ПАМФЛЕ́Т (ад англ. pamphlet лісток, які трымаюць у руцэ),

вострасатырычны твор, мэта і пафас якога — выкрыццё ў рэзкай і экспрэсіўнай форме паліт. з’яў пэўнага грамадства ці погляды і дзеянні канкрэтных асоб; жанр публіцыстыкі. П. ўласцівы тэндэнцыйнасць, агульнадаступнасць, сцісласць, вобразнасць характарыстык.

Вядомы са стараж. часоў. Некат. даследчыкі лічаць П. творы стараж.-грэч. філосафа і пісьменніка Лукіяна. Быў пашыраны ў эпоху Позняга Адраджэння, Рэфармацыі, асабліва ў эпоху Асветніцтва. Шырока вядомы ў л-ры Зах. Еўропы 19—20 ст. (В.​Гюго, Э.​Заля, Г.​Ман і інш.). У рус. л-ры П. пісалі В.​Бялінскі, А.​Герцэн, Дз.​Пісараў, Л.​Талстой («Не магу маўчаць»), М.​Горкі («Горад жоўтага д’ябла»), У.​Маякоўскі («Маё адкрыццё Амерыкі»).

Рысы П. мелі творы бел. палемічнай л-ры канца 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя гутаркі 2-й пал. 19 ст. Майстрамі П. выявілі сябе К.​Крапіва («Майстры крывавага джаза», «З фашыстоўскай падваротні» і інш.), К.​Чорны («Кат у белай манішцы», «Далікацтва каля вісельні», «Берлінскі анучнік»), М.​Лынькоў («Здарэнне ў пекле», «На злодзею шапка гарыць»). У гэтым жанры выступалі і выступаюць М.​Пасладовіч, А.​Бажко, І.​Грамовіч, С.​Паўлаў і інш. Спробу стварэння рамана-П. зрабіў І.​Гурскі («Чужы хлеб», 1969).

Літ.:

Ткачев П.И. «Иду на «вы»: Заметки о памфлете. Мн., 1975;

Яго ж. «Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете. Мн., 1980;

Гончарова-Грабовская С.Я. Комедия-памфлет в жанровой системе драматургии XX в. Мн.;

1994.

Я.​І.​Клімуць.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

замуці́ць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак., што.

Зрабіць мутным. Жучок-плывунец спрытна даў нырца і замуціў з дна ваду. Даніленка. Калі Васіль пераступіў парог цёплага памяшкання, духата ў хаце дала яму ў твар і замуціла свядомасць. Грамовіч.

•••

Вады (нікому) не замуціць — (нікому) не зрабіць шкоды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́вец, знаўца і зна́ўца, ‑ы, м.

Чалавек, які валодае спецыяльнымі ведамі, пазнаннямі ў якой‑н. галіне; знаток. Музыку ж ён надта любіў і лічыў сябе закончаным знаўцам яе. Грамовіч. Выдатны майстра і тонкі знаўца жывога слова, Кузьма Чорны па-горкаўску ставіўся да мовы пісьменніка. Кудраўцаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. пабрыў, ‑брыла, ‑брыло; зак.

Пайсці павольна, з цяжкасцю перастаўляючы ногі. Я і маёр Анікееў выйшлі з хаты і пабрылі ўздоўж дарогі па сцяжынцы. Хомчанка. [Антон] дастаў з калодзежа вядро вады, напіўся і, нібы п’яны, пабрыў на вуліцу. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парэ́нчы, ‑аў; адз. парэнча, ‑ы, ж.

Тое, што і поручні. Я часцяком адзін прыходзіў на гэты масток, абапіраўся на жалезныя парэнчы і глядзеў у бездань. Сабаленка. Ганя сагнулася, потым прыўзнялася і пабачыла снапок кмену з пераспелым цёмна-медным насеннем, прывязаны да парэнчы балкона. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасмя́гнуць і пасма́гнуць, ‑не; зак.

Перасохнуць (пра губы, рот). На шчоках з’явіліся чырвоныя плямы, зрэнкі расшыраны, губы пасмяглі. Лужанін. У .. [Хамовіча] пасмаглі вусны, перасохла ў горле. Мурашка. // Пасохнуць ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца (пра траву і пад.). Усё на полі, на агародах пасмягла. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́кліч, ‑у, м.

Кліч, заклік, воклік. Як толькі прагучаў на ўвесь свет магутны покліч Кастрычніка, Міхась Чарот спяшаецца на радзіму. Хведаровіч. Ад Дняпра на Нёман быстры покліч дзеда даляцеў, і няшчадна б’е фашыстаў усенароднай помсты гнеў. Машара. На ціхі Ганін покліч.. [Зіна] не адазвалася. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саліда́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае сваю салідарнасць (у 1 знач.) з кім‑, чым‑н.; аднадушны. [Ганя:] — Мы [бацькі] павінны аддаць .. [дзецям] усё сваё найлепшае... [Ванда Адамаўна:] — Я з вамі салідарна. Грамовіч.

2. У юрыспрудэнцыі — той, хто нясе сумесную з кім‑н. адказнасць. Салідарныя абавязацельствы. Салідарная адказнасць. Салідарныя адказчыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

указа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для ўказання на што‑н. або чаго‑н. Да [горада] былі скіраваны ўсе ўказальныя знакі франтавых дарог. Грамовіч.

2. У граматыцы — які выражае ўказанне на прадмет. Указальны займеннік. Указальная часціца.

•••

Указальны палец — другі палец на руцэ паміж вялікім і сярэднім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

філянго́вы, ‑ая, ‑ае.

З філёнгамі (у 1 знач.). [Бацька:] — Будзеш сам жыў-здароў — новую хату збудуеш... Дзверы ўставіш філянговыя, высокія. Грамовіч. Шырыня хаты з трыма вокнамі на вуліцу, жоўтыя філянговыя аканіцы, гонтавы дах на падшыўцы — усё гаварыла, што тут жыве чалавек з густам, гаспадар. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)