ДАБРА́НСКІ (Флавіян Мікалаевіч) (16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),
гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнай правасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Генадзь Фёдаравіч) (14.2.1839—6.5.1890),
рускі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1861). Д-р навук (1870), прафесар. Выкладаў у Харкаўскім ун-це. З 1871 у Маскве. Навук. працы па гісторыі ўзаемаадносін Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ і Рэччу Паспалітай у сярэдзіне 15—17 ст., рус. праваслаўнай царквы. Рэдагаваў шэраг тамоў АктаўПаўд. і Зах. Расіі і «Зборніка Рускага гістарычнага таварыства».
Тв.:
Очерки из истории российской церковной иерархии // Чтения в имп. О-ве истории и древностей российских. 1864. Кн. 3;
История борьбы Московского государства с Польско-Литовским, 1462—1508. Ч. 1—2. М., 1867;
Критический обзор разработки главных русских источников, до истории Малороссии относящихся, за время 8-е генваря 1654—30-е мая 1672 г.М., 1870.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1797—1917 у Мінску. Друкавала афіц. матэрыялы, газ.«Минские губернские ведомости», «Памятную кніжку Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па пытаннях гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, асветы, маст. л-ры на рус. мове. Сярод выданняў «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні» (1848), «Паўночна-Заходні каляндар» на 1892—93 пад рэд. А.Слупскага, «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» Г.Х.Татура (1892), «Працы Таварыства мінскіх урачоў» (1895—1901), «Працы Мінскай раённай доследнай балотнай станцыі» (1914—15), аповесць у вершах «Пан Дольскі, ці Спатканне з дачкой» Дз.Сергіеўскага (1845) і інш. Надрукавала больш за 170 выданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬ, Піл (Peel) Роберт (5.2.1788, г. Беры, Вялікабрытанія —2.7.1850), брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1809 дэп. палаты абшчын ад партыі торы. У 1812—18 міністр па справах Ірландыі. У 1822—27 і 1828—30 міністр унутр. спраў. Ініцыіраваў прыняцце брыт. парламентам актаў па змякчэнні крымін. права (смяротнае пакаранне больш чым за 100 відаў злачынстваў замянялася інш. пакараннем) і турэмнага рэжыму, заснаваў у Лондане рэгулярную паліцыю (1829; ад скарочанага яго імя паходзіць мянушка канстэбляў — Бобі). У 1834—35 і 1841—46 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1846 ва ўмовах неўраджаю ў Англіі і Ірландыі дамогся прыняцця парламентам акта аб адмене «хлебных законаў», што прывяло да расколу партыі торы і адстаўкі П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),
асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш.юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд.прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.
Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ, «Акты исторические, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,
зборнік дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—5. Спб., 1841—42). Т. 1-ы ахоплівае 1334—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—76, 5-ы — 1676—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам., паліт., дыпламат. і ваен. гісторыі, гісторыі рус. царквы: асобныя дагаворныя граматы вялікіх і ўдзельных князёў 14—15 ст., даравальныя граматы духоўным і свецкім феадалам, устаўныя граматы, наказы ваяводам, дакументы пра збор дзярж. даходаў, судзебнікі 1497 і 1550, пасланні цара Івана IV да Максіма Грэка і ў Кірыла-Белазерскі манастыр, урывак следчай справы пра С.Ц.Разіна і інш. Да «Актаў...» складзены імянны і геагр. паказальнікі (Спб., 1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),
язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец.муз.навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-камуз. інструментаў.
Літ.:
Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСФУ́НКЦЫЯ (ад дыс... + функцыя),
парушэнне функцыі сістэмы, органа або тканкі арганізма, якое выражаецца неадэкватнасцю рэакцыі на ўздзеянне раздражняльнікаў. Аснова Д. — парушэнні абмену рэчываў і энергіі, якія выяўляюцца на ўзроўні клеткі, тканкі, органа. сістэмы або цэласнага арганізма і выражаюцца ў зменах росту, размнажэння, развіцця, харчавання, дыхання, руху. Праяўляецца ў форме дыстрафій, звязаных з назапашваннем у клетках і тканках змененых прадуктаў абмену, дысплазій і дыстапій — змен развіцця або стану органаў у выніку дысэмбрыягенезу, дыскінезій — расстройстваў каардынаваных рухальных актаў, дыспепсій — расстройстваў стрававання. Прыклады асобных форм Д.: дысгенезія ганад, дысбазія (расстройства хады), дысгідроз (расстройства потавыдзялення), дыскальцынацыя эмалі, дыскапатыі (пашкоджанне міжпазваночных дыскаў), дысфагія (расстройства глытання), дысфазія (парушэнне мовы), дысфанія (расстройства голасаўтварэння), дысменарэя (расстройства менструальнага цыкла), дысфарыя (расстройства настрою), дыссалюцыі (расстройства псіхічнай дзейнасці) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),
1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў па крымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).
2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (12.9.1790, паводле інш. звестак 6.9.1792, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 13.11.1852),
бел. археограф, гісторык, краязнавец, пісьменнік. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1811), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1819). У 1811—15 выкладчык Магілёўскага духоўнага вучылішча, з 1820 саборны протаіерэй, рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча, з 1829 саборны протаіерэй у Віцебску, з 1831 — у Пецярбургу. Выдаў першы бел. археаграфічны зб.«Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824), зб. твораў архіепіскапа Г.Каніскага са сваёй прадмовай (т. 1—2, 1835), удзельнічаў у падрыхтоўцы і выданні Актаў Заходняй Расіі (т. 1—5, 1846—53). Складаў слоўнік бел. мовы.
Тв.:
Беларуская іерархія. Мн., 1992.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 16—40.