абаро́т, -у, М -ро́це, мн. -ы, -аў, м.
1. Поўны круг вярчэння.
Кола робіць дзесяць абаротаў у секунду.
2. Асобная частка, стадыя якой-н. дзейнасці, развіцця чаго-н. (спец.).
А. палявых культур.
3. Сукупнасць работ, аперацый, якія складаюць поўны цыкл у выкарыстанні чаго-н. (спец.).
А. вагонаў.
4. Абарачэнне грашовых сродкаў і тавараў для ўзнаўлення, атрымання прыбытку.
А. капіталу.
Пусціць грошы ў а.
Гадавы а.
◊
Узяць у абарот каго (разм.) — аказваць (аказаць) рашучае ўздзеянне на каго-н., прымушаць (прымусіць) весці сябе як належыць.
|| прым. абаро́тны, -ая, -ае (да 3 і 4 знач.).
Абаротныя сродкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
эта́п, -у, мн. -ы, -аў, м.
1. Асобны момант, стадыя якога-н. працэсу.
Новы э. развіцця.
Новы э. будаўніцтва горада.
2. Пункт на шляху руху войск, дзе ваеннаслужачыя забяспечваюцца харчамі, фуражом, начлегам.
3. Пункт для начлегу на шляху партый арыштантаў, а таксама маршрут іх руху да месца ссылкі і сама група, партыя арыштантаў.
4. Асобная частка шляху, а таксама (спец.) пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах.
Этапы велагонкі.
◊
Па этапе або этапам — пад канвоем (пра спосаб перасылкі арыштантаў).
Пройдзены этап — пра тое, што зроблена, засталося ў мінулым.
|| прым. эта́пны, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
лічы́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Стадыя развіцця некаторых жывёльных арганізмаў (чарвякоў, насякомых, рыб і пад.), калі арганізм ужо вызваліўся ад зародкавых абалонак і вядзе самастойнае жыццё, але адрозніваецца па віду і будове ад канчаткова сфарміраванай жывёліны; жывёльны арганізм на гэтай стадыі.
лічы́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Спец. Частка затвора вінтоўкі, якая замыкае канал ствала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЦЁЛ,
роды ў кароў, буйваліц, аленіх. Наступаюць звычайна ў кароў на 283—285-я сут цельнасці, у буйваліц на 306—307-я, у аленіх на 225-я сут. За 7—10 сут да ацёлу цельных кароў пераводзяць у спец. стойла з добрым подсцілам. У апошнія дні цельнасці вонкавыя палавыя органы жывёлы і тканкі вакол іх ацякаюць, рэзка павялічваецца вымя. За 1—3 сут да ацёлу з похвы выдзяляецца слізь. Плод выганяецца ў выніку моцных скарачэнняў гладкай мускулатуры маткі (схваткі) і мышцаў брушнога прэса (патугі). Выгнанне плода доўжыцца 0,5—1 гадз (бывае да 5—6 гадз). Паследавая стадыя ў норме працягваецца да 6 гадз. Пупавіну, якая не абарвалася сама, абрываюць і змазваюць растворам ёду або апускаюць у раствор крэаліну ці лізолу. Народжанае цяля абціраюць, ачышчаюць ад слізі. Карове даюць цёплую, падсоленую ваду.
т. 2, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. generalis агульны, галоўны),
1) абагульненне, лагічны пераход ад частковага да агульнага, падпарадкаванне асобных з’яў агульнаму прынцыпу.
2) У фізіялогіі — распаўсюджванне ўзбудлівасці па цэнтральнай нервовай сістэме чалавека і жывёл. Узнікае пад уздзеяннем імпульсаў, якія прыходзяць з перыферыі ў выніку дзеяння моцнага раздражняльніка (напр., харчовага, болевага і інш.). Генералізацыя ўзбудлівасці па кары вял. паўшар’яў мозга адбываецца на першых этапах утварэння ўмоўнага рэфлексу. Адрозніваюць генералізацыю аферэнтную і эферэнтную. Пры аферэнтнай многія стымулы выклікаюць аднолькавую рэакцыю. Пры эферэнтнай аднолькавы стымул выклікае розныя рухі; яна выразна праяўляецца пры загашэнні аднаго з рухаў і пры выпрацоўцы новага руху. Па меры ўтварэння ўмоўнага рэфлексу стадыя генералізацыі змяняецца стадыяй спецыялізацыі.
3) У паталогіі — ператварэнне абмежаванага спачатку інфекц. або пухліннага працэсу ў пашыраны з узнікненнем метастатычных ачагоў у інш. органах. Адбываецца па крывяносных і лімфатычных шляхах.
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.
т. 8, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ІТУС (ад лац. coitus савакупленне),
генітальны кантакт двух індывідуумаў з мэтай прадаўжэння роду і палавога задавальнення. Мае 4 стадыі: псіхічную (палавая дамінанта, узбуджэнне), высокага палавога ўзбуджэння, нарастання вастрыні сексуальнага ўзбуджэння, спаду нерв. ўзбуджэння з рэфрактарным перыядам у мужчын (перыяд абсалютнай — поўная адсутнасць эрэкцыі — і адноснай няўзбудлівасці). Кожная наступная стадыя ўзнікае і падключаецца, калі папярэдняя дасягнула пэўнай вышыні развіцця. Вышэйшая ступень палавога акта — аргазм. К. выклікае ўзмацненне кровазвароту, змены ў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай і інш. сістэмах мужчыны і жанчыны. Асн. крытэрыі цыкла К. — нейрагумаральная гатоўнасць, палавое ўзбуджэнне, эрэкцыя, перабудова ўсіх сістэм арганізма; значна меншае значэнне маюць частата палавых актаў, іх працягласць і інш. колькасныя паказчыкі. Адрозніваюць К. гетэрасексуальны, гомасексуальны, перапынены, пралангіраваны (адвольна зацягнуты), няпоўны (адсутнасць эякуляцыі і аргазму). Пры парушэнні ў палавым акце неабходна кансультацыя ўрача-сексапатолага.
І.У.Дуда.
т. 8, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Качага́р ’рабочы, які абслугоўвае топкі паравых катлоў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кочега́р, укр. кочега́р ’тс’. Паводле Шанскага, 2, К, 363, з’яўляецца ўласна рускім словам, якое ўпершыню адзначаецца ў слоўніку рус. мовы ў 1847 г. Мяркуюць, што ў рус. мове ўзнікла фармацыя ад слова кочерга пры дапамозе суфікса ‑ар — *кочергар. Гэта ўтварэнне не захавалася і хутка (дысіміляцыяй) трансфармавалася ў кочегар. Гл. Фасмер, 2, 357; Гараеў, Доп. I, 21. Але дзіўна, што «стадыя» кочергар так хутка знікла, не пакінуўшы рэальных слядоў. Трэба дапусціць досыць доўгае існаванне слова ў вуснай форме.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
гіпо́пус
(гр. hypopos = які мае знізу ногі)
асобая стадыя німфы ў свірнавых кляшчоў, здольная ўпадаць пры неспрыяльных умовах у стан спакою.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бла́стула
(ад гр. blastos = парастак)
стадыя развіцця зародка мнагаклетачных жывёл і чалавека (наступная за морулай), на якой зародак уяўляе сабой аднаслойны пузырок.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)