сцяка́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сцячыся.
2. перан. Сыходзіцца, з’язджацца, збірацца ў адно месца (пра людзей). [Начальнік:] — Успомніце, Фадзей Сысоевіч, як па адным прыбывалі ў цэх станкі, як з усіх куткоў горада сцякаліся да нас людзі. Мыслівец. // Паступаючы з розных месцаў, збірацца дзе‑н. Сюды ж [у Тураў] сцякаліся здабыткі працы і промыслаў навакольнага насельніцтва. «Маладосць». Сюды [да партызан] з усяго наваколля сцякаліся весткі пра ворага. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Вельмі азябнуць, замерзнуць; страціць ад холаду рухомасць. Удубелі ногі на холадзе. □ [Люда:] — Рукі — не так, вельмі ж ногі ўдубелі... Яна паказала .. малую, стройную нагу ў нейкім сінім туфліку. Брыль.
2. Прамерзнуць да цвёрдасці. Зямля ўдубела: ні экскаватар, ні бур, тым больш бульдозер не маглі ўспароць, узламаць грунт пад катлаван. Мыслівец. // Зацвярдзець, астыўшы (пра ежу). Бульба ўдубела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалёны, ‑ая, ‑ае.
Які атрымаў высокую ацэнку; расхвалены. Галя была самая прыкметная сярод дзяўчат.. Ды і хлопец да яе прыязджаў з горада.. Працаваў на заводзе пасля арміі. Хвалёны, прыгожы, паважаных бацькоў хлопец! Мыслівец. // Іран. Пра каго‑, што‑н., што аказалася нявартым пахвалы. [Бадытчык:] — Тут гэтыя коні хвалёныя ўжо ледзьве ногі цягаюць. Лобан. К. Каліноўскі выкрывае хвалёны царскі маніфест аб скасаванні паншчыны. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шал, ‑у, м.
1. Псіхічны стан чалавека, ахопленага вялікім гневам, узбуджэннем; шаленства, раз’юшанасць. Віктар яшчэ болей чырванее; вочы, звужаныя шалам, зыркаюць дзёрзка і нядобра. Савіцкі.
2. Гарэзлівасць, свавольства; гулянка. І сэрца поўняць маладыя сілы, І хмеліць галаву вясновы шал. Бураўкін. Роўныя, як на падбор, былыя дзесяцікласніцы пачыналі шалы ў вадзе, на беразе. Мыслівец. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Прымаўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
істу́жкавы і сту́жкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да істужкі (у 1 знач.). Істужкавая фабрыка. // Прызначаны для вырабу істужак. Істужкавыя машыны. // Зроблены з істужкі. Істужкавыя банцікі.
2. Які мае выгляд, форму істужкі, вузкі і доўгі. Істужкавыя чэрві. Істужкавыя расліны. Істужкавыя рыбы.
3. З рухомым палатном, лентай, пасам (пра розныя прыстасаванне механізмы). Істужкавы транспарцёр. □ У цэху — самы разгар работы. Ужо безупынна стракацяць стужкавыя пілы. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рыштава́нне, ‑я, н.
Часовае збудаванне з дошак або металічных трубак, якое ўстанаўліваецца ўздоўж сцен будынка для правядзення будаўнічых або рамонтных работ. За дзвярамі вагона мільгалі цагляныя будынкі ў рыштаваннях: будаваліся станцыі. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ. Толькі прынеслі вёдры з пабелкай, як Каця Шуплякова схапіла пэндзаль, спрытна ўскочыла на рыштаванні, папрасіла сябровак, каб падалі, раствор. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таро́йкацца і таро́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Доўга гаварыць, дамаўляцца, спрачацца; валаводзіць, марудзіць, спрачаючыся. За сцяною, чуваць, рахуюцца старыя, як і я сам, халасцякі. Таройкаюцца за памер складчыны. Мыслівец. Пакуль мы таройкаліся, цягнік адышоў. Пянкрат. Давай бліжэй да справы, бо так мы да раніцы будзем тарокацца, — працягвала Лена. Няхай. [Дзед Аніська:] — Пакуль мы тарокаліся з ім, дык яна напякла, браце, грэцкіх блінцоў, наскварыла сала. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́ўма, ‑ы, ж.
Пашкоджанне арганізма, выкліканае раненнем, ударам, апёкам і пад. Праз месяц са шпіталя прыйшло паведамленне, што хлопец сканаў ад траўмы. Гарбук. — Давай паведамім пра гэтую траўму на завод, які выпускае стужкавыя пілы. Мыслівец. // Нервовае ўзрушэнне. Жывуць .. [героі] ў пастаянным душэўным напружанні, якое часта стаіць на мяжы з псіхалагічнай траўмай. Адамовіч.
•••
Бытавая траўма — пашкоджанне здароўя ў выніку няшчаснага выпадку, не звязанага з службовай работай.
[Грэч. tráuma — рана.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штурмаўшчы́на, ‑ы, ж.
Разм. пагард. Празмерна паспешлівая, тэрміновая праца з мэтай выправіць дапушчаныя хібы, нагнаць упушчанае і пад., якая праводзіцца ў выніку парушэння планавасці ў арганізацыі працэсу працы. Часта да д’ябла ляцела з цяжкасцю дасягнутая рытмічнасць і пачыналася штурмаўшчына. Карпаў. [Мікалай Назаравіч:] — Год пачаўся, а яшчэ ніхто не ведае добра, якія ж станкі і лініі будзе выпускаць завод. Хоць бы на першае паўгоддзе... Вось таму і штурмаўшчына часам. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тупі́ца, ‑ы.
1. ж. Тупая сякера, каса і пад. [Юрка:] — Чаму ты тупіцаю колеш? [Юзік:] — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.
2. м. і ж.; ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж. Разм. зневаж. Тупы, някемлівы, абмежаваны чалавек. [Сяргей Кірылавіч:] — Цэхавыя інжынеры амаль не займаюцца тэхнікай. А большасць жа з нас не тупіцы ад прыроды, хочуць вучыцца, расці. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)