БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утворана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Камітэт партыі. Асн. мэты: пабудова унітарнай, дэмакр., суверэннай дзяржавы сацыяльна арыентаванага рыначнага характару; развіццё дэмакратыі; абарона ўласнасці і свабоды прадпрымальніцтва; уключэнне эканомікі Беларусі ў нар.-гасп. працэсы на аснове правядзення паліт., эканам. і дзярж.-прававых рэформаў; забеспячэнне гарантый грамадзянскіх правоў і свабод кожнаму чалавеку.

А.​А.​Дзмітрук.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЕ́ЕЎ (Таламуш) (н. 11.9.1935),

кіргізскі кінарэжысёр. Нар. арт. Кыргызстана (1975), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ленінградскі ін-т кінаінжынераў (1958). З 1964 рэжысёр на кінастудыі «Кіргізфільм». Найб. значныя работы: «Неба нашага дзяцінства» (1968), «Люты» (паводле аповесці М.​Аўэзава «Шэры люты»), «Чырвоны яблык» (паводле Ч.​Айтматава), «Нашчадак Белага Барса». Усе фільмы Акеева аб’ядноўвае трывалая сувязь з нац. культурай, сучаснае мысленне. Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ (Тэадор Геранім) (1643 — 14.4.1707),

дзярж. дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. У 1657—69 пры двары караля Яна Казіміра Вазы. У 1672 і ў 1678—1700 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. У 1673 удзельнічаў у бітве пад Хоцінам супраць туркаў. Паломнічаў у Рым (1674). Падкаморы (1693) і кашталян (1700) навагрудскі. Аўтар «Дыярыуша», які ахоплівае падзеі грамадска-паліт. жыцця Рэчы Паспалітай 1656—1700.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРА́ (грэч. agora),

у стараж. грэкаў назва нар. сходу і месца, дзе ён адбываўся. Агара займала цэнтр. месца т.зв. ніжняга горада, які размяшчаўся пад узгоркам акропаля. Звычайна агара — цэнтр. гандл. плошча горада (у перыяд архаікі складалася стыхійна; у эпоху класікі і элінізму мела рэгулярную планіроўку), на якой знаходзіліся храмы, дзярж. ўстановы, майстэрні і крамы.

Агара ў Асосе (эліністычны перыяд). Рэканструкцыя.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАТАНГЕЛО́С,

армянскі гісторык 5 ст. Аўтар «Гісторыі Арменіі» (збераглася ў рэдакцыі 7—8 ст.; апубл. ў 1709, навукова вывераны тэкст — у 1909), якая асвятляе падзеі 226—30, эпоху прыняцця армянамі хрысціянства, дае звесткі пра грамадскі і дзярж. лад Арменіі, гіст. асоб, барацьбу хрысціянства і язычніцтва, спалучаныя з нар. легендамі і паданнямі. Перакладзена на мовы многіх народаў свету; мела некалькі версій.

А.​Казінян.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРЭДЖЫ́БІ (Чабуа) (Мзечабук) Іракліевіч (н. 18.11.1921, Тбілісі),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Тбіліскім пед. ін-це. Аўтар зб-каў апавяданняў «Дарога» (1962), «Кошт перавалу» (1966), «Кропля мёду» (1968), аповесці «Міска дзядзькі Шата» (1965). У рамане «Дата Туташхія» (кн. 1—2, 1973—75; сцэнарый фільма «Берагі», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1981) адлюстраваны жыццё Грузіі канца 19 — пач. 20 ст. і актуальныя маральна-этычныя праблемы.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРА́Т (ад лац. apparatus абсталяванне),

1) прылада, тэхн. ўстройства, прыстасаванне.

2) Сукупнасць дзярж. устаноў, арг-цый, якія абслугоўваюць якую-н. галіну кіраўніцтва, гаспадаркі і інш. 3) Наменклатурныя супрацоўнікі вышэйшых органаў кіравання.

4) Заўвагі, паказальнікі і інш. дапаможны матэрыял да навук. працы, выдання.

5) Сукупнасць органаў чалавека, жывёл або раслін, якія выконваюць якую-н. функцыю ў арганізме, напр. стрававальны апарат, дыхальны апарат.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЦЕ́ННІКАЎ (Мікалай Данілавіч) (н. 18.2.1922, Магілёў),

бел. скрыпач і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Праф. (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). З 1950 у Бел. акадэміі музыкі (у 1959—63 прарэктар). Вёў выканальніцкую дзейнасць пераважна як ансамбліст (у 1958—65 удзельнік стр. квартэта Бел. філармоніі). Пад яго кіраўніцтвам створана Дзярж. калекцыя унікальных смычковых інструментаў (зберагаецца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі).

т. 3, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 28.3.1906, с. Папоўка Смаленскай вобл.),

савецкі вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН СССР (1972), Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1929). З 1962 дырэктар Усесаюзнага НДІ лёгкіх сплаваў. Навук. працы па тэхнал. працэсах ліцця металаў, пластычнай дэфармацыі і тэрмічнай апрацоўцы лёгкіх і спец. сплаваў. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1946, 1949.

А.Ф.Бялоў.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАШЧА́НЕ, валашане,

сяляне, жыхары пэўнай воласці. У сярэднявеччы на Беларусі — сяляне-абшчыннікі пэўнай акругі з цэнтрам у пагосце (пастаялым двары) ці воласці (княжацкі ўдзел або дзярж. землі, што былі ў прыватным уладанні). У 14—16 ст. тэрмін «валашчане» ўжываўся для вызначэння насельніцтва воласці (у процілегласць гарадскому — мяшчанам). У 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. валашчане — сельскае насельніцтва адм.-тэр. адзінак — валасцей.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)