нервава́ць, нервую, нервуеш, нервуе; незак.
1. каго і без дап. Даводзіць каго‑н. да нервовага стану. Тое, што дырэктар неадрыўна глядзіць на яго крыху насмешлівымі вачыма, нервавала следчага. Нядзведскі. Задумваючыся, Юрка прапускаў звенні ў тлумачэннях і доказах дацэнта і таму наогул не разумеў нічога. Гэта стамляла і нервавала. Карпаў.
2. Разм. Тое, што і нервавацца. [Берднікаў] нерваваў. Ён напружыў усе свае сілы, каб хаця не выявіць чым гэтай нервовасць. Мікуліч. Аўтар пратакола, відавочна, нерваваў, але маўчаў. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязду́мны, ‑ая, ‑ае.
Які не задумваецца; не здольны на роздум. Бяздумны, да ўсяго абыякавы, я нерухома стаяў каля акна, учапіўшыся рукамі ў вушакі. Ракітны. [Ганна] раптам забылася пра грыбы, стала дзіўна бяздумная. Мележ. // Які выяўляе бяздумнасць. Па сухой сцяблінцы.. ўзбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам, нічога не бачачы перад сабой. Лынькоў. // Які не суправаджаецца роздумам; легкадумны. Гэтыя вельмі асабістыя вершы пазбаўлены бяздумнага замілавання. Грахоўскі. [Дзяўчынкі] крычалі, спатыкаліся і ніяк не хацелі пакідаць свайго бяздумнага занятку. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знячэ́ўку, прысл.
Разм.
1. Знянацку, нечакана, неспадзявана. Пытанне застала Віцю знячэўку. Ён схамянуўся і зірнуў у вочы Мікалаю Пятровічу. Нядзведскі. Каханне прыйшло ціха і знячэўку. Марціновіч. // Раптоўна. Рашэнне прыйшло знячэўку, і я паскорыла хаду. Савіцкі.
2. Выпадкова, мімаволі, незнарок. Аднойчы, будучы ў вельмі добрым настроі, Ігнась скакаў, абапіраючыся на парты рукамі, і знячэўку выліў чарніла Лазоўскай Анелі. Чарнышэвіч. А неяк выйшла аднаго разу, што Наташа, вылазячы з машыны, быццам бы зусім знячэўку, прыхінулася да шафёра. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.
Разм.
1. Тое, што і трыножак. Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай. М. Стральцоў. Запрасілі фатографа з вялізнай трыногай, і ён сфатаграфаваў хлопцаў разам з усімі выхаванцамі. Нядзведскі. — Усе ўжо там, — злосна матнуў .. [Лёва] галавой у бок геаграфічнай пляцоўкі. — На, трымай! — і перадаў мне трыногу тэлескопа. Шыловіч. На прыпечку, на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба. Грахоўскі.
2. Пута, якім звязваюць пярэднія ногі каня з адной задняй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уну́к, ‑а, м.
1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.
2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.
З пагрозай папярэдзіць аб чым‑н., паабяцаць зрабіць што‑н. непрыемнае. Прыгразіць судом. □ Косцік ніяк не хацеў абуваць важкіх чаравікаў — прывык бегаць босыя. Ды сястра прыгразіла, што не возьме яго, і хлопчык паслухмяна абуўся. Даніленка. Лявонка ад страху замірае, бо маці толькі што прыгразіла яму дзедам Запрудам, які можа яго забраць. Асіпенка. // Зрабіць пагражальны жэст, рух. — Падлогу запэцкаеш, хіба не бачыш, толькі што памылі, — Паліна Антонаўка прыгразіла яму пальцам і зачыніла дзверы на зашчапку. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уцэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
Страляючы, кідаючы або ўдараючы, папасці ў каго‑, што‑н. Каменне паляцела.. [Эльзе] наўздагон, і адзін камень уцэліў ёй у патыліцу. Чорны. // Паразіць якую‑н. цэль. Па сцягу толькі стралялі, стараючыся ўцэліць у дрэўка, каб перабіць яго і зваліць сцяг на зямлю. Шахавец. // Трапіць у што‑н. (пра бомбы, снарады). На самай ускраіне паляны былі машыны медсанбата, і туды ўцэліла некалькі бомбаў. Сабаленка. // Стукнуць, ударыць па чым‑н. У сківіцу, як жалезам, Мне ўцэліў яго кулак. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цёрты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад церці.
2. у знач. прым. Размяты, растоўчаны на парашок, у дробную аднародную масу. Цёртыя фарбы. Цёртая салома. □ А маці ўсё чакала, перасыпала цёртым самасадам сынавы кашулі і цёмна-сіні касцюм. Б. Стральцоў.
3. перан.; у знач. прым. Разм. Які многа бачыў у жыцці; бывалы, вопытны. Многія з выхаванцаў, што паступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі. Як чалавек цёрты, развіты, садоўнік разбіраўся ў людзях, меў падыход да іх. Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паднале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. падналёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. падналяж; зак.
Разм.
1. Налегчы, націснуць на што‑н. з большай сілай. Падналегчы на рычаг. □ Дзве каманды ваенных, ухапіўшыся за розныя канцы каната, стараліся перацягнуць адна адну.. Вось адна каманда падналегла і павольна пачала цягнуць другую да белай рысы. Хомчанка. Я падналёг на напіраўшых і прапусціў зялёны капялюшык да прылаўка. Нядзведскі.
2. перан. Шчыра ўзяцца за якую‑н. работу. Падналегчы на вучобу. □ Вострачы мянташкай касу,.. Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўклю́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Пазбаўлены зграбнасці, лоўкасці ў рухах; непаваротлівы. Паўнатвары, у ватоўцы, у зімовай шапцы і ў цёплых чаравіках,.. [хлапчук] нагадваў няўклюднае медзведзянё. Хадкевіч. На сушы цюлені няўклюдныя, як чарапахі. Хомчанка. // Пазбаўлены зграбнасці; нялоўкі (аб рухах і пад.). Няўклюдная хада. / Аб рэчах, прадметах. Наш вялікі і няўклюдны аўтобус з радыёапаратураю грымеў на выбоінах палявых дарог. Грахоўскі. Са сталоўкі ўжо выкінулі адну з доўгіх няўклюдных лавак. Нядзведскі.
2. перан. Дрэнна, недастаткова апрацаваны, адшліфаваны; няскладны. І так паварочваў [Валодзька] сказ, і гэтак — атрымлівалася нешта няўклюднае і незразумелае. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)