МА́РКАС ((Marcos) Фердынанд Эдралін) (11.9.1917, Сарат, каля г. Лаааг, Філіпіны — 28.9.1989),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Філіпін. Адвакат. Скончыў ун-т Філіпін (г. Кесан-Сіці). Удзельнік абарончых баёў супраць японцаў на Філіпінах (1941—42) у 2-ю сусв. вайну. З 1949 у кангрэсе Філіпін: чл. Палаты прадстаўнікоў (1949—59), сенатар (1959—66), прэзідэнт сената (1963—65). Адначасова ў 1960—64 старшыня Ліберальнай партыі, з 1964 у кіраўніцтве Партыі нацыяналістаў. У 1965—86 прэзідэнт Філіпін, адначасова ў 1973—81 прэм’ер-міністр. Рабіў захады па ўмацаванні дзярж. суверэнітэту краіны, у 1970 спыніў удзел Філіпін на баку ЗША у В’етнамскай вайне 1964—73. У 1972 увёў у краіне ваен. становішча (да 1981). Рэжым асабістай улады М. выклікаў шырокі апазіцыйны рух, пад націскам якога праведзены датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. З 1986 у эміграцыі ў ЗША.
т. 10, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЕРЛА́ЎК (сапр. Фрыдфельд) Алексіс
(15.4.1866, г. Ікшкіле, Латвія — 19.4.1943),
латышскі тэатр. дзеяч, акцёр, рэжысёр; заснавальнік сучаснай лат. рэжысуры. З 1886 удзельнічаў у аматарскіх спектаклях ў Рызе. З 1890 акцёр, рэжысёр Рыжскага лат. т-ра. У 1909—11 і з 1914 кіраўнік Новага рыжскага, з 1915 у петраградскім Новым лат. т-рах, з 1919 у Рабочым т-ры Сав. Латвіі, у 1919—38 у Нац. т-ры (да 1921 дырэктар). Паставіў спектаклі: «Ворагі» М.Горкага і «Адзін і многія» А.Упіта (абодва 1919), «Іосіф і яго браты» (1920) і «Іграў я і скакаў» (1921) Я.Райніса, «Купальшчыца Сусанна» Упіта (1922). Сцэн. вобразы адметныя эмацыянальнасцю, глыбокай тыповасцю, смеласцю ў выбары сродкаў акцёрскай выразнасці: Кленга, Кангар («У агні» Р.Блаўмана, «Агонь і ноч» Райніса), Атынгаўзен («Вільгельм Тэль» Ф.Шылера) і інш.
т. 10, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910,
антыманархічная рэвалюцыя ў Партугаліі, у выніку якой у краіне ўстаноўлены рэсп. лад. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва антыдэмакр. і рэпрэсіўным курсам каралеўскага ўрада. Пачалася ноччу 4.10.1910 у Лісабоне з паўстання рэспубліканцаў на чале з М. душ Сантушам, якіх падтрымалі армейскія часці сталічнага гарнізона і маракі 2 крэйсераў. 5 кастр. пасля капітуляцыі ўрадавых войск і эміграцыі караля Мануэла II [1908—10] у Вялікабрытанію кіраўнікі паўстання абвясцілі Партугалію рэспублікай. Быў створаны часовы ўрад на чале з Т.Брагам. Часовы ўрад аддзяліў царкву ад дзяржавы, скасаваў дваранскія тытулы, правёў выбары ва Устаноўчы сход, які 21.8.1911 прыняў новую канстытуцыю краіны (набыла сілу 11.9.1911). Яна прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента, які выбіраў прэзідэнта рэспублікі, увядзенне свабоды друку і слова, права рабочых на забастоўкі, скасаванне манаскіх ордэнаў, устанаўленне ў прам-сці 8-гадзіннага рабочага дня і інш.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1973,
пагадненне аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме. Падпісана 27 студз. ў Парыжы міністрамі замежных спраў Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), часовага ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам (РПВ), Рэспублікі В’етнам (РВ) і дзярж. сакратаром ЗША У.Роджэрсам пры асабістым удзеле Г.А.Кісінджэра і Ле Дык Тхо. Прадугледжвала спыненне агню ў Паўд. В’етнаме; ЗША абавязаліся спыніць усе ваен. аперацыі супраць ДРВ і вывесці свае войскі з Паўд. В’етнама. Паводле дагавора ствараўся Савет нац. прымірэння з прадстаўнікоў урадаў РПВ і РВ, які павінен быў арганізаваць на Пд В’етнама свабодныя, дэмакр. выбары. Аднак падпісанне дагавора не спыніла сутыкненняў паміж бакамі, у чым яны абвінавачвалі адзін аднаго. У сак.—крас. 1975 войскі ДРВ і РПВ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. В’етнама, што фактычна скасавала П.п., але прывяло да аб’яднання краіны.
т. 12, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТАЯ РЭСПУ́БЛІКА ў Францыі,
палітычны рэжым паводле дзеючай канстытуцыі 1958 (падрыхтавана ўрадам Ш. дэ Голя, прынята рэферэндумам 28.9.1958, уведзена ў дзеянне 5.10.1958). Для рэжыму П.р. характэрны вял. паўнамоцтвы выканаўчай улады, асабліва прэзідэнта (адначасова вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі) пры абмежаванні правоў парламента. Прэзідэнт мае права распусціць Нац. сход (ніжнюю палату парламента) і прызначыць новыя выбары, а ў выпадку надзвычайных абставін — прыняць на сябе ўсю паўнату ўлады. Урад адказны перад парламентам і фарміруецца з прадстаўнікоў партый, чые фракцыі складаюць большасць у Нац. сходзе. Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра (звычайна лідэра партыі, што перамагла на выбарах у Нац. сход) і па яго рэкамендацыі міністраў. З кастр. 1962 прэзідэнта выбіраюць прамым усеагульным галасаваннем. Франц. П.р. — прамежкавы паміж парламенцкай рэспублікай і прэзідэнцкай рэспублікай тып рэсп. дзярж. ладу («паўпрэзідэнцкая рэспубліка»). Гл. таксама раздзел Дзярж. лад у арт. Францыя.
т. 13, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, рэўком,
часовы надзвычайны орган сав. улады ў Расіі і інш. сав. рэспубліках у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 (пераважна ў 1918—20). Рэсп., губ., пав., валасныя і сельскія рэўкомы ствараліся ў раёнах, адкуль былі выгнаны белагвардзейцы і інтэрвенты, у прыфрантавой паласе, а пры неабходнасці (пагроза антыбальшавіцкіх паўстанняў і інш.) і ў некат. тылавых раёнах. Р.к. вызваленых раёнаў і прыфрантавой паласы засяроджвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады. Пасля ўмацавання бальшавіцкай улады яны падрыхтоўвалі выбары ў Саветы і перадавалі ўладу выбраным выканкомам і рэсп. ЦВК. Р.к. тылавых раёнаў звычайна дзейнічалі адначасова з выканкомамі Саветаў і займаліся толькі пытаннямі абароны і падтрымання «рэв. парадку». У 1920—25 рэўкомы яшчэ захоўваліся ў Сібіры, на Д.Усходзе і ў асобных раёнах Сярэдняй Азіі.
Літ.:
Петриков П.Т. Ревкомы Белоруссии. Мн., 1975.
т. 13, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 10—13.2.1954 у Мінску. Прысутнічала 745 дэлегатаў з рашаючым і 68 з дарадчым голасам ад 130 026 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (М.С.Патолічаў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.Я.Сядых); выбары кіруючых органаў КПБ. З’езд падвёў вынікі выканання планаў эканам. і культ. развіцця БССР за 3 гады пяцігодкі, адзначыў поспехі і прааналізаваў недахопы. Абавязаў парт. органы накіраваць усе сілы на датэрміновае выкананне плана 5-й пяцігодкі, ажыццявіць рашэнні вераснёўскага (1953) пленума ЦК КПСС па пытаннях сельскай гаспадаркі. Выбраў ЦК КПБ у складзе 125 чл. і 74 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 35 чл.
Літ.:
Патолічаў М.С. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXI з’езду КПБ. Мн., 1954;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.
т. 6, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РСКАЯ У́НІЯ,
міждзяржаўнае аб’яднанне Даніі, Нарвегіі (з Ісландыяй) і Швецыі (з Фінляндыяй) пад уладай дацкіх каралёў у 1397—1523. Падрыхтавана дацка-нарвежскай (1380) і дацка-шведскай (1389) асабістымі уніямі. Ініцыіравана каралевай Маргарытай Дацкай, якая дамаглася абвяшчэння ў 1397 у г. Кальмар (Швецыя) каралём трох дзяржаў яе траюраднага пляменніка герцага Эрыка Памеранскага. Праект акта уніі (ніколі не быў зацверджаны, па-рознаму інтэрпрэтуецца ў гістарыяграфіі) прадугледжваў выбары адзінага манарха, правядзенне агульнай знешняй палітыкі, абаронны саюз пры захаванні ўнутр. самастойнасці кожнай з трох дзяржаў. Спроба дацкіх каралёў выкарыстаць унію для ўстанаўлення свайго панавання над Швецыяй прывяла да нар. паўстання і фактычнай ліквідацыі уніі ў 1448. К.у. тройчы аднаўлялася (1457—67, 1497—1501, 1520—21) у ходзе дацка-шведскіх войнаў 15 — пач. 16 ст. Канчаткова ліквідавана ў 1523, калі каралём Швецыі стаў Густаў I Ваза. Нарвегія заставалася пад уладай Даніі да 1814.
т. 7, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЗІНГ (ад англ. lease арэнда, маёмасны наём),
здача ў арэнду розных відаў тэхн. сродкаў, абсталявання, будынкаў пераважна на сярэднетэрміновы і доўгатэрміновы перыяды. Ажыццяўляецца як трохбаковая здзелка: лізінгавая фірма (арэндадаўца) набывае ў вытворцы (уладальніка) маёмасць па выбары кліента (арандатар), якую перадае яму ў распараджэнне; афармляецца лізінгавым пагадненнем (кантрактам). У перыяд дзеяння пагаднення юрыд. права ўласнасці на маёмасць належыць лізінгавай фірме (арэндадаўцу), а права на карыстанне — арандатару. Пасля заканчэння тэрміну лізінгавага кантракта арандатар можа: вярнуць аб’ект арэнды арэндадаўцу, заключыць новы дагавор на арэнду гэтай маёмасці, выкупіць аб’ект Л. па астаткавай вартасці. Выкарыстанне Л. дазваляе кліенту карыстацца маёмасцю без аднаразовага буйнога ўкладання сродкаў на іх набыццё, забяспечыць 100%-нае фінансаванне здзелкі, узгадніць зручны для арэндадаўцы парадак унясення арэндных плацяжоў, зменшыць частку абкладаемага падаткам прыбытку на суму арэндных плацяжоў, пры міжнар. лізінгавых аперацыях карыстацца падатковымі льготамі краіны-арэндадаўцы і інш.
т. 9, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
popular [ˈpɒpjələ] adj.
1. папуля́рны;
a popular song папуля́рная пе́сня;
a popular name распаўсю́джанае імя́;
a popular lecture агульнадасту́пная ле́кцыя;
a popular edition ма́савае выда́нне;
She is popular with her pupils. Вучні яе любяць.
2. наро́дны, грама́дскі;
popular opinion грама́дская ду́мка;
popular vote прамы́я/усеагу́льныя вы́бары
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)