apart from [əˈpɑ:tfrəm] prep. акрамя́, акрамя́ таго́; апрача́, апро́ч;

Apart from Patrick the car was empty. У машыне нікога не было, акрамя Патрыка;

Apart from their house in Paris, they also have a villa in Italy. Апрача дома ў Парыжы яны яшчэ маюць вілу ў Італіі;

But quite apart from that, there are other considerations. Але, акрамя таго, ёсць і іншыя меркаванні.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

АРА́ЎХА ((Araujo) Лойпа) (н. 27.5.1941, Гавана),

кубінская артыстка балета. Пасля заканчэння школы пры трупе «Балет Алісіі Алонса» (1956) артыстка трупы, з 1966 і 1978 вядучая салістка Нац. балета Кубы, у 1974—77 — Марсельскага балета пад кіраўніцтвам Р.​Пці. Сярод партый: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Вівета («Арлезіянка» на муз. Ж.​Бізэ) і інш. Лаўрэат міжнар. конкурсаў балета ў Варне (1965), Маскве (1965), Парыжы (1970).

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІО́ ((Biot) Жан Батыст) (21.4.1774, Парыж — 3.2.1862),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1803), Лонданскага каралеўскага т-ва (1815), Пецярбургскай АН (1819). Скончыў політэхн. школу ў Парыжы (1797). Праф. з 1800 Калеж дэ Франс, у 1808—49 Парыжскага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме, оптыцы і акустыцы. Адкрыў (1815) закон вярчэння плоскасці палярызацыі (закон Біо), разам з Ф.​Саварам вызначыў індукцыю магн. поля, створанага эл. токам (гл. Біо-Савара закон).

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1778.

Падпісаны 6 лют. ў Парыжы Б.Франклінам і франц. міністрам замежных спраў Ш.​Вержэнам. Прадугледжваў уступленне ў вайну з Англіяй Францыі, якая абавязалася абараняць «свабоду, суверэнітэт і незалежнасць» 13 паўн.-амер. калоній і не складаць зброі да таго часу, пакуль Англія не прызнае іх незалежнасць. Дагавор перастаў дзейнічаць у 1794, калі ЗША абвясцілі пра свой нейтралітэт у вайне Францыі супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў на чале з Англіяй.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКІ ЛЕГІЁН (American Legion),

у ЗША арг-цыя былых удзельнікаў розных войнаў. Засн. ў 1919 у Парыжы вайскоўцамі амер. экспедыцыйнага корпуса ў Еўропе, узаконена як афіц. арг-цыя актам Кангрэса ЗША. Штаб-кватэра ў г. Індыянапаліс. Узначальваецца выканкомам і нац. камандорам, якіх штогод выбірае з’езд легіянераў. Выступае за сац. абарону ветэранаў войнаў, займаецца ваенна-патрыят. выхаваннем моладзі. Паліт. пазіцыі Амерыканскага легіёна характарызуюцца антыпрафсаюзным курсам, негатыўным стаўленнем да іншаземцаў.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭЕ́СКУ ((Andreescu) Іон) (15.11.1850, Бухарэст — 22.10.1882),

румынскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Бухарэсце (1869—72), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1879—81). У канцы 1870-х г. працаваў у Францыі разам з жывапісцамі барбізонскай школы жывапісу. Пейзажы і партрэты адметныя лірызмам, тонкасцю каларыту: «Чабан з авечкамі» (1873), «У лесе Бузэу» (1874), «Дарога па ўзгорках», «Сялянка ў зялёнай хустцы», аўтапартрэт, «Зіма ў Барбізоне» (усе 1881) і інш.

І.Андрэеску. Аўтапартрэт.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЬКО́Ў (Павел Пятровіч) (8.12.1879, г. Казань — 16.1.1949),

узбекскі жывапісец. Засл. дз. маст. Узбекістана (1939). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901 — 06), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—32). Майстар пленэру з тонкім адчуваннем прыроды і нац. каларыту Сярэдняй Азіі. Сярод работ: «Старая Бухара» і «Дзяўчаты-хівінкі» (1931), «Ліст з фронту» (1945), «Дзяўчына з дутарам» (1947), «Зноў на радзіме» (1948) і інш.

П.Бянькоў. Дзяўчына з дутарам. 1947.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТФРОЙНД ((Gutfreund) Ота) (3.8.1889, Двур-Кралаве, Чэхія — 2.6.1927),

чэшскі скульптар. Вучыўся ў Мастацка-прамысл. школе (Прага, 1906—09) і акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1909—10). Чл. маст. суполак «Група мастакоў» (з 1911) і т-ва «Манэс» (з 1920). Аўтар скульпт. кампазіцый і партрэтаў, у якіх спалучаў тэндэнцыі экспрэсіянізму і кубізму («Гамлет», 1911; «Жаночая галава», «Канцэрт», абедзве 1912; «Дзяўчына з вялікімі вейкамі», 1924, і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПРЭ́ ((Dupré) Жуль) (5.4.1811, г. Нант, Францыя — 6.10.1889),

французскі жывапісец, адзін з вядучых пейзажыстаў барбізонскай школы. Працаваў у Парыжы і Л’Іль-Адане. Для яго творчасці характэрны эмацыянальная, рамант. трактоўка драм. з’яў прыроды, цяга да гучнасці і насычанасці колеравага тону, кантрастаў святла і ценю («Вялікі дуб», 1844—45, «Дубы ля дарогі», 1850-я г., «Марскі адліў у Нармандыі», каля 1870), уключэнне ў пейзаж жанравых матываў («Пейзаж з каровамі», 1850-я г.).

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІ́ ((Demy) Жак) (н. 5.6.1931, г. Паншато, Францыя),

французскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і ў Ін-це вышэйшай кінематаграфічнай адукацыі ў Парыжы. Вядомасць прынёс яму музычны фільм «Шэрбурскія парасоны» (1964) — вытанчанае, прасякнутае лірызмам апавяданне пра каханне і разлуку. Сярод інш. фільмаў: «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Атэлье мадэляў» (1969, ЗША), «Асліная шкура» (1970), «Пацукалоў» (1972, Вялікабрытанія), «Лэдзі О» (1979, Японія), «Пакой у горадзе» (1982). У фільмах Д. раскрыўся талент К.Дэнёў.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)