КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г. Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),
бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В.В.Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).
Літ.:
Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;
Левшун Л.В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАМА́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (16.5.1817, с. Юрасаўка Альхавацкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 19.4.1885),
расійскі і ўкр. гісторык, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Праф. Кіеўскага (1846—47) і Пецярбургскага (1859—62) ун-таў. Магістр філалогіі (1844). Скончыў Харкаўскі ун-т (1836). Адзін з арганізатараў і чл.Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства (1846—47), выступаў за стварэнне федэрацыі слав. народаў (са значнай аўтаноміяй для кожнага) пад кіраўніцтвам Расіі; за ўдзел у дзейнасці т-ва арыштаваны і сасланы ў Саратаў (1848—56). Адзін з заснавальнікаў і супрацоўнікаў укр.час. «Основа» (1861—62). Складальнік-рэдактар Актаў Паўднёвай і Заходняй Расіі, чл.Археаграфічнай камісіі. Даследаваў гісторыю і гіст. асаблівасці рус. і ўкр. народаў пераважна праз іх побыт, нац. псіхалогію, фальклор (этнагр. падыход). Аўтар прац «Аб прычынах і характары уніі ў Заходняй Расіі» (1841, забаронена і знішчана ўладамі), «Барацьба ўкраінскіх казакоў з Польшчай у першую палову XVII ст.» (1856), «Багдан Хмяльніцкі і вяртанне Паўднёвай Русі да Расіі» (1857), «Бунт Сценькі Разіна» (1858), «Апошнія гады Рэчы Паспалітай» (1869), гіст.-біягр. партрэтаў гіст. дзеячаў Расіі і Рэчы Паспалітай 16—18 ст., драмы на ўкр. мове «Сава Чалы» (1838), гіст. рамана «Кудзяяр» (1875) і інш.
Тв.:
Исторические монографии и исследования. Т. 1—2. М., 1990;
Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. Кн. 1—3, вып. 1—7. М., 1990—92;
Мазепа. М., 1992;
Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 4.8.1945 у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 20.6.1948. Агульная пл. 232,6 м², у т. л. пад экспазіцыяй 85,2 м². Размешчаны ў хаце, дзе 7.7.1882 нарадзіўся Я.Купала, на ёй устаноўлена мемар. дошка (30.6.1946). З 1972 філіял уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Экспазіцыя складаецца з мемар. і гісторыка-літ. частак. У мемар. пакоі (адноўлены ў 1964) зберагаюцца асабістыя рэчы бацькоў паэта, мэбля, посуд канца 19 ст. У гісторыка-літ. частцы — архіўныя дакументы, аўтабіягр. матэрыялы, фотаздымкі, творы мастакоў Э.Агуновіча, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Зберагаюцца таксама прылады працы і рэчы хатняга ўжытку. У летні перыяд на тэр. філіяла дзейнічае выстаўка твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вязынцы і філіялу прысвяцілі свае творы бел. (П.Панчанка, Р.Барадулін, К.Буйло, А.Вялюгін, Е.Лось, П.Прыходзька, С.Шушкевіч і інш.), рус., укр., лат., арм. (Ю.Ванаг, П.Гарэцкі, А.Грашы, Р.Лубкіўскі, Л.Хаўстаў, А.Юшчанка), англ. і балг. (У.Мэй, А.Тодараў) і інш. паэты; мастакі М.Бельскі, Р.Віткоўскі, С.Каткоў, А.Кроль, М.Купава, У.Пашчасцеў, І.Пратасеня, І.Рэй, К.Харашэвіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),
філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л.«Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ СУД ААН,
галоўны судовы орган ААН, адзін з 6 асн. органаў гэтай арг-цыі. Засн. ў 1945. Статут суда, які падпісаны 26.6.1945 і набыў сілу 24.10.1945, з’яўляецца неад’емнай часткай Статута ААН. Дзяржавы — чл.ААН аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі Статута М.с. ААН. Вырашае спрэчкі, перададзеныя яму дзяржавамі ў адпаведнасці з нормамі міжнар. права; дае кансультатыўныя заключэнні па прававых пытаннях пры запыце спецыяльна на гэта ўпаўнаважаных міжнар. органаў: Ген. Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН або з дазволу Ген. Асамблеі ААНінш. органаў і ўстаноў ААН. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія выбіраюцца на 9 гадоў Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі АА́Н. Склад суда абнаўляецца на трэць кожныя 3 гады. Кандыдаты ў суддзі вылучаюцца нац. групамі Пастаяннай палаты Трацейскага суда. Сярод членаў М.с. не павінна быць 2 грамадзян з адной дзяржавы. Суддзі дзейнічаюць незалежна ад сваіх урадаў. Правілы разгляду спраў замацаваны ў Рэгламенце суда 1978. Бакамі ў суд. працэсах могуць быць толькі дзяржавы, што далі згоду на разгляд пэўнай справы. Бакі маюць права зрабіць заяву аб прызнанні імі юрысдыкцыі М.с. абавязковай па пэўных катэгорыях спраў або абумовіць выключэнне з кампетэнцыі суда некаторых прававых пытанняў. Працэдура суд. працэсу складаецца з 2 частак: пісьмовай, у якой удзельнікі прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, і вуснай, дзе ў публічным пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаў, адвакаты, сведкі. Рашэнне суда, вынесенае большасцю галасоў суддзяў у закрытым пасяджэнні, з’яўляецца абавязковым для бакоў. Месцазнаходжанне суда — Гаага (Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́БЛЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць мэблю для жылых і грамадскіх памяшканняў.
У гарадах Беларусі 16—17 ст. мэблю выраблялі спец. цэхі. Многія багатыя людзі прывозілі яе з Францыі, Германіі, Польшчы, Фінляндыі і інш. краін. Паводле іх узораў бел. майстры-ўмельцы выраблялі мэблевыя гарнітуры для магнатаў, у т. л. для абсталявання Нясвіжскага замка, Гомельскага, Жыліцкага і інш. палацаў. У пач. 20 ст. ў вялікіх гарадах Беларусі працавалі спец. майстэрні, фабрыкі, у т. л. ў Бабруйску мэблевая, Мінская сталярная.
У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 311 прадпрыемстваў і вытв-сцей М.п., на якіх вырабляецца мэбля самага рознага прызначэння: бытавая, дзіцячая, кухонная, для ўстаноў асветы, офісаў і інш. М.п. развіта ва ўсіх абласцях рэспублікі. Сярод найбуйнейшых прадпрыемстваў Мінская мэблевая ф-ка імя Дзімітрова, Калінкавіцкі мэблевы камбінат, Жлобінская мэблевая ф-ка, мэблевая ф-ка № 2 у Бабруйску, Сіняўская, Ружанская, Кобрынская мэблевая ф-кі. Мэблю вырабляюць таксама ў Вілейцы, Віцебску, Глуску, Крычаве, Паставах, Полацку, Слоніме, Слуцку, Шклове і ў інш. гарадах. У апошнія гады ствараюцца і сумесныя прадпрыемствы (напр., бел.-чэш. прадпрыемства «Мостэдэн»), мэблю выпускаюць таксама камерцыйныя прадпрыемствы. У 1997 бел. прадпрыемствы паставілі на экспарт мэблі на суму каля 240 тыс. долараў. М.п. найб. развіта у ЗША, ФРГ, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Фінляндыі, Польшчы, Чэхіі, Расіі.
П.І.Рогач.
Да арт.Мэблевая прамысловасць. Цэх мяккай мэблі Мінскай мэблевай фабрыкі.Да арт.Мэблевая прамысловасць. Гатовая прадукцыя Полацкай мэблевай фабрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),
адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.В.Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.Г.Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.А.Моцарта, Л.Бетховена, К.М.Вебера, Г.А.Маршнера, Дж.Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Дэсаў, А.Берга, К.Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, В.Баснера, А.Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.Віярдо-Гарсія, Л.Леман, П.Лука, Е.Лінд, Г.Мара, П.Г.Мільдэр-Гаўптман, А.Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.Спанціні (1820—42), М.Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.Клейбер (1925—35), Ф.Канвічны (1955—62), О.Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.Тальёні (1856—83), Г.Кролер (1919—22), Т.Гзоўская (1945—52), Л.Грубер (1955—70), Э.Бішаф (з 1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯФЁД (Уладзімір Іванавіч) (27.1.1916, г. Шахты Растоўскай вобл., Расія — 23.4.1999),
бел. тэатразнавец, пісьменнік, педагог. Чл.-кар.АН Беларусі (1972). Д-р мастацтвазнаўства (1963), праф. (1964). Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1940). Працаваў ва Упраўленні па справах мастацтваў пры СМ Беларусі. З 1954 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі (да 1988 заг. сектара, аддзела). Адначасова ў 1947—90 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Даследаваў пытанні гісторыі, тэорыі і сучаснай практыкі бел. тэатра, праблемы драматургіі і творчасці майстроў сцэны. Аўтар кніг «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965, за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1966). Адзін з аўтараў «Гісторыі савецкага драматычнага тэатра» (т. 1—6, 1966—71), «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87, і гал. рэдактар. Пісаў аднаактовыя п’есы.
Тв.:
Шлях беларускага савецкага драматычнага тэатра. Мн., 1954;
Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959;
Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Беларускі тэатр імя Я.Коласа. Мн., 1976;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Николай Ковязин: Жизнь и творчество, Мн., 1990;
Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;
Францішак Аляхновіч: Тэатр. і грамад.-паліт. дзейнасць. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФУМЕ́РНА-КАСМЕТЫ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці па вытв-сці парфумерна-касметычных вырабаў, эфірных алеяў і сінт.пахучых рэчываў. У вытв-сці парфумерна-касметычных вырабаў (гл.Парфумерыя, Касметыка) у якасці сыравіны выкарыстоўваюцца натуральныя эфірныя алеі, пахучыя рэчывы (сінт. і жывёльнага паходжання), а таксама этылавы спірт. У свеце буйнейшымі вытворцамі парфумерна-касметычнай прадукцыі з’яўляюцца Францыя, Італія, Кітай, Польшча, Расія, Балгарыя, ФРГ, Вялікабрытанія, Японія.
Прамысл. вытв-сць парфумерна-касметычных вырабаў пачалі ў Францыі ў канцы 17 ст. На Беларусі ўзнікненне П.-к.п. звязана з арганізацыяй у 1936 вырабу туалетнага мыла на Гомельскім тлушчавым камбінаце. У пасляваенныя гады на Гомельскім з-дзе сухога мелу пачалі выпуск зубнога парашку, хны і басмы (сродкі па догляду за валасамі). У 1998 доля П.-к.п. склала прыкладна 0,6% ад валавой прадукцыі харч. прам-сці.
Буйнейшымі прадпрыемствамі галіны з’яўляюцца Брэсцкі завод бытавой хіміі, Гомельскі тлушчавы камбінат, Гомельскі з-д сухога мелу (выпускае хну, басму, шампуні), сумесныя прадпрыемствы па выпуску касметыкі «Беліта» (бел.-італьян.) і «Белор-Дызайн» (бел.-амер.). У 1997 экспарт парфумерна-касметычных тавараў склаў 5614 т (на суму 14,9 млн.дол.), яго асн. частка (каля 98%) прыпадала на краіны СНД, адначасова імпарт склаў 9196 т тавараў (36,3 млн.дол.), з іх 25% з краін СНД. Сярод замежных краін асн. імпарцёрамі парфумерна-касметычных вырабаў з’яўляюцца ФРГ, Чэхія, Італія, Францыя і Вялікабрытанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСХА́ЛІІ,
табліцы дат святкавання Вялікадня (Пасхі). Складаюцца хрысціянскай царквой на шмат гадоў наперад згодна з пастановаю Нікейскага сабора (325). Паводле пастановы Вялікдзень належыць адзначаць у 1-ю нядзелю, «наступную за поўняй, якая супадае з веснавым раўнадзенствам ці бывае пасля яго», але не павінен супадаць з яўр. пасхай. Шэраг цэркваў складае П. паводле юліянскага календара (Руская, Балгарская, Сербская, Іерусалімская правасл. цэрквы і інш.), каталіцкія і пратэстанцкія — паводле грыгарыянскага. Гэта выклікае разыходжанні ў часе святкавання Вялікадня рознымі хрысціянскімі цэрквамі (гл.табл.).