ГРАШО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

форма арганізацыі грашовага абарачэння ў краіне, якая склалася гістарычна і замацавана нац. заканадаўствам. Уключае: грашовую адзінку, маштаб цэн, віды грашовых знакаў, што маюць законную плацежную сілу, парадак эмісіі грошай і іх абарачэння, дзярж. апарат, які ажыццяўляе рэгуляванне грашовага абарачэння. Тып грашовай сістэмы залежыць ад таго, якія грошы знаходзяцца ў абарачэнні. Грашовая сістэма, пры якой усе функцыі грошай выконвае грашовы тавар, а крэдытныя грошы разменьваюцца на метал, адносіцца да сістэм металічнага абарачэння. Калі ролю ўсеагульнага вартаснага эквіваленту выконваюць 2 металы — золата і серабро, тады гэта біметалічная грашовая сістэма. Пры біметалізме свабодна чаканяцца і маюць неабмежаваную плацежную сілу манеты з золата і серабра. Біметалізм быў вельмі пашыраны ў 16—17 ст., а ў шэрагу краін і ў 19 ст. У канцы 19 ст. ў выніку развіцця капіталіст. гаспадаркі на змену біметалізму прыйшоў монаметалізм, калі ўсеагульным эквівалентам выступаў адзін метал (золата або серабро), у абарачэнні функцыянавалі манеты і знакі вартасці, што разменьваліся на гэты метал. Ва ўмовах залатога монаметалізму, у залежнасці ад характару размену знакаў вартасці на золата, адрозніваліся золатаманетны, золатазліткавы і золатадэвізны стандарты. З 1930-х г. грашовая сістэма ўсіх краін засн. на абарачэнні крэдытных і папяровых грашовых знакаў, пры якіх золата ў якасці грошай не выкарыстоўваецца. У сучасных умовах грашовая сістэма прамыслова развітых краін характарызуюцца адменай афіц. залатога ўтрымання грашовых знакаў, зняццем золата з грашовага абароту, выпускам грошай у абарачэнне ў парадку крэдытавання гаспадаркі і дзяржавы, скарачэннем наяўна-грашовага абароту за кошт развіцця безнаяўных разлікаў, узмацненнем дзярж. рэгулявання грашовага абарачэння. У Рэспубліцы Беларусь нац. грашовай адзінкай з’яўляецца бел. рубель, у наяўным абарачэнні ў якасці афіц. плацежнага сродку знаходзяцца банкаўскія білеты (банкноты), манапольнае права эмісіі іх належыць Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца дзярж. органам грашова-крэдытнага і валютнага рэгулявання.

Ж.Д.Даніловіч.

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нуліфіка́цыя

(н.-лац. nullificatio, ад лац. nullus = ніякі + facere = рабіць)

пазбаўленне ўсякага значэння, ануляванне;

н. грошай — скасаванне дзяржавай абясцэненых папяровых грашовых знакаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

харэагра́фія

(ад гр. choreia = танец + -графія)

1) мастацтва пастаноўкі танцаў і балетных спектакляў;

2) запіс танцавальных рухаў пры дапамозе сістэмы ўмоўных знакаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дыза́жыо

(іт. disaggio)

адхіленне ў бок зніжэння рыначнага курсу грашовых знакаў, вэксаляў і іншых каштоўных папер ад іх намінальнай вартасці (параўн. ажыо, лат 1).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

семіётыка

(гр. semeiotikos = звязаны са знакам)

1) навука аб розных сістэмах знакаў, якія выкарыстоўваюцца для перадачы інфармацыі;

2) раздзел медыцыны, што вывучае прыкметы хвароб.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сімво́ліка

(гр. symbolikos = сімвалічны)

1) выражэнне ідэй, паняццяў або пачуццяў пры дапамозе ўмоўных знакаў (сімвалаў) (напр. с. лічбаў, с. хімічных элементаў);

2) сукупнасць сімвалаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

А́РКУШ

(польскае arkusz),

1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.

Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс. см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш. Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркуш — адзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 х 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стэнагра́ма

(ад гр. stenos = вузкі, цесны + gramma = знак, рыса)

запіс вуснай мовы (прамовы, лекцыі і інш.) пры дапамозе асобай сістэмы знакаў і скарочаных слоў і спалучэнняў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ната́цыя 1, ‑і, ж.

Настаўленне, павучанне. Ваўчок лаяў сябе ў думках: «Зноў даў магчымасць чытаць сабе натацыю, як хлапчуку якому, замест таго, каб рашуча спыніць усё гэта». Хадкевіч. І [бацька] пачаў натацыю: «Не будзе толку!.. Не выйдзе з цябе чалавека!.. Не хочаш мяне слухаць, ідзі куды хочаш!» Грамовіч.

[Ад лац. notatio — заўвага.]

ната́цыя 2, ‑і, ж.

Спец. Сістэма ўмоўных пісьмовых знакаў, памет, якія прыняты ў якой‑н. галіне дзейнасці. Шахматная натацыя.

[Ад лац. notatio — заўвага.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пісьмо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пісьма (у 2 знач.).

2. Адлюстраваны пры дапамозе графічных знакаў; напісаны. Ніякага пісьмовага прадпісання, вядома, у мяне не было. Даніленка. [Лідзія Пятроўна] пасля праверкі пісьмовых прац паказала яго [Рыгоркі] сшытак усяму класу. Колас.

3. Які ўжываецца, служыць для пісання. І толькі шырокі стол з пісьмовымі прыладамі .. быў ярка асветлены сонцам. Лынькоў. Напаследак спынілася .. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)