(ням. Indemnität, ад лац. indemnitas, -atis = пакрыццё страт)
1) пакрыццё страт, кампенсацыя (звычайна ў міжнародным праве);
2) звальненне дэпутатаў ад адказнасці за парламенцкую дзейнасць (выступленні, галасаванне і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял.дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял.дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял.дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял.дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г.М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАЙ УЛА́ДЫ,
дакументальная юрыд. форма выяўлення волі прадстаўнічых органаў дзярж. улады. У Рэспубліцы Беларусь — гэта законы, пастановы і інш. акты Вярх. Савета, указы Прэзідэнта, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета, рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, абавязковыя да выканання агульныя правілы або прадпісанні індывід. характару. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь мае найвышэйшую юрыд. сілу ў адносінах да ўсіх інш. законаў і актаў, яна вызначае парадак іх прыняцця і формы. Права прыняцця агульнадзярж. законаў належыць Вярх. Савету. Прэзідэнт выдае ў межах сваіх паўнамоцтваў указы і распараджэнні і кантралюе іх выкананне. Мясц. Саветы дэпутатаў на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на падпарадкаванай ім тэрыторыі. Рашэнні мясц. Саветаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымі Саветамі. Кантроль за канстытуцыйнасцю актаў органаў дзяржаўнай улады ажыццяўляе Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, і тыя, што прызнаны ім неканстытуцыйнымі, не маюць юрыд. сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЕ СЛО́ВА»,
грамадска-паліт. газета, орган Віцебскага абл. Савета дэпутатаў і выканкома. Выходзіць з 4.1.1991 у Віцебску на бел. і рус. мовах 3 разы на тыдзень. Асвятляе грамадска-паліт., эканам. і культ. жыццё Віцебска і вобласці. Друкуе матэрыялы на тэмы маралі, асвятляе вострыя сац. з’явы ў грамадстве, рэформы ў галіне эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаўмясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.
Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ НА́ДПІС,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД распараджэнне натарыяльнага органа аб спагнанні з даўжніка на карысць спаганяльніка грашовай сумы ці аб выпатрабаванні маёмасці, зробленае на дакуменце, які пацвярджае пэўнае абавязацельства. У населеных пунктах, дзе няма натарыяльных кантор, выканаўчы надпіс робяць выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў. Выканаўчы надпіс з’яўляецца падставай для прымусовага выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ САВЕ́ТАЎ,
мясцовыя і цэнтр. органы ўлады сав. дзяржавы ў 1917—36. Склікаліся раённыя (пав.), абл. (губ.), краявыя, рэсп. (аўт. і саюзных рэспублік) і Усесаюзны з’езд Саветаў. Фарміраваліся шляхам выбараў, адкрытым галасаваннем. У гар. і сельскія Саветы дэпутатаў выбіралі на сходах, якія склікаліся паводле вытв. і тэр. прынцыпаў. У раённыя (пав.) Саветы ўваходзілі прадстаўнікі сельскіх і гар. Саветаў дадзенага раёна (пав.). Абл. (губ.), рэсп. і Усесаюзны З.С. фарміраваліся з прадстаўнікоў ніжэйшых Саветаў. З.С. саюзных рэспублік складалі прадстаўнікі абл. (губ.), краявых З.С. Разглядалі і вырашалі пытанні дзярж., гасп. і культурнага буд-ва. Усесаюзны і рэсп. З.С. прымалі найважн. пастановы па дакладах урада, канстытуцыйных пытаннях, праблемах развіцця гаспадаркі і культуры, абароны і знешняй палітыкі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 сталі дзейнічаць Саветы дэпутатаў працоўных. У БССР З.С. — вышэйшы орган дзярж. улады ў 1919—38. Адбылося 12 Усебел. з’ездаў Саветаў (гл.арт. пра кожны з’езд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці Вярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.І.Дземянцей (1990—91), С.С.Шушкевіч (1991—94), М.І.Грыб (1994—96), С.Г.Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АБЛАСНЫ́ КАМІТЭ́Тпры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (БАК). Дзейнічаў у ліст. 1917—18. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад бел. губерняў на Усерас. з’ездах сял.дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту (усяго 70 чал.). Старшыня Я.С.Канчар. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. Федэратыўнай Рэспублікі, імкнуўся ўзначаліць бел.нац. рух, разам з Вял.бел. радай узяў на сябе ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Наладзіў кантакт з Наркамнацам, пры якім быў створаны Бел. аддзел у складзе прадстаўнікоў к-та П.М.Караткевіча і В.С.Селіванава. Спрабаваў паслаць свайго прадстаўніка на мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўск. Выдаў працы Я.Ф.Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). У пач. 1918 спрабаваў склікаць 2-і Усебел. з’езд, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Нёман. 1993. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,
легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел.дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.