рот, -а, М ро́це, мн. раты́, -о́ў, м.

1. Поласць паміж верхняй і ніжняй сківіцамі, якая мае адтуліну ў ніжняй частцы твару.

Паласкаць р.

Горка ў роце.

Дыхаць ротам.

Адкрыць р. (таксама перан.: надта здзівіцца; разм.). У р. не лезе што-н. каму-н. (не хоча і не можа есці; разм.). Не браць у р. чаго-н. (не есці або не піць, не ўжываць; разм. У р. не бярэ гарэлкі).

Разявіць р. (таксама перан.: тое, што і адкрыць рот; разм.). Баяцца р. разявіць (перан.: баяцца што-н. сказаць, паспрачацца; разм.). Заціснуць р. каму-н. (таксама перан.: не даць свабодна выказацца; прымусіць маўчаць; разм.). Заляпіць Р. каму-н. (перан.: подкупам, падарункамі прымусіць маўчаць, не гаварыць праўду; разм., неадабр.). Не закрываючы рота гаварыць (не змаўкаючы; разм.). У р. глядзець каму-н. (таксама перан.: угодліва слухаць або слухацца каго-н.; разм., неадабр.).

2. Абрысы і разрэз губ.

Вялікі р.

Прыгожы р.

3. У жывёл: тое, што і пашча. Рыбін р.

4. перан. Ядок, утрыманец (разм.).

Карміць шэсць ратоў.

Лішні р. у сям’і.

|| памянш. ро́цік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 2 знач.) і рато́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. Маленькі роцік або раток.

|| павел. раці́шча, -а, мн. -ы, -аў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. ро́тавы, -ая, -ае (да 1—3 знач.; спец.).

Ротавая поласць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стра́ціць, страчу, страціш, страціць; зак., каго-што.

1. Застацца без каго‑, чаго‑н. Лізавета Назараўна канчаткова страціла субяседнікаў. Корбан. Сяргей працуе бухгалтарам у сваім калгасе. Ён на фронце страціў нагу. Чарнышэвіч. Я ўсё кахаў цябе, Таіса, і мне цяжка было адчуваць, што назаўсёды страціў цябе. Скрыган. // Панесці страты (пра тых, хто загінуў, памёр). Страціла Радзіма мая столькі сыноў, колькі ў лесе дубкоў. Грачанікаў. Васіль Чаравака страціў бацьку, маці і замужнюю маладую сястру. Пестрак. // Панесці страты ў жывой сіле, тэхніцы ў час вайны, бою. У баі страцілі пятнаццаць чалавек. / Пра кроў. [Кастусь] ранен у бок і напэўна страціў многа крыві. Чорны.

2. Марна, без карысці патраціць што‑н. дарагое, каштоўнае (час, грошы і пад.). — А цяпер давайце ўсё-ткі займацца, а то мы цэлы вечар страцім, — у каторы раз схіліўся Косця над чарцяжом. Шыцік. [Чалавек:] — Я лепш галодны пасяджу, а капейкі не страчу. Чорны. Кратаў скронь пасівелую, Сумаваў, не таю: Ах, шкада, што даспелую Восень страціў сваю. Бялевіч.

3. Перастаць мець што‑н., валодаць чым‑н.; не захаваць, не зберагчы што‑н. У целе — дзіўная лёгкасць, быццам яно страціла вагу. Шамякін. [Хлопцы] ж страцілі апошнія сілы ў змаганні за вызваленне. Маўр. / Пра пачуцці, сімпатыі і пад. На вясну Аня выйшла замуж за футбаліста і ўжо страціла ранейшую прыхільнасць да Веры. Кулакоўскі. / Пра прывілеі, правы і пад. Гурын страціў права на літасць. Машара.

4. Застацца часткова або поўнасцю без якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, сувязей і пад. Страціць надзею. Страціць вартасць. Страціць кантакт. □ Пан Вашамірскі болей іншых страціў гумар. Бядуля. Вось суровыя рады бярозавых крыжоў на самай ускраіне сяла ўжо страцілі свой беласнежны колер. Лынькоў. Перад дажджом крымская прырода страціла яркія фарбы. Лужанін. Няскошаныя травы пастарэлі, пажухлі, але яшчэ не страцілі водару. Гамолка. У вайну мы [Ваня і Жэня] страцілі ўсякую сувязь, і, калі сказаць праўду, зусім забыліся адно на аднаго. Васілевіч. // Выйсці з ранейшага становішча; змяніць размяшчэнне, позу. Упаў Даніла ў злосць, у ярасць, Уладу страціў над сабой. Колас. [Васпаваты чалавек] наважыўся ўдарыць Станіслава ў твар, але пахіснуўся, п’янае тулава страціла раўнавагу — ён грузка чмякнуўся аб падлогу. Мікуліч.

5. Збіцца, згубіць (пра дарогу, сцежку і пад.). Немцы не адважыліся ісці за .. [партызанамі] ці можа страцілі след. Мележ.

6. Абл. Загубіць, знішчыць. Надумаліся паны са свету .. [музыку] страціць. Якімовіч.

•••

Страціць ласку у каго — перастаць быць у пашане, у павазе.

Страціць прытомнасць — самлець, абамлець.

Страціць розум — здурнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)