ПЕРЛАМУ́ТРАЎКІ,

група родаў матылёў сям. німфалід. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. Жывуць у разнастайных ландшафтах. На Беларусі каля 14 відаў. П. балотная (Boloria aquilonaris) і П. Фрыга (Clossiana Frigga) занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў да 12 см (на Беларусі да 8 см). Верхні бок іх звычайна рыжаваты з чорнымі плямамі і палосамі, ніжні — рознай афарбоўкі, часта з бліскучымі перламутравымі (адсюль назва) або серабрыстымі плямамі і перавязямі. Вусені жывуць на травяністых раслінах (кормяцца пераважна на фіялках).

С.​Л.​Максімава.

Перламутраўкі: 1 — палявая (1а — яе вусень); 2 — Фрыга; 3 — Адыпа; 4 — Аглая (4а, 4б — яе вусень і кукалка); 5 — балотная; 6 — зеленаватая.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСІ́ДСКАЯ МО́ВА, фарсі,

адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Афіц. мова Ірана. Пашырана таксама ў Афганістане, Пакістане, Індыі, Іраку, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і інш. Са шматлікіх дыялектаў найб. вывучаны тэгеранскі, які стаў адной з асн. крыніц фарміравання размоўнай формы сучаснай П.м. У фанетыцы 6 галосных, 22 зычныя фанемы, 2 дыфтонгі. Граматыка аналітычная, няма скланення, ужываюцца складаныя дзеяслоўныя формы, фіксаваны парадак слоў. У лексіцы шмат араб. запазычанняў. Пісьменства з 1-й пал. 9 ст. на аснове араб. алфавіта (гл. Арабскае пісьмо), дапоўненага некалькімі знакамі для гукаў, якія адсутнічаюць у араб. мове.

Літ.:

Рубинчик Ю.А. Современный персидский язык. М., 1960;

Пейсиков Л.С. Лексикология современного персидского языка. М., 1975.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫАПУЛІ́ДЫ (Priapulida),

рэліктавая група (клас) ніжэйшых чарвей тыпу першаснаполасцевых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). 7 родаў, 11 відаў. Пашыраны ва ўмераных акіянскіх водах. і на вял. глыбіні ў экватарыяльнай зоне. Жывуць у пясчаных норках. Перамяшчаюцца ўсвідроўваннем у грунт.

Даўж. ад 2 мм да 20 см. Цела чэрвепадобнае, нерасчлененае, унутр. поласць (цэлом) запоўнена поласцевай вадкасцю. Пярэдняя ч. цела (хабаток) уцягваецца ўнутр. Мускулатура развітая, моцная. Кішэчнік прамы, скразны. Крывяноснай сістэмы няма. Дыхаюць паверхняй цела, у некат. ёсць хваставыя шчэлепныя прыдаткі. Нерв. сістэма складаецца з каляглоткавага кольца і брушнога цяжа. Драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. маюць лічынку з двухстворкавым панцырам.

А.​М.​Петрыкаў.

Прыапуліды: 1 — прыапулюс; 2 — макабеус.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГА́НІНСКІ БОЙ 1943,

бой партызан Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы па разгроме ням. гарнізона ў в. Прыгані Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. 3.10.1943 у Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 90 чал.), узброены мінамётам, кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі, меў 4 дзоты, падыходы да якіх былі перакрыты загародамі з калючага дроту. Група партызан (80 чал.) на чале з Р.​М.​Севасцьянавым, пераапранутых у ням. форму, з абозам увайшла ў вёску і захапіла 3 дзоты, 4-ы быў узяты пасля жорсткай схваткі. У выніку гарнізон быў поўнасцю разгромлены, захоплена ўсё ўзбраенне, склады з боепрыпасамі і харчаваннем, статак кароў, нарабаваных акупантамі ў навакольных вёсках. Партызаны страцілі 4 чал.

У.​С.​Пасэ.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАМАІ́НЫ (ад грэч. ptōma труп),

група рэчываў з т.зв. трупных ядаў. Да іх адносяцца кадаверын, путрэсцін, агмацін і інш. Утвараюцца з некат. амінакіслот (напр. арніцін, лізін) у выніку расшчаплення бялкоў пад уплывам мікробных ферментаў у працэсе разлажэння трупаў, гніення мяса, рыбы. Сінтэзуюцца таксама ў тоўстым страўніку жывёл і чалавека, прысутнічаюць у некат. грыбах, раслінах. Таксічнасць большасці П. невялікая. У жывых арганізмах абясшкоджваюцца ў страўніку і печані або выводзяцца ў нязменным выглядзе; выкарыстоўваюцца таксама ў працэсах жыццядзейнасці (напр., агмацін прыгнечвае болевую адчувальнасць). Пры многіх захворваннях працэсы гніення ў страўніку ўзмацняюцца, што выклікае павелічэнне ўтварэння П., якія ўсмоктваюцца і садзейнічаюць развіццю інтаксікацыі.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ДЗЕЛІ (ням. Pudel ад дыялект. pudeln плюхацца ў вадзе),

група пакаёва-службовых старажытных парод сабак. Каля 15 парод, пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваліся ў паляванні на вадаплаўных птушак (адсюль назва), зайцоў, для збору труфеляў.

Вылучаюць П. вялікага, або каралеўскага (выш. ў карку 45—58 см), сярэдняга, або малога (35—45 см), і карлікавага (28—35 см). Маса 6—50 кг. Поўсць доўгая, мяккая, хвалістая або «шнурам», чорная, белая, карычневая, серабрыстая ці абрыкосавая, якую стрыгуць на асобных участках цела. Канстытуцыя моцная, сухая. Галава выцягнутая, вушы звіслыя. Спіна кароткая, лапы сухія, прамыя. Хвост купіруюць. Тып паводзін рухомы, характэрны алюр — галоп.

Э.​Р.​Самусенка.

Пудзелі.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пле́мя, племя і племені, Д племю і племені, В племя, Т племем і племенем, М (аб) племі і племені; мн. плямёны, плямён і плямёнаў; н.

1. Аб’яднанне некалькіх родаў у дакласавым грамадстве, звязаных агульнасцю мовы і тэрыторыі.

2. Група народнасцей, звязаная агульным паходжаннем і блізкасцю мовы. Перад тым, як распачаць дэбаты па дакладу лорда, трэба было выслухаць гэтага чалавека, прадстаўніка афрыканскага племені з Танганьікі. Лынькоў.

3. Уст. Пакаленне, патомства, род. — Маё шанаванне маладому племені, — усміхаецца Палянскі. «Звязда».

4. толькі адз. Разм. Група людзей, аб’яднаных агульнымі прыкметамі, прыналежнасцю да пэўнага сацыяльнага асяроддзя. Я не магу адплыць у шлях далёкі, Пакуль душой не прынаду ізноў Да тых крыніц, да тых святых вытокаў, Што успаілі племя змагароў. Панчанка. Я твайго неспакойнага племені, Партыя. Бураўкін. // Аб жывёле, птушках, аб’яднаных якой‑н. агульнай прыкметай. Племя вераб’інае! Ты знаеш І зімой таксама хараство. Броўка.

•••

Арлінае племя — пра гордых і смелых людзей.

На племя — для атрымання патомства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

катэры́я

(фр. coterie = гурток)

1) узброены атрад наёмнікаў у сярэдневяковай Еўропе;

2) уст. група асоб, якая ставіла перад сабой якія-н. своекарыслівыя мэты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кла́ка

(фр. claque)

група гледачоў, нанятая для таго, каб гучна апладзіраваць або свістаць і тым самым ствараць уражанне поспеху або правалу артыста, спектакля.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дынацэра́ты

(н.-лац. dinocerata, ад гр. deinos = страшны + keras, -atos = рог)

група млекакормячых палеагенавага перыяду, якая спалучала прыметы старажытных драпежнікаў і архаічных капытных.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)