БУ́НІН (Іван Аляксеевіч) (22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),
рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскае вял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.Горкага, А.Блока, В.Брусава, Г.Ахматавай, С.Ясеніна, У.Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.Лангфела, містэрыі Дж.Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.Скрыган, М.Лужанін і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1965—67;
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1987—88;
бел.пер. — Выбранае. Мн., 1958;
Выбр. проза. Мн., 1992.
Літ.:
Афанасьев В. И.А.Бунин: Очерк творчества. М., 1966;
Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;
Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;
Бабореко А. И.А.Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;
Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-АНГЛІ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Гандлёвае пагадненне 1921, падпісана 16 сак. ў Лондане. Мела гандлёвы і паліт. характар. Азначала фактычнае прызнанне Сав. Расіі. Дзяржавы заявілі пра аднаўленне гандл. зносін і пра тое, што будуць ухіляцца ад варожых дзеянняў і прапаганды адна супраць адной. Было першым пагадненнем, якое Сав. Расія заключыла з вял.капіталіст. дзяржавай, прарвала дыпламат. і эканам. блакаду Сав. Расіі. Мела сілу да разрыву сав.-англ. адносін 27.5.1927. Пагадненне 1937 (марское), падпісана 17 ліп. ў Лондане на 5 гадоў. Устанавіла асн. якасныя ліміты (водазмяшчэнне, узбраенне і інш.) для розных катэгорый ваен.-марскіх суднаў, якія адпавядалі лімітам, устаноўленым англа-франка-амер. дагаворам ад 25.3.1936 аб марскіх узбраеннях. У вер. 1939 урад Вялікабрытаніі прыпыніў дзеянне гэтага пагаднення. Пагадненне 1941 пра сумесныя дзеянні ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў вайне супраць Германіі, падпісана 12 ліп. ў Маскве. Абавязвала сав. і брыт. ўрады памагаць і падтрымліваць адзін аднаго ў вайне супраць фаш. Германіі. Дало пачатак афармленню антыгітлераўскай кааліцыі, у 1942 заменена дагаворам. Дагавор 1942 аб саюзе і вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе саўдзельнікаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе пасля вайны, падпісаны 26 мая ў Лондане. Ч. 1 дагавора тоесная пагадненню 1941 і заставалася ў сіле да канца вайны. У ч. 2 вызначаны асн. прынцыпы пасляваеннага супрацоўніцтва СССР і Вялікабрытаніі: не ўмешвацца ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, аказваць эканам. дапамогу, на заключаць ніякіх саюзаў і не ўдзельнічаць ні ў якіх кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Заключаўся на 20 гадоў. У сувязі з утварэннем блокаНАТО і ваенным супрацоўніцтвам Вялікабрытаніі з Зах. Германіяй 7.5.1955 дагавор ануляваны СССР. Пагадненне 1968 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве, падпісана 19 студз. ў Лондане. Паводле яго бакі абавязаліся садзейнічаць развіццю навук.-тэхн. супрацоўніцтва паміж 2 краінамі на аснове раўнапраўя і ўзаемнай выгады. Доўгатэрміновае гандлёвае пагадненне 1969, падпісана 3 чэрв. ў Маскве. Бакі абавязаліся падтрымліваць і садзейнічаць заключэнню на камерцыйнай аснове пагадненняў, у т. л. доўгатэрміновых, з мэтай супрацоўніцтва і развіцця вытв. магутнасцей краін. Пагадненне 1974 пра развіццё эканам., навук.-тэхн. і прамысл. супрацоўніцтва, падпісана 6 мая ў Лондане. Бакі абавязаліся працягваць намаганні па развіцці і ўмацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Пратакол аб кансультацыях 1975, падпісаны 17 лют. ў Маскве. З мэтай умацавання ўзаемнага даверу і ўзаемаразумення, садзейнічання паглыбленню працэсу разрадкі міжнар. напружанасці і надання ёй незваротнага характару бакі дамовіліся расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, а таксама па пытаннях двухбаковых адносін. Пагадненне 1977 аб прадухіленні выпадковага ўзнікнення ядз. вайны, падпісана 10 кастр. ў Маскве. Кожны з бакоў абавязаўся ажыццяўляць і ўдасканальваць існуючыя арганізац. і тэхн. меры з мэтай прадухілення выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядз. зброі, якая знаходзіцца пад яго кантролем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІПАКО́Ў (Янка) (Іван Данілавіч; н. 15.1.1936, в. Зубрэвічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1997). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Вожык» (1960—73), «Маладосць» (1973—93), выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (1993—97). З 1997 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1953. Першы зб. вершаў «Сонечны дождж» (1960). Паэт пераважна лірычнага складу, актыўны ў пошуках самавызначэння, спалучэння творчай традыцыі і наватарства. Аўтар зб. «Лірычны вырай» (1965), кніг паэзіі «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), у якіх паглыбленае асэнсаванне гістарызму і гуманізму, паэт. эксперыменту на сумежжы сілаба-танічнага верша і верлібра. Гармонія зместу і формы, стылявая выразнасць у этапным творы «Вечаславянскіх балад» (1973, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976, дап. выд. 1998). Трывога за лёс зямлі і чалавека на ёй у зб-ках «У поўдзень, да вады» (1976), «Усміхніся мне» (1984). У вянку санетаў «Жанчына» тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых дачыненняў. Аўтар зб. нарысаў «Па зялёную маланку» (1971), кнігі прозы «Крыло цішыні» (1976). Аповесці «Крыло цішыні» (1974) і «Усе мы з хат» (1975) вызначылі лірычную стыхію і «перакрыжаваную» ў часе кампазіцыю наступных яго празаічных твораў (кнігі «Жанчына сярод мужчын», 1980; «Спадзяванне на радасць», 1983; «Пяць струн», 1984; «Журба ў стылі рэтра», 1990). У аповесці «Жыві як хочацца» (1979), апавяданнях праблемы сучаснага горада, духоўны свет інтэлігента. Развівае ў бел. л-ры жанры прытчаў (зб. «Тыя, што ідуць», 1993), паэм у прозе («Ахвярны двор», 1991). Аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці «Блуканне па іншасвеце» (1994), гіст. апавяданняў, цыклаў мініяцюр, а таксама зб-каў гумару «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973), «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988). На бел. мову пераклаў асобныя творы Ду Фу, А.Пушкіна, А.Блока, Т.Шаўчэнкі, Р.Тагора, А.Міцкевіча, А.Туманяна, А.Цэрэтэлі, В.Хлебнікава, Э.Межэлайціса і інш., паасобныя песні карэла-фінскага эпасу «Калевала». Выдаў кн. перакладаў «Лісце травы» У.Уітмена (1978), «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна (1985), «Санеты смутку» Ф.Прэшэрна (1987), «Вершы ў прозе» І.Тургенева (1994), зб. «На волю птушку выпускаю» (1989).
Тв.:
Вочы ў вочы: Выбр. паэзія. Мн., 1978;
Сад людзей: Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1985;
Выбр.тв. Т 1—2. Мн., 1995—97;
Падары нам дрэва. Мн., 1997.
Літ.:
Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Вярцінскі А. Высокае неба ідэалу. Мн., 1980;
Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;
Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983;
Кабаковіч А. Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;
Лобан М. Пяць раніц тыдня. Мн., 1984;
Лысенка А. Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Янкі Сіпакова Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ЎКА (Уладзімір Мікалаевіч) (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.Купалы, М.Багдановіча, Т.Шаўчэнкі, А.Блока, В.Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял.Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.В.Гётэ, У.Сыракомлі, Ю.Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.Пушкіна, Брусава, С.Ясеніна, А.Пракоф’ева, П.Тычыны, У.Сасюры, М.Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;
[Вершы]. Мн., 1970;
Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.
Літ.:
Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;
Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;
Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;
Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВАў Маскве.
Створаны ў 1941 як Цэнтр.дзярж.літ. архіў СССР часткова на базе збору Дзярж.літ. музея. Сюды перададзены профільныя фонды з Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі СССР, Дзярж.гіст. музея, Цэнтр. архіва стараж. актаў, Дзярж. Траццякоўскай галерэі і інш. архівасховішчаў. У 1954 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў л-ры і мастацтва СССР, з 1992 сучасная назва. 2886 фондаў, 1 101 400 адзінак захоўвання з 18 ст. да 1994 (ёсць асобныя дакументы 14, 16, 17 ст.); 5 181 612 кадраў мікрафільмаў. Найбуйнейшае сховішча дакументаў па гісторыі рус. л-ры, грамадскай думкі, музыкі, тэатра, кіно, выяўл. мастацтва. Захоўвае фонды адм. органаў у галіне культуры: К-та па справах мастацтваў пры СНКСССР (1936—53) і РСФСР (1938—53), Галоўмастацтва (1925—28), Мін-ва культуры СССР і яго аддзелаў (1953—91), галіновых органаў упраўлення асобнымі відамі мастацтва. Зберагае дакументы творчых саюзаў, т-ваў і арг-цый, выд-ваў, тэатраў, кінастудый, музеяў і інш., асабістыя фонды дзеячаў л-ры і мастацтва. У дарэв. фондах захоўваюцца дакументы Акадэміі мастацтваў (1757—1918), Т-ва аматараў рас. славеснасці (1811—1930), Маскоўскай канторы Імператарскіх тэатраў (1842—1917), рэдакцый газет і часопісаў, у т. л. «Русский вестник», «Дело», «Русское богатство», «Современник». Сярод асабістых фондаў — «Астаф’еўскі архіў» Вяземскіх, фонды Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, М.Някрасава, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Астроўскага, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава, Г.Ахматавай, А.Блока, М.Цвятаевай, І.Буніна, А.Купрына, А.Грына, У.Маякоўскага, К.Паустоўскага, Б.Пастарнака, Ю.Тынянава, А.Фадзеева, І.Эрэнбурга, С.Ясеніна і інш. Мастацтва прадстаўлена фондамі І.Рэпіна, П.Чайкоўскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, С.Эйзенштэйна, У.Меерхольда, А.Даўжэнкі, В.Камісаржэўскай і інш. У архіве зберагаюцца матэрыялы бел. мастацтва: аўтографы вершаў Я.Купалы, М.Багдановіча; пераклады на рус. мову твораў Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Самуйлёнка; лісты А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова, І.Мележа, Я.Брыля, В.Быкава, Ф.Турука, І.Шамякіна, М.Янчука, П.Малчанава і інш. У фондах Н.Лойтара і С.Розанава — дакументы пра іх дзейнасць у БДТ-2, рэжысёрская распрацоўка камедыі «Несцерка» В.Вольскага; у фондзе В.Бялыніцкага-Бірулі — матэрыялы па бел.выяўл. мастацтве, эскізы і фатаграфіі работ Я.Чамадурава, В.Цвіркі, У.Сухаверхава; у фондзе Ю.Тарыча — матэрыялы пра пастаноўкі кінафільмаў, перапіска з У.Корш-Сабліным. У фондах архіва шмат фатаграфій бел. музыкантаў, акцёраў (Л.Александроўскай, Я.Цікоцкага, Г.Цітовіча), у фондах Галоўрэперткома і «Масфільма» — п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка, М.Клімковіча, лібрэта і сцэнарыі розных аўтараў і інш. Дакументы архіва публікуюцца ў выданнях «Літаратурная спадчына» (т. 1—98, 1931—91), «Сустрэчы з мінулым» (вып. 1—8, 1970—96).
Літ.:
Центральный государственный архив литературы и искусства СССР: Путеводитель. Вып. 1—7. М., 1959—98;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург М., 1997;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання шырокіх нар. мас для супольнай барацьбы супраць фашызму, таталітарызму, вайны, за мір, дэмакратыю, нац. незалежнасць, задавальненне жыццёвых патрэб. Сац. склад Н.ф., яго праграма, тактыка мяняюцца ў залежнасці ад гіст. умоў, расстаноўкі класавых і паліт. сіл унутры краіны і на сусв. арэне. Першыя Н.ф. створаны ў 1930-я г. па ініцыятыве камуніст. партый. Іх сац. аснову складаў рабочы клас, яго саюз з сялянствам, дробнабурж. коламі горада і левай інтэлігенцыяй, аснову тактыкі — распрацаваная на кангрэсах Камуністычнага Інтэрнацыянала тактыка «адзінага фронту» працоўных у барацьбе за мір і свае непасрэдныя жыццёвыя патрабаванні. Упершыню Н.ф. створаны ў Францыі ў 1935 (камуністы, сацыялісты, радыкалы і інш.). Перамога на парламенцкіх выбарах 1936 партый Н.ф. і дзейнасць сфарміраваных імі ўрадаў (1936—38, без удзелу камуністаў) далі магчымасць перашкодзіць устанаўленню фаш. дыктатуры і ажыццявіць захады для паляпшэння становішча працоўных. У 1936 Н.ф. створаны ў Іспаніі (камуністы, сацыялісты, рэспубліканцы і інш., гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39), дзе ён атрымаў перамогу на выбарах 1936 і да 1939 узначальваў барацьбу супраць ісп. фашыстаў і герм.-італьян. інтэрвентаў. У 1935—38 у Польшчы і Заходняй Беларусі ва ўмовах пагрозы вайны па ініцыятыве Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) разгортваўся масавы Антыфашысцкі народны фронт, але гэты працэс стрымліваўся ўрадавымі рэпрэсіямі і быў фактычна спынены роспускам паводле рашэння Камінтэрна КПП і КПЗБ (1938). У Кітаі ў 1937 на аснове саюзу кампартыі з гаміньданам створаны антыяп. Н.ф., які адыграў значную ролю ў вайне супраць яп. захопнікаў. Урад Н.ф. дзейнічаў у Чылі ў 1938—41. У пач. 2-й сусв. вайны 1939—45 у краінах, акупіраваных фашыстамі, а пазней і ў краінах фаш.блока на аснове тактыкі Н.ф. разгарнуўся рух Супраціўлення. У ваен. і пасляваен. перыяд Н.ф. (у некаторых краінах наз. Айчыннымі франтамі) адыгралі значную ролю ў прыходзе да ўлады левых сіл на чале з камуніст. партыямі ў шэрагу краін Еўропы і Азіі (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Польшча, Чэхаславакія, Кітай, В’етнам, Югаславія), у заваяванні незалежнасці народамі многіх краін Афрыкі і Азіі. У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі Н.ф. звычайна выступаў у выглядзе нац. або патрыят. антыімперыял. фронту, яго кіруючай сілай былі рэв. прадстаўнікі інтэлігенцыі, сялянства, нац. буржуазіі. У шэрагу краін функцыі Н.ф. выконвалі ўрадавыя нац.-дэмакр. партыі. На аснове тактыкі Н.ф. прыходзілі да ўлады і дзейнічалі ўрады Нар. адзінства ў Чылі (1970—73) і Сандынісцкага фронту нац. вызвалення ў Нікарагуа (1979—90).
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі арг-цыі тыпу Н.ф., якія стаялі на антысацыяліст. пазіцыях і з поспехам павялі барацьбу за звяржэнне ўлады камуністаў у Чэхаславакіі (Грамадз. форум), Балгарыі (Саюз дэмакр. сіл), Венгрыі (Дэмакр. форум), Румыніі (Фронт нац. выратавання), Расіі (Дэмакр. Расія) і інш. краінах. Яны выступалі пад лозунгамі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і пераадолення эканам. крызісу шляхам пераходу да рыначнай эканомікі. Арг-цыі падобнага тыпу ў нац. рэспубліках СССР (укр. «Рух», літ. «Саюдзіс», Нар. фронт Латвіі, Нар. фронт Эстоніі, Народна-хрысц.дэмакр. фронт Малдовы, Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Нар. фронт Азербайджана, Арм. агульнанац. рух, Нар. фронт Грузіі) разам з ідэалогіяй антыкамунізму і антысаветызму шырока выкарыстоўвалі лозунгі нац. незалежнасці, адыгралі значную ролю ў распадзе СССР і стварэнні на яго месцы самаст. дзяржаў на чале з мясц.нац. элітамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,
устаноўчая канферэнцыя 50 дзяржаў па заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адбылася 25.4—26.6.1945 у г.Сан-Францыска (ЗША). Склікана паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 аб стварэнні ўсеагульнай міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі. Запрашэнні на С.-Ф.к. накіраваны ад імя ўрадаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая ўрадам 42 дзяржаў, якія падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый ад 1.1.1942 ці далучыліся да яе потым і абвясцілі вайну краінам фаш.блока да 1.3.1945. Адсутнасць сярод запрошаных БССР і УССР стала прадметам рознагалоссяў паміж СССР і яго зах. саюзнікамі (ЗША і Вялікабрытаніяй). Пад націскам нар. камісара замежных спраў СССР В.М.Молатава зах. дзяржавы пагадзіліся з сав. патрабаваннем. 27.4.1945 на 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый (Кіруючага к-та) па прапанове кіраўніка дэлегацыі СССР Молатава ў парадак дня С.-Ф.к. аднагалосна ўключана пытанне пра запрашэнне БССР і УССР. Пасля падтрымкі сав. прапановы кіраўнікамі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі канферэнцыя аднагалосна (47 галасамі) прыняла пастанову пра ўключэнне БССР і УССР у лік першапачатковых членаў арг-цыі. 30.4.1945 пленарнае пасяджэнне С.-Ф.к. зноў аднагалосна прыняло рашэнне пра запрашэнне дэлегацый БССР і УССР. У той жа дзень на канферэнцыю запрошаны ўрад Аргенціны, а 5.6.1945 — Даніі. Па патрабаванні дэлегацыі СССР С.-Ф.к. вырашыла лічыць членам-заснавальнікам ААН і Польшчу (падпісала Статут ААН у канцы 1945). 1.5.1945 ген. сакратар канферэнцыі А.Хіс паслаў з Вашынгтона ў Мінск запрашальную тэлеграму наркому замежных спраў БССР К.В.Кісялёву.
30.4.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прызначыў бел. дэлегацыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік), Г.І.Байдакова, А.Р.Жэбрака, У.М.Перцава, Ф.П.Шмыгава; у тэхн. персанал дэлегацыі ўвайшлі В.І.Фармашаў (кансультант), М.Ц.Лынькоў (карэспандэнт), М.І.Пятрова (перакладчыца), Несцерава (перакладчыца-стэнаграфістка). 8.5.1945 дэлегацыя БССР пачала працу і ўнесла ўклад у распрацоўку Статута ААН. Яго выпрацоўка ажыццяўлялася на падставе прапаноў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944, палажэнняў аб працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі ААН, узгодненых на Крымскай канферэнцыі («ялцінская формула»), дапаўненняў і паправак, прадстаўленых дзяржавамі — удзельніцамі С.-Ф.к. Дэлегацыя БССР выступала за права аднагалосся (вета) пастаянных членаў Савета Бяспекі, уключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў, забеспячэнні інтарэсаў калан. і залежных краін і інш. Па гэтых пытаннях у Статут унесены палажэнні, якія захоўвалі «ялцінскую формулу», уключалі СССР у склад Савета па апецы і закладалі палітыка-прававую аснову для антыкалан. дзейнасці, адкрывалі шлях у ААН толькі міралюбным дзяржавам. Было выпрацавана палажэнне, што Генеральная Асамблея ААН можа абмяркоўваць усе пытанні ў межах Статута ААН. 23.5.1945 на першай з часу стварэння ў 1919 Наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыі нарком замежных спраў Беларусі Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самаст. знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л.БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнароднага суда ААН і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. Апошняй належала ажыццявіць мерапрыемствы, звязаныя з пачаткам дзейнасці гал. органаў ААН (Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і інш.). 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ён набыў сілу. С.-Ф.к. — першы міжнар. форум 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове.
Літ.:
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМВАЛІ́ЗМ (франц. symbolisme ад грэч. symbolon знак, сімвал),
літаратурнамастацкі кірунак канца 19 — пач. 20 ст. Узнік у выніку агульнага крызісу еўрап. свядомасці, узыходзіць да эстэтыкі рамантызму. Філас. падмуркам паслужылі вучэнне Платона аб проціпастаўленні ідэальнага свету («свету ўяўленняў») і матэрыяльнага («свету рэчаў»), філас. тэорыі І.Канта, А.Шапенгаўэра, Э.Гартмана, Ф.Ніцшэ, навук. адкрыцці псіхолагаў і псіхафізіёлагаў з іх увагай да пазасвядомага. Аб’ектыўна С. адмаўляў філасофію пазітывізму і яго маст. рэалізацыю натуралізм. Асн. прызначэнне мастацтва сімвалісты бачылі ў пазнанні Абсалюту, Вечнасці, трансцэндэнтнай Красы, што здзяйсняецца творцам праз сімвал, які пры гэтым пазбаўляецца канкрэтнасці, дакладнасці, «празрыстасці» зместу, робіцца полісемічным, не паддаецца аднаварыянтнай дэшыфроўцы. У выніку замест апісальнай мовы стваралася мова сугестыўная, г.зн. вобразна-сімвалічнае спасціжэнне таемных сутнасцей быцця адбываецца праз інтуіцыю, унушэнне, паэт. «магію». Сімвалісты распрацоўвалі ўспрынятую ад рамантыкаў ідэю сінтэзу мастацтваў, услед за Ш.Бадлерам кіраваліся прынцыпам «адпаведнасцей», заснаваным на зрокавых, слыхавых, фарбавых, вербальных асацыяцыях, на аналогіях гукаў, пахаў, колераў, вобразаў. С. стаў асновай узнікнення сюррэалізму, «тэатра абсурду».
У літаратуры пачаў складвацца ў 1860—70-я г., яго светапогляднае абгрунтаванне прыпала пераважна на 1880—90-я г. (цыкл нарысаў «Праклятыя паэты» П.Верлена, «Літаратурны маніфест. Сімвалізм» Ж.Марэаса, працы «Сімвалісцкае мастацтва» Ж.Ванора, «Нямецкія рамантыкі і французскія сімвалісты» Ж.Тарэля, «Трактат пра Нарцыса. Тэорыя сімвала» А.Жыда і інш.). Папярэднікам С. лічыцца Бадлер. Сфарміраваўся С. найперш у франц. л-ры (Верлен, А.Рэмбо, С.Малармэ, Латрэамон, А. дэ Рэнье, Жыд, П.Валеры, П.Кладэль), у рознай ступені развіўся ў л-рах бельгійскай (М.Метэрлінк, Э.Верхарн), аўстр. (Р.М.Рыльке, Г. фон Гофмансталь), ням. (Ніцшэ, С.Георге), нарв. (Г.Ібсен), польскай (С.Пшыбышэўскі), рус. (В.Брусаў, А.Блок, Ф.Салагуб, К.Бальмонт, А.Белы, Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, І.Аненскі, В.Іванаў). Сімвалісты часта звярталіся да стараж. і сярэдневяковых сюжэтаў, увялі «свабодны верш», ці верлібр, шырока выкарыстоўвалі прынцып цыклізацыі вершаў. Вял. ўвагу яны аддавалі рытму, меладычнасці, напеўнасці, музычнасці верша, што збліжае С. з імпрэсіянізмам. Часта С. у аднаго аўтара і нават у адным творы спалучаецца з імпрэсіянізмам, эстэтызмам, натуралізмам, неарамантызмам.
У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе і графіцы) узнік і развіваўся пад уплывам аднайм.літ. кірунку, зазнаў уплывы містычных і спірытуалістычных вучэнняў, дэкадэнцтва. У пошуках новага, неалегарычнага спосабу выяўлення эстэт. ідэалу імкнуўся даследаваць і адлюстроўваць няўлоўныя сэнсавыя адценні і псіхічны стан чалавека, яго непарыўную сувязь з прыродай, праяўленні звышнатуральных сіл, якія кіруюць лёсам. Адзінай стылістычнай сістэмы не распрацаваў, развіваўся ў рэчышчы асн.маст. кірункаў. Вытокі С. ў творчасці прэрафаэлітаў. Развіўся ў творчасці Г.Маро, А.Рэдона, П.Пюві дэ Шавана, П.Гагена (Францыя), М.Клінгера (Германія), Э.Мунка (Нарвегія), Э.Бёрн-Джонса (Вялікабрытанія), А.Бёкліна (Швейцарыя), Дж.Сеганціні (Італія), М.Чурлёніса (Літва), Л.Бакста, В.Барысава-Мусатава, А.Бенуа, І.Білібіна, В.Васняцова, П.Кузняцова, М.Рэрыха, М.Урубеля (Расія), мастакоў групы «Набі» і інш.
У тэатры С. узнік у Францыі (студыйныя т-ры сімвалісцкага кірунку ў Парыжы), распаўсюдзіўся ў Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы, у пач. 20 ст. — у Расіі. Ідэі С. ў драм. творах Метэрлінка і Верхарна (Бельгія), А.Стрындберга (Швецыя), Пшыбышэўскага (Польшча), позняй творчасці Ібсена (Нарвегія), А.Блока, Іванава, Салагуба, Л.Андрэева (Расія). У драме слова ўспрымалася як матэрыяльная катэгорыя, асаблівая ўвага аддавалася падтэксту, недагаворкам герояў, іх маўчанню. У сцэн. мастацтве асн. намаганні скіроўваліся на дасягненне сінтэзу розных мастацтваў: муз., выяўл., пластычнага, якім адводзілася вял. месца ў спектаклі. Характэрна імкненне да стылізацыі драм. форм мінулага (стараж.-грэч. трагедый, сярэдневяковых містэрый і міракляў), устанаўленне на сцэне поўнага дыктату рэжысёра — паэт. атмасферу ў спектаклі прапаноўвалася ўзмацніць заменай акцёра марыянеткамі. С. праявіўся ў творчасці рэж. А.Апія (Швейцарыя), Г.Крэга (Англія), Г.Фукса і часткова М.Райнгарта (Германія), на асобных этапах творчасці У.Меерхольда (Расія) і інш.
У л-ры і мастацтве Беларусі С. не склаўся ў самаст. кірунак, аднак паўплываў на іх развіццё. У пач. 20 ст. творы рознанац. прадстаўнікоў С. актыўна абмяркоўваліся ў бел. друку (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Минский курьер», «Голос провинции», «Минское эхо», «Полесье», «Беларусь» і інш.). Мела месца вульгарна-сацыялагічнае тлумачэнне С. і памяркоўнае, дыферэнцыраванае стаўленне да яго. Найбольш эстэтыка С. паўплывала на творчасць М.Багдановіча, які яшчэ ў гімназічных паведамленнях звяртаўся да праблем, звязаных з новым кірункам («Новыя павевы ў літаратуры», «Сучасная літаратура і народны дух», «Сімвалізм і дэкадэнцтва»). Ён уважліва ставіўся да новых выданняў сімвалісцкай паэзіі, пераклаў на бел. мову творы Верлена (22 вершы), Верхарна (урывак «Паўстанне»), асобных рус. сімвалістаў.
Філас.-эстэт. прысутнасцю С. адметны яго паэт. цыкл «Думы» («Мы доўга плылі ў бурным моры...», «Мне снілася», «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог...» і інш.), вершы, што суадносяцца з творчасцю Верлена, Ібсена, Бальмонга, Блока. Рысы С. выявіліся і ў творах Я.Купалы, З.Бядулі, К.Буйло, М.Гарэцкага, У.Жылкі, у літ. спадчыне Я.Драздовіча, у творчасці пісьменнікаў бел. эміграцыі (Н.Арсеннева, А.Салавей, Я.Юхнавец). Элементы. сімвалісцкай эстэтыкі ў розных формах праявіліся і ў сучаснай бел. л-ры (А.Разанаў, А.Кірвель і інш.). У бел.сцэн. мастацтве выкарыстоўваліся асобныя рысы і вобразна-маст. сродкі С. У пач. 20 ст.рас.тэатр. калектывы ставілі на Беларусі творы Андрэева, Ібсена і інш.Маст. сімвалы ўласцівы і відовішчам масавых дзействаў («Праца і капітал», паст. 1.5.1921 Е.Міровіча, Л.Літвінава і Бейтлера на Мінскім трэку). Прыёмы С. (наданне першаступеннага значэння пластыцы, музыцы, святлу ў спектаклі, стварэнне ў ім паэт. атмасферы, перадача метафарычнай знакавасці) актыўна выкарыстоўваюцца для пашырэння выяўл. сродкаў сцэн. мастацтва рэжысёрамі В.Катавіцкім («За зачыненымі дзвярыма» Ж.П.Сартра ў Дзярж. маладзёжным т-ры, 1992), М.Труханам («Распад» паводле У.Шэкспіраў Мінскім драм. т-ры «Дзе-Я?», 1997), В.Раеўскім («Чорная панна Нясвіжа» А.Дударава ў Нац. т-ры імя Я.Купалы, 2000), В.Баркоўскім («Зямля» паводле твораў Я.Коласа ў Нац. т-ры імя Я.Коласа, 2001) і інш.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;
Ермилова Е.В. Теория и образный мир русского символизма. М., 1989;
Белый А. Символизм как миропонимание. М., 1994;
Васючэнка П. Славянскі сімвалізм: Нац.-адметнае і агульнае. Мн., 1998;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998;
Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX—пачатку XX ст.Мн., 1999;
Cassou J. Encyklopedia symbolizmu: Przekl. z fr. Warszawa, 1992.
Е.А.Лявонава, А.В.Сабалеўскі.
Да арт.Сімвалізм. П.Гаген. Страта цнатлівасці (Абуджэнне вясны).Да арт.Сімвалізм. Э.Бёрн-Джонс. Кола фартуны. 1883.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І ЛІТАРАТУ́РНЫЯ Збіраюць, зберагаюць, экспануюць і прапагандуюць матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў або гістарычна-літ. працэс у краіне ўвогуле. На Беларусі ў 16—18 ст. паводле ініцыятывы мецэнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Храптовічаў, Стравінскіх створаны першыя музейныя і архіўныя калекцыі Акрамя твораў мастацтва ў іх знаходзіліся помнікі стараж. пісьменнасці, старадрукі. Друкаваныя і рукапісныя помнікі л-ры зберагаліся ў музеі старажытнасцей К. і Я.Тышкевічаў у Лагойску, у музеі А.Ельскага ў в. Замосце (Пухавіцкі р-н), у Віленскім музеі старажытнасцей, Магілёўскім музеі, Беларускім музеі ў Вільні і інш. Паводле зместу і характару дзейнасці М.л. падзяляюцца на літ.-мемар. і гісторыка-літаратурныя. Літаратурна-мемарыяльныя музеі ствараюцца ў памяць аб пісьменніках і складаюцца з мемар. комплексаў (пабудовы, сядзібы, кватэры, абсталяванне, асабістыя рэчы пісьменнікаў) і літ. экспазіцыі. У экспазіцыю ўваходзяць дакументы-арыгіналы (аўтографы ці іх копіі, рукапісы твораў, кнігі, прадметы творчай працы, побыту, творы мастацтва, ілюстрацыі і г.д.). У гісторыка-літаратурных музеях збіраюць матэрыялы пра асн. перыяды развіцця л-ры. На Беларусі большасць М.л. уваходзіць у Аб’яднанне дзярж.літ. музеяў (засн. ў 1986). Галаўны музей — Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. Яго філіялы: музей М.Агінскага (в. Залессе Смаргонскага р-на), Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба ў Кушлянах (Смаргонскі р-н), літ. музей І.Буйніцкага (в. Празарокі Глыбоцкага р-на), мемар. сядзіба-музей М.Гарэцкага (в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р-на), музей С.Манюшкі (в. Убель Чэрвеньскага р-на), сядзіба-музей сям’і Міцкевічаў (в. Завоссе Баранавіцкага р-на), літ.-гіст. музей у в. Гарадок, літ.-гіст. музей у в. Плябань (абодва Маладзечанскі р-н), літ. музей К.Чорнага (в. Цімкавічы Капыльскага р-на). У аб’яднанне ўваходзяць: Багдановіча М. літаратурны музей у Мінску з філіяламі «Беларуская хатка» (Мінск), «Фальварак Ракуцёўшчына» (Маладзечанскі р-н), Броўкі Петруся літаратурны музей у Мінску з філіялам сядзіба-музей П.Броўкі (в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на), Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі ў Мінску з філіялам «Гасцёўня У.Галубка» (Мінск). Да М.л. адносяцца: Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску, Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка» (Маладзечанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі» (Аршанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына» (Маладзечанскі р-н), Міцкевіча Адама дом-музей у Навагрудку, музеі Багдановіча ў Гродне, У.Караткевіча ў Оршы. Пры некат. гіст.-краязнаўчых музеях працуюць філіялы, аддзелы або экспазіцыі, прысвечаныя пісьменнікам-землякам: літ. музей А.Куляшова ў Новых Саматэвічах (Касцюковіцкі р-н), мемар. музей П.М.Лепяшынскага (в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на), зала Ф.Багушэвіча ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Багушэвіча і інш. Ёсць комплексныя музеі (напр., Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва). На грамадскіх пачатках створаны літ. музей Багушэвіча (в. Жупраны Ашмянскага р-на), музей А.Блока (в. Лапаціна Пінскага р-на), Германавіцкі літ.-краязнаўчы музей (Шаркаўшчынскі р-н), Дастоеўскі літ.-краязнаўчы музей (в. Дастоева Іванаўскага р-на), Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей (в. Лаша Гродзенскага р-на), літ.-этнагр. музей Я.Коласа (в. Люсіна Ганцавіцкага р-на), літ.-этнагр. музей Я.Коласа (в. Пінкавічы Пінскага р-на), мемар. музей М.Лынькова (в. Крынкі Лёзненскага р-на), А.Макаёнка (в. Журавічы Рагачоўскага р-на), літ. музей І.Мележа (в. Глінішча Хойніцкага р-на), музей «Літаратурная Лагойшчына» (СШ № 1, Лагойск). Памяці пісьменнікаў прысвечаны пакоі, куткі ў мясцінах, звязаных з іх жыццём і творчасцю: П.Багрыма (в. Крошын Баранавіцкага р-на), П.Глебкі (в.Вял. Уса Уздзенскага р-на), М.Клімковіча (в. Сялітранка Барысаўскага р-на), Я.Коласа (в. Верхмень Смалявіцкага р-на), Я.Купалы (в. Бяларучы Лагойскага р-на), Я.Маўра (в. Бытча Барысаўскага р-на), В.Таўлая (г. Слонім), П.Труса (в. Нізок Уздзенскага р-на), Цёткі (г.п. Астрына Шчучынскага р-на), Л.Якубовіча (в. Чапялі Салігорскага р-на), паэтаў-франтавікоў (СШ № 150, г. Мінск) і інш. М.л. вядуць н.-д. работу, арганізоўваюць экскурсіі, лекцыі, канферэнцыі, выстаўкі, юбілейныя вечары, сустрэчы з дзеячамі л-ры і мастацтва. Вынікі сваёй работы публікуюць у зборніках, даведніках, каталогах, буклетах, рэкламных лістах, апісаннях рукапісаў і асабістых бібліятэк пісьменнікаў. Шматлікія музейныя калекцыі даследуюць вучоныя і літаратары.
Літ.:
Современные литературные музеи: некоторые вопр. теории и практики. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 1962). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 61,3 тыс.чал. (2000),
гарадскога 4,5%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пінск. Уключае г.п.Лагішын, 179 сельскіх нас. пунктаў, Лагішынскі пасялковы Савет, 24 сельсаветы: Аснежыцкі, Ахоўскі, Барычавіцкі, Бобрыкаўскі, Бярозавіцкі, Валішчанскі, Гарадзішчанскі, Дубайскі, Загародскі, Калавуравіцкі, Лапацінскі, Ласіцкі, Лемяшэвіцкі. Лышчанскі, Малоткавіцкі, Мерчыцкі, Навадворскі, Парахонскі, Парэцкі, Пінкавіцкі, Плешчыцкі, Сошненскі, Ставоцкі, Хойнаўскі. Паўднёвая ч. раёна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Прыпяцкага Палесся, зах. — узвышанай раўніны Загароддзе. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, 75% яе ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 174 м (за 2 км на Пд ад в. Мерчыцы) Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, ляскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,2 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 573 мм за год. Вегетац. перыяд 201 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Піна, Ясельда з Мерачанкай і Мышшу, Бобрык 1-ы з Вісліцай, Стыр. Найб. азёры: Палескае возера (Гарадзішча), Пагосцкае возера, Кончыцкае, Семяховічы, Вылазскае; вадасх.: Пагост, Жыдча; каналы: ч. Дняпроўска-Бугскага, Агінскага, Ясельдаўскага, Дубаўскі. Пераважаюць глебы: тарфяна-балотныя (38,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18,3%), дзярновыя і дзярнова-карбалатныя забалочаныя (18,2%), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (13,4%), дзярнова-падзолістыя (11,7%). Пад лесам 32% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, ёсць бяроза, дуб, чорная вольха, граб, асіна, ясень. Пад балотамі 43 520 га (13,6%). Найб балоты: Хварашчанскае, Гарадзішчанскае, Дубнік, Жук, Дамашыцы, Панцялеева (ч. з іх уваходзіць у Пінскія балоты). На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Прастыр, Сярэдняя Прыпяць (часткова), біял.Тырвовічы; мясц. значэння: біял. — Ступскае, мікразаказнікі біял. — Ізін, Кончыцы, Падмосце, Тур, Ермакі; ахоўныя тарфянікі: Булгары, Вуйвічы, Гарадзішчанскае, Дамашыцы, Дублік, Сляпоўскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк у в. Парэчча, насаджэнне піхты белай у парку в. Дубай.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 130,1 тыс.га, з іх асушаных 81,7 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 27 калгасаў, 3 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, с.-г.калект. прадпрыемства «Ніва», гасп. прадпрыемства «Паўднёвае» па вытв-сці свініны, рыбгас «Палессе», зверагаспадарка Белкаапсаюза, с.-г. прадпрыемства «Беларускія журавіны», Пінскае дзярж. прадпрыемства па буд-ве і эксплуатацыі меліярац. і водагасп. сістэм, адкрытыя акц. т-вы «Пінскае аўтатранспартнае прадпрыемства», «Пінская сельгастэхніка», «Пінскі райаграпрамзап». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытв-сці збожжа і цукр. буракоў, вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (лікёра-гарэлачныя вырабы, віны, вінныя і безалкагольныя напіткі, піва, кандытарскія вырабы, кісель, крухмал), металаапр., кааператыўнай, швейнай прам-сці; лясгас (піламатэрыялы, дзелавая драўніна), вытв.-гандл. прадпрыемства «Медтэхніка» (мед. абсталяванне). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Лунінец, аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск—Лунінец, Івацэвічы—Лагішын—Пінск—Столін, Ганцавічы—Пінск. У раёне 30 сярэдніх, 27 базавых, 6 пачатковых, 6 муз., 1 спарт. школы, спецшкола-інтэрнат, завочная школа, с.-г. тэхнікум, СПТВ, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцячая турыстычная база, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 дашкольных устаноў, у т. л. 2 садкі-школы, 74 б-кі, 78 клубаў, 11 бальніц, 2 псіханеўралагічныя інтэрнаты, 4 амбулаторыі, 54 фельч.-ак. пункты, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», санаторый «Ясельда», турыстычны цэнтр «Палессе». Музеі: літаратурныя А.Блока (в. Лапаціна), Я.Янішчыц (в. Парэчча), Я.Коласа (в. Пінкавічы); этнаграфіі (в. Жабчыцы), гіст.-краязнаўчы (г.п. Лагішын). Арх. помнікі: цэрквы — Раства Багародзіцы (1758) у в. Ахова, Ушэсця (канец 18 ст.) у в. Боркі, Пакроўская (1878) у в. Бярозавічы, Прачысценская (1720) у в. Востраў, Ільінская (1788) у в. Вуйвічы, Раства Багародзіцы (1787) у в. Вылазы, Раства Багародзіцы (1826) у в. Вяляцічы, Троіцкая (18 ст.) у в. Дабраслаўка, Раства Багародзіцы (1811) у в. Дубай, Параскевы Пятніцы (1788) у в. Жабчыцы, Мікалаеўская (сярэдзіна 19 ст.) у в. Камень, царква (19 ст.) у в. Кашэвічы, Мікалаеўская (1892) у в. Купяцічы, Раства Багародзіцы (1885) у в. Лемяшэвічы, Троіцкая (1875) у в. Месткавічы, Параскевы Пятніцы (1794) у в. Мясяцічы, св. Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.) у в. Пагост-Загародскі, Раства Багародзіцы (1888) у в. Парахонск, Раства Багародзіцы (1912) у в. Парэчча, Пакроўская (1830) у в. Пінкавічы, Ушэсця (1855) у в. Ставок, Пакроўская (1856) у в. Тырвовічы; манастырскі будынак (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча, касцёл Ўзвіжання св. Крыжа (18 ст.) у в. Дубай, капліцы (19 ст.) у в. Болгары, Дубай, Каўбы, Ласіцк, Чухава; сядзіба (1920-я г.) у в. Заполле, паркі сярэдзіны 18 ст. ў в. Дубай, 1-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча, 19 ст. ў в. Сташаны; сядзібныя дамы (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Заполле, Паўтаранавічы; сінагога і будынак Талмуду-Торы (пач. 20 ст.) у в. Пагост-Загародскі. Выдаецца газ. «Полесская правда».
Літ.:
Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.