ГА́РВАРДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
старэйшы універсітэт у ЗША. Засн. ў 1636 як каледж у г. Кеймбрыдж (штат Масачусетс). З 1639 носіць імя англ. пурытанскага святара Дж.Гарварда (1607—38), які завяшчаў каледжу палавіну сваёй маёмасці і б-ку. Да канца 18 ст. гал. месца ў навуч. працэсе займалі Біблія і стараж. мовы, у канцы 18 ст. сталі выкладацца новыя мовы і матэматыка. У 1-й чвэрці 19 ст. да каледжа далучаны мед. і юрыд. ф-ты і ён пераўтвораны ва ун-т. З 2-й чвэрці 19 ст. Гарвардскі універсітэт стаў цэнтрам культуры ЗША. У складзе ун-та астр. абсерваторыя, выд-ва (з 1913), музеі (параўнальнай заалогіі, мастацкі, герм. культур, геалагічны і інш.), б-ка — адна з самых вял. у свеце (11 млн. тамоў; акрамя цэнтр. кніжнага збору мае асобныя б-кі — рэдкіх кніг і рукапісаў, мед., кіт.-яп. і інш.). Ф-ты: тэалагічны, гуманіт. і дакладных навук, энергетыкі і прыкладной фізікі, мастацкі, права, мед., аховы здароўя, дзярж. кіравання, практычнай адміністрацыі, педагогікі. У Фларэнцыі (Італія) створаны ін-т Гарвардскага ун-та па даследаванні эпохі Адраджэння.
т. 5, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«У ДАПАМО́ГУ ПЕДАГО́ГУ»,
серыя навукова-метадычных часопісаў для настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. Засн. ў 1995 у Мінску рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне», якая была і выдаўцом. З 2001 выходзіць у выд-ве «Адукацыя і выхаванне». У серыі 22 час., якія выдаюцца на бел. і рус. мовах, у час. «Замежныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь» друкуюцца арт. яшчэ і на англ., ням., франц., ісп. і інш. мовах. Часопісы «Біялогія: праблемы выкладання», «Геаграфія: праблемы выкладання», «Мастацкая адукацыя і культура», «Матэматыка: праблемы выкладання», «Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання», «Псіхалогія», «Тэхналагічная адукацыя», «Фізічная культура і здароўе», «Чалавек. Грамадства. Свет» і інш. выходзяць штоквартальна; «Беларуская мова і літаратура», «Гісторыя: праблемы выкладання», «Дэфекталогія», «Кіраванне ў адукацыі», «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячыя сад, школа», «Праблемы выхавання», «Сацыяльна-педагагічная работа», «Фізіка: праблемы выкладання», «Хімія: праблемы выкладання» — 1 раз у 2 месяцы; «Здаровы лад жыцця», «Русский язык и литература», «Пазашкольнае выхаванне» — штомесяц. У час. друкуюцца матэрыялы па праблемах навучання, выхавання, укаранення новых пед. тэхналогій, а таксама нарматыўна-метадычныя і дыдактычныя матэрыялы ў сувязі з рэфармаваннем сістэмы адукацыі.
У.П.Пархоменка.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
алгары́тм
(с.-лац. algorithmus, ад ар. al-Chwârizmi = імя матэматыка)
1) мат. сукупнасць правіл, якія дазваляюць чыста механічна рашыць любую задачу з класа аднатыповых задач;
2) перан. сукупнасць паслядоўных дзеянняў, якія прыводзяць да пэўнага выніку (напр. а. пошуку).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКІЯ ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ТЭ́ХНІКУМЫ, белпедтэхнікумы,
сярэднія навуч. ўстановы для падрыхтоўкі настаўнікаў бел. пач. школы (1—4-х класаў) у 1921—37. Тэрмін навучання 4 гады, з 1930 — 3 гады. Ствараліся для адраджэння бел. мовы і культуры, ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. У іх прымалі асоб ва ўзросце 15—18 гадоў пасля заканчэння школы: 7-гадовай, сял. моладзі і палітасветы. Першы белпедтэхнікум адкрыты 1.10.1921 у Мінску (да 1931 імя У.М.Ігнатоўскага). Сярод яго выкладчыкаў Ігнатоўскі, Я.Колас, М.А.Грамыка, Я.Ю.Лёсік і інш. У 1927/28 навуч. г. на Беларусі 11, у 1932/33 — 13 бел. педтэхнікумаў. Прадметы: родная мова і л-ра, методыка іх выкладання, фізіка, хімія, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, псіхалогія, гісторыя класавай барацьбы, асновы ленінізму, гіст. матэрыялізму, сав. будаўніцтва, палітэканомія. Для задавальнення патрэб нац. меншасцяў і падрыхтоўкі настаўнікаў яўр. і польск. школ у 1921 у Мінску адкрыты яўр., у 1922 — польскі педтэхнікумы. У крас. 1937 бел. і інш. педтэхнікумы рэарганізаваны ў 3-гадовыя педвучылішчы. Пасля рэарганізацыі засталося 12 бел. педвучылішчаў: Аршанскае, Віцебскае, Гомельскае, Лепельскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Полацкае, Рагачоўскае, Рэчыцкае, Слуцкае; Барысаўскае рус., мінскія яўр. і польск. Вучылішчы.
Н.У.Васілеўская.
т. 2, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ, мужчынская настаўніцкая семінарыя,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова з пед. профілем. Існавала з 1.7.1909 да 1919. Рыхтавала настаўнікаў пач. нар. вучылішчаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач. нар. вучылішча. Паступаць у ВНУ выпускнікі семінарыі не мелі права. Мела 4 асн. і 2 класы ўзорнага пач. вучылішча, дзе навучэнцы праходзілі практыку, музей наглядных дапаможнікаў, працавалі курсы для настаўнікаў пач. школ. Выкладаліся: закон Божы, педагогіка, царкоўнаслав. і рус. мовы, матэматыка, фізіка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, мастацтва, спевы, гімнастыка, рамяство (пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў). У 1915 працавалі дырэктар, законанастаўнік, 10 выкладчыкаў, урач. У 1911 у семінарыі 181 выхаванец, у 1915—200. У кастр. 1911 пры семінарыі адкрыта пач. школа для дарослых, у 1915 створана камісія для дапамогі дзецям, бацькі якіх мабілізаваны ў армію, і дзецям бежанцаў. У 1919 пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы для падрыхтоўкі выкладчыкаў 1-й ступені адзінай прац. школы, на базе якіх у 1920 створаны пед. тэхнікум.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
А.Ф.Самусік.
т. 13, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.
Існавала ў 1876—1921 у мяст. Свіслач Гродзенскай губ. як агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова з пед. ухілам. Засн. 21.9.1876 на месцы 4-класнай прагімназіі. Рыхтавала настаўнікаў для пач. нар. вучылішчаў пераважна для Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзіла. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. З губернскага фонду на спец. земскія стыпендыі штогод выдзялялася 2 тыс. руб. Напачатку мела 3 класы. У 1907 рэарганізавана — асн. курс падзелены на 4 класы, адкрыты падрыхтоўчы клас і ўзорнае пач. вучылішча, у якім семінарысты праходзілі практыку. Прымаліся асобы з усіх саслоўяў, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту і мелі дыплом пра заканчэнне нар. пач. вучылішча. Паступаць у ВНУ Рас. імперыі выпускнікі не мелі права. У 1911 у семінарыі навучалася 204, у 1915—207 выхаванцаў. Яе ўзначальваў дырэктар, працавалі законанастаўнік, 6 выкладчыкаў, урач і фельчар. Заняткі вялі выпускнікі рас. ун-таў, духоўных акадэмій, Бельскай настаўніцкай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, уласныя выхаванцы. Выкладаліся: Закон Божы, асновы педагогікі, рус. і царк.-слав. мовы, матэматыка, фізіка, каморніцтва, геаметрыя, гісторыя, геаграфія, чарчэнне, прыродазнаўства, чыстапісанне, спевы, гімнастыка, рамёствы, маляванне, агародніцтва і садоўніцтва. Летам 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Мядынь Калужскай губ. (Расія).
А.Ф.Самусік.
т. 14, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1834—1939. Гродзенская мужчынская гімназія адкрыта ў 1834 на базе б. дамініканскай гімназіі як класічная з 8-гадовым тэрмінам навучання. Вывучаліся Закон Божы, лац. і грэч. мовы, фізіка, матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, рус. мова і л-ра, гісторыя, геаграфія і інш. Гродзенская жаночая Марыінская гімназія адкрыта ў 1860 як 7-класная. Утрымлівалася пераважна на сродкі аплаты за навучанне. Вывучаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, арыфметыка, геаметрыя, франц. і ням. мовы, асновы педагогікі, чыстапісанне, маляванне, спевы, рукадзелле, танцы. Гродзенская мужчынская прыватная гімназія М.С.Хныкіна адкрыта ў 1906 як 6-класная, у 1907 утвораны 7-ы клас. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1907 — 250 навучэнцаў. Гродзенская жаночая прыватная гімназія К.М.Баркоўскай адкрыта ў 1906 як 7-класная з падрыхтоўчым класам і дзіцячым садком; 311 выхаванак. Гродзенская прыватная жаночая яўрэйская гімназія Т.В.Астрагорскай і Л.С.Вальдман засн. ў 1852 як прыватнае вучылішча, якое у 1906 рэарганізавана ў прыватную 4-класную прагімназію, з 1907 — 7-класная гімназія. У 1915 у ёй навучалася 330 чал. У 1-ю сусв. вайну Гродзенскія гімназіі зачынены або эвакуіраваны. У 1920—39 у Гродне дзейнічала 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. З 1939 рэарганізаваны ў агульнаадук. сярэднія школы.
Г.Р.Сянькевіч.
т. 5, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карда́н
[іт. cardano, ад G. Cardano = прозвішча іт. матэматыка (1501—1576)]
1) прыстасаванне для захавання нязменным становішча якога-н. падвешанага цела пры хістанні апор;
2) механізм, які забяспечвае павароты двух валоў пад зменным вуглом (у аўтамабілях, трактарах і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
элемента́рны
(лац. elementarius)
1) зыходны, пачатковы (напр. э-ая матэматыка);
2) прасцейшы, нескладаны (напр. э-ая схема);
3) асноўны, самы неабходны (напр. э-ыя ўмовы);
4) звязаны з вызначэннем саставу элементаў у чым-н., найменшы (напр. э-ыя часціцы).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
УРА́РТУ,
старажытная дзяржава 9—6 ст. да н.э. на тэр. Армянскага нагор’я паміж азёрамі Ван, Урмія і Севан. У клінапісных дакументах вядома пад назвай Біайні, у Бібліі — «царства Арарат». Аб’ядноўвала групу плямён на чале з племем наіры, захапіла ў Асірыі паўн. раёны Сірыі і воз. Урмія; кантралявала шляхі, што звязвалі Пярэднюю Азію з Міжземнамор’ем і М. Азіяй. Сталіца — г. Тушпа. Найб. магутнасці і росквіту дасягнула ў 8 ст. да н.э. пры царах Менуа [810—778 да н.э.], Аргішці I [778—750 да н.э.], Сардуры II [750—730 да н.э.]. На У. двойчы нападала Асірыя (735 і 714 да н.э.). Каля 590 да н.э. заваявана Мідыяй (верагодна, з удзелам скіфаў). Насельніцтва У. займалася арашальным земляробствам (вырошчвала пшаніцу, ячмень, проса), паўкачавой жывёлагадоўляй. Асн. вытворцамі былі вольныя і напаўвольныя абшчыннікі. Рабы пракладвалі арашальныя каналы, будавалі вадасховішчы, палацы, крэпасці, гарады, найб. з іх Эрэбуні (гл. Арын-Берд), Тэйшэбаіні, Тушпа. Высокага развіцця ва У. дасягнула рамяство, асабліва апрацоўка жалеза, бронзы, каляровых металаў, каштоўных камянёў, дрэва. Пры раскопках гарадоў выяўлены гліняныя і бронз. пасудзіны з імёнамі цароў, жал. і бронз. прылады працы, зброя, упрыгожанні, цыліндрычныя пячаткі, асірыйскія пацеркі, рэчы скіфскага паходжання. Насельніцтва У. мела сваю пісьменнасць (клінапіс), метрычную і лічбавую сістэмы, узнікла матэматыка. Культура У. зрабіла ўплыў на развіццё народаў Закаўказзя (перш за ўсё Арменіі).
Літ.:
Пиотровский Б.Б. Ванское царство (Урарту). М., 1959;
Арутюнян Н.В. Новые урартские надписи Кармир-Блура. Ереван, 1966.
т. 16, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)