ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,

закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I​2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл. Пойнтынга вектар).

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬТ-АМПЕ́Р,

адзінка поўнай магутнасці эл. ланцуга пераменнага току пры вымярэнні эфектыўных значэнняў сілы току ў амперах і напружання ў вольтах. Абазначаецца В∙А. Адзінка рэактыўнай магутнасці — вар (вольт-ампер рэактыўны; гл. таксама Ват).

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́СЬБІТЫ ЗАРА́ДУ, носьбіты току,

агульная назва зараджаных рухомых часціц (ці квазічасціц), якія забяспечваюць праходжанне эл. току праз рэчыва. Тэрмін найчасцей выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела, дзе аб’ядноўвае электроны праводнасці і дзіркі (гл. Металы, Паўправаднікі).

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ ТОК,

электрычны ток, сіла і напрамак якога з часам не зменьваюцца. Існуе ў форме току праводнасці (упарадкаваны рух свабодных электронаў у металах) і току пераносу (перамяшчэнне зараджаных часцінак у электралітах, газах, вакууме). Атрымліваецца выпрамленнем пераменнага току з дапамогай разнастайных выпрамнікаў току. Крыніцамі П.т. з’яўляюцца таксама электрычныя акумулятары, гальванічныя элементы, тэрмаэлектрычныя генератары, генератары П.т. (гл. Пастаяннага току машына), фотаэлементы, магнітагідрадынамічныя генератары, сонечныя батарэі.

Тэарэт. аналіз і разлік ланцугоў П.т. грунтуецца на Ома законе, Кірхгофа правілах і Джоўля—Ленца законе. Першапачаткова на электразабеспячэнне выкарыстоўваўся толькі П.т. Пасля распрацоўкі М.​В.​Даліва-Дабравольскім спосабаў і сродкаў пераўтварэння, перадачы і спажывання трохфазнага току (1891) П.т. у значнай ступені выцеснены пераменным токам. Аднак добрыя эксплуатацыйныя якасці машын П.т. (высокі пускавы момант, магчымасць плаўнага рэгулявання, рэкуперацыі эл. энергіі, высокая перагрузачная здольнасць) абумовілі шырокае выкарыстанне П.т. ў прам-сці (рухавікі і генератары пракатных станаў, металарэзных станкоў, экскаватараў, пад’ёмнікаў і інш.), для эл. цягі (трамвай, тралейбус, электрыфікаваны чыг транспарт). П.т. выкарыстоўваецца таксама ў электраметалургіі, гальванатэхніцы, эл. зварцы, электравымяральнай тэхніцы, для сілкавання радыёўстановак, сродкаў сувязі, аўтаматыкі, тэлемеханікі. Перспектыўны для перадачы электраэнергіі вял. магутнасці на далёкія (да 1000 км і больш) адлегласці (ЛЭП напружаннем да 1500 кВ).

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Strómsperre f -, -n эл. спыне́нне пада́чы то́ку

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Gléichstrommotor m -s, -en рухаві́к пастая́ннага то́ку

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

РЭАКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

фізічная велічыня, якая характарызуе процідзеянне эл. ланцуга працяканню пераменнага эл. току, абумоўленае індуктыўнасцю і электраёмістасцю гэтага ланцуга; частка поўнага электрычнага супраціўлення. Адрозніваюць ёмістаснае супраціўленне і індуктыўнае супраціўленне. Адзінка Р.с. ў СІ — ом.

У ланцугах з сінусаідальным токам на індуктыўным супраціўленні XL вектар сілы току адстае на 90° ад вектара напружання, а на ёмістасным Хс — наадварот, апярэджвае на 90°. Таму Р.с. Х неразгалінаванага ланцуга з паслядоўна ўключанымі індуктыўнасцю і ёмістасцю роўнае Х = ХL-Хс Лікавае значэнне Р.с. задае вугал зруху фаз паміж токам і напружаннем у эл. ланцугу: φ = arctg (Х/R), дзе R — актыўнае супраціўленне. У ланцугах несінусаідальнага току Р.с. рознае для розных гарманічных складальных току.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМО́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

уласцівасць некаторых звычайна нелінейных элементаў эл. ланцугоў змяншаць падзенне напружання на іх пры павелічэнні сілы току (напр., 4-слойны некіроўны дыёд, тунэльны дыёд). У ланцугах пераменнага току індуктыўнае супраціўленне можна разглядаць як адмоўнае супраціўленне ў адносінах да ёмістаснага. У ланцугах пастаяннага току адмоўнае супраціўленне ўзнікае ў вобласці значэнняў токаў і напружанняў пры наяўнасці на вольт-ампернай характарыстыцы элемента ўчастка, які зніжаецца.

Вольтамперная характарыстыка элемента з адмоўным супраціўленнем. AB — спадальны ўчастак.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тока...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на адносіны да электрычнага току, напрыклад: токаразмеркавальнік, токапрыёмнік, токаабмежавальнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматфа́зны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які праходзіць некалькі або многа фаз. Шматфазны генератар пераменнага току. Шматфазны пераменны ток.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)