Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЛІ́РАВАННЕ,
1) выкананне паралельна з кім-н. аднолькавай (падобнай) работы; паўтарэнне, выкананне чаго-н. у 2 экзэмплярах.
2) Д. тэкстыльных матэрыялаў — здвойванне і змацаванне матэрыялаў з дапамогай нітачных строчак ці клею (напр., склейванне 2 розных тканін) або пад ціскам пасля аплаўлення паверхні аднаго з матэрыялаў (напр., змацаванне паралону з тканінай ці трыкатажам).
3) Д. фільма, дубляж — узнаўленне моўнай ч. гукавога кінафільма на інш. мове з сінхранізацыяй рухаў губ акцёра на экране і дублёра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХРАМА́ТЫ,
солі дыхромавай к-ты H2Cr2O7. Крышт. рэчывы аранжава-жоўтага колеру (напр., Д. натрыю Na2Cr2O7, tпл 320 °C, т-ра раскладання 400 °C). Раствараюцца ў вадзе (акрамя Д. серабра і вісмуту). Моцныя акісляльнікі. Выкарыстоўваюць як кампаненты выбуховых рэчываў, дубільнікі ў гарбарнай прам-сці, пратраву ў тэкст. прам-сці, для адбельвання маслаў, воску, атрымання арган. злучэнняў і інш. Таксічныя, напр. раствор Д. калію разбурае скурныя покрывы і храстковыя тканкі, ГДК 0,01 мг/м³ [у пераліку на аксід хрому (VI) CrO3].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,
прыродная расліннасць, якая ўключана ў занальную расліннасць, аднак не складае самаст. зоны. Змяняецца ў шыротным і даўготным напрамках. У адрозненне ад азанальнай расліннасці цесна звязана з пэўнымі зонамі, напр., расліннасць саланцоў і саланчакоў у стэпавай і пустыннай зонах, сфагнавыя балоты ў лясной і тундравай зонах. Звычайна займае ў адпаведнай зоне невял. плошчы. Месцамі І.р. пераважае над занальнай, напр., хваёвыя лясы Палесся ў падзоне шыракалістых лясоў, балоты Зах. Сібіры ў падзоне тайгі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПО́ЕВАЯ КІСЛАТА́, тыоктавая кіслата, вітамін N; монакарбонавая серазмяшчальная кіслата, кафермент. Пашырана ў прыродзе. Крышталі Л.к. вылучаны ў 1941 з бычынай печані. Л.к. ўдзельнічае ў пераносе рэшткаў к-т (ацыльных груп) і ў рэакцыях акіслення біялагічнага. З’яўляецца фактарам росту для некат. мікраарганізмаў (напр., дражджэй). У клетках расл. і жывёльных тканак знаходзіцца ў звязанай з бялком форме. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэгулявання ліпіднага абмену, лячэння хвароб печані (напр., хваробы Боткіна), цукр. дыябету і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПІУМ (лац. opium ад грэч. opion макавы сок), опій,
высахлы на паветры млечны сок з надрэзаў на няспелых макаўках опійнага маку; моцны наркотык, мае каля 20 алкалоідаў: марфін, кадэін, наркацін і інш. У О. да 10% марфіну, які больш за інш. алкалоіды ўздзейнічае на арганізм чалавека. Ужыванне вядзе да наркаманіі. Прэпараты О. (напр., марфіну гідрахларыд) выкарыстоўваюць як моцны абязбольвальны сродак пры злаякасных пухлінах, нырачных коліках і інш.; супраць кашлю (напр., кадэін) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯЖ (ад франц. plage пакаты марскі бераг),
паласа наносаў на ўзбярэжжы вадаёма або вадацёку ў зоне дзейнасці прыбойнага патоку. Фарміруецца ў выніку намнажэння прадуктаў разбурэння берагоў і прыбярэжных водмелей пры актыўным хваляванні і ўздоўж берагавых цячэнняў. Можа ўключаць берагавыя валы, косы і інш. акумуляцыйныя формы прыбярэжнай зоны. Вылучаюць П. валунныя, галечныя, жвіровыя, пясчаныя, ракушачныя, каралавыя і інш. Для рэкрэацыйных мэт выкарыстоўваюцца пясчаныя П. (напр., Рыжскае ўзмор’е) і галечныя (напр., Паўд. бераг Крыма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + мілітарызацыя),
аднаўленне ваен. магутнасці, ваен.-эканам. патэнцыялу дзяржавы (ч. яе тэр.) пасля дэмілітарызацыі. Напр., Германія анулявала ваен. артыкулы Версальскага мірнага дагавора 1919, аднавіла ваен. магутнасць і распачала падрыхтоўку да рэваншу. Пасля 2-й сусв. вайны Р. найб. характэрна для дзяржаў, якія ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі ў 2-й пал. 1940-х г. былі дэмілітарызаваны, потым аднавілі свой ваен.-эканам. і тэхн. патэнцыял (напр., ФРГ, Італія, Румынія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫ́ЖАНЬу біялогіі,
цэнтральная частка сцябла або кораня насенных раслін, запоўненая рыхлай парэнхімнай тканкай. Утвараецца са стрыжнёвай мерыстэмы верхавінкі. Звычайна складаецца з танкасценных клетак. Утрымлівае камяністыя клеткі, млечнікі, у хвойных — смаляныя, у складанакветных — эфіраалейныя хады. Унутр. частка С. часам разрываецца і ўтварае адну буйную паветраную поласць (напр., парасонавыя, некат. злакі) або некалькі поласцей (у вінаграду). У многіх раслін С. — месца назапашвання пажыўных рэчываў (напр., у бука — алею і крухмалу, у чайнага куста — дубільных рэчываў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗО́ТЫ (ад грэч. exōtikos чужы, іншаземны),
віды раслін і жывёл, нязвычныя для мясц. флоры і фауны. Трапляюць у геаграфічна аддаленыя экасістэмы выпадкова ці ў выніку інтрадукцыі. Звычайна сустракаюцца ў бат. садах, аранжарэях, заапарках, экзатарыумах і інш. (напр., лімоны, ананасы, кактусы; малпы, страусы, папугаі і інш.), дзе ім ствараюцца штучныя экалагічныя ўмовы. Некат. Э. вельмі пашырыліся ў культуры і дзікай прыродзе, сталі звычайнымі відамі (напр., бульба, памідоры, лістоўніца сібірская; каларадскі жук і інш.).