МЕТЭАРАЛОГІЯ І КЛІМАТАЛОГІЯ
Фарміраванне сеткі метэаралагічных станцый на тэр. Беларусі пачалося ў пач. 19 ст. У ліку першых станцыі створаны ў Магілёве (1809), Віцебску (1810), Брэсце (1834), Бабруйску і Свіслачы (1836), Горках (1841), Мінску (1849). Матэрыялы іх назіранняў публікаваліся ў штогодніках Гал. фіз. абсерваторыі (з 1924 Гал. геафіз. абсерваторыя). У выніку зах. экспедыцыі па асушэнні балот на Палессі арганізаваны станцыі ў Пінску (1871) і Васілевічах (1878). Па ініцыятыве Паўн.-Зах. аддзела Геагр. т-ва створаны метэаралаг. станцыі ў Маладзечне (1870), Слоніме (1872), Полацку (1885), Гомелі (1891). Даныя назіранняў гэтых станцый абагульнены ў працах А.І.Ваейкава («Клімат Палесся», 1899). У канцы 19 ст. створаны метэастанцыі ў Баранавічах, Барысаве, Мазыры, Калінкавічах, Лепелі, Сянне, Дрысе (зараз Верхнядзвінск), Мар’інай Горцы, Стоўбцах, Чэрыкаве, Чачэрску, Асіповічах, Лідзе, Пружанах. У 1-й пал. 20 ст. амаль уся тэр. Беларусі пакрыта сеткай метэастанцый. На шматгадовых матэрыялах іх даследаванняў А.І.Кайгарадавым закладзены асновы кліматалогіі, метэаралогіі і службы надвор’я Беларусі, складзены «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). У пасляваенныя гады ў Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі створаны аддзелы клімату, аграметэаралогіі, актынаметрыі, атмасфернай оптыкі, гідралогіі і сіноптыкі; вывучана размеркаванне паступлення сонечнай радыяцыі і радыяцыйнага балансу на тэр. рэспублікі, альбеда с.-г. культур, радыяцыйны рэжым у лесе, асветленасць і паступленне фотасінтэтычна актыўнай сонечнай радыяцыі, даследаваны клімат абл. гарадоў, выдадзены кліматычныя і агракліматычныя даведнікі і інш.
Найб. поўнае і глыбокае абагульненне дадзеных метэаназіранняў ажыццявіў А.Х.Шкляр, які прааналізаваў умовы ўвільгатнення на тэр. Беларусі ў перыяд вегетацыі культурных раслін, распрацаваў аптымальныя тэрміны сяўбы с.-г. культур, зрабіў агракліматычнае раянаванне і інш.
У 1970—90-я г. распрацавана методыка арганізацыі і правядзення мікракліматычных даследаванняў прыродных і прыродна-антрапагенных геасістэм. Вывучаны фітаклімат, клімат глебы і прыземнага слоя паветра, цепла- і вільгацеабмен паміж імі, распрацавана методыка пабудовы буйнамаштабных мікракліматычных карт, выкарыстанне якіх дазваляе вырошчваць с.-г. культуры ў адпаведнасці з асаблівасцямі мікраклімату гаспадаркі і канкрэтнага поля (П.А.Каўрыга).
Фундаментальнае абагульненне матэрыялаў метэаралагічных назіранняў на аснове сучасных метадаў аналізу праведзена пад кіраўніцтвам В.Ф.Логінава. Даследавана выкарыстанне колькасных і матэматычных метадаў, камп’ютэрнага мадэліравання пры аналізе структуры гідраметэаралагічнага рэжыму Беларусі (Р.І.Сачок), аграэкалагічнае даследаванне клімату і кліматычных рэсурсаў (А.М.Вітчанка), метэаралагічныя асновы фарміравання экалагічных умоў (Л.М.Ражкоў). Шматбаковая характарыстыка клімату і яго рэсурснага патэнцыялу адлюстравана на 100 кліматычных і агракліматычных картах Нац. атласа Беларусі (2002).
Метэаралагічныя звесткі збіраюць і аналізуюць рэсп. цэнтры: гідраметэаралагічны, цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, авіяцыйна-метэаралагічны, у складзе якіх 9 авіяметэаралагічных станцый, 6 абласных гідраметэастанцый, 33 метэастанцыі, 5 аграметэастанцый, 3 гідралагічныя станцыі, 137 гідралагічных пастоў, станцыя фонавага маніторынгу («Бярэзінскі біясферны запаведнік»), азёрная станцыя «Нарач», балотная станцыя «Палеская». Каардынуюцца даследаванні Дэпартаментам гідраметэаралогіі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Белоруссии и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973;
Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995;
Климат Беларуси. Мн., 1996;
Изменение климата и использование климатических ресурсов. Мн., 2001;
Изменение климата и его последствия. Мн., 2003.
П.А.Каўрыга.
т. 18, кн. 2, с. 547