ЗЯРНЯ́ЎКА,

сухі аднанасенны плод з тонкім каляплоднікам, шчыльна прыціснутым да семя і зрослым з ім каля асновы. Характэрна для злакаў. У жыта і пшаніцы З. ападаюць голыя, у аўса, проса, ячменю і дзікарослых відаў — разам з кветкавымі лускамі. Такія З. зрэдку маюць прыдаткі (валасяныя чубкі, перыстыя асцюкі і інш.), якія садзейнічаюць распаўсюджванню пладоў. З. збожжавых злакаў называюць зернем.

т. 7, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н II Іванавіч Красны

(30.3.1326, Масква — 13.11.1359),

князь звенігародскі і рузскі (1340—53], вялікі князь маскоўскі і ўладзімірскі [1353—59]. Другі сын Івана I Каліты, бацька Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Прадоўжыў палітыку бацькі па аб’яднанні рус. зямель. Пры ім пачалося ўмацаванне на Русі аўтарытэту мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Аляксея. Пазбягаў ваен. канфліктаў, выступаў трацейскім суддзёй сярод рус. князёў.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік), сатрапезніцтва,

форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл. таксама Мутуалізм.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАХРЭ́ЗА (ад грэч. katachrēsis злоўжыванне),

спалучэнне несумяшчальных у сваім асн. значэнні слоў, паняццяў, выразаў, якое стварае своеасаблівае сэнсавае адзінства. Пашырана ў гутарковай мове, найб. у фразеалагізмах: «языком малоць», «зубы на сонцы грэць», «ветрам падшыты» і інш. Вядома ў бел. вусна-паэт. творчасці. У л-ры ўзбагачае маст. выразнасць тропаў, надае ім эфект эмацыянальнай нечаканасці і навізны. Гл. таксама Аксімаран.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ФТЫ (новагрэч. klephtes літар. злодзеі),

грэчаскія партызаны-сяляне, якія ў 17 — пач. 19 ст. змагаліся супраць тур. акупац. войск і буйных грэч. землеўладальнікаў (апошнія далі ім зневажальную мянушку). У канцы 17 ст. туркі легалізавалі ч. атрадаў К. як унутр. варту (арматолаў). К. складалі аснову сіл паўстанцаў у час грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29, з іх асяроддзя выйшаў Т.Калакатроніс.

т. 8, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЫРАЎ Міхаіл Аляксеевіч (н. 10.8.1937, в. В.​Бушкава Магілёўскага р-на),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962), з 1980 працуе ў ім. Навук. працы па хірургіі жоўцевых праток і падстраўнікавай залозы, печані, язвавай хваробы, хранічнай дуаданальнай непраходнасці.

Тв.:

Дифференциальная диагностика желтух // Здравоохранение Белоруссии. 1987. № 8.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОНЦЫ́РКУЛЬ (ад ням. Krone карона, вянец + цыркуль),

1) вымяральны інструмент у выглядзе цыркуля з дугападобнымі ножкамі. Часам мае шкалу. Выкарыстоўваецца для параўнання дыяметраў дэталей з памерамі, узятымі па маштабнай лінейцы, канцавых мерах або калібры. Межы вымярэнняў — да 200 мм.

2) Чарцёжны цыркуль, у якога вугал фіксуецца мікраметрычным вінтом. Ім вычэрчваюць акружнасці дыям. 2—80 мм.

Вымяральныя кронцыркулі.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫСЕ́НКА Ірына Міхайлаўна (н. 29.8.1954, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1997). Скончыла Віцебскі мед. ін-т (1977) і працуе ў ім. Навук. працы па паталогіі гіпафізарна-тырэоіднай сістэмы дзяцей, рэабілітацыі аслабленых дзяцей бязлекавымі сродкамі (рэфлексатэрапія, фітатэрапія, масаж і інш.).

Тв.:

Сборник вопросов и ответов по клинической медицине. Витебск, 1998 (у сааўт.).

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РТАЎ Юрый Барысавіч (н. 31.8.1944, г. Рослаўль Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1967), працуе ў ім (з 1989 заг. кафедры). Навук. працы па хірургіі органаў брушной і грудной поласцей.

Тв.:

Язвенная болезнь глазами хирурга. Витебск, 1995 (у сааўт.);

Распространенный перитонит. М., 1998 (у сааўт.).

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНО́ЦІ (Menotti) Чыра (22.1.1798, г. Карпі, Італія — 26.5.1831),

дзеяч італьян. нац.-вызв. руху. Фабрыкант у г. Мадэна (сталіцы аднайм. герцагства). Удзельнік руху карбанарыяў. Узначаліў рэв. змову з мэтай дасягнення адзінства і незалежнасці Італіі. Арыштаваны 3.2.1831 напярэдадні падрыхтаванага ім паўстання ў Мадэне, якое перарасло ў рэвалюцыю ў Цэнтр. Італіі. Пасля задушэння рэвалюцыі аўстр. войскамі (сак. 1831) М. пакараны смерцю.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)