РАДАШКО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр. ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р. Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб. выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.​А.​Дзяменцьева паўн.-зах. ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.

У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. ч. Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.

У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн. ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.

В.​П.​Якушка.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́рты ’лыжы’ (Гарэц., Касп., Бяльк.; Маш., 26). Рус. арл., смал. и́рты ’лыжы’; параўн. таксама славен. rtíče ’сані’. Ст.-рус. рты ’лыжы’ зафіксавана ў Ніканаўскім летапісе пад 1444 г. (спіс XVI ст.). Бел. лексема з прыстаўным і‑ ўзыходзіць да ст.-рус. рты і генетычна звязана з *rъtъ (гл. рот.). Назва паводле формы загнутых і завостраных спераду палазоў; параўн. ст.-рус. рътъ ’верх’, ’пярэдняя частка, нос у карабля’, славен. ŕt ’вастрыё’, ’мыс’, серб.-харв. р̑т ’верхавіна, вострая частка якога-н. прадмета’, ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, макед. ʼрт ’мыс’. Гл. нарты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бярэ́сцішча Месца ў бярозавым лесе, дзе дралі бяросту на выганку дзёгцю (Крыч.).

□ ур. Бярэсцішча (узвышша) каля в. Дзягавічы Крыч.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

перасмы́к

1. Водападзел, узвышша паміж рэчкамі, вадаёмамі (Слаўг.). Тое ж перамы́чка (БРС).

2. Вузкая палоска лесу паміж палямі (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ГЛЕ́БКА Пятро (Пётр Фёдаравіч; 6. 7.1905, в. Вялікая Уса Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1969),

бел. паэт. Акад. АН БССР (1957, чл.-кар. 1950). Скончыў БДУ (1930). Працаваў сакратаром рэдакцыі час. «Узвышша», у газ. «Калгаснік Беларусі», час. «Полымя рэвалюцыі». З 1945 у АН Беларусі: у Ін-це л-ры, мовы і мастацтва, у 1952—56 заг. сектара лексікаграфіі, у 1956—57 дырэктар Ін-та мовазнаўства, у 1957—69 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, адначасова ў 1968—69 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук. Друкаваўся з 1924. Першы зб. лірыкі «Шыпшына» (1927) выявіў прыхільнасць да рамант. паэзіі, літ. і фалькл. традыцый. Кнігі «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935) вызначаюцца жанравай разнастайнасцю, узмацненнем грамадз. матываў. Асобныя вершы 1930-х г. рытарычныя, дэкларацыйныя. Тэма рэвалюцыі і Грамадз. вайны ў паэмах «Трывожны сігнал» (1929), «Арлянка» (1931), «Мужнасць» (1934), «У тыя дні» (1937), драм. паэме «Над Бярозай-ракой» (паст. 1940). Вершы часоў Айч. вайны прасякнуты філас. роздумам, напоўнены пачуццём любові да Радзімы, лірызмам. Гал. тэмы пасляваен. творчасці — аднаўленне, памяць вайны, барацьба за мір. Аўтар лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (нап. 1947, паст. 1970), вершаванай п’есы «Святло з Усходу» (паст. 1957), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Вёў даследчую работу ў галіне бел. лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.​Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.​Лермантава, М.​Горкага (паэма «Дзяўчына і смерць», апавяданні), У.​Маякоўскага, А.​Пракоф’ева, Т.​Шаўчэнкі (паэма «Марына», вершы), М.​Рыльскага і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1984—86.

Літ.:

Барсток М. Пятро Глебка. Мн., 1952;

Перкін Н. Пятро Глебка. Мн., 1955;

Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. Мн., 1976.

П.Ф.Глебка.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДА́Р Алесь (сапр. Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

бел. паэт, крытык, перакладчык. Вучыўся ў БДУ (1927—28). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1928 за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам...» высланы на З гады ў Смаленск. Вярнуўшыся, уключыўся ў літ. жыццё. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (абодва 1925), «Вежа» (1928), паэм «Шанхайскі шоўк» (1925), «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), у якіх славіў героіку рэв. барацьбы, сац. пераўтварэнні ў горадзе і вёсцы. У зб. «І залацісцей, і сталёвей» (1926) уплыў ясенінскіх літ. традыцый, эратычныя матывы. Пісаў і прозу (прыгодніцкі раман «Ваўчаняты», 1925, з А.​Александровічам і А.​Вольным; зб. апавяд. «Марсельеза», 1927). Пад псеўд. Тодар Глыбоцкі друкаваўся як крытык, пераважна па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, выдаў зб. арт. «Пра нашы літаратурныя справы» (1928). Часам выказваў вульгарызатарскія ацэнкі, непрымальна ставіўся да інш. аб’яднанняў (напр., «Узвышша»), некат. пісьменнікаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пушкіна, В.​Брусава, «Дванаццаць» А.​Блока, урыўкі з «Фауста» І.​В.​Гётэ, «Германіі» Г.​Гейнэ, творы С.​Ясеніна, Б.​Пастарнака, М.​Ціханава, М.​Рыльскага, У.​Сасюры. Асобнымі выданнямі ў яго пер. выйшлі «Выбраныя вершы» С.​Стандэ, аповесць Ф.​Гладкова «Новая зямля», раман У.​Кузьміча «Крыллі авіяспіралі», п’есы «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера, «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Мн., 1959;

Вежа. Мн., 1984.

Літ.:

Бечык В. Словы ўзнёслыя і шчырыя // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Міхнюк У.М. Арыштаваць у высылцы;

Дакумент. нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

А.Дудар.

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Аршы́н. Ст.-бел. аршинъ. Рус. аршин з 1489 у помніках зносін з Польска–Літоўскай дзяржавай (Унбегаун, La langue russe, 166), ст.-укр. аршин гл. Рогаль (З історії, 182). Крыніца беларускага слова — цюркская з іранскай (Вольскі, «Узвышша», 1929, 6, 114; Юргелевіч, Курс, 137; Курс суч., 161). Параўн. Фасмер, 1, 92; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 30; Конанаў, ИОРЯ, 1966, 229. Дзмітрыеў (Строй, 522–523) лічыць непасрэднай крыніцай рус. аршин татарскае (казанска-татарскае) слова. Бел. аршын, верагодна, з крымска-татарскай, у якой з турэцкай, магчыма, праз украінскае пасрэдніцтва; тур. arsin ’тс’ < іран. арш ’локаць’ (Локач, 10). Нельга цалкам выключыць і беларускае запазычанне з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лоб

1. Пярэдняя ад вёскі частка лугу (Крыч.).

2. Узгорак, узвышша (Крыч.).

□ ур. Лобаўкі (частка лугу в. Людкоў) каля в. Асінаўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ЗАМО́ЦІН Іван Іванавіч (1.11.1873, в. Крывуліна Цвярской вобл., Расія — 25.5.1942),

рускі і бел. літ.-знавец. Акад. АН Беларусі (1928), чл.-кар. АН СССР (1929), д-р філал. н. (1934). Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал. ін-т (1897). З 1904 прыват-дацэнт Варшаўскага, потым Пецярбургскага, з 1908 праф. Варшаўскага, з 1917 — Данскога ун-таў, з 1922 — БДУ, з 1931 — Мінскага пед. ін-та. Адначасова працаваў у Інбелкульце (з 1925), АН БССР (з 1929). 4.4.1938 арыштаваны, высланы ў Комі АССР, дзе памёр у турэмнай бальніцы. У працах па гісторыі рус. л-ры 19 ст. выступаў як прадстаўнік культурна-гістарычнай школы ў літ.-знаўстве. Даследаваў эстэт. прынцыпы, літ. плыні і стылі рус. рамантычнай л-ры 1820—30-х г. ва ўзаемасувязях з зах.-еўрап. л-рай, станаўленне рэаліст. метаду ў рус. л-ры 1840—60-х г. (творчасць М.​Гогаля, В.​Бялінскага, М.​Чарнышэўскага, І.​Тургенева, Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога і інш.), гісторыю рус. крытыкі і журналістыкі, праблемы рус. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. Вывучаў гісторыю і тэорыю бел. л-ры [«Пуціны беларускай літаратуры (Я.​Колас — «Новая зямля»)», 1924; «Паэма Я.​Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка», 1926; «Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускай літаратуры», 1928, і інш.]. Працы З. садзейнічалі станаўленню бел. тэксталогіі (акад. выданне твораў М.​Багдановіча, 1927—28, і інш. пісьменнікаў), методыкі выкладання л-ры.

Тв.:

Романтизм двадцатых годов XIX ст. в русской литературе. Т. 1—2. Варшава, 1903—07;

Сороковые и шестидесятые годы. Варшава, 1911;

М.​А.​Багдановіч // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5;

Беларуская драматургія. [Ч.] 1. Драматычныя творы Я.​Купалы // Тамсама. № 1;

Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1—2. Мн., 1927—28;

Драматычныя творы Ц.​Гартнага // Полымя. 1928. № 9;

А.​С.​Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;

Творы. Мн., 1991.

У.​М.​Конан.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На З Беларусі, у паўд. ч. Гродзенскай і паўн. ч. Брэсцкай абласцей; у складзе Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на Пн, Ваўкавыскім і Навагрудскім узвышшамі на З і У (аддзелена ад іх далінамі рэк Зальвянка і Шчара), Баранавіцкай раўнінай на Пд. Найб. выш. 228 м. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 65 км, шыр. да 42 км. Пл. каля 2 тыс. км².

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву Беларускай антэклізы. У рэльефе фундамента вылучаюцца Слонімскі купал і Зальвянская брахіантыкліналь. Найб. магутнасці платформавага чахла (300—350 м) прымеркаваны да паўд. і зах. схілаў Бел. антэклізы, найменшыя (150 м) — да купалападобных падняццяў. Чахол складзены з адкладаў верхняга пратэразою, мелавога, палеагенавага і неагенавага ўзросту. Даантрапагенавая паверхня моцна парэзаная (амплітуда расчлянення да 100 м). Трапляюцца ледавіковыя лагчыны з адзнакамі днішча да -20 м. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць да 160 м) вылучаны 4 гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі). Фарміраванне С.ў. адбылося пад уплывам дняпроўскага ледавіка (перапрацоўка глыбокіх адорвеняў мелавых, палеагенавых і раннеантрапагенавых адкладаў), сучасны рэльеф створаны сожскім зледзяненнем.

Рэльеф С.ў. буйнаўзгорысты і градава-ўзгорысты. У цэнтры спадзістая слабахвалістая раўніна. Грады выцягнуты з ПнЗ на ПдУ, сярод іх вылучаны Залацееўскі пояс град і Косаўская града. Рэльеф моцна тэхнагенна пераўтвораны. Карысныя выкапні: гліны лёгкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. На З С.ў. дрэніруецца правымі прытокамі р. Зальвянка (Трасцянка, Іванаўка), на Пд і У — левымі прытокамі р. Шчара (Грыўда, Шэя, Валобрынка, Бяроза, Луконіца, Сіпа). У межах узвышша воз. Бяздоннае. Частка былых азёрных катлавін ператварылася ў нізінныя балоты. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, слаба- і сярэднеападзоленыя, алювіяльныя поймавыя, па паніжэннях і лагчынах намыўныя пераўвільготненыя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі. Лясы захаваліся асобнымі масівамі. Найб. пашыраны лясы шыракаліста-яловыя, ялова-грабавыя, дубровы з ясенем, вязам і клёнам, ельнікі з дамешкам дубу, грабу і ліпы, хвойнікі баравыя і субаравыя з дамешкам елкі, дубу.

В.​М.​Фядзеня.

т. 15, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)