прыкра́са, ‑ы, ж.

1. часцей мн. (прыкра́сы, ‑рас). Аздоба, упрыгожанне. У архітэктуры будынкаў, што ўзведзены каля станцыі, нам падабаецца прастата, — ніякіх непатрэбных прыкрас. Мележ. Яны [старэйшыя] за працай грамадзянскай самі, Яны ўмеюць бачыць не прыкрасы, А прыгажосць сапраўднейшую часу. Лось. // перан. Перабольшанне, выдумка ў апавяданні, пераказванні. [Косцік] расказваў без лішняй прыкрасы, Як мост узрывалі яны, Як з копкаю разам прыпасы Стаўлялі на плыт патайны. Колас. — Пра бізун я так, для прыкрасы, — кінуў Збан. Шашкоў.

2. Тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.); закраса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інжыніі́рынг

(англ. engineering, ад лац. ingenium = вынаходлівасць, выдумка)

сфера дзейнасці па распрацоўцы аб’ектаў прамысловасці, іх інфраструктуры і інш., псрш за ўсё ў форме прадастаўлення на камерцыйнай аснове розных інжынерна-кансультацыйных паслуг.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

фікты́ўны

(фр. fictif, ад лац. fictio = выдумка)

выдуманы, несапраўдны; падроблены, фальшывы (напр. ф-ая хвароба, ф-ыя дакументы);

ф. капіталкапітал, які існуе ў выглядзе каштоўных папер (акцый, аблігацый і інш.), што ўласнай вартасці не маюць, але даюць права на пэўны даход.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фанта́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Штосьці неверагоднае, створанае ва ўяўленні. А ноч спускаецца ніжэй і ніжэй на снегавыя абшары, і ўсё наўкол пачынае прымаць воблік невыразнай фантастыкі. Лынькоў. // Паказ з’яў, якія не існуюць у рэчаіснасці; казачная аснова ў творах мастацтва. Спецыфічная ж асаблівасць народнай казкі — фантастыка, выдумка. Чыгрын. // зб. Разм. Літаратурныя творы, у якіх апісаны з’явы і падзеі ў перабольшаным і звышнатуральным выглядзе. Фантастыка Гофмана. Аддзел навуковай фантастыкі ў бібліятэцы.

2. Нешта нерэальнае, нездзяйсняльнае. Узяць білеты на касмічны лайнер І паляцець у госці к марсіянам... Фантастыка? А колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў? Грахоўскі.

[Ад грэч. phantastikē — здольнасць уяўляць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад чуць ​1 (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Які ўжо быў пачуты; вядомы. Кожнаму хацелася сказаць, што ён ведаў, і самому пачуць нешта яшчэ новае, нячутае, а можа і чутае, але расказанае нанава, з новымі падрабязнасцямі і меркаваннямі. Крапіва.

3. у знач. наз. чу́тае, ‑ага, н. Тое, што хто‑н. дзе‑н. чуў, пачуў. Едучы ў тралейбусе, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў. Карпаў. Кручынін заўсёды згушчаў фарбы, перабольшваў і завастраў чутае так, што часам цяжка было зразумець, дзе канчаецца праўда і пачынаецца выдумка. С. Александровіч.

•••

Дай бог чутае бачыць гл. даць.

Каб жа чутае бачыць гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

notion

[ˈnoʊʃən]

n.

1) паня́цьце, разуме́ньне n.

He has no notion of what I mean — Ён ня ма́е ўяўле́ньня, пра што я кажу́

2) по́гляд, пагля́д -у m., ду́мка f., перакана́ньне n.

3) наме́р -у m.

4) дурна́я вы́думка; глу́пства

- notions

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л. — жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.​Раманава, У.​Дабравольскага, М.​Федароўскага, А.​Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкін, М.​Някрасаў, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, У.​Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыкра́сіць ’аздобіць, упрыгожыць’; перан. ’упрыгожыць выдумкай, перабольшаннем апавяданне, пераказ’; ’дадаць у ежу што-небудзь для каларыйнасці або смаку; закрасіць’ (Нас., ТСБМ); сюды ж сінанімічныя аддзеяслоўныя назоўнікі: прыкра́са, часцей мн. л. прыкра́сы ’аздоба, упрыгожанні; перабольшанне, выдумка’ (ТСБМ), прікра́са ’аздоба’ (Бяльк.), прыкра́са ’тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.; закраса)’ (Нас., ТСБМ). Параўн. з антанімічнымі значэннямі, што надаюцца семантыкай прыстаўкі, якое ў дадзеным выпадку з’яўляецца сінанімічным значэнню прыстаўкі пера- ’давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку’: прыкрасі́цца ’паблякнуць’: краса прыкрасіцца, а розум прыгадзіцца (шуміл., Сл. ПЗБ), прыкра́са, перэкра́са ’непрыгожая дзяўчына’ (Растарг.). Да слаба адлюстраванага — і толькі на ўсходзе — мглін., зах.-бранск. кра́сіць ’упрыгожваць’ (Кос., Растарг.), якое яшчэ ў прасл. *krasiti набыло значэнне ’дадаць у ежу’ (ЭССЯ, 12, 99–100). Параўн. рус. дыял. прикра́сить ’прыправіць, закрасіць (пра страву)’, ’пахваліць некага’, укр. прикра́сити ’ўпрыгожыць, зрабіць прыгажэйшым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́мха, часцей мн. л. пры́мхі ’забабоны, забабонныя прыкметы’ (ТСБМ, Шн. 1, Растарг.; лях., Сл. ПЗБ, ТС), пры́мухі ’прымхі; жарты’ (Ян.). Няясна. Верагодна, з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад прымсці́ць/прымсці́цца (гл.) з экспрэсіўным ‑х‑ на месцы ‑с‑ у фіналі асновы (чакалася б *пры́мс(х)а) і развіццём першаснай семантычнай базы (гл. Краўчук, Бел. лекс., 86). Іншыя версіі выказвалі Мікуцкі (сувязь з муха, параўн. польск. muchi w nosie ’пра ганарлівага, непрадказальнага’, гл. падрабязней Неўская, История слав. этим., 21; параўн. яшчэ макед. мушичка ’мошка; капрыз’), Свобада (Studies in Slavic Ling. and Poetics, N.Y. — London, 1968, 247). Ткачэнка (ЕСУМ, 4, 574) параўноўвае з рус. па́мха ’перашкода, ліха, пошасць’, помха ’неўраджай’, што да мох (гл.), *мъха ’хвароба коласа; іржа’; Трубачоў (ЭССЯ, 22, 194) адносіць да *mъxъ (гл. мох) у сувязі з павер’ямі, але не выключаецца і сувязь з *mъšъka ’мошка, мушка’. Параўн. укр. при́мхи ’тс’, при́мха ’капрыз, недарэчнае жаданне, выдумка’, при́мхати ’капрызіць’, при́мхливий, примхува́тий ’капрызны, пераборлівы’. Спецыяльна гл. Мяркулава, Этим. иссл., 6, 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)