шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл.Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах урада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род у Рэчы Паспалітай герба «Яніна» (некат. прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Забава»). Найб. вядомыя:
Якуб (? — крас. 1587), падкаморы і канюшы каронны ў 1564—74. Канюшы дворны ВКЛ у 1565—87 (з перапынкам), староста геранёнскі, трабскі, ліпнішскі, дзевянішскі. Геранім (?—1630), сын Якуба пісар польны ВКЛ з 1611. Пасол на сеймы 1607 і 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у перагаворах пры заключэнні перамір’я 1618, у вайне з туркамі 1621. Пётр, сын Якуба, староста больніцкі, падваявода віленскі ў 1621. Андрэй, сын Якуба, стольнік брэсцкі ў 1632. Павел, сын Якуба, падсудак навагрудскі, падваявода ў 1633. Геранім (? — каля 1690), сын Паўла, падсудак слонімскі з 1650, падкаморы з 1661, маршалак з 1672. Шматразовы пасол на сеймы. У 1670—78 віцэ-адміністратар Гродзенскай эканоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯ́ТЭРЫ (Броэль-Плятэры),
шляхецкі род уласнага герба ў Рэчы Паспалітай. Паходзяць з Вестфаліі, адкуль у 15 ст. перасяліліся ў Інфлянты, дзе валодалі замкам Броэль. У 1829 род П. у Рас. імперыі прызнаны ў графскай годнасці. Найб. вядомыя: Генрык, у 1599 атрымаў ад Жыгімонта III Вазы маёнткі Асон і Плясон (Плясына, Існаўды) у Інфлянтах. Меў сыноў Готарда Яна (пачынальнік літ. лініі роду), Андрэя і Вільгельма (пачынальнік жамойцкай лініі). Готард Ян (?—1664), маёр, вызначыўся ў бітвах за Смаленск у 1633 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і ў 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Фердынанд Фабіян Вільгельм (каля 1678—22.7.1739), лоўчы ВКЛ у 1735—39, маршалак дворны ВКЛ у 1739. Канстанцін Людвік (1722—31.3.1778), вял. пісар ВКЛ у 1746—54, кашталян полацкі ў 1754—58, ваявода мсціслаўскі ў 1758—70, кашталян трокскі з 1770. Юзаф Вінцэнт (11.7.1745, г. Краслава, Латвія — паміж 1 і 6.1.1806), ген.-лейтэнант, пісар польны ВКЛ у 1771—83, кашталян трокскі з 1793; староста брэсцкі ў 1770—77, чл. Пастаяннай Рады ў 1793—94. Казімір Канстанцін (1749—4.8.1807), абозны ВКЛ у 1787, кашталян трокскі ў 1790—93, падканцлер ВКЛ з 1793; чл. Пастаяннай Рады ў 1776—88 і 1793—94. Адам Антоні Ануфры (1790—1862), краязнавец, археолаг, калекцыянер, гл.Плятэр А.А.А.Эмілія (1806—31), гл.Плятэр Э.Ф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на Пд ад Зах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р.Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЧЭ́ЎСКІ Міхайла (у каталіцтве Станіслаў; ?, каля г. Брэст — 3.8.1649),
казацкі военачальнік, удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54, палкоўнік кіеўскі (1648—49). З бел. шляхецкага роду. У 1620-я г. служыў у каронным войску Рэчы Паспалітай. У 1627 удзельнічаў у вайне са Швецыяй. З 1643 палкоўнік казацкіх рэестравых войск Рэчы Паспалітай. У 1647 садзейнічаў уцёкам Б.Хмяльніцкага з турмы ў Крылове ў Запарожскую Сеч. Пасля бітвы пад Жоўтымі Водамі (5—6.5.1648) у крымскім палоне. Выкуплены Хмяльніцкім за 4 тыс. талераў (12 тыс. польскіх злотых). Летам 1649 пасланы Хмяльніцкім на Беларусь. Да 15 тыс. казакоў К. далучылася амаль столькі ж сялян-паўстанцаў Беларусі. У ходзе Лоеўскай бітвы 1649 войска К. было разбіта, а сам ён цяжка паранены. Памёр ад ран на 3-і дзень пасля бітвы.
В.І.Мялешка.
М.Крычэўскі. Пасмяротны партрэт (з гравюры па рыс. 1649).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Родапачынальнікам лічаць кн. Мікіту Рапалоўскага. Зваліся таксама Галоўчынскімі-Мікіцінічамі. Валодалі Галоўчынам (адсюль прозвішча), Княжычамі, Водвай, Езднай і інш. Род згас у 1658. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Мацей Мікітавіч (каля 1470 — пасля 1536), сын Мікіты. У ВКЛ прыехаў у 1495 як сакратар дачкі Івана III Алены Іванаўны. Атрымаў маёнтак Княжычы каля Галоўчына і інш. Са сваіх маёнткаў выстаўляў у войска ВКЛ 79 вершнікаў. Яраслаў Мацеевіч (каля 1510—67), маршалак каралеўскі (1549), староста ковенскі (1567). Шчасны Яраславіч (?—1610 або 1611), дзяржаўца любашанскі, кашталян мінскі (1600). Аляксандр Яраславіч (каля 1570 — 12.5.1617), кашталян жамойцкі (1604), староста лідскі (1607), ваявода мсціслаўскі (1614). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Канстанцін Яраславіч (?—1620), кашталян мсціслаўскі (1613). Ян (каля 1570—22.1.1631), чашнік ВКЛ (1624), удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Курляндскае і Земгальскае герцагства,
васальная Рэчы Паспалітай (да 1569 ВКЛ) дзяржава на тэр. Латвіі (гіст. вобласці Курляндыя і Земгале) у 16—18 ст. Сталіца — г. Мітава (цяпер Елгава). Утворана ў 1561—62 пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Г.Кетлерам, які прызнаў сюзерэнітэт вял. князя ВКЛ Жыгімонта III (гл.Жыгімонт II). Да 1737 тут правілі нашчадкі Кетлера, потым — дынастыя Біронаў (гл. таксама Біронаўшчына, Ганна Іванаўна). У 1617—1795 дзярж. лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты. Найб. магутнасці дасягнула пры герцагу Якабе [1640—82], калі герцагства мела значны ваен. і гандл. флот, валодала калоніямі ў Вест-Індыі (Табага; 1645—65) і Зах. Афрыцы (Гамбія: 1651—65). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Рас. імперыі, у 1796—1917 яго тэрыторыя ўваходзіла ў Курляндскую губ.
Літ.:
Стродс Х. Курляндский вопрос в XVIII в. Ч. 1—2. Рига, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ЎСКІ Мікалай Мікалаевіч (25.9.1771, С.-Пецярбург — 28.9.1829),
расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1813). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 (гл. ў арт.Другі падзел Рэчы Паспалітай), задушэння паўстання 1794, Персідскага паходу 1796. У 1797—1805 у адстаўцы, з 1805 зноў у арміі. Удзельнік рус.-пруска-франц. 1806—07, рус.швед. 1808—09, рус.-тур. 1806—12 войнаў. У вайну 1812 камандаваў 7-м пях. корпусам, вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (23 ліп., каля Магілёва), Смаленскай бітве 1812, Барадзінскай бітве 1812, пад Малаяраслаўцам і Красным. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14 (бітвы пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Парыжам). У 1815—24 камандаваў 3-м і 4-м карпусамі. З 1824 у адстаўцы. Чл.Дзярж. Савета з 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСА́НІН Іван Восіпавіч (?, с. Дзеравенькі б. Кастрамскога пав. — сак. 1613),
рускі селянін, які ахвяраваў сабой дзеля выратавання цара ў перыяд вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У сак. 1613 атрад шляхты Рэчы Паспалітай, які накіроўваўся да с. Домніна (вотчына Раманавых за 3 км ад с. Дзеравенькі) з мэтай захапіць толькі што абранага царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, узяў С. правадніком. С. паслаў свайго зяця Б.Сабініна папярэдзіць цара, а сам наўмысна завёў атрад у непраходны балоцісты лес, за гэта закатаваны. Ушаноўваецца як нац. герой рус. народа. У гонар С. названы гар. пасёлак і раён у Кастрамской вобл., яго подзвіг адлюстраваны ў маст. л-ры, у оперы М.І.Глінкі «Жыццё за цара» («Іван Сусанін»), У Кастраме помнік (1967). У Вял.Айч. вайну 1941—45 подзвіг С. на Беларусі паўтарылі І.С.Цуба (гл.Цубы), І.Ю.Філідовіч і інш.