АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ СІСТЭ́МА КІРАВА́ННЯ (АСК),

сістэма, заснаваная на комплексным выкарыстанні тэхнічных, матэматычных, інфармацыйных і арганізацыйных сродкаў кіравання складанымі тэхн. і эканам. аб’ектамі (напр., прадпрыемствамі), частку функцый кіравання ў якой выконвае чалавек; адзін з кірункаў аўтаматызацыі вытворчасці. Распрацоўка і ўкараненне АСК абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення сістэмы кіравання і планавання нар. гаспадаркі і павышэннем эканам. эфектыўнасці вытв-сці. У залежнасці ад аб’екта кіравання бываюць АСК тэхнал. працэсамі (АСКТП) і аўтаматызаваныя сістэмы арганізацыйнага кіравання (АСАК) розных класаў: кіравання прадпрыемствамі, галіновыя, тэрытарыяльныя, спецыялізаваныя і інш.

Асн. функцыі АСАК: планаванне вытворча-эканам. дзейнасці, аператыўнае кіраванне вытв-сцю, арганізацыя матэрыяльна-тэхн. забеспячэння і збыту прадукцыі, кантроль якасці і інш. АСКТП вырашаюць задачы выканання тэхналогіі вытв-сці вырабаў, тэхнал. рэжымаў, правілаў эксплуатацыі абсталявання, правілаў бяспекі і інш.; забяспечваюць прынцып спецыялізацыі вытв-сці. АСКТП уздзейнічае на кіроўныя аб’екты ў тым жа тэмпе, што і тэхнал. працэсы, якія ў іх працякаюць, і кіруе сістэмай як адзіным цэлым (яе тэхн. і праграмныя сродкі ўдзельнічаюць у распрацоўцы кіроўных рашэнняў). Аб’яднаныя АСКТП і АСАК утвараюць інтэграваныя АСК. Пры стварэнні і выкарыстанні АСК выкарыстоўваюцца экстрэмальныя мадэлі, матэматычнае праграмаванне, дынамічнае праграмаванне, сеткавае планаванне, статыстычныя мадэлі і інш.

На Беларусі першая АСК укаранёна на Мінскім трактарным з-дзе (1966). Работы па тэарэт. праблемах АСК праводзяцца ў БДУ, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі; па стварэнні і ўкараненні ў вытворчасць — навукова-вытв. аб’яднанні «Цэнтрасістэма».

Літ.:

Автоматизация управления. М., 1984;

Технические средства управления в АСУ. М., 1985;

АСУ сегодня и завтра. Мн., 1988;

АСУ на промышленном предприятии: Методы создания: Справ. 2 изд. М., 1989.

Г.​В.​Рымскі, Р.​С.​Сядзегаў.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скрыбату́ха ‘часотка’ (Касп.). Ад *скрабатаць, што да скрэбці́ (гл.) з суф. ‑ух(а). Аб семантычнай мадэлі ‘драць, часаць’ → ‘часотка’ гл. Мяркулава, Этимология–1970, 302.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іва́н-трава́ ’кветкі, якія рвалі на Івана–Купалу і ставілі на кут’ (Сцяшк. МГ). Назва ива́н‑трава́ шырока вядома ў рус. гаворках: кур. ’Chrysanthemum Leucanthemum’, алан., дан. ’Epilobium angustifolium’, наўг. ’Pedicularis palustris’, перм. ’Centaurea sibirica’, укр. іва́н‑зі́лля ’расліна Hysopus offic.’ (Грынч.); параўн. таксама рус. ива́н‑чай, укр. іва́н‑чай. Відаць, узыходзіць да выразу *Івань трава, утворанага паводле архаічнай мадэлі «прыналежны прыметнік + назоўнік»; аб структуры гэтай мадэлі гл. Мяркулава, Очерки, 130.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наяжджомы ’наезджы’ (Сл. ПЗБ). Ад наязджиць, наехаць, гл. ехаць, паводле характэрнай для паўночнага захаду Беларусі мадэлі ўтварэння дзеепрыметнікаў тыпу аромы ’ралейны’ ад ариць і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клы́жніна ’нага’ (Нар. словатв.). Да клышніна. Параўн. клыйіаногі (гл.). Тады плытніка да клыш‑ьн‑іна, назоўніка, утворанага ад прыметніка з суфіксам ‑ьн‑ па вядомай мадэлі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перапуд ’вельмі моцны спалох’ (ТСБМ), пірапу́д ’сполах, страх’ (Варл.). Утворана паводле мадэлі: пера‑ляк, пярэ‑палах, ст.-польск. przepłoch ’тс’. Да пера- і пуд (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ніква́ ’топкае балота, дрыгва’ (ТС). Вытворнае ад нікнуць ’гінуць, знікаць’ (гл.) паводле тыповай для назваў балот словаўтваральнай мадэлі, параўн. маква, багва і пад., сэнс — ’гіблае балота’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЎТАМАДЭЛІ́ЗМ, аўтамадэльны спорт,

уключае канструяванне і стварэнне мадэляў аўтамабіляў для спаборніцтваў; тэхнічны від спорту. Адрозніваюць 2 тыпы мадэляў: кордавыя і радыёкіроўныя. Кордавыя маюць рухавікі ўнутр. згарання аб’ёмам да 1,5; 2,5; 5 і 10 см³; спаборніцтвы праводзяць на кардадроме — круглай пляцоўцы з бетоннай дарожкай. Радыёкіроўныя паводле тыпу рухавікоў падзяляюцца на мадэлі з рухавікамі ўнутр. згарання і электрычнымі; спаборніцтвы праводзяць на спец. трасах для групавых гонак. На Беларусі спаборніцтвы па аўтамабілізме праводзяць з 1959. Федэрацыя аўтамадэльнага спорту Рэспублікі Беларусь створана ў 1992 (з 1993 член Еўрапейскай федэрацыі). Чэмпіёны б. СССР па аўтамадэлізме (майстры спорту міжнар. класа) — В.​Кротчанкаў (1975, 1987), В.​Дрозд (1991), чэмпіён і рэкардсмен Рэспублікі Беларусь Кротчанкаў (1992).

т. 2, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЭ́ЎНІКАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.11.1923, р.п. Локаць Брасаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (1976), праф. (1994). Засл. лесавод Рэспублікі Беларусь (1991). Скончыў Бранскі лесагасп. ін-т (1949). З 1960 у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі (у 1964—92 заг. лабараторыі). Навук. працы па асновах высечак догляду ў лясах, правядзенні высечак абнаўлення і перафарміравання, вядзенні гаспадаркі ў дубровах Беларусі. Аўтар распрацоўкі матэм. мадэлі і табліц ходу росту ствалавой драўніны і надземнай фітамасы хвойных культур, адзін з аўтараў стратэг. плана развіцця лясной гаспадаркі Беларусі (1997).

Тв.:

Постепенные и выборочные рубки в лесах Белоруссии. Мн., 1969 (разам з В.​А.​Феафілавым).

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)