ПЕ́ДЭРСЕН (Pedersen) Чарлз (3.10.1904, г. Пусан, Рэспубліка Карэя — 26.10.1989),

амерыканскі хімік-арганік. Па паходжанні нарвежац. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1927). У 1927—69 у канцэрне «Дзюпон дэ Немур энд компані». Навук. працы па арган. сінтэзе. Атрымаў (1962) і распрацаваў метады сінтэзу макрагетэрацыклічных злучэнняў, названых ім краўн-эфірамі. Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Д.​Дж.Крэмам, Ж.М.Ленам).

Ч.Педэрсен.

т. 12, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТЭР (Porter) Коўл (9.6.1891, г. Перу, штат Індыяна, ЗША — 15.10.1964),

амерыканскі кампазітар. Скончыў Іельскі ун-т (1913). Вучань В. д’Эндзі. Аўтар мюзіклаў «Цалуй мяне, Кэт» (паводле камедыі У.​Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы», 1948), «Пастка» (1953) і інш., шматлікія з якіх экранізаваны. Пісаў музыку да кінафільмаў і тэлевізійных пастановак, музыку і тэксты папулярных песень. П. прысвечаны біягр. кінафільм «Ноч і дзень».

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ЗІНЕР (Prusiner) Стэнлі Бен (н. 28.5.1942),

амерыканскі неўролаг, біяхімік і вірусолаг. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Адкрыў прыёны — інфекц. агенты бялковай прыроды, якія выклікаюць пашкоджанні галаўнога мозга (энцэфалапатыі) чалавека і жывёл, у т. л. скрэйпі (сверб) авечак і губчатую энцэфалапатыю («шаленства») буйн. раг. жывёлы. Вызначыў амінакіслотную паслядоўнасць прыёнавага бялку і ідэнтыфікаваў яго ген. Нобелеўская прэмія 1997.

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕ́ЛІ (Smalley) Рычард (н. 6.6.1943, г. Акран, штат Агайо, ЗША),

амерыканскі хімік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1990), Нац. АН ЗША (2000). Скончыў Мічыганскі ун-т (г. Ан-Арбар; 1965). З 1973 ва ун-це У.​М.​Райса (г. Х’юстан; з 1980 праф.). Навук. працы па даследаванні адкрытых ім фулерэнаў. Нобелеўская прэмія 1996 (з Р.​Кёрлам, Г.​Крота).

т. 15, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛО́НЕ (Stallone) Сілвестэр (н 6.7.1946, Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі кінаакцёр, рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў вядомасць як акцёр і сцэнарыст у меладрамах-баевіках пра баксёра «Рокі» (1976—90; і рэжысёр у 2—4-й серыях), у 3 стужках пра супермена Рэмба (1982—88). Зняўся ў фільмах «F.I.S.T.», «Кобра», «Танга і Кэш», «Оскар», «Скалалаз» і інш. Паставіў муз. фільм «Застаючыся жывым» (1983).

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭБС (Krebs) Эдвін (н. 6.6.1918, г. Лансінг, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Скончыў Ілінойскі ун-т (1940) і мед. школу Вашынгтонскага ун-та (1943). З 1948 у Вашынгтонскім ун-це. Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі біяхім. рэакцый у клетках. Разам з Э.Фішэрам адкрыў шэраг ферментаў, што зваротна фасфарыліруюць бялкі. Нобелеўская прэмія 1992 (з Фішэрам).

Э.Крэбс.

т. 18, кн. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЎЗ (Bellows) Джордж Уэслі (12.8.1882, г. Калумбус, штат Агайо, ЗША — 8.1.1925),

амерыканскі жывапісец і графік, прадстаўнік рэалізму ў мастацтве ЗША пач. 20 ст. У свабодных па кампазіцыі жывапісных творах паказаў драм. карціну жыцця амер. гарадоў: «Стаўце ў Шаркі!» (1907—09), «Докеры» (1912), «Воз з пяском» (1917), «Дзеці на верандзе» (1919) і інш.

Літ.:

Christman M. C. S. Portraits by G. Bellows. Washington, 1981.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСАН, Берэнсан (Berenson) Бернард (26.6.1865, Вільня — 17.10.1959), амерыканскі гісторык мастацтва. Скончыў Гарвардскі ун-т (1887). Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры, шэрагу еўрап. акадэмій. З 1900 жыў у Італіі. Правёў вял. работу па атрыбуцыі карцін і малюнкаў італьян. мастакоў, вызначыў стылістычныя асаблівасці розных школ італьян. Адраджэння і творчасці многіх мастакоў. Асн. работа — «Жывапісцы італьянскага Адраджэння» (1952; рус. пер. 1965).

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Роберт Вудраў (н. 10.1.1936, г. Х’юстан, штат Тэхас, ЗША), амерыканскі фізік. Чл. Нацыянальнай АН (1979). З 1962 у Лабараторыях Бэл.-Тэлефон. Навук. працы па радыёастраноміі і касм. фізіцы. Выявіў эксперыментальна рэліктавае фонавае радыёвыпрамяненне з т-рай 3 К, якое запаўняе ўвесь Сусвет (1965). Адкрыў касм. дэйтэрый і вызначыў яго распаўсюджанасць у Сусвеце (1973). Нобелеўская прэмія 1978.

Р.В.Вільсан.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЗЕР (Glaser) Доналд Артур (н. 21.9.1926, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1962). Скончыў Тэхнал. ін-т Кейса (1946). З 1949 у Мічыганскім ун-це, у 1959 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Вынайшаў пузырковую камеру (1952), эксперыментальна даказаў незахаванне цотнасці пры распадзе гіперонаў (1957). Нобелеўская прэмія 1960.

Д.Глазер.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)