АГАРО́ДНІЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1990 у Мінску на базе Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Асн. кірункі даследаванняў: стварэнне высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў агароднінных культур і тэхналогій вытв-сці іх насення; распрацоўка энергазберагальных і прыродаахоўных тэхналогій і сістэм вядзення агародніцтва ў адкрытым і ахаваным грунце і інш. Ін-там створана больш за 100 сартоў і гібрыдаў агароднінных культур.

А.​А.​Аутка.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЖАЕ́ЎСКАЯ (Вольга Іванаўна) (12.11.1904, в. Бязуеў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1981),

бел. вучоны ў галіне энтамалогіі. Д-р біял. н. (1974). Скончыла БДУ (1931). З 1949 у Ін-це біялогіі, Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі. Навук. працы па фауне, экалогіі, марфалогіі лускакрылых насякомых (совак) і нематод — шкоднікаў с.-г. культур.

Тв.:

Нематоды главнейшых полевых культур БССР. Мн., 1953;

Чешуекрылые (Lepidoptera) Белоруссии: Кат. Мн., 1976 (разам з А.​М.​Літвінавай, Р.​У.​Малчанавай).

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКА́ЧВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

агратэхнічны прыём, ураўнаванне і ўшчыльненне паверхневага слоя глебы каткамі. Захоўвае глебавую вільгаць, памяншае перапады т-ры, забяспечвае раўнамернае загортванне насення і найлепшыя ўмовы для ўкаранення і кушчэння раслін, прадухіляе асяданне глебы, садзейнічае назапашванню ў глебе пажыўных рэчываў у лёгказасваяльных формах, павялічвае мікрабіял. актыўнасць глебы. Праводзяць перад сяўбой (асабліва ў сухую вясну), пасля сяўбы (часцей для дробнага насення), пры агаленні вузла кушчэння азімых культур, для знішчэння ледзяной скарынкі на пасевах зімуючых культур.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нітрагі́н

(ад нітра- + гр. ago = засвойваю)

бактэрыяльнае ўгнаенне для бабовых культур, якое змяшчае клубеньчыкавыя бактэрыі, здольныя засвойваць кісларод.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДАЖДЖАВА́ННЕ,

спосаб паліву с.-г. культур, пры якім вада распырскваецца дажджавальнымі машынамі і ўстаноўкамі. Увільгатняе глебу, прыземны слой паветра і наземную ч. раслін. Крыніцамі вады для паліву з’яўляюцца рэкі, сажалкі, каналы і інш. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур у зоне няўстойлівага ўвільгатнення. На Беларусі Д. — асн. спосаб паліву шматгадовых траў, культ. пашы і ўчасткаў пад агародніннымі культурамі (пл. 115 тыс. га; 1995). Выкарыстоўваюцца дажджавальныя машыны «Валжанка», «Фрэгат», «Днепр», ДДН-70 і інш. Гл. таксама Арашэнне.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДА́НАЎ (Леанід Афанасьевіч) (29.4.1890, пас. Махінджауры, Аджарыя, Грузія — 27.12.1974),

вучоны-селекцыянер, акад. УАСГНІЛ (1948), Герой Сац. Працы (1965). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914) і Маскоўскі с.-г. ін-т (1917). З 1924 кансультант і кіраўнік групы селекцыі сланечніку на Данской доследна-селекцыйнай станцыі Усесаюзнага НДІ алейных культур, адначасова ў 1946—50 заг. аддзела генетыкі і селекцыі Біял. ін-та Растоўскага ун-та. Навук. працы па селекцыі сланечніку, аўтар высокаўраджайных заразіхаўстойлівых сартоў алейных культур. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАМЕ́ТАЎ (Эсхат Мінібаевіч) (н. 20.5.1926, пас. Ібрайкіна, Башкортастан, Расія),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1991), праф. (1995). Скончыў Адэскі с.-г. ін-т (1952, Украіна) і Маскоўскую с.-г. акадэмію (1955). З 1966 у БСГА. Навук. працы па раслінаводстве збожжавых культур.

Тв.:

Технология производства и качество продовольственного зерна. Мн., 1996 (у сааўт.);

Агробиологический контроль и оперативный уход за посевами зерновых культур. Горки, 1997 (разам з М.​А.​Казанінай, Л.​К.​Тупікавай).

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Валерый Аксёнавіч) (н. 8.1.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1988). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел. НДІ пладаводства (у 1974—90 заг. аддзела). Навук. працы па селекцыі пладовых культур. Сааўтар сартоў слівы Нарач, Кромань, Далікатная і інш.; гібрыднай алычы Ветразь, Мара, Віцьба і інш.

Тв.:

Сліва ў вашым садзе. Мн., 1994;

Результаты и перспективы селекции плодовых культур в Республике Беларусь // Плодоводство: Науч. тр. БелНИИП. 1995. Т. 10.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБ (Станіслаў Іванавіч) (н. 6.8.1944, в. Савічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны-селекцыянер. Акад. Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1994), д-р с.-г. н. (1988), праф. (1996). Брат М.І.Грыба. Скончыў БСГА (1966), там і працаваў, з 1970 на Ганусаўскай доследна-селекцыйнай станцыі, з 1973 у Бел. НДІ земляробства і кармоў (з 1978 нам. дырэктара, кіраўнік селекцыйнага цэнтра), з 1995 віцэ-прэзідэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па селекцыі, насенняводстве і тэхналогіі вырошчвання цукр. буракоў і збожжавых культур (ячмень, авёс, трыцікале, пшаніца), распрацоўцы метадаў інтэнсіфікацыі селекцыйнага працэсу з выкарыстаннем збудаванняў са штучным кліматам. Аўтар 20 раянаваных сартоў с.-г. культур, у т. л. 2 сартоў цукр. буракоў, 12 — яравога ячменю, 2 — аўса і 4 — трыцікале. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Ячменному полю — интенсивные сорта. Мн., 1992;

Семеноводство полевых культур. Мн., 1994 (у сааўт.).

С.І.Грыб.

т. 5, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

убо́рачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ўборкі сельскагаспадарчых культур. Уборачная пара. Уборачныя работы. Уборачная кампанія. // Прызначаны для ўборкі ўраджаю. Уборачная тэхніка. Уборачныя машыны.

2. у знач. наз. убо́рачная, ‑ай, ж. Уборка ўраджаю, а таксама пара ўборкі ўраджаю. Уборачная не сёння-заўтра распачнецца. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)