род кветкавых раслін сям. валяр’янавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, таксама ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пашыраны валяр’ян лекавы (V. officinalis), у межах якога вылучаюць больш дробныя віды. Расце на сырых лугах, балотах, па берагах рэк, азёр і канаў, у забалочаных лясах і хмызняках, культывуецца як лек. расліна. Таксама трапляецца вельмі рэдкі рэліктавы від — валяр’ян двухдомны (V. dioica), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН як дэкар. і лек. (заменнік валяр’яну лекавага) расліна інтрадукаваны валяр’ян ліпалісты (V. tiliifolia).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. галінастым сцяблом выш. 5—100 см і тоўстым карэнішчам з мноствам каранёў, таксама паўкусты, кусты і ліяны. Сцябловае лісце супраціўнае, цэласнае, трайчастае або няпарнаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружаватыя, бэзаватыя, радзей белыя, у складаных шчыткападобна-мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — дробная сямянка з лятучкай. Лек. (заспакаяльны, процісутаргавы, проціспазмалітычны і проціглісны сродак, карані і прэпараты з іх выкарыстоўваюць у медыцыне), дэкар. і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, арган. к-ты, алкалоіды (валярын, хацінін), гліказіды, смолы, дубільнікі, цукры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТ-І́НДЫЯ (West Indies),
агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс.км². Нас. больш як 35 млн.чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб. — в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕМЕНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаперсідская дзяржава ў 550—330 да нашай эры. Назва ад царскай дынастыі Ахеменідаў. Створана ў выніку ваен. паходаў Кіра II, пашырана пры Камбісе II і Дарыю I. Адна з найбуйнейшых стараж. імперый, у склад якой уваходзілі Мідыя (з 550), Элам, Лідыя, амаль уся М. Азія (заваяваны да 546), значная ч. Сярэдняй Азіі (з 545—539), Вавілонія (з 539), Егіпет (з 525), а-вы Эгейскага м., Фракія, Македонія і паўн.-зах.ч. Індыі (з 519—512). Сталіцамі яе былі Персепаль, Вавілон, Сузы і Экбатана. Прывілеяванае становішча ў дзяржаве займалі персы (камандавалі ў арміі і на флоце, кіравалі адм. апаратам). Ваен.-паліт. і сац.-эканам. рэформы Дарыя I садзейнічалі росквіту краіны (уздым рамяства, гандлю, будаўніцтва). Асн.ч. зямельнага фонду належала абшчыннікам, якія плацілі падаткі непасрэдна ў казну і выконвалі ўсе павіннасці. Рабоў у імперыі было няшмат (гал. Чынам працавалі ў рудніках, каменяломнях, хатнімі слугамі). Грэка-перс. войны 500—449 да нашай эры і антыперс. паўстанні (у Егіпце, Сірыі, Лідыі) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Заваявана Аляксандрам Македонскім.
Літ.:
Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;
Дандамаев М.А. Политическая история Ахеменидской державы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЦКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс.км², найб.глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА (старажытнагрэчаскае і старажытнарымскае мастацтва) (1-с тыс. да н.э. — 1-я пал. 1-га тыс.н.э.). Зарадзілася на Пд Балканскага п-ва, на астравах Эгейскага архіпелага і зах. узбярэжжы М.Азіі. Найвышэйшы росквіт перажыло ў Грэцыі Старажытнай. Падзяляецца на архаіку (7—6 ст. да н.э.),
класіку (5—4 ст. да н.э.), элінізм (канец 4—1 ст. да н.э.), рымскае мастацтва (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). У эпоху элінізму яго ўплыў пашырыўся на тэрыторыі, што прылягалі да Міжземнага і Чорнага мораў, на Б. і Сярэдні Усход (амаль да Індыі), дзе склаліся мясц. школы эліністычнага мастацтва. Традыцыі стараж.-грэч. і эліністычнага мастацтва атрымалі новае развіццё ў мастацтве Рыма Старажытнага. Лепшыя творы антычнага мастацтва, якія ў класічна ясных, узнёслых формах увасобілі высокія гуманіст. ідэалы, да нашага часу звязаны з уяўленнем аб маст. дасканаласці і недасягальным узоры, гарманічным харастве па законах прастаты, раўнавагі, меры.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Антычнае мастацтва. Барацьба Зеўса з гігантамі. Фрагмент фрыза Пергамскага алтара. Каля 180 да н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Арка Ціта ў Рыме. 81 н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Амфара. 360 да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ (Cerasus),
род дрэвавых і кустовых раслін сям. ружавых. Каля 150 відаў у Еўропе, Цэнтр.Азіі, Паўн. Амерыцы. У культуры найб. пашырана вішня звычайная (Cerasus vulgaris), да якой належыць большасць сартоў, якія культывуюцца. На Беларусі ў садоўніцтве выкарыстоўваюць таксама вішню лямцавую, або кітайскую (Cerasus tomentosa), і чарэшню, для азелянення — вішню японскую (Cerasus japonica), вішню куставую, або вішарнік (Cerasus fruticosa). Плады большасці відаў маюць харч. і лек. значэнне. Растуць хутка. Святлалюбныя, засуха- і газаўстойлівыя. Размнажаюцца дзікарослыя віды насеннем, садовыя формы — прышчэпкамі, каранёвымі парасткамі і зялёнымі чаранкамі.
Вішня звычайная — дрэва выш. 5—7 м або кустападобныя формы выш. 3—4 м. Форма кроны набліжаецца да круглай. Лісце эліпсоіднае, чаргаванае, кветкі пераважна белыя, сабраныя па 2—4 у парасонападобныя суквецці, плады — сакаўныя касцянкі рознай велічыні ад ружовай (сарты групы амарэляў) да амаль чорнай (сарты групы грыётаў, або марэляў) афарбоўкі. У пладах 6—20% вугляводаў, 0,8—2,4 арган. кіслот, 0,15—0,88% дубільных рэчываў, вітаміны C, групы B. Выкарыстоўваюць іх свежыя і кансерваваныя, перапрацоўваюць на варэнне, джэм, кандытарскія вырабы. Меданос. Добра расце на лёгкіх сугліністых і супясчаных глебах, непатрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Раянаваныя сарты: Любская, Сеянец №1, Навадворская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬХА (Alnus),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн.ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр.ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).
Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд. матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАША́НЬ,
пустыня ў Цэнтр.Азіі, у Кітаі, на ПнУ ад гор Наньшань. Пл. 170 тыс.км². Хвалістая раўніна (выш. 800—1660 м). Чаргуюцца групы невял. скалістых кражаў, драбнасопачніка і плоскіх выцягнутых паніжэнняў, занятых масівамі рухомых пяскоў, барханамі, салёнымі азёрамі, саланчакамі і такырамі. Цэнтр.ч. складзена з дакембрыйскіх парод, перакрытых плашчом чацвярцічных пяскоў; на ўзвышшах у паўд. і паўн. частках выходзяць на паверхню палеазойскія і мезазойскія адклады. Радовішчы вугалю, нафты, соляў. Клімат рэзка кантынентальны. Рачная сетка прадстаўлена часовымі вадацёкамі, рэчышчы якіх напаўняюцца вадой толькі летам у перыяд мусонных дажджоў ці ліўневых ападкаў. Найб. рэкі Жашуй і Шуйхэ. Азёры Саго-Нур і Шара-Бурду. Асноўныя ландшафты: гобі — драбнасопачнік і астраўныя хрыбты, раскіданыя на раўніне з шчэбеневымі глебамі і рэдкай хмызняковай расліннасцю (парналіснік, эфедра і інш.); масівы барханных пяскоў з беднай стэпавай расліннасцю (карагава, салянкі, палын і інш.); цайдамы — паніжэнні з блізкімі грунтавымі прэснымі водамі і травяністай расліннасцю (рагоз, трыснёг, чарот, пажарніца); саланчакі з галафільнай флорай (паташнікі, семітранкі, салянкі); саксаульнікі з чорнага саксаулу з семітранкамі ў ніжнім ярусе. Жывёльны свет: сайгакі, пустынны заяц, суслікі, пясчанкі, тушканчыкі, паўзуны (чарапахі, яшчаркі, змеі), трапляюцца дзікія аслы. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУДАР’Я́,
рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, Туркменіі, Узбекістане. Па Амудар’і праходзіць частка граніцы Узбекістана з Афганістанам. Даўж. 1415 км, пл.бас. 309 тыс.км² (да г. Керкі). Вытокі на схілах Гіндукуша ў Афганістане, дзе Амудар’я называецца Вахандар’я, пасля зліцця з р. Памір — Пяндж, ніжэй упадзення р. Вахш — Амудар’я. Упадае ў Аральскае м. Большая ч. басейна Амудар’і размешчана ў горных сістэмах Паміра (на сярэдніх вышынях 5—5,5 тыс.м). Пасля выхаду на раўніну цячэ па Туранскай нізіне, па пустынях Кызылкум і Каракумы. Рэчышча няўстойлівае, рака блукае ў межах поймы, размывае берагі. У нізоўях утварае дэльту, у мора ўпадае некалькімі рукавамі. Асн. прытокі: Гунт, Бартанг, Язгулем, Ванч, Кызылсу, Кафірніган, Сурхандар’я (справа), Кундуз (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Паводка вясной і летам. Ледастаў у нізоўях (у раёне Нукуса) да 4 мес. Сярэднегадавы расход вады паблізу г. Керкі каля 2000 м³/с. У малаводны перыяд Амудар’я не дасягае Аральскага м. Вада вельмі мутная (5—10 кг/м³ завіслых наносаў). У сярэднім цячэнні Кызылкумскі запаведнік. Выкарыстоўваецца для арашэння (каналы Каракумскі, Аму-Бухарскі і інш.). На Амудар’і Цюямуюнскі і Тахіяташскі гідравузлы. У нізоўях рыбалоўства. Суднаходная ад г. Чарджоў. На Амудар’і — г. Керкі і Чарджоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫ-БЕ́РЫ (ад сінгальскага beri слабасць),
авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх.Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).
Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.