АНГА́Р (франц. hangar),

закрытае збудаванне для трымання, тэхн. абслугоўвання і рамонту лятальных апаратаў. Бываюць наземныя (найчасцей), падземныя і на вадзе; стацыянарныя (на аэрадромах, будуюцца з метал. або жалезабетонных нясучых канструкцый), часовыя (звычайна драўляныя) і зборна-разборныя для палявых аэрадромаў (канструкцыі са сталі, лёгкіх сплаваў і пластмас). Аснашчаюцца пад’ёмна-трансп. абсталяваннем, сродкамі сувязі, аўтам. пажаратушэння і інш. Пралёты ангараў да 150 м, выш. да 40 м. Вял. ангары складаюцца з некалькіх секцый.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГСТРЭМ ((Ångström) Андэрс Іонас) (13.8.1814, г. Лёгдзё, Швецыя — 21.6.1874),

шведскі фізік, адзін з заснавальнікаў спектральнага аналізу. Скончыў Упсальскі ун-т (1839), дзе працаваў (з 1858 праф., у 1870—71 рэктар). Навук. працы Ангстрэма па спектральным аналізе, магнетызме, цеплавых з’явах і ўласцівасцях металаў. Вызначыў з вял. дакладнасцю даўжыні хваляў і склаў першы падрабязны атлас спектральных ліній сонечнага спектра. Адкрыў вадарод у сонечнай атмасферы. Імем Ангстрэма наз. адзінка даўжыні, роўная 10​−10м.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРТАМЕ́НТЫ (ад франц. appartement кватэра),

група жылых і дапаможных пакояў, вылучаных у адзін комплекс для пражывання пэўнай асобы; уключалі прыхожую, спальню, гардэроб, кабінет або будуар, парадную залу і інш. Пашыраны з 16 ст. ў палацах Італіі і Францыі. На Беларусі апартаменты былі ў магнацкіх рэзідэнцыях 17—18 ст. У 19 — пач. 20 ст. апартаменты ствараліся ў дамах секцыйнага і блакіраванага тыпаў. У наш час апартаментамі называюць і вял. багатае памяшканне.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЮ́НЯ (Аляксандр Рыгоравіч) (2.7.1898, в. Курганы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці — 21.3.1976),

генерал-палкоўнік (1958). Скончыў Вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1921), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце, баёў каля воз. Хасан у 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах; нач. штаба корпуса, арміі. Удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі. Да 1961 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЫ́ЛА (Фёдар Апанасавіч) (21.1.1924, в. Бардзілаўка Мінскага р-на — 25.11.1992),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). Камандзір дыверсійнай групы (партыз. атрад імя С.​Лазо 3-й Мінскай партыз. брыгады імя С.​Будзённага), якая падарвала 28 чыг. эшалонаў ворага. З 1949 у рэдакцыі газ. «Чырвоная змена». Аўтар успамінаў «Застаюся жыць» (1981).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (Канстанцін Іванавіч) (15.12.1913, г. Быхаў — 22.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1934. Скончыў Бабруйскае танк. вучылішча (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Вызначыўся ў ліп. 1944 пры вызваленні Латвіі: танк. батальён пад яго камандаваннем двойчы прарываў умацаванні ворага, за 8 дзён наступлення прайшоў каля 300 км, знішчыў 12 танкаў, 8 танкетак, каля 50 гармат. Загінуў у баі.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТЫ НУ́МАР (ваен.),

умоўны нумар (знак), які надаецца афіцэрам Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь адначасова з прысваеннем 1-га афіцэрскага звання для іх персанальнага ўліку.

Асабісты нумар — металічны жэтон устаноўленага ўзору, на якім нанесена вял. літара кірылічнага алфавіту і шасцізначная лічба (напр., А-100105). Захоўваецца за афіцэрамі на ўвесь час службы ва ўзбр. сілах і занатоўваецца ў дакументах персанальнага ўліку. Ва ўзбр. сілах інш. дзяржаў таксама ёсць адпаведныя знакі персанальнага ўліку.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАБЛЕ́МА (ад астра... + грэч. blēma рана),

замкнёнае кольцападобнае ўтварэнне на паверхні Зямлі або інш. нябеснага цела, што ўзнікла ў выніку падзення вял. метэарыта ці астэроіда. На Зямлі вядома каля 100 астраблемаў, у Еўропе больш за 30. Найб. даступныя для назірання астраблемы — Арызонскі кратэр (ЗША) дыяметрам 1200 м, глыб. 175 м і выш. 40 м (адносна гарызантальнай паверхні). На тэр. Беларусі знаходзіцца Лагойская астраблема.

Астраблема ў штаце Арызона ЗША. Здымак з самалёта.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖА́НАЎ (Аляксандр Васілевіч) (1.9.1917, в. Труфанцава Барысаглебскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1938. На фронце з 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Бажанаў вызначыўся ў баі на тэр. Магілёўскай вобл.: пры адбіцці варожай контратакі каля в. Гаршкова Шклоўскага р-на, калі ў гарматнага разліку скончыліся боепрыпасы, Бажанаў з гранатамі кінуўся пад варожы танк.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКА (Banka),

Бангка, востраў у складзе Вял. Зондскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Аддзелены ад в-ва Суматра пралівам Банка. Пл. 11,6 тыс. км². Большая ч. паверхні раўнінная, не перавышае 60 м, месцамі гранітныя ўзвышшы (выш. да 699 м). Клімат экватарыяльны. Вільготныя трапічныя лясы, балоты. На востраве адзін з найб. у свеце волаварудных раёнаў; распрацоўваецца з 1709. Агульныя запасы каля 275 тыс. т металу. Плантацыі каўчуканосаў. Гал. горад — Панкалпінанг.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)