КАХЕЦІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1659,
нацыянальна-вызв. паўстанне супраць іранскага панавання ва Усх. Грузіі (Кахеты). Выклікана намерам правіцеляў Ірана засяліць раўніны Кахеты туркм. качавымі плямёнамі, што пагражала знішчэннем мясц. груз. насельніцтву. Паўстанне ўзначальвалі Б.Чалакашвілі, ксанскі эрыстаў (правіцель) Шалва і яго брат Элізбар (загінулі ў баях). У паданнях апеты подзвігі нар. герояў З.Гапрындаулі, Н.Хашураулі, Гагалауры і інш. Кахецінцы разам з мясц. горцамі выгналі са сваіх зямель іранскія войскі і туркм. пасяленцаў; правіцелі Ірана былі вымушаны адмовіцца ад сваіх намераў.
т. 8, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НУС ВЫ́НАСУ,
акумуляцыйная форма рэльефу ў выглядзе плоскага паўконуса. Мае слабапукатую паверхню, уніз пашыраецца. Наземныя К.в. ўтвараюцца ў выніку назапашвання рыхлага матэрыялу (галька, пясок, гліна) ў месцах выхаду горных рэк на раўніны і ў вусцях часовых вадасцёкаў. Падводныя К.в. фарміруюцца ў прыбярэжных зонах мораў і акіянаў каля вусцяў рэк, якія выносяць значную колькасць наносаў, або ў вусцях падводных каньёнаў за кошт матэрыялу, які прыносяць патокі муці ў ніжнюю частку мацерыковага схілу ці ў вобласць мацерыковага падножжа.
т. 8, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВО́ЛЖСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На У Усх.-Еўрап. раўніны, уздоўж правага берага р. Волга ад г. Ніжні Ноўгарад да г. Валгаград. Выш. 375 м (Жыгулі). Складзена з мезазойскіх і палеагенавых пяскоў, глін, мергеляў, мелу, апокаў. Усх. і паўн. схілы стромкія, зах. — спадзістыя. Пераважае эразійны рэльеф, месцамі развіты карст. Асобныя часткі наз. гарамі (Змеевыя, Жыгулі і інш.). На Пн шыракалістыя лясы, якія б.ч. змяняюцца лесастэпам, на Пд стэп. Тэр. П.ў. пераважна ўзараная. Радовішчы нафты, гаручых газаў і сланцаў, фасфарытаў, вапнякоў і інш.
т. 13, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧАРНАМО́РСКАЯ НІЗІ́НА.
На Пд Усх.-Еўрап. раўніны, на Украіне; прылягае да Чорнага і Азоўскага мораў, паміж дэльтай р. Дунай на З і. р. Кальміус на У. Плоская, крыху нахіленая на Пд раўніна. Выш. да 150 м. Складзена з вапнякоў, пяскоў і глін, якія перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Перасечана шырокімі далінамі рэк Дняпро, Паўд. Буг, Днестр і інш. Водападзелы плоскія. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі. Шмат ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос. Стэпы пераважна ўзараныя.
т. 13, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕА́РН (Béarn),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,8 тыс. км². Нас. каля 390 тыс. чал. (1990), значную частку складаюць баскі. Гал. горад — По. На Пд — адгор’і Зах. Пірэнеяў, на Пн — перадгорныя ўзгорыстыя раўніны. Клімат умераны, вільготны. Здабыча прыроднага газу. Хім. і алюмініевы з-ды. Прамысл. цэнтр Баёна (авія- і машынабудаванне, тэкст. і абутковая прам-сць). На Пд — гарнапашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі), у перадгор’ях — пасевы пшаніцы і кукурузы, сады і вінаграднікі. Кліматычны, прыморскі і бальнеалагічны курорт Біярыц.
т. 2, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖА́НКА,
рака ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 272 км². Пачынаецца за 1,5 км на У ад в. Стадолішча Бялыніцкага р-на. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прыток — р. Рудка (справа). Даліна невыразная, дробнаўрэзаная, шыр. 1 км. Да в. Доўгае Клічаўскага р-на схілы параслі мяшаным забалочаным лесам, ніжэй адкрытыя. Пойма двухбаковая, лугавая, у верхняй ч. забалочаная. Рэчышча ў вытоку на працягу 5 км каналізаванае, ніжэй звілістае.
т. 6, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІЯ ПЛАТО́,
міжгорныя плато і раўніны ў сістэме Атласа, у Алжыры і Марока. Выш. ад 700 м на У да 1200 м на З. Герцынская складкавая аснова высокіх плато перакрыта чахлом асадкавых мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На паверхні шмат катлавін з салёнымі азёрамі (шотамі), да якіх накіраваны даліны уэдаў. Клімат субтрапічны паўпустынны. Ападкаў 200—400 мм за год. Расліннасць — разрэджаныя хмызнякі і дзярнінныя злакі (у т. л. альфа) на шэра-карычневых глебах; вакол шотаў — галафіты і палын. Жывёлагадоўля. Арашальнае земляробства.
т. 4, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВІ́ША,
рака ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Котра (бас. р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 328 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнУ ад в. Мякішы, цячэ ў межах Лідскай раўніны, упадае ў р. Котра на У ад хут. Зубраўка. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 500—600 м, у ніжнім цячэнні перасечаная старыцамі. Пойма двухбаковая, у ніжнім цячэнні пад хмызняком. Рэчышча на працягу 27 км ад вытоку каналізаванае. Каля в. Кронькі сажалка.
т. 11, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУЖ,
рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл. і Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 343 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Шалухоўка Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны. Вусце за 2 км на ПдУ ад в. Палужская Рудня Бранскай вобл. Даўж. ў межах Беларусі 30 км. Рэчышча каналізаванае ў вярхоўі на працягу 6,4 км (в. Мануйлы — в. Палуж 2-і), на астатнім працягу звілістае.
т. 12, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́ (франц. plateau ад plat плоскі),
узвышаная раўніна з роўнай або хвалістай, слаба парэзанай паверхняй, аддзеленая выразнымі ўступамі ад суседняй раўніннай прасторы. Вылучаюць П. структурныя (горныя пароды залягаюць гарызантальна, напр., Усцюрт), вулканічныя (залітыя лавай няроўнасці паверхні, напр., П. Армянскага нагор’я), дэнудацыйныя (пенеплен і абразійныя раўніны, напр., пустыня Бетпак-Дала), нагорныя (міжгорныя ўпадзіны з прадуктамі выветрывання горных хрыбтоў, напр., асобныя ўчасткі Усх. Паміра). Высока размешчаныя П. часта ўваходзяць у склад пласкагор’яў і нагор’яў, П. са стромкімі, часам прыступкавымі, схіламі могуць утвараць сталовыя краіны.
т. 12, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)