Е́ЛЬСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1769—80 у г. Ельск Гомельскай вобл. Мае рысы класіцызму. 5-зрубны крыжова-купальны храм. Цэнтр. 8-гранны зруб (даўж. 23 м, шыр. 14 м, выш. 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прамавугольны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1870—71 да бабінца прыбудавана званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная высокім шатром.

Ельская Троіцкая царква.

т. 6, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЦМАН Яўген Аляксандравіч (8.7.1890, г. Харкаў, Украіна — 1976),

расійскі жывапісец і графік. Нар. маст. Расіі (1969). Чл.-кар. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1909—16) у К.​Каровіна і С.​Малюціна. Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Работам уласцівы старанная мадэліроўка форм, дакладнасць перадачы знешняга аблічча: партрэты К.​Я.​Варашылава (1933), Б.​А.​Лаўранёва (1947), Н.​Золатавай (1958—60) і інш. Аўтар жанравых кампазіцый: «Калязінскія каруначніцы» (1928), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1949) і інш.

Я.Кацман. Калязінскія каруначніцы. 1928.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЭ́ВІЦКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 17 ст. Пабудавана ў 1642 у в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Спачатку мела глыбінна-прасторавую кампазіцыю, складалася з квадратнага ў плане асн. аб’ёму і 5-граннай апсіды. У 2-й пал. 19 ст. да асн. аб’ёму з З прыбудавана 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з дахам складанай канфігурацыі. Асн. аб’ём завершаны 2-ярусным васьмерыком з цыбулепадобным купалам. Апсіда накрыта шатровым дахам з купалком на глухім барабане. Помнік адметны своеасаблівай сістэмай прапорцый, звязанай са стараж.-рус. архітэктурай.

Ю.​А.​Якімовіч.

Кашэвіцкая Успенская царква.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́НЦЭ (Klenze) Франц Карл Лео фон (29.2.1784, г. Шладэн, Германія — 27.1.1864),

нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Германіі, Францыі, Італіі. Працаваў у Германіі (у 1803—13 прыдворны архітэктар вестфальскага караля Жэрома Банапарта ў г. Касель, з 1815 баварскага караля Людвіга I у г. Мюнхен), у 1839—51 у Афінах. Горадабудаўнічыя работы вызначаюцца ўрачыстасцю, строгай рэгулярнасцю планіроўкі. Ствараў цяжкаважныя парадныя пабудовы, у якіх камбінаваў узноўленыя з педантычнай дакладнасцю і сухасцю матывы стараж.-грэч. дойлідства: Гліптатэка (1816—30), Старая пінакатэка (1826—36), Прапілеі (1846—60) у Мюнхене; Новы Эрмітаж у Пецярбургу (1839—52) і інш.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1750-я г. за межамі г. Кобрын Брэсцкай вобл., на беразе р. Мухавец, у 1841 перавезена ў горад, перабудавана з элементамі позняга класіцызму. Складаецца з асн. зруба, 5-граннай апсіды і 4 чацверыковых аб’ёмаў, размешчаных па вуглах асн. зруба. Усе аб’ёмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вял. 8-гранны светлавы барабан з купалам. Гал. фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонкамі.

Т.​В.​Габрусь, А.​М.​Мартынаў.

Кобрынская Мікалаеўская царква.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЧЭ́ЎСКІ Фёдар Рыгоравіч (22.5.1879, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна — 30.7.1947),

украінскі жывапісец. Засл. дз. маст. Украіны (1940). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), Пецярбургскую АМ (1910). З 1913 выкладаў у Кіеве ў маст. вучылішчы, з 1917 праф. Украінскай АМ, у 1922—41 — маст. ін-та. Яго творам уласцівы эпічнасць у раскрыцці нар. характару, шырокая жывапісная манера пісьма, манументалізацыя формы, эмацыянальная напружанасць колеру: «Нявеста» (1910), «Тры ўзросты» (1913), трыпціх «Жыццё» (1925—27), «Сваты» (1928), «Маці» (1929), «Пераможцы Урангеля» (1934), цыкл карцін «Кацярына» (1937—40) і інш.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХРО́ЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1792 як уніяцкая. Складаецца з прамавугольнага ў плане асн. зруба і 5-граннай апсіды, накрытых агульным дахам з трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння аб’ёмаў. Гал. паўн. фасад вырашаны ў выглядзе шырокай пласціны, пры ўваходзе тамбур. Фасад падзелены на ярусы 2 развітымі карнізамі і завершаны 3 вежачкамі (бакавыя квадратныя ў плане, цэнтр. 8-гранная). Карнізы аздоблены разьбой. Каля царквы 2-ярусная чацверыковая каркасная званіца, накрытая шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Махроўская Петрапаўлаўская царква.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЬЕ́ (Percier) Шарль (22.8.1764, Парыж — 5.9.1838),

французскі архітэктар, прадстаўнік стылю ампір. Вучыўся ў Парыжы, у 1786—92 вывучаў ант. дойлідства ў Рыме. У 1794—1814 працаваў пераважна ў Парыжы з П.Ф.Л.Фантэнам; яны былі заканадаўцамі густу ў перыяд імперыі Напалеона I. Сумесныя іх творы (трыумфальная арка на пл. Карузель, 1806; праекты мэблі, дэкар. ўбрання інтэр’ераў, афармленне свят) адраджалі матывы стараж.-рым. архітэктуры, адметныя манументальнасцю, урачыстасцю, імкненнем да сінтэзу архітэктуры і дэкар. мастацтва. Часткова перабудаваў палацы Луўр, у г. Фантэнбло і інш., афармляў інтэр’еры палацаў, у т. л. Версаля.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства каля в. Покры Брэсцкага р-на. Пабудавана ў 1739, часткова перабудавана ў 19 ст. Узор драўлянай пабудовы цэнтрычнай кампазіцыі, у архітэктуры якой адзначаюцца рысы стылю барока. Крыжападобны ў плане будынак з 5-граннай апсідай накрыты 2-схільным дахам. Сяродкрыжжа завершана фігурнай вежачкай. Да апсіды прылягаюць 2 маленькія рызніцы. З захаду да царквы прыбудавана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая 8-гранным шатровым дахам. Сцены будынка вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вуглы апрацаваны разьбянымі накладкамі.

С.​Ф.​Самбук.

Покраўская царква.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРАШО́ЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік драўлянага дойлідства 19 ст. ў г.п. Шарашова Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1824. Мае рысы класіцызму. Адназрубная пабудова з 3-граннай алтарнай апсідай накрыта высокім 2-схільным дахам з вальмамі над алтаром. Гал. фасад мае 6-калонны порцік з трохвугольным франтонам, увянчаным 2-яруснай фігурнай вежачкай. Сцены ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. У аздобе гал. фасада выкарыстаны паліхромная афарбоўка, дэкар. шалёўка франтона ў елачку, размалёўка на рэліг. сюжэты. Аконныя праёмы прамавугольныя і рамбічныя.

У.​В.​Алісейчык.

Шарашоўская Петрапаўлаўская царква.

т. 17, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)