палеамагнеты́зм

(ад палеа- + магнетызм)

уласцівасць горных парод намагнічвацца ў перыяд свайго ўтварэння пад уздзеяннем магнітнага поля Зямлі і захоўваць набытую намагнічанасць у наступныя эпохі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКРАТЭ́РЫЙ (ад грэч. akrotērion вяршыня, франтон),

скульптурны элемент арх. дэкору, які завяршае вуглы франтонаў арх. збудавання, створанага з выкарыстаннем класічнага ордэра. Узнік у антычнасці, у розныя эпохі набываў своеасаблівую трактоўку: квіятон (готыка), пальмета (рэнесанс), валюта, арнаментальная кампазіцыя (барока), абеліск, статуя, грыфон, ваен. атрыбуты (класіцызм) і інш.

Акратэрыі.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + ...графія),

1) апісанне жыцця і дзейнасці чалавека; жанр гіст., маст., навук. прозы. У біяграфіі на аснове фактычнага матэрыялу разглядаецца працэс фарміравання чалавечай асобы ў сувязі з грамадскімі адносінамі пэўнай гіст. эпохі. Бываюць навук., маст., акад., папулярныя і інш. Разнавіднасць біяграфіі — аўтабіяграфія.

2) Жыццё чалавека.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́СІ ((Alessi) Галеаца) (1500 ці 1512, г. Перуджа — 30.12.1572),

італьянскі архітэктар эпохі позняга Адраджэння. Вучыўся ў Рыме ў Мікеланджэла, працаваў у Генуі. Стварыў тып гар. палаца з разгорнутай углыбіню тэраснай кампазіцыяй, які ўзбагачаўся лесвіцамі і аркадамі: палац Пародзі ў Генуі (1567), палац Марына ў Мілане (пачаты ў 1557).

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПАВА ПЯЧО́РА, Капавая пячора, Шульган-Таш,

адна з найб. пячор на Паўд. Урале, на правым беразе р. Белая, у Башкортастане. Агульная даўжыня больш за 2 км. Утварылася ў вапняках і даламітах дэвонскага ўзросту. Калідоры і гроты размешчаны двума паверхамі. Кальцытавыя нацёчныя ўтварэнні. У 1959 заолаг А.​В.​Румін выявіў тут малюнкі эпохі палеаліту. У 1960—71 гэтыя выявы вывучаў О.​М.​Бадэр. На 2-м паверсе К.п. маюцца малюнкі мамантаў, коней, насарогаў. Даўж. фігур ад 44 да 112 см. Выявы ўяўляюць сабой цалкам зафарбаваныя чырв. фарбай сілуэты або грубыя контуры. Наяўнасць фігур мамантаў і насарогаў дазваляе датаваць малюнкі гэтага паверха эпохай верхняга палеаліту. У задніх залах 1-га паверха К.п. выяўлены выявы геам. характару ў выглядзе лесвіц (хацін?), трохвугольнікаў, касых ліній і антрапаморфных фігур; яны, верагодна, таксама адносяцца да эпохі палеаліту.

Выявы мамантаў, коней і насарога ў Капавай пячоры.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэнеса́нс

(фр. Renaissance = адраджэнне)

1) эпоха Адраджэння (14—16 ст.), час росквіту навук і мастацтваў, які змяніў у Еўропе сярэдневякоўе;

2) архітэктурны стыль эпохі Адраджэння.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АМЕНЕМХЕ́Т II,

егіпецкі фараон [каля 1929 — каля 1892 да н.э.] эпохі Сярэдняга царства (XII дынастыя). Пры ім умацаваліся эканам. сувязі Егіпта з суседнімі краінамі. Прадаўжаў палітыку ваен. і эканам. пранікнення ў краіны Куш (тэр. сучаснага Судана і ч. Егіпта) і ў Пунт (Усх. Афрыка). Паводле Манефона, загінуў у выніку палацавага перавароту.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́НАЎ,

2 археалагічныя стаянкі каля в. Гронаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. На адной стаянцы выяўлены крамянёвыя вырабы і фрагменты ляпных пасудзін эпохі позняга неаліту, ранняга бронзавага і ранняга жал. вякоў (на яе месцы пазней існавала селішча зарубінецкай культуры). На другой стаянцы верхнедняпроўскай культуры знойдзены рэчы ранняга і позняга бронзавага веку.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНІ́ЛА (італьян. campanile),

званіца ў італьян. архітэктуры сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Будавалі ў выглядзе 4-граннай (часам круглай) вежы, якая звычайна стаяла асобна ад храма. Павелічэнне колькасці ці памераў праёмаў угару (ніжнія паверхі пераважна глухія) надае К. стройнасць і лёгкасць (вежа-К. ў Пізе). Прататыпам К. былі гар. вартавыя вежы.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ПІНА,

пячорная стаянка эпохі ніжняга палеаліту ў басейне р. Сава (Харватыя). Адкрыта і даследавана ў 1899—1905. Знойдзена шмат касцей чалавека неандэртальскага тыпу, крамянёвыя і яшмавыя прылады працы мусцьерскіх абрысаў, рэшткі агнішча, косці пячорнага мядзведзя, насарога, першабытнага быка. Частка чалавечых касцей расколата і абпалена. Некат. даследчыкі бачаць у гэтым прыкметы канібалізму.

т. 8, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)