1) у ферамагнетыках — запазненне ў часе змены значэнняў намагнічанасці, магнітнай пранікальнасці і інш. характарыстык магнетыка ад змены знешняга магн. поля (наз. таксама магнітнае паслядзеянне).
Разам з гістэрэзісам і віхравымі токамі абумоўлівае страты энергіі пры перамагнічванні ферамагнетыка ў пераменным полі. Выклікаецца рознымі прычынамі ў залежнасці ад структуры магнетыка, умоў намагнічвання і т-ры, у выніку чаго яго намагнічанасць устанаўліваецца пасля змены знешняга магн. поля праз некат. час (ад 1 нс да некалькіх мінут і гадзін). Напр., пры аперыядычных зменах магн. поля пры значэннях яго напружанасці, блізкіх да каэрцытыўнай сілы, М.в. абумоўліваецца віхравымі мікратокамі, якія ўзнікаюць у магн. правадніках пры руху сценак магн. даменаў.
2) М.в. у магнітнай гідрадынаміцы — фіз. велічыня, якая характарызуе кінематычныя і дынамічныя ўласцівасці эл.-праводных вадкасцей і газаў пры іх руху ў магн. полі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РТУР ((MacArthur) Дуглас) (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),
амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАГО́ННЫЯ СРО́ДКІ, дыурэтыкі (ад грэч. diureō выдзяляю мачу),
лекавыя сродкі, якія павялічваюць выдзяленне солей і вады з мачой і змяншаюць колькасць вадкасці ў арганізме. Уздзейнічаюць праз структурную і функцыян. адзінку нырак — нефрон. М.с. падзяляюць на салурэтыкі — выводзяць з арганізма іоны натрыю, калію і інш. (фурасемід, этакрынавая к-та, гіпатыязід, эўфілін і інш); калійзберагальныя — затрымліваюць выдзяленне іонаў калію (спіраналактон, трыямтэрэн і інш.); асматычныя сродкі, якія выклікаюць моцны водны дыурэз (маніт, мачавіна). Адрозніваюць М.с. моцнадзейныя (фурасемід, маніт, мачавіна і інш.), сярэдняй сілы (клапамід, індапамід і інш.), слабога дзеяння (спіраналактон, эўфілін і інш.), камбінаваныя (мадурэтык, практазін і інш.), расліннага паходжання (плады ядлоўцу, лісце талакнянкі, брусніц і інш.). Выкарыстоўваюць пры застойных з’явах у кровазвароце, абумоўленых сардэчна-сасудзістай недастатковасцю, нефрытах, гіпертанічнай хваробе, вострых атручэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц (разам з гравітацыйным, эл.-магн. і слабым). Абумоўлівае ўзаемадзеянні паміж адронамі (па аналогіі з Ван-дэр-Ваальса сіламі ўзаемадзеяння паміж эл. нейтральнымі аб’ектамі ў электрадынаміцы), у т. л. ў атамных ядрах і паміж ядрамі.
Асн. ўласцівасці М.ў. апісваюцца квантавай хромадынамікай, паводле якой бясколерныя адроны складаюцца з каляровых кваркаў, а сілы ўзаемадзеяння паміж імі абумоўлены абменам глюонамі. М.ў. інварыянтнае адносна прасторавага і часавага адбіццяў, зарадавага спалучэння. Пераўзыходзіць па інтэнсіўнасці эл.-магн. ўзаемадзеянне прыкладна ў 100 разоў, яго радыус дзеяння каля 10−11м, элементарныя працэсы, абумоўленыя М.у., працякаюць за час каля 10−23с. У М.у. выконваюцца законы захавання ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.квантавых лікаў, характэрных для адронаў. Гл. таксама «Вялікае аб’яднанне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЯ́РАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
бой партызан аб’яднанага гарнізона Ф.І.Паўлоўскага па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Муляраўка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на лініі Жыткавічы—Калінкавічы 22 лют. ў Вял.Айч. вайну. Для выканання аднаўленчых работ на чыгунцы на станцыю прыбыла частка буд. батальёна гітлераўцаў. Атрадам А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін) і Капаткевіцкаму (камандзір А.Ц.Міхайлоўскі) было даручана разграміць гарнізон праціўніка. Да раніцы 21 лют. атрады сканцэнтраваліся ў в. Залессе Акцябрскага р-на, правялі разведку, удакладнілі сілы, узбраенне праціўніка. Аперацыяй кіравалі Паўлоўскі і камісар С.В.Маханько. 22 лют. раніцай партызаны акружылі станцыю і казарму, у якой размяшчаліся гітлераўцы, і адкрылі агонь. У выніку аперацыі фаш. гарнізон на ст. Муляраўка разгромлены, аднаўленчыя работы сарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ХВА́ЛІ,
хвалі, якія ўзнікаюць і распаўсюджваюцца па свабоднай паверхні вадкасці або па паверхні падзелу дзвюх вадкасцей, што не змешваюцца.
Узнікаюць з прычыны знешняга ўздзеяння, якое выводзіць паверхню вадкасці са стану раўнавагі. Пры гэтым узнікаюць сілы, дзеянне якіх прыводзіць да ўзнаўлення раўнавагі паверхні вадкасці. У залежнасці ад прыроды гэтых сіл адрозніваюць П.х.: капілярныя (абумоўлены сіламі паверхневага нацяжэння, уздзеянне якіх найб. істотнае пры малых даўжынях хваль), гравітацыйныя (абумоўлены сіламі цяжару; істотныя для вял. даўжынь хваль), гравітацыйна-капілярныя. У П.х. адначасова маюць месца падоўжныя і папярочныя ваганні часцінак вадкасці, якія рухаюцца па эліптычных ці больш складаных траекторыях. Прычыны ўзнікнення гравітацыйных П.х.: прыцяжэнне валкасці Сонцам і Месяцам (гл.Прылівы і адлівы), рух цел паблізу ці на паверхні вады (карабельныя хвалі) і інш.Найб. пашыраны ў прыродзе ветравыя хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КАМІТЭ́Т грамадская арг-цыя ў Паўночна-Заходнім краіРас. імперыі ў 1-ю сусв. вайну; адзін з Ваенна-прамысловых камітэтаў (ВПК). Створаны 19.7.1915 у Вільні на з’ездзе прадстаўнікоў мясц. камітэтаў (акрамя Віцебскага, які быў звязаны з Петраградскім ВПК). У яго абавязкі ўваходзілі збор і сістэматызацыя звестак пра фабрычна-заводскія, рамесныя, саматужныя прадпрыемствы і абслугоўваючыя іх арг-цыі, якія працавалі на патрэбы Зах. і часткова Паўн.-Зах. франтоў, а таксама размеркаванне паміж мясц. ВПК заказаў на дастаўку сыравіны, паліва і рабочай сілы. Садзейнічаў размяшчэнню на новых месцах эвакуіраваных прадпрыемстваў, афармляў заказы на вытв-сць паходных кухняў, хлебапякарняў, выконваў даручэнні Цэнтральнага ВПК. У сувязі з акупацыяй герм. войскамі зах. часткі Беларусі (восень 1915) Паўн.-Зах. ВПК пераехаў з Вільні ў Петраград і праіснаваў там да вясны 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПАНЕ́СКІ САЮ́З,
аб’яднанне стараж.-грэчаскіх полісаў Пелапанеса на чале са Спартай у 2-й пал. 6 — сярэдзіне 4 ст. да н.э. У саюз увайшлі: Карынф (582 да н.э.), Эліда (570), Аркадыя, Сікіён (550), Аргаліда (520), Мегара (510). Склаўся як гарантыя гегемоніі Спарты ў Грэцыі, з’яўляўся сістэмай двухбаковых пагадненняў, якія звязвалі Спарту паасобку з кожным саюзнікам. Саюзнікі павінны былі ўдзельнічаць у ваен. паходах спартанцаў (кожны чл. саюза павінен быў выстаўляць 2/3 сваёй ваен.сілы) і пастаўляць караблі. У пытаннях знешняй палітыкі саюз дзейнічаў у інтарэсах арыстакратаў і алігархаў. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. П.с. — агульнагрэч. арг-цыя. Распаўся пасля паражэння Спарты ў вайне з Фівамі (362 да н.э.). Спроба аднавіць яго ў 330-я г. да н.э. не ўдалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМІ́Р’Еў міжнародным праве,
прыпыненне або спыненне ваен. дзеянняў паводле пагаднення паміж краінамі, якія знаходзяцца ў стане вайны, або па патрабаванні Савета Бяспекі ААН. Бывае агульнае, пашыранае на ўсе ўзбр.сілы, і мясцовае, або частковае, якое ўстанаўліваецца на асобных участках фронту (для накіравання парламенцёраў, правядзення перагавораў пра спыненне канфліктаў, захавання помнікаў культуры і інш. мэт). Адрозніваюцца таксама П. часовае і канчатковае. Часовае можа быць спынена са сканчэннем устаноўленага ў ім тэрміну, наступленнем абумоўленай у пагадненні аб П. падзеі або прыняццем варагуючымі бакамі дэкларацыі пра спыненне П. Канчатковае П. дзейнічае да ўступлення ў сілу мірнага дагавора або інш. акта, які афармляе канчатковае ўрэгуляванне ўзбр. канфлікту. У адрозненне ад мірнага дагавора П. спыняе толькі ваенныя дзеянні, а не становішча вайны паміж дзяржавамі, бакамі. Найб. простая разнастайнасць П. — спыненне агню.