ВОДААДДА́ЧА горных парод,

здольнасць насычаных да поўнай вільгацяёмістасці горных парод аддаваць частку вады свабодным сцяканнем пад уздзеяннем сілы цяжару. Залежыць ад грануламетрычнага складу і порыстасці парод, ад вязкасці вады. Характарызуецца розніцай паміж поўнай і макс. малекулярнай вільгацяёмістасцю.

Колькасць вады, якая можа свабодна цячы ў злучаных пустотах у 1 м³ пароды, наз. ўдзельнай водааддачай. Вызначаюць каэфіцыент водааддачы, які вырашаецца ў долях адзінкі або працэнтах.

Сярэднія значэнні каэфіцыента зменьваюцца ад водапранікальных парод (супеску 0,1—0,15, буйназярністага пяску 0,25—0,35) да адносна воданепранікальных (пясчаніку 0,02—0,03, трэшчынаватага вапняку 0,008—0,1).

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЭСО́РНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад лац. accessorius дадатковы),

мінералы, якія ёсць у горных пародах у нязначных колькасцях (менш за 1%); заканамерная частка вывергнутых і асадкавых парод. Спачатку лічыліся выпадковымі дадатковымі мінераламі (адсюль назва). Тыповыя акцэсорныя мінералы гранітаў — апатыт, цыркон, турмалін, гранат і інш. Пры разбурэнні парод намнажаюцца ў россыпах. Па характары акцэсорных мінералаў можна выявіць роднаснасць, паходжанне і ўзрост горных парод.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апраба́цыя, ‑і, ж.

1. Афіцыйнае ўхваленне, якое выносіцца на падставе выпрабаванняў, праверкі. Апрабацыя навучальных праграм.

2. Спец. Абследаванне гатунковых якасцей пасеваў сельскагаспадарчых культур, парод жывёлы для адбору лепшых з іх. Палявая апрабацыя бульбы.

[Лац. approbatio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АТЭКТАНІ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

утварэнне складак горных парод пад уздзеяннем экзагенных працэсаў. Атэктанічная складкавасць узнікае ад напору покрыўных ледавікоў, апоўзневых працэсаў, выпірання гліністых парод у бартах рачных далін, абвалу парод у карставыя пустоты, разбухання ангідрыту пры пераходзе ў гіпс, перакрывання асадкамі рыфтавых пабудоў і выступаў рэльефу і інш. У Беларусі найб. шырока праявілася як гляцыятэктанічныя парушэнні ў адкладах плейстацэну.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́Ў у геалогіі,

разрыўное парушэнне ў заляганні горных парод, пры якім адны масы горных парод насунуты на другія па паката нахіленай (45—60°) паверхні тэктанічнага разрыву. Утвараецца ў працэсе тэктанічных рухаў, ва ўмовах гарызантальнага сціскання, з пластычным пераразмеркаваннем горных парод. Мае вісячы (узняты і насунуты) і ляжачы блокі, паверхню зрушэння. У залежнасці ад вугла нахілу паверхні Н. падзяляюць на пакатыя і стромкія. Н. з амаль гарызантальнай паверхняй змяшчэння і вял. адлегласцю перамяшчэння парод утвараюць тэктанічныя покрывы або шар’яжы. Н. са стромкай паверхняй разрыву (вугал большы за 60°) наз. ўскідам.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

палінгене́з, ‑у, м.

Спец.

1. Пераўтварэнне вывергнутых горных парод шляхам пераплаўлення гранітаў, гнейсаў і сланцаў у глыбокіх зонах зямной кары. З’ява палінгенезу.

2. У біялогіі — паяўленне ў зародка прымет, уласцівых для дарослых форм далёкіх продкаў.

[Ад грэч. polin — назад, зноў і génesis — нараджэнне, паходжанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўцёмны, ‑ая, ‑ае.

Слаба, недастаткова асветлены. У доўгім паўцёмным калідоры на ложках ляжалі хворыя. Шамякін. Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкімі акенцамі. Каля паўсотні сабак розных парод і масцей ляжалі і хадзілі па загарадках. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

механічнае драбленне (парушэнне) і біяхім. змяненне мінералаў і горных парод у выніку жыццядзейнасці раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Пры біялагічным выветрыванні адбываецца таксама ўтварэнне раствораў, новых мінералаў, горных парод і некаторых карысных выкапняў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЛІ́ТЫ ў геалогіі,

дробныя, мікраскапічныя прызматычныя крышталі пародаўтваральных мінералаў, якія ўваходзяць у паўшклаватую асн. масу вулканічных горных парод або складаюць яе цалкам. М. супрацьпастаўляюцца больш буйным і раннім украпінам вулканічных горных парод і крышталітам.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Т,

масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)