сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.
У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.
Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.К.Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).
Літ.:
Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;
Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;
Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́Д-АЎТАМА́Т,
вытворчы комплекс, які аб’ядноўвае гібкія аўтаматызаваныя цэхі загатовачнай вытв-сці, апрацоўчыя і зборачныя цэхі, аўтаматызаваныя склады матэрыялаў, загатовак, камплектуючых вырабаў з дапамогай транспартна-накапляльнай сістэмы і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСК) вытв-сцю; вышэйшая форма гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Забяспечвае выпуск шырокай наменклатуры аднародных па канструкцыйных і тэхнал. параметрах вырабаў і безынерцыйны пераход на выпуск новай прадукцыі за кошт комплекснай аўтаматызацыі ўсіх асн. і дапаможных тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкі абсталявання, сістэм аўтаматызаванага праектавання (САПР) і кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі.
Узаемадзеянне структурных элементаў З.-а. ажыццяўляецца сродкамі інтэграванай сістэмы кіравання на базе лакальнай вылічальнай сеткі, якая рэалізуе сумеснае выкананне функцый тэхн. і арганізац.-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці, яе планаванне, аператыўнае кіраванне на базе інтэграцыі САПР, АСК міжцэхавага ўзроўню, АСКгібкімі вытворчымі модулямі, гібкімі аўтам. лініямі, участкамі, цэхамі, заводскімі складамі, робататэхнічнымі комплексамі і асобнымі адзінкамі спец.тэхнал. абсталявання. Інфарм. забеспячэнне структурных элементаў АСК З.-а. ўключае сродкі абмену канструктарска-тэхнал., планавай, справаздачнай і нарматыўна-даведачнай інфармацыяй, кіравальнымі праграмамі для станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, данымі аб стане вытв-сці і абсталявання, камандамі і запытамі. Інтэграцыя структурных элементаў інтэграванай АСК З.-а. ажыццяўляецца сродкамі сістэмнага інтэрфейса на аснове адзінай інфарм. базы і уніфікаванага комплексу тэхн., праграмных сродкаў і пратаколаў абмену данымі. Шматузроўневы сістэмны інтэрфейс уключае сістэмныя інтэрфейсы заводскага, цэхавага ўзроўню, узроўню аўтаматызаваных участкаў і аўтам. ліній. У знешняе асяроддзе З.-а. ўваходзяць САПР, аўтаматыз. сістэмы навук. даследаванняў, што функцыянуюць у рамках навукова-вытворчых аб’яднанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,
моўная сям’я, якая ўключае 2 групы моў: фіна-угорскую (гл.Фіна-угорскія мовы) і самадзійскую (ненецкая, энецкая, нганасанская і інш.; некат. вучоныя разглядаюць іх як групу моў у складзе генет. аб’яднання У.м.). Найб. верагодная прарадзіма У.м. — тэр. вакол Уральскага хрыбта. Спецыфічнай рысай усіх моў з’яўляецца тое, што слова складаецца з кораня, які нясе лексічнае значэнне, і ланцужка суфіксаў, кожны з якіх выконвае адну функцыю і мае толькі адно грамат. значэнне. Вакалізм такога слова характарызуецца гармоніяй галосных — галосныя суфіксаў прыпадабняюцца да галоснага кораня. Марфал. будова У.м. аглюцінатыўная, у сістэме скланення шмат месных склонаў. У лексіцы выяўляецца ўзаемадзеянне з некат. індаеўрап., у т. л.слав. мовамі. У.м. не маюць помнікаў стараж. пісьменства, ёсць помнікі пісьменства асобных моў адносна позняга часу. 1-ы пісьмовы помнік венг. мовы створаны каля 1200, 2 кароткія надпісы на карэльскай мове на наўгародскіх берасцяных граматах датуюцца пач. 13 ст., 1-я помнікі на стараж. комі мове напісаны ў 14 ст., найб. старажытныя фін. і эст. помнікі ўзыходзяць да 16 ст. Помнікі пісьменства стараж. фіна-угорскіх народаў адносяцца да канца 17—пач. 18 ст. У сучасных уральскіх народаў пісьменства развіта дастаткова нераўнамерна. Побач з мовамі з даўняй літ. традыцыяй (венг., фін., эст.) ёсць мовы са слаба развітым пісьменствам (ненецкая, хантыйская, мансійская) і беспісьмовыя або пісьменства якіх распрацоўваецца (водская, вепская і інш.).
Літ.:
Хайду П. Уральские языки и народы: Пер. с венг.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА,
пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕРЫМЕ́НТ (ад лац. experimentum проба, дослед),
метад навук. пазнання, які заключаецца ў практычным узнаўленні аб’екта пазнання і вывучэнні ўсіх яго сувязей. Заснавальнікамі эксперым. метаду даследавання ў прыродазнаўстве новага часу былі Г.Галілей і У.Гільберт. Філас. абгрунтаванне атрымаў у працах Ф.Бэкана, які распрацаваў і першую класіфікацыю Э. У залежнасці ад пазнавальных мэт, сродкаў і аб’ектаў пазнання вылучаюць наступныя віды Э.: даследчыцкі, ці пошукавы; праверачны, ці кантрольны; узнаўленчы; ізалюючы; якасны, ці колькасны; фізічны; хімічны; сацыяльны (сацыялагічны, эканам., прававы, сац.-псіхалагічны, эстэтычны); біялагічны. Даследчыцкі Э. накіраваны на выяўленне новых, невядомых навуцы з’яў ці іх новых, нечаканых якасцей. Аб’ектам праверачнага Э. можа быць тэарэт. прадказанне або тэарэт. гіпотэза, а яго функцыя — доследная праверка тэарэт. гіпотэз. Асобым відам Э. з’яўляецца разумовы, у якім даследчык аперыруе не рэальнымі прадметамі і ўмовамі іх існавання, а іх пачуццёвымі вобразамі ці тэарэт. мадэлямі. Эксперым. даследаванне праходзіць шэраг стадый. Першая яго стадыя — планаванне, у ходзе якога вызначаецца мэта, выбар тыпу Э. і прадумваюцца яго магчымыя вынікі; наступная стадыя — выбар тэхн. сродкаў правядзення і кантролю; завяршаецца Э. стадыяй інтэрпрэтацыі яго вынікаў, якая ўключае стат. і тэарэт. аналіз. Паколькі ідэалізацыя ў Э. накіравана на выяўленне элементарных дзеянняў (прычын і вынікаў), часцей ён мае месца ў тэхніцы. Эксперым. тэхніка (метад) — звяно, праз якое тэарэт. адкрыццё становіцца тэхн. вынаходніцтвам, а дасягненні тэхнікі дазваляюць удасканальваць метады даследавання. Эксперым. метады шырока выкарыстоўваюцца ў фізіцы, хіміі, біялогіі, фізіялогіі і інш. прыродазнаўчых навуках. З пач. 20 ст. атрымалі развіццё сац.-эканам. Э. У наш час Э. усё больш ужываецца ў сацыялогіі як метад пазнання і як метад аптымізацыі сац.сістэм. Істотныя змены адбыліся ў тэхн. узброенасці Э., узніклі яго новыя віды, звязаныя з выкарыстаннем інфарм. тэхналогій і камп’ютэрных сістэм.
Літ.:
Галилей Г. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964;
Налимов В.В. Теория эксперимента. М., 1971;
Кэмпбелл Д. Модели экспериментов в социальной психологии и прикладных исследованиях: Пер. с англ.М., 1980;
Куприян А.П. Проблема эксперимента в системе общественной практики. М., 1981;
Вихалемм П. Эксперимент в социологическом исследовании // Методы сбора информации в социологических исследованиях. М., 1990. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гімна́стыка
(гр. gymnastike)
1) комплекс фізічных практыкаванняў, якія садзейнічаюць агульнаму развіццю арганізма;
2) від спорту, якіўключае складаныя фізічныя і некаторыя іншыя практыкаванні (напр. спартыўная г., мастацкая г.);
3) від цыркавога мастацтва, дэманстрацыя складаных практыкаванняў на спецыяльных снарадах, замацаваных на манежы (напр. паветраная г.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
комплекс інж. збудаванняў для ачысткі сцёкавых водаў і апрацоўкі асадкаў. Падзяляюцца на збудаванні механічнай, біялагічнай і фізіка-хімічнай ачысткі. Выбар схемы ачысткі залежыць ад складу і колькасці сцёкавых водаў, характарыстыкі вадаёма, куды яны адводзяцца, ці тэхнал. патрабаванняў да вады ў выпадку іх паўторнага выкарыстання.
Да збудаванняў мех. ачысткі адносяцца: прыстасаванні для працэджвання (рашоткі, драбілкі, сіты) і сепарацыі (пескаўлоўнікі, тлушчаўлоўнікі, маслааддзяляльнікі, нафтапасткі, адстойнікі, гідрацыклоны, цэнтрыфугі). Збудаванні біял. ачысткі ў прыродных умовах — палі фільтрацыі і арашэння, біял. сажалкі (бываюць з сістэмамі прымусовай аэрацыі). Біял. ачыстка ў штучных умовах ажыццяўляецца на біяфільтрах і ў аэратэнках. Збудаванні фіз.-хім. ачысткі: флататары, сарбцыйныя, экстракцыйныя і інш. калоны, нейтралізатары, іонаабменныя фільтры, гіперфільтрацыйныя ўстаноўкі, збудаванні эл.-хім. ачысткі і інш. Вузел апрацоўкі асадку ўключае збудаванні па стабілізацыі, кандыцыянаванні, абязводжванні асадку. На невялікіх ачышчальных збудаваннях асадак затрымліваюць і зброджваюць у септыках і адстойніках. На буйных станцыях стабілізацыя асадку робіцца ў анаэробных (метатэнкі) ці аэробных стабілізатарах. Пры выкарыстанні метатэнкаў для утылізацыі газу, што выдзяляецца, прадугледжваюцца газгольдэры. Для абязводжвання стабілізаваных асадкаў у прыродных умовах служаць глеістыя пляцоўкі. Механічнае абязводжванне робяць вакуум-фільтрамі, фільтрпрэсамі, цэнтрыфугамі. Абеззаражваюць ачышчаную ваду ў кантактных рэзервуарах з дапамогай хлору ці азону. Устаноўкі па абеззаражванні бактэрыцыднымі прамянямі ўключаюць выпрамяняльную лямпу, уманціраваную ў трубаправод, які транспартуе ваду, што апрацоўваецца. Лакальныя ачышчальныя збудаванні прадпрыемстваў камплектуюцца вузламі мех. і фіз.-хім. ачысткі. Гарадскія ачышчальныя збудаванні, якія прымаюць сумесь бытавых і вытв. сцёкаў, уключаюць мех. і біял. ачыстку, абеззаражванне ачышчаных сцёкавых водаў і апрацоўку асадку. Збудаванні ачысткі атм. сцёку складаюцца з адстойнікаў і фільтраў (біял. сажалак). Да ачышчальных збудаванняў адносяцца таксама збудаванні для ачысткі паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́ВА (італьян. ottava ад лац. octava восьмая) у акустыцы, пазасістэмная безразмерная адзінка частотнага інтэрвалу. Абазначаецца — акт. 1 акт. — інтэрвал паміж дзвюма частотамі, лагарыфм адносіны якіх пры аснове 2 роўны адзінцы, што адпавядае адносіне верхняй гранічнай частаты да ніжняй гранічнай частаты, роўнай 2.
У музыцы, 1) восьмая ступень дыятанічнага гукарада. Мае аднолькавую назву з зыходнай, аднародная з ёю ў гучанні, але адрозніваецца вышынёю.
2) Самы нізкі па вышыні з абертонаў, якія ўваходзяць у склад кожнага гуку; лічбы ваганняў актавы і зыходнага гуку суадносяцца як 2:1.
3) Частка муз. гукарада, якая ўключае 7 асн. ступеняў дыятанічнага гукарада ці 12 гукаў (паўтонаў) храматычнай гамы ад «до» да «сі». Усяго ў муз. гукарадзе 7 поўных і 2 няпоўныя актавы: субконтрактава (3 верхнія гукі — A2, B2, H2), контрактава, вялікая, малая, 1-, 2, 3, 4, 5-я (адзін ніжні гук — C5) актавы. Найб. поўнае ўяўленне пра падзел гукавой шкалы на актавы дае клавіятура фп. (гл.рыс.).
4) Інтэрвал, які ахоплівае 8 ступеняў дыятанічнага гукарада і складаецца з 6 цэлых тонаў.
5) Назва самага нізкага баса (актавіст) у практыцы харавых спеваў.
У паэзіі — васьмірадковая страфа з цвёрдым спалучэннем рыфмы: першыя 6 радкоў аб’яднаны дзвюма перакрыжаванымі рыфмамі, а 2 апошнія — сумежнымі (АбАбАбвв), з чаргаваннем мужчынскіх і жаночых клаўзул. Узнікла ў італьян.нар. паэзіі, росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння (Л.Арыёста, Т.Таса, Л.Камоэнс). Актавай напісаны «Дон Жуан» Дж.Байрана, «Домік у Каломне» А.Пушкіна. У бел. паэзіі да актавы ўпершыню звярнуліся Я.Купала («Спроба актавы») і М.Багдановіч («Актава»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад стэрэа... +грэч. typos адбітак, форма),
выраб копій друкарскіх форм (стэрэатыпаў) высокага друку. Дае магчымасць друкаваць выданні з аднолькавых форм-копій адначасова на некалькіх машынах, вырабляць формы для высокапрадукцыйных ратацыйных машын. Прыдатная для друкавання вял. тыражамі кніжна-часопісных, ілюстраваных і інш. масавых выданняў, а таксама набраных дробным кегелем (энцыклапедый, слоўнікаў), перавыданняў (з захаваннем матрыц).
Стэрэатыпы — копіі арыгінальнай друкарскай формы з адліўнога набору і клішэ, вырабленыя ў маштабе 1:1. Маюць форму маналітнай пласціны або часткі цыліндра з друкарскага сплаву (гарту), медзі, пластмасы або гумы з рэльефнымі друкавальнымі элементамі. Працэс С. ўключае: цісненне матрыц (на спец. матрычных прэсах); атрыманне стэрэатыпаў ліццём (матрыцу заліваюць спец. сплавам на стэрэатыпных адліўных станках), электралітычным спосабам (на матрыцу ў гальванічнай ванне нарошчваюць слой металу, які ўтварае паверхневы друкавальны слой стэрэатыпа; гл. Гальванастэрэатыпія), упрасоўваннем матрыцы ў тэрмапластычную пластмасавую або гумавую пласціну ў падагрэтым стане; аддзелку стэрэатыпа (апрацоўка па росце або таўшчыні, паглыбленне буйных прагалаў, апрацоўка тарцоў і інш.). Для павышэння тыражаўстойлівасці літыя стэрэатыпы пакрываюць хромам або нікелем, гальванастэрэатыпы часам храміруюць. У сувязі з апераджальным развіццём афсетнага друку, флексаграфскага друку і ўжываннем фотапалімерных форм у высокім друку з канца 20 ст. выкарыстанне С. скарачаецца.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
У.М.Сацута.
Стэрэатыпія: а — схема прасавання матрыц-штампаў з наборнай формы (1 — металічны ліст; 2 — зменныя абмежавальнікі; 3 — матрычны прэс-пакет; 4 — прэс-форма; 5 — арыгінальная форма); б — схема прасавання стэрэатыпаў (1 — матрыца; 2 — ліст пластмасы; 3 — пліта халоднага прэса; 4 — прэс-форма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі. якіўключаеэксперым. і тэарэт. даследаванні ў галіне ядзер атамных і элементарных часціц. Падзяляецца на Я.ф. нізкіх і высокіх энергій. Я.ф. нізкіх энергій даследуе працэсы. у якіх энергія ўзбуджэння атамнага ядра не перавышае некалькіх дзесяткаў мегаэлектронвольт. Я.ф. высокіх энергій (энергіі некалькіх соцень мегаэлектронвольт і больш) вывучае пераважна пытанні, звязаныя са структурай элементарных часціц. Асн. раздзелы Я.ф.: ядзерная спектраскапія, ядзерныя рэакцыі, фізіка элементарных часціц, нейтронная фізіка, фізіка паскаральнікаў і інш.
Гал. этапы развіцця: эксперыментальна даказана наяўнасць ядра ў атаме (Э.Рэзерфард, 1911); ажыццёўлена першая штучная ядз. рэакцыя (Рэзерфард, 1919); прапанавана гіпотэза аб нейтронна-пратонным саставе атамнага ядра (Дз.Дз.Іваненка, В.Гайзенберг, 1932); выяўлена магчымасць штучна атрымліваць радыеактыўныя ядры (І. і Ф.Жаліо-Кюры, 1934); адкрыта дзяленне цяжкіх ядраў пры бамбардзіроўцы іх нейтронамі (О.Ган, Ф.Штрасман. 1939); ажыццёўлена першая ланцуговая ядз. рэакцыя ў ядз. рэактары (Э.Фермі, 1942); пушчана першая ў свеце сав.АЭС (1954). Далейшыя навук. дасягненні звязаны са стварэннем паскаральнікаў зараджаных часціц, удасканаленнем тэхнікі рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі і элементарнымі часціцамі. Я.ф. з’яўляецца навук. асновай многіх сучасных галін навукі і тэхнікі — ядз. энергетыкі, ядз. ўзбраення, нейтронна-актывацыйнага аналізу, астрафізікі, біял. дзеяння іанізавальнага выпрамянення, радыяцыйнай бяспекі, радыеэкалогіі. радыехіміі. радыетэрапіі ў медыцыне, метадаў неразбуральнага кантролю з выкарыстаннем нейтронаў і гама-прамянёў і інш.
На Беларусі даследаванні па Я.ф. праводзяцца ў «Цэнтры ядзерных тэхналогій — Сосны Нац.АН Беларусі», БДУ, Ін-це фізікі Нац.АН і інш.
Літ.:
Широков Ю.М., Юдин Н.П. Ядерная физика. М., 1972;
Михайлов В.М., Крафт О.Е. Ядерная физика. Л., 1988.