрасувязі верхняга ўзроўню (гл. Лічбавае радыёвяшчанне, Лічбавае тэлебачанне). Здадзеныя ў эксплуатацыю на базе лічбавага абсталявання магістральныя валаконнааптычныя лініі С. (гл. Валаконна-аптычная сувязь) звязалі паміж сабой усе абл. цэнтры рэспублікі; міжнар. лініі звязалі Беларусь з сумежнымі краінамі. Пейджынгавая С. забяспечвае 40% тэр. краіны, сотавай радыёсувяззю можа карыстацца 55% насельніцтва рэспублікі, а з дапамогай роўмінгу — яе абаненты ў Балгарыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. Трансліруецца 5 праграм тэлебачання і 6 радыёвяшчання (асн. паказчыкі С. агульнага карыстання гл. ў табл.). Беларусь з’яўляецца членам Міжнар. саюза электрасувязі, Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. арг-цыі касм. сувязі і інш.

М.​П.​Талочка.

Асноўныя паказчыкі сувязі агульнага карыстання на Беларусі
1985 1990 1995 2000
Колькасць прадпрыемстваў сувязі (пошта, тэлеграф, тэлефон) 4468 4169 3940 3883
у т. л. ў сельскай мясцовасці 3476 3359 3137 3100
Адпраўлена, млн.
пісьмаў 351 302 134 132
газет і часопісаў 1756 2200 568 531
пасылак 9.3 8,2 0,6 0,7
тэлеграм 10,8 10,6 2,4 1,5
грашовых пераводаў і пенсіённых выплат 31,1 37 32,8 30
Колькасць міжгародніх тэлефонных размоў, млн. 108,2 193,5 248,3 528,6
Колькасць тэлефонных апаратаў, тыс. 1099,6 1670,1 2087,8 2875
у т. л. у гарадах 861,4 1329 1676,8 2340
у сельскай мясцовасці 238,2 341,1 411 535
Забяспечанасць насельніцтва хатнімі тэлефонамі на 100 сем’яў, шт. 23 37 49 75
Колькасць абаненцкіх установак сеткі «Тэлекс», шт. — 157 381 3152
Колькасць зарэгістраваных факсімільных апаратаў (тэлефаксаў), шт. — — 8901 26925

т. 15, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)